Ян Тадэвушавіч Завіша

Ян Казімір Завіша, Ян Тадэвушавіч Завіша (1822—1887) — арыстакрат і буйны землеўласнік Мінскай губерні Расійскай імперыі, археолаг-аматар і этнограф-аматар. Правадзейны член Маскоўскага археалагічнага таварыства (Расійская імперыя), а таксама член-карэспандэнт Парыжскага антрапалагічнага таварыства (Францыя). З'яўляецца піянерам у даследаванні археалогіі каменнага веку ў Беларусі.

Ян Тадэвушавіч Завіша
граф Ян-Крыштаф-Самуэль-Казімір Янавіч-Тадэвушавіч Завіша-Кезгайла
Герб «Лебедзь»
Герб «Лебедзь»
Нараджэнне 1822(1822)
вёска Кухцічы, Ігуменскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Смерць 1887(1887)
(?) Варшаўскае генерал-губернатарства, Расійская імперыя
Род Завішы
Бацька граф Тадэвуш Янавіч Завіша (1790—пасля 1856)
Маці графіня Валерыя Казіміраўна-Аляксандраўна Завіша
Жонка графіня Марыя Юзафаўна Квілецкая (пам. у 1910 г.). Шлюб у 1852 годзе
Дзеці 1) Марыя Ева Завіша (1860—1930); 2) Марыя Магдалена Завіша (1861—1945)
Веравызнанне каталік
Дзейнасць археолаг
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне і сям'я правіць

Належаў да графскага літоўскага каталіцкага роду Завішаў гербу «Лебедзь», прадстаўнікі якога поўнасцю пісаліся як «Завіша-Кезгайла граф на Бакштах» і адносіліся ў XVII—XVIII стст. да магнатэрыі Вялікага Княства Літоўскага, займаючы высокія (у тым ліку сентарскія) пасады ў Менскім ваяводстве і іншых рэгіёнах, а таксама пры двары польскага караля і вялікага князя літоўскага. У XIX ст. графы Завішы не займалі высокіх пасад у Расійскай імперыі, а жылі ў сваіх абшырных зямельных уладаннях у Ігуменскім павеце Мінскай губерні, займаючы розныя дваранскія пасады ў Ігуменскім павеце і кіруючы сельскай гаспадаркай у сваіх маёнтках.

Нарадзіўся ў 1822 г. у маёнтку Кухцічы[1] Ігуменскага павета Мінскай губерні ў сям'і графа Тадэвуша Янавіча Завішы, які пэўны час быў ігуменскім павятовым маршалкам[2], і яго жонкі графіні Валерыі Казіміраўны-Аляксандраўны Завішы. Быў хрышчаны ў каталіцтва і атрымаў імя «Ян-Крыштаф-Самуэль-Казімір». Менавіта Валерыя Завіша прынесла ў пасаг Тадэвушу Завішу вялізны маёнтак Кухцічы (Кухцічы, Узда, Падузда, Чурылава, Уса, Данілавічы і інш.) — у заходняй частцы Ігуменскага павета[3]. Сам Тадэвуш Завіша да шлюбу валодаў спадчынным маёнткам Халуй (Халуй, Градзянец, Пагарэлае, Жорнаўка, Амінавічы і інш.) — ва ўсходняй частцы Ігуменскага павета.

У 1852 г. Ян Тадэвушавіч Завіша ажаніўся з польскай арыстакраткай — фрэйлінай расійскага імператарскага двара[4] графіняй Марыяй Квілецкай (пам. у 1910 г.), якая паходзіла з польскіх губерняў Расійскай імперыі і была дачкой графа Юзафа Ігнацыя Валентыя Квілецкага (1791—1860) ад яго жонкі Аляксандры Сабалеўскай (1798—1878).

Ад жонкі Ян Тадэвушавіч Завіша меў дзвюх дачок, якія ўзялі шлюб з арыстакратамі-каталікамі:

  1. Марыя Ева Завіша (1860—1930) — узяла шлюб у 1879 годзе з князем Міхалам Пятром Радзівілам (1853—1903) — з небароўскай галіны роду Радзівілаў.
  2. Марыя Магдалена Завіша (1861—1945) — узяла шлюб двойчы: 1) граф Людвік Юзаф Красінскі (1833—1895), шлюб у 1882 годзе; 2) князь Мікалай Вільгельмавіч Радзівіл (1880—1914), шлюб у 1906 годзе.

Маючы толькі дочак, граф Ян Тадэвушавіч Завіша быў апошнім мужчынскім патомкам роду Завіш-Кезгайлаў гербу «Лебедзь»[2].

Маёнткі і гаспадарка правіць

 
Асноўныя зямельныя валоданні графа Яна Тадэвушавіча Завішы (1822—1887) у Ігуменскім павеце Мінскай губерні ў 1860 г.
 
Палац Завішаў у маёнтку Кухцічы Ігуменскага павета Мінскай губерні — на акварэлі Напалеона Орды, 1880-ыя гг.
 
Левы флігель былога палаца Завішаў у маёнтку Кухцічы, фота 2012 г.
 
Былая гаспадарчая пабудова ў маёнтку Кухцічы, фота 2012 г.
 
Былая гаспадарчая пабудова ў маёнтку Кухцічы, фота 2012 г.

Ян Завіша з'яўляўся латыфундыстам, бо валодаў у Ігуменскім павеце Мінскай губерні значным родавым маёнткам Халуй[5], які складаўся з 1 мястэчка (мястэчка Узда) і 33 навакольных вёсак (фальваркі Вязы, Вязаўніцы, Навасёлкі, Жорнаўка, Янаў, Кухцічы, Падузда, Забалацце, Заямнае, Слабодка, Данілавічы, Валяр'янава, Каменка, Уса, Уздзянка, Барбароў, Сяргеевічы, Кабылічы, Амінавічы, Ігнатоўка, Пагарэлае, Нізок, Чурылава, Боркі, Юркавічы, Градзянка (Градзянец), Верайцы і інш.)[6]. Завішы на працягу некалькіх стагоддзяў валодалі маёнткамі на Міншчыне і як маглі развівалі гэты край.

Паводле інвентара ад 30 верасня 1844 г. маёнтак графа Завішы ў Ігуменскім павеце цалкам складаў 57 588 дзесяцін зямлі (з якіх няворыўная зямля складала каля 41 600 дзесяцін — лес, сенажаці і выпасы) і 726 двароў прыгонных сялян (3224 прыгонных мужчынскага полу і 3264 прыгонныя жаночага полу)[7]. Уся гэтая латыфундыя графа Завішы складала 7% усёй тэрыторыі Ігуменскага павета[7]. Асноўным заняткам прыгонных сялян была сельская гаспадарка, галоўным чынам — земляробства. Фальваркі былі невялікія — па 20-60 двароў[8]. Самай вялікай вёскай былі Кухцічы, дзе звычайна графы Завішы мелі рэзідэнцыю. Павіннасцямі прыгонных сялян графа Завішы былі: прыгон, згоны, талокі і гвалты; толькі прыгонныя сяляне-агароднікі плацілі чынш[9].

Акрамя таго на землях графа Завішы жылі і вольныя людзі — яўрэі, татары-рамеснікі, вольныя арандатары з хрысціян. Так, у мястэчку Узда (паводле інвентара 1844 г.) акрамя 14 прыгонных сялян мужчынскага полу (з іх 3 агароднікі і 2 бабыля) мелася 102 двары яўрэйскіх сямей і 18 татарскіх двароў[10]. Яўрэі звычайна былі дробнымі гандлярамі і рамеснікамі, а татары — рамеснікамі (займаліся гарбарствам). Усе тыя местачкоўцы ва Уздзе плацілі графу грошы за арэнду пляцаў («пляцовае»)[10].

Гаспадарка графа Завішы пастаўляла на продаж лес, лён, сала, мёд, скуры, воўна, збожжа, гарэлку, грыбы, ягады, буйнарагатую жывёлу і іншую прадукцыю. Звычайна большая частка тавару прадавалася на найбліжэйшых кірмашах — у Койданаве і Нясвіжы; панскі лес сплаўлялі па рэках ва Усходнюю Прусію і Украіну[11]. У кожнай вёсцы меўся шынок[8]. Акрамя таго, паводле інвентара ад 1844 г. у маёнтку графа Завішы меўся паташны завод у фальварку Пагарэлае, а таксама суконная фабрыка (30 рабочых), дзе працавалі падлеткі з мнагадзетных прыгонных сямей — падлеткаў вучылі майстры і падлеткі працавалі без аплаты «пакуль прыстасуюцца атрымліваць забеспячэнне»[12]. Вырабленае сукно часткова ішло на ўласныя патрэбы гаспадаркі графа, а часткова — на продаж[10].

Такі стан рэчаў у маёнтку графа Завішы захоўваўся да адмены прыгоннага права ў 1861 г., калі прыгонныя сяляне атрымалі волю, а таксама невялікія надзелы панскай зямлі сабе ва ўласнасць: па выніках сялянскай рэформы, адзін сялянскі двор атрымаў ва ўласнасць прыблізна па 3 дзесяціны ворыўнай зямлі і 1,5 дзесяціны сенажацяў[13].

Акрамя таго, граф Ян Завіша меў і іншыя маёнткі ў Беларусі, а таксама ўласны палац у Варшаве (Расійская імперыя)[3].

Ян Завіша звычайна стала пражываў у сваёй сядзібе ў маёнтку Кухцічы, якую адлюстраваў у 1880-х гг. на сваёй акварэлі мастак Напалеон Орда.

У выніку шлюбу з Квілецкай бацька атрымаў маёнткі ў Велікапольшчы (Варшаўскае генерал-губернатарства).

Пасля яго смерці ў 1887 г. маёнткі і іншая маёмасць былі падзелены паміж дзвюма яго дочкамі — Марыяй Магдаленай і Марыяй Евай. Магдалена атрымала маёнткі Жорнаўка і Кухцічы (і з'яўлялася апошняй ўладальніцай Кухціцкай сядзібы), што складала 41 000 дзесяцін[4], а таксама маёнткі ў Велікапольшчы (Варшаўскае генерал-губернатарства) і нерухомую маёмасць у Варшаве[14].

Адукацыя правіць

Скончыў гімназію[15].

Напярэдадні і ў часы Студзеньскага паўстання (1863—1864) правіць

Граф Ян Тадэвушавіч Завіша па свайму маёмаснаму становішчу і сваяцкім сувязям быў прадстаўніком мясцовай арыстакратычнай эліты як у Вільні, так і Варшаве. Аднак ён не ўдзельнічаў у Студзеньскім паўстанні (1863—1864), хоць быў блізкім сваяком Якубу Гейштару, аднаму з ініцыятараў і лідараў паўстання ў літоўска-беларускіх губернях: бабка Якуба Гейштара (Тэкля Завіша) была роднай сястрой Тадэвушу Янавічу Завішу (1790—пасля 1856), які быў бацькам графа Яна Тадэвушавіча Завішы[2]. У сваіх мемуарах Якуб Гейштар адзначыў, што граф Ян Завіша «быў чулым крэўным» і вельмі шанаваў Якуба Гейштара[16]. У пачатку 1860-х гг. граф Ян Завіша прапаноўваў Якубу Гейштару ідэю балатавацца на значную пасаду — ковенскага губернскага маршалка, абяцаючы дапамагчы сваімі грашыма для выканання Гейштарам абавязкаў ковенскага губернскага маршалка (бо гэтая дваранская пасада была неаплатная), але Якуб Гейштар адмовіўся ад такой прапановы, хоць яму прапаноўвалі і іншыя асобы і Гейштар мог лёгка стаць маршалкам, бо карыстаўся аўтарытэтам у Ковенскай губерні сярод дваран[17].

У 1862 г. у Варшаве граф Ян Завіша гасцінна прыняў на абедзе Якуба Гейштара, які тады прыехаў у горад і рабіў таемныя арганізацыйныя (у тым ліку вярбовачныя) мерапрыемствы для паўстання супраць расійскіх улад. У той час Ян Завіша як раз актыўна дапамагаў Юліяну Барташэвічу выдаць у Варшаве ў друку на польскай мове мемуары свайго продка — мінскага ваяводы Крыштафа Завішы «Pamiętniki Krzysztofa Zawiszy, wojewody mińskiego <1666—1721> wydane z oryginalnego rękopismu i opatrzone przypiskami...» (1862), які быў і продкам Якуба Гейштара[18]. Сам граф Завіша ведаў пра таемныя арганізацыйныя мерапрыемствы, аднак не згадзіўся на прапановы ўдзельнічаць у таемных арганізацыях і паўстанні, а таксама адмовіўся выдаткаваць грошы на паўстанне, бо лічыў справу паўстання марнатраўнай[19]. У той жа час, ведаючы многіх арганізатараў паўстання і захады таемных таварыстваў, граф Завіша ніколі не даносіў расійскім уладам пра гэта. Акрамя таго, менавіта граф Ян Завіша парэкамендаваў Якубу Гейштару кандыдатуру Карнэлія Пялікшы на пасаду паўстанцкага кіраўніка «Мінскага ваяводства» (пасля таго як яе вымушана пакінуў Антон Яленскі), што сам Якуб Гейштар ацаніў пазней у сваіх мемуарах як «трапную кандыдатуру» для такой ролі[20].

У красавіку 1863 г. у вёску Пагарэлае Ігуменскага павета, якая належала графу Яну Завішу, заходзіў невялікі паўстанцкі атрад на чале са Станіславам Ляскоўскім, які сваімі дзеяннямі падпарадкоўваўся Баляславу Свентаржэцкаму[21].

У 1865 г. граф Ян Завіша таемна перадаў 300 рублёў «на дарогу» Якубу Гейштару, якога па прыгавору суда расійскія ўлады высылалі ў Сібір на катаргу[22].

Грамадская і навуковая дзейнасць правіць

Граф Ян Завіша вызначаўся «мясцовым патрыятызмам»[23]. Сярод заможных дваран Мінскай губерні (Ваньковічаў, Вайніловічаў, Манюшкаў, Тышкевічаў, Горватаў і іншых) у сярэдзіне XIX ст. стала вельмі папулярным цікавіцца гісторыяй роднага края і беларускамоўным сялянскім фальклорам, што ў Яна Завішы праяўлялася ў прафесійных занятках мясцовай археалогіяй і беларускай этнаграфіяй[23].

У 18681877 гг. падарожнічаў па Беларусі з мэтай фіксацыі помнікаў археалогіі, наносячы іх на геаграфічную карту, а таксама праводзіў уласныя археалагічныя раскопкі і замалёўваў знаходкі[24]. Ён ставіў сабе задачу стварыць «тэорыю дагістарычнай Літвы» у межах Гродзенскай і Мінскай губерняў — пад «Літвой» мелася на ўвазе тэрыторыя былога Вялікага Княства Літоўскага[25]. У прыватнасці граф Ян Завіша рабіў раскопкі і даследаваў археалагічныя помнікі — спачатку на сваіх прыватных землях, а пасля і іншых: гарадзішча і курганы каля вёскі Чурылава (знойдзены каменныя прылады працы, гліняныя прасліцы, косці мядзведзяў і аленяў) і гарадзішчы каля вёскі Кухцічы (Ігуменскі павет Мінскай губерні); гарадзішчы побач з Мерачоўшчынай каля Косава (Слонімскі павет Гродзенскай губерні); гарадзішчы і каменныя магілы каля возера Свіцязь, стаянкі каменнага веку каля вёскі Валеўка (Навагрудскі павет Мінскай губерні); гарадзішчы каля вёскі Зборск Бабруйскага павета Мінскай губерні[26]. Стаянку каля вёскі Валеўка пазней паўторна даследавалі беларускія археолагі Н. Гурына і Міхась Чарняўскі і пацвердзілі, што яна адносіцца да каменнага веку[27].

Яна Завішу цікавілі пытанні засялення старажытнымі людзьмі берагоў Віліі, Нёмана, Дняпра; шляхі міграцыі старажытных людзей уздоўж рэчак да Балтыйскага мора, сувязі славянскіх плямён са Старажытнай Грэцыяй і Старажытным Рымам[28]. Яго навуковым крэда было: «Усе сілы скіраваны на тое, каб вытлумачыць першабытнае жыццё людзей, якім чынам узнёсся чалавек да той асветы і цывілізацыі, якая ёсць яго спадчына»[25].

Меў у палацы ў Кухцічах багатую калекцыю старажытнасцяў, якую збіраў уласным стараннем і коштам[3]. Яго сядзіба ў Кухцічах была значным культурным цэнтрам, вядомасць аб якой сягала далёка за межы Ігуменскага павета[3].

Імкнуўся прывіць сваім дочкам Марыі Еве і Марыі Магдалене любоў да роднай зямлі і сам з'яўляўся для іх прыкладам у гэтай справе. Ён часта браў з сабой Марыю Магдалену і Марыю Еву падчас наведвання вёсак, што размяшчаліся на яго землях (вакол сядзібы ў Кухцічах). З жыхарамі гэтых вёсак (як, дарэчы, даволі часта і дома) бацька размаўляў на беларускай мове, а яго дочкі ведалі мову сялян, а не толькі польскую мову, якую таксама ведалі заможныя каталіцкія маянткоўцы і выкарыстоўвалі пры ліставаннях[23][29]. Гэта ў многім вызначыла кірунак грамадскай дзейнасці яго дачкі Магдалены Завішы.

Замежныя падарожжы таксама служылі выхаванню і адукацыі дачок. Так вядома, што восенню 1871 г. граф Ян Завіша і яго дочкі Марыя Ева і Марыя Магдалена былі ў Рыме, дзе сустрэлі землякоў — маладога Эдварда Вайніловіча, які падарожнічаў па Італіі са сваім дзядзькам Люцыянам Вайніловічам і цёткай Геленай Вайніловіч[30].

У 1873—1882 гг. Ян Завіша выдаваў штогадовік «Wiadomości archeologiczne», вакол якога групаваліся розныя навукоўцы — археолагі, антраполагі, нумізматы і географы[31]. Быў правадзейным членам Маскоўскага археалагічнага таварыства, а таксама членам-карэспандэнтам Парыжскага антрапалагічнага таварыства (Францыя)[32]. Як археолаг граф Ян Завіша прымаў удзел у міжнародных археалагічных кангрэсах — у Венецыі (1871) i Будапешце (1876): у Венецыі толькі назіраў і вёў рэпартаж пра дэбаты паміж навукоўцамі па тэме матэрыялаў каменнага веку, а ў Будапешце ўжо сам выступаў з дакладамі па праблемах вывучэння каменнага веку і дэманстраваў матэрыялы ўласных раскопак у Беларусі[33]. Менавіта граф Ян Завіша з'яўляецца піянерам у даследаванні археалогіі каменнага веку ў Беларусі[28].

У 1877 г. пераехаў у Кракаў і ўжо 20 мая 1878 г. у Кракаве на паседжанні аддзела археалогіі і мастацтва Кракаўскага навуковага таварыства выступіў з прапановай пачаць выдаваць серыю навуковых прац пра старажытнасць на польскай і французскай мовах[24]. Сярод прапаноў было і выданне археалагічнай карты тэрыторыі, якая да 1772 г. складала тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Спачатку падрыхтоўкай такой карты займаўся Солтан, а пасля смерці Солтана — Адам Ганоры Кіркор, аднак паспела выйсці з задуманага толькі адна археалагічная карта — «Каралеўская Прусія» (1879), прысвечаная тэрыторыі Каралеўскай Прусіі — адной з частак былой Рэчы Паспалітай[25].

У 1877—1879 гг. рабіў археалагічныя раскопкі помніка каменнага веку (у «пячоры маманта») на тэрыторыі Варшаўскага генерал-губернатарства Расійскай імперыі[34].

Творы правіць

Зноскі

  1. Каханоўскі, Г. Ян Казімір Завіша // Беларуская энцыклапедыя. — Мінск : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 493.
  2. а б в Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. — Wilno, 1913. — T. 1. — С. 342.
  3. а б в г Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. Województwo Mińskie, Mścisławskie, Połockie, Witebskie. — С. 90.
  4. а б Асіповічы(недаступная спасылка)
  5. Цяпер вёска Халуй называецца вёска Ліпень у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці Рэспублікі Беларусь.
  6. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Уздзенскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — С. 50.
  7. а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Уздзенскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — С. 51.
  8. а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Уздзенскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — С. 54.
  9. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Уздзенскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — С. 51, 52.
  10. а б в Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Уздзенскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — С. 52.
  11. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Уздзенскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — С. 53, 54.
  12. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Уздзенскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — С. 50, 52.
  13. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Уздзенскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — С. 59.
  14. Łatyszonek, O. Radziwiłłowa z Zawiszow 1.v. Krasińska Maria Magdalena (1861—1945) // Polski Słownik Biograficzny. — 1987. — С. 398.
  15. Паводле інфармацыі з вывадовай справы роду Завішаў у Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе, граф Ян Тадэвушавіч Завіша скончыў гімназію ў Мітаве (Курляндская губерня).
  16. Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. — Wilno, 1913. — T. 1. — С. 167.
  17. Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. — Wilno, 1913. — T. 1. — С. 129.
  18. Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. — Wilno, 1913. — T. 1. — С. 167, 200.
  19. Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. — Wilno, 1913. — T. 2. — С. 59, 246.
  20. Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. — Wilno, 1913. — T. 1. — С. 252.
  21. Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1965. — С. 430.
  22. Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. — Wilno, 1913. — T. 2. — С. 223.
  23. а б в Багадзяж, М. Я — беларуска…
  24. а б Каханоўскі, Г. Ян Казімір Завіша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1996. — Т. 3. — С. 393; Каханоўскі, Г. Прадвесне навукі... С. 59.
  25. а б в Каханоўскі, Г. Прадвесне навукі... С. 59.
  26. Надсан, А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі... С. 6; Каханоўскі, Г. Ян Казімір Завіша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1996. — Т. 3. — С. 393; Каханоўскі, Г. Прадвесне навукі... С. 58, 59.
  27. Каханоўскі, Г. Прадвесне навукі... С. 58.
  28. а б Каханоўскі, Г. Ян Казімір Завіша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1996. — Т. 3. — С. 393.
  29. Надсан, А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі... С. 6.
  30. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia... С. 31.
  31. Каханоўскі, Г. Ян Казімір Завіша // Беларуская энцыклапедыя. — Мінск : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 493; Каханоўскі, Г. Прадвесне навукі... С. 60.
  32. Каханоўскі, Г. Ян Казімір Завіша // Беларуская энцыклапедыя. — Мінск : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 493; Zawisza, J. Poszukiwania archeologiczne w Polsce :1877, 1878 i 1879 Архівавана 4 сакавіка 2016.... С. 16.
  33. Надсан, А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі... С. 6; Каханоўскі, Г. Ян Казімір Завіша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск, 1996. — Т. 3. — С. 393; Каханоўскі, Г. Прадвесне навукі... С. 60.
  34. Zawisza, J. Poszukiwania archeologiczne w Polsce :1877, 1878 i 1879 Архівавана 4 сакавіка 2016. / J. Zawisza. — Warszawa : Druk. S. Orgelbranda synów, 1878. — 30 s.

Літаратура правіць

  • Багадзяж, М. Радзівіл Магдалена Іванаўна / М. Багадзяж // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск : БелЭн, 2001. — Т. 6., Кн. 1. — С. 57.
  • Багадзяж, М. Я — беларуска… / М. Багадзяж // Беларуская мінуўшчына. — 1996. — № 1.
  • Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1965. — 586 с.
  • Каханоўскі, Г. Прадвесне навукі / Г. Каханоўскі ; рэд. Д.Ц. Чаркасава. — Мінск, 1990. — 109 с.
  • Каханоўскі, Г. Ян Казімір Завіша / Г. Каханоўскі // Беларуская энцыклапедыя. — Мінск : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 493.
  • Каханоўскі, Г. Ян Казімір Завіша / Г. Каханоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Мінск : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 393.
  • Латышонак, А. Радзівіл з Завішаў (Красінская) Марыя Магдалена (1861—1945) / А. Латышонак, А. Зенба // Нацыянальнасьць — беларус / А. Латышонак. — Вільня : Інстытут беларусістыкі. Беларускае гістарычнае таварыства, 2009. — С. 462—464.
  • Łatyszonek, O. Radziwiłłowa z Zawiszow 1.v. Krasińska Maria Magdalena (1861—1945) / O. Łatyszonek, A. Zięba // Polski Słownik Biograficzny. — Kraków, 1987. — T. XXX. — S. 398—399.
  • Латышонак, А. Нацыянальнасьць — беларус / А. Латышонак. — Вільня : Інстытут беларусістыкі. Беларускае гістарычнае таварыства, 2009. — 558 с.
  • Надсан, А. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі(недаступная спасылка) / А. Надсан. — Мн., 2009. — 2-е выд. — 112 с. / А. Надсан. — Мн., 2009. — 2-е выд. — 112 с.
  • Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1964. — 707 с.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Уздзенскага раёна. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — 656 с.
  • Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław – Warszawa – Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 2. — 384 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.

Спасылкі правіць