Якушоўка (Свіслацкі раён)

вёска ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі

Якушо́ўка[1] (трансліт.: Jakušoŭka, руск.: Якушовка) — вёска ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Нязбодзіцкага сельсавета.

Вёска
Якушоўка
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 13 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1513
Аўтамабільны код
4
СААТА
4252820106
Якушоўка на карце Беларусі ±
Якушоўка (Свіслацкі раён) (Беларусь)
Якушоўка (Свіслацкі раён)
Якушоўка (Свіслацкі раён) (Гродзенская вобласць)
Якушоўка (Свіслацкі раён)

Назва правіць

На думку В. Жучкевіча, назва патранімічнага паходжання, імаверна ад імя Якуш або прозвішча Якушаў, Якушонак, першага пасяленца на гэтым месцы. На думку навуковай супрацоўніцы Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея Людмілы Георгіеўны Жук, назва паселішча паходзіць ад ракі Якушоўкі, што працякае каля вёскі[2]. Часцей аднак наадварот, дробныя безыменныя рэкі атрымлівалі назвы ад паселішчаў на іх.

Гісторыя правіць

Час заснавання сядзібы — адно з галоўных пытанняў даследаванняў гісторыі Якушоўкі. У падрабязных інвентарах Свіслацкага графства з канца XVIII стагоддзя да інвентара 1831 года Якушоўка не згадваецца. Можна дапусціць, што фальварак Якушоўка з’явіўся пасля 1831 года, калі землі на рэчцы Якушоўцы набыў памешчык Яцак Ляскоўскі, які і заклаў сядзібу. У «Інвентарным апісанні маёнтка Свіслач за 1831 год» сказана: «Вёска Раманаўцы, якая належыць маёнтку Свіслач, знаходзіцца за сем вёрст ад Свіслачы паміж вёскамі Якушоўка памешчыка Ляскоўскага і Драчаны казённага стараства Ваўкавыскага і набліжаецца да гая Раманаўскага». Такую думку пацвярджае тое, што Сямён Каліноўскі, які валодаў сядзібай пасля Ляскоўскага, у дакументах нічога не згадвае пра будаўніцтва або рамонт будынка сядзібы. Напэўна, сядзіба пабудавана Ляскоўскім паміж 1831 і 1849 гадамі[2].

11 красавіка 1849 года Сымон Каліноўскі набыў маёнтак Якушоўку Ваўкавыскага павета ў памешчыка Вікенція Ляскоўскага. Пра юрыдычнае права валодання Якушоўкай Сымона Каліноўскага запісана ў «Справе пра хадайніцтва Ваўкавыскага спраўніка ад 15 снежня 1869 года за № 3837 пра неабкладанне працэнтным зборам маёнткаў Ашэўкі, які знаходзіцца ў валоданні Паўла Багушэвіча, і Якушоўкі ў валоданні Сымона Каліноўскага», дзе адзначаецца, што Якушоўка належала памешчыку Кобрынскага павета Вікенцію Ляскоўскаму і цяпер значыцца ва ўладанні Сымона Каліноўскага, якім ён «валодае з 11 красавіка 1849 года». У тлумачэнні, якое даваў Ляскоўскі па гэтай справе, сказана: «Маёнткі дасталіся мне ва ўладанне пасля смерці бацькі майго Яцка Ляскоўскага ў 1848 годзе, з гэтых маёнткаў Якушоўка была прададзена Сымону Каліноўскаму за 4000 рублёў»[2].

Якушоўка ў дадатак да сядзібы з гаспадарчымі пабудовамі складалася з 226 дзесяцін пясчанай зямлі, сенакосаў ды лесу. Побач працякала паўнаводная рачулка Ятвезь, за якой пачыналася Белавежская пушча.

Каліноўскі першапачаткова валодаў маёнткам за працэнт ад пяці тысяч рублёў, якія ён унёс пры запродажнай здзелцы. У 1852 годзе пасля неатрымання «купчай крэпасці на онае» Якушоўка праз Ваўкавыскую дваранскую апеку цалкам перайшла да Сымона Каліноўскага[3].

Сюды ж з Мастаўлян было перавезена абсталяванне фабрыкі льняных вырабаў Каліноўскага. У 1987 годзе на тэрыторыі якушоўскай сядзібы падчас археалагічных раскопак быў знойдзены друкаваны штамп гэтага прадпрыемства[3].

Тут, за дзесяць вёрст ад мястэчка Свіслач, праходзіла дзяцінства Кастуся Каліноўскага[4].

Якушоўка заставалася ва ўласнасці Каліноўскіх і пасля паўстання 1863—1864 гадоў. Сымон Каліноўскі памёр 3 лютага 1871 года ва ўзросце 78 гадоў, пакінуўшы пасля сябе пяць дачок (Марыя, Юлія, Казіміра, Сабіна, Міраслава) і сына Міхаіла[3].

Невядома, як доўга тут жыла жонка Сымона Каліноўскага, хто быў уладальнікам гэтага хутара аж да 1893 года, калі сярод дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна сустракаецца «Паведамленне старшага натарыуса акруговага суда аб пераходзе маёнтка Якушоўка Ваўкавыскага павета ад святара Савіча да Смольскага Платона Клеменцьевіча». Сядзібе належала 219 дзесяцін зямлі. Смольскі заплаціў за Якушоўку 14527 рублёў. Можна дапусціць, што святар Міхаіл Іванавіч Савіч валодаў сядзібай ужо некалькі гадоў. Такім чынам, ён, верагодна, набыў яе ў 80-х гадах XIX стагоддзя, што дапускае прыняць яго за першага, пасля Каліноўскіх, уладальніка сядзібы. У 1897 годзе сядзіба ад Смольскага перайшла Алёхціну, пры якім тут пражывала 8 чалавек. А вось далей уладальнікі змяняюцца даволі часта. Ужо ў дакуменце, датаваным 1906 годам, гаворыцца аб пераходзе Якушоўкі ад надворнага саветніка Мікалая Мікалаевіча Алёхціна да ўдавы стацкага саветніка Аляксандры Мікалаеўны Руднёвай па купчай ад 18 сакавіка 1906 года. Далей звесткі аб уладальніках маёнтка сустракаюцца ў «Алфавітным спісе маёнткаў і іх уладальнікаў» за 1914 год. Тут гаворыцца пра трох уладальнікаў: Жыромскі Іосіф Адамовіч і Нічыпаравічы Малахвей і Язэп.

Сам жа маёнтак у Якушоўцы, паводле мясцовай легенды, згарэў незадоўга да Першай сусветнай вайны. Яго падмуркі былі выяўлены ў 1987 годзе ў выніку раскопак пад кіраўніцтвам Міхася Ткачова (археолаг лічыў, што будынак сядзібы згарэў ад выпадковага снарада ў 1915 годзе).

Сёння аб часах Каліноўскіх тут нагадвае старая ліпавая алея, згодна легендзе, пасаджаная асабіста Канстанцінам і Віктарам Каліноўскімі.

Сядзібны дом правіць

Сядзіба Якушоўка — прамавугольны ў плане драўляны будынак. Раскопкі, якія праводзіліся ў 1987 годзе, выявілі рэшткі згарэлага дома, якія ўяўляюць сабой ніжні вянок зруба з хваёвага бярвення таўшчынёй 20-23 см, устаноўленага на каменны без злучнага раствора падмурак. Такі стыль будаўніцтва быў характэрны для Заходняй Беларусі ў XIX стагодззі. Будынак сядзібы быў 19,4 метра ў дліну і 12,2 метра ў шырыню. Падлога была камбінаваная: гліняная, цагляная (каля печы) і з дрэва. Дом быў накрыты дахам з саломы ці гонты[2].

Гутаркі са старажыламі вёскі, праведзеныя ў 1987 годзе, даюць карціну порціка, якім быў аформлены ўваход у дом з паўднёвага боку. Порцік уяўляў сабой характэрны для беларускага народнага дойлідства крыты ганак, аздоблены дзвюма круглымі драўлянымі калонамі. Гэты выгляд порціка з выкарыстаннем круглых слупоў і трохкутных франтонаў быў шырока распаўсюджаны ў драўляным дойлідстве Беларусі канца XVIII—XIX стагоддзяў. Сам ганак быў невысокі, па сцвярджэннях старажылаў, запісаных Ткачовым, на 3-4 прыступкі.

Дом Каліноўскіх падзяляўся на тры асноўныя секцыі, амаль роўныя па плошчы. Цэнтральная частка з парадным уваходам адлучалася ад бакавых бярвеністымі сценамі, якія мелі па некалькі дзвярэй. У правым сектары былі выяўлены рэшткі рускай печы, каміна і печы-галандкі, якая была абліцавана белай кафляй, рэшткі якой былі знойдзены пры раскопках 1987 года. У левым сектары, верагодна, знаходзіўся кухонны блок і жылы пакой. Тут размяшчаліся руская печ і пліта. З кухні дзверы вялі на вуліцу. Па абодва бакі ад гэтага выхаду знаходзіліся два гаспадарчыя пакойчыкі. Левая секцыя захавала менш элементаў планіроўкі, паколькі ў пасляваенны час тут размяшчалася калгасная кузня. Выяўленыя па перыметры будынка рэшткі шкла паказалі, што на паўночнай сцяне было 7 вокнаў, на паўднёвай — 6, на заходняй — 4 (магчыма), на ўсходняй сцяне вокнаў, мабыць, не было. Трэба адзначыць, што падобная функцыянальна-планіровачная схема драўляных сядзіб была распаўсюджана на тэрыторыі Свіслацкай воласці ў ХІХ стагоддзі[2].

У пачатку 1990-х быў складзены праект аднаўлення сядзібы Каліноўскіх у якасці музея, аднак да цяперашняга часу праект застаецца нерэалізаваным.

Славутасці правіць

Мастацка аздоблены крыж (аўтар мастак-каваль Ю. Мацко) і памятны камень у гонар К. Каліноўскага.

Заўвагі правіць

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. а б в г д Несцяровіч Паліна. Сядзіба Якушоўка // Мой город Свислочь.
  3. а б в Герасімчык Васіль. Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда. — Гродна: Юрсапрынт, 2018. — С. 26-28.
  4. Кісялёў Генадзь. Вялікі сын беларускага народа Кастусь Каліноўскі // Выбранае. — Мінск: Беларуская навука, 2016. С. 35.

Спасылкі правіць