Янкель Мордухавіч Кругер

мастак

Я́нкель Мо́рдухавіч (Я́каў Ма́ркавіч) Кру́гер (14 мая 1869, г. Мінск, Расійская імперыя — 19 сакавіка 1940, г. Мінск[3], БССР) — беларускі савецкі жывапісец яўрэйскага паходжання. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1939)[4]. Працаваў пераважна ў бытавым і партрэтным жанрах.

Якаў Маркавіч Кругер
Фатаграфія
Аўтапартрэт, 1899
Імя пры нараджэнні Янкель Мордухавіч Кругер
Дата нараджэння 14 мая 1869(1869-05-14)
Месца нараджэння
Дата смерці 19 сакавіка 1940(1940-03-19)[2] (70 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Месца працы
Жанр бытавы, партрэт
Вучоба
Уплыў Леапольд Гаровіц
Уплыў на Міхаіл Мацвеевіч Філіповіч
Узнагароды
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

 
Малюнак Бернардзінскага касцёла ў Слуцку, зроблены ў 1921 годзе падчас этнаграфічнай экспедыцыі па Беларусі

Нарадзіўся ў Мінску ў мяшчанскай сям’і рамесніка Мордуха Хаімавіча Кругера і яго жонкі Роды, у якой акрамя яго было яшчэ пяцёра дзяцей[5]. Вучыўся ў мясцовым хедары і рамесным вучылішчы. Займаўся ў малявальнай школе М. І. Мурашкі  (руск.) ў Кіеве (1883—1886)[4]. Пасля заканчэння з адзнакай малявальнай школы Якаў спрабуе паступіць у Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, але яго як яўрэя не прынялі, спаслаўшыся на адсутнасць у яго права на жыхарства ў Пецярбургу, мастак вымушаны вярнуцца ў Мінск[5].

Вучыўся ў прафесара Л. Горавіца ў Варшаве (1887—1888)[6], у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1888-95)[4], дзе займаўся па класе Бенжамена Канстана  (руск.). Тым часам шмат працуе, піша карціны і падарожнічае па еўрапейскіх краінах, вывучаючы творы вялікіх майстроў. Пабываў у Лондане, Берліне, Бруселі. Неаднаразова дэманстраваў свае палотны на Парыжскіх выстаўках[5].

Вярнуўся ў Расійскую імперыю Якаў Кругер у 1895 годзе[5]. Вучыўся ў У. Макоўскага ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў (1897—1900)[4], куды яго прынялі пры актыўным садзейнічанні І. Рэпіна. Дыпломная карціна «На суд прафесара», выкананая ў жанры бытавога жывапісу, атрымала высокую ацэнку.

У 1904 годзе пасля вяртання ў Мінск адкрыў там курсы малявання і жывапісу (з 1906 мастацкая школа)[4]. Шматлікія яго вучні сталі вядомымі мастакамі: Г. Фімянтоўскі, В. Руцай, І. Ахрэмчык, І. Мільчын[7], З. Азгур[5], Х. Суцін, М. Кікоін[8], М. Станюта.

Падчас першай сусветнай вайны сям’я Кругераў была эвакуіравана ў Казань, дзе яна застаецца доўгі час. Якаў займаецца галоўным чынам выкладчыцкай працай[5].

З 1921 года працаваў на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[3]. Восенню 1921 года ўваходзіў у склад арганізаванай Беларускім Дзяржаўным музеем этнаграфічнай экспедыцыі па наваколлях Слуцка разам з мастаком П. Гуткоўскім (кіраўнік), фалькларыстам і кампазітарам Уладзімірам Тэраўскім і інш[6]. Працуючы на газету «Кастрычнік» у сельскагаспадарчай камуне «Новае жыццё», стварае цэлы цыкл прац з жыцця працаўнікоў[5].

У 2-й палове 1930-х гг. Кругер пісаў партрэты І. Сталіна, К. Варашылава, М. Горкага, савецкіх военачальнікаў і партыйных дзеячаў, а таксама жанравыя карціны на тэмы працы[8]. У 19271932 гадах — член Усебеларускага аб’яднання мастакоў.

У 1939 годзе атрымаў ганаровае званне Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР[6]. Жыў у Мінску да канца сваіх дзён.


Творчасць правіць

Карціны Кругера адрозніваюцца дакладнасцю характарыстыкі, псіхалагічнай глыбінёй вобразаў[4]. У ранніх партрэтах асноўная ўвага нададзена рысунку, у той час як жывапіс сухаваты, агульны каларыт — залацісты[8]. Працаваў пераважна ў жанры партрэта: «Дзяўчынка ў чырвоным» (1890-я), «Аўтапартрэт у малінавым бераце» (1889), партрэты брата (1896), скрыпача Іегуды Жухавіцкага (1897), Я. Коласа (1923), Я. Купалы (1923). Сярод іншых работ: «На суд прафесара» (1900), «Пагром» (Каля 1905), «Паштальён» (1907), «Дзіцячая калонія» (1930), «Кавальскі цэх» (1937) і іншыя[4].

У 1900-10 гг. Кругер стварае серыю карцін, якія адлюстроўваюць сцэны яўрэйскага побыту: «Хедар», «Яўрэйскі духоўны суд», «Перапісчык Торы», «За малітвай», «Талмудыст», «Яўрэй, які моліцца», «Каўказскі яўрэй», «Яўрэй з куфлем» і інш. У 1915 г. Кругер стварыў серыю карцін «Яўрэйскія абрады» (не захавалася). Напісаная па слядах рэвалюцыйных падзей карціна «Пагром» была знішчана паліцыяй[8].

Кругер напісаў шэраг партрэтаў пісьменнікаў, паэтаў, навуковых, палітычных і грамадскіх дзеячаў Беларусі, якія адрозніваюцца інтымнасцю і дэмакратызмам вобразаў: Якуба Коласа, Янкі Купалы, Змітрака Бядулі, Саламона Міхоэлса і іншых[5].

Аўтапартрэты Якава Кругера
       
1889 1899 1922 1931

Зноскі

  1. а б Кругер Яков Маркович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. Кругер Яков Маркович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  3. а б Знiчкi Айчыны(недаступная спасылка) // Голас Радзімы Чацвер, 12 сакавіка, 2009
  4. а б в г д е ё Кругер Янкель Мордухович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 335. — 737 с.
  5. а б в г д е ё ж Черняк М. Яков Кругер: «Я художник из Минска» // «Мишпоха» № 10 (2), 2001.
  6. а б в Ціткоўскі І. Кругер Якаў Маркавіч (Кругер Янкель Мордухавіч) (02.05.1869—18.03.1940) // Мастакі Случчыны. — Слуцк: «Слуцкая ўзбуйненая друкарня», 2006. — 56 c. ISBN 985-6704-00-5
  7. Мастак з Івянца
  8. а б в г Артыкул «Кругер Яков» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
  • Якаў Кругер. Постскрыптум. Новыя матэрыялы аб жыцці і творчасці мастака / Н. М. Усава // Музей XXI стагоддзя: актуальныя праблемы дзейнасці : навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 65-годдзю з дня заснавання Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, 9―11 лістапада 2004 года, Мінск. ― Мінск, 2008. (1Н//110981(039))
  • Республика Беларусь : энциклопедия. [В 7 т.]. Т. 4. — Минск, 2007.
  • Ярмоленка Г. М. Кру́гер Янкель Мордухавіч (Якаў Маркавіч) // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 402. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі правіць