Японская пісьменнасць


У сучаснай японскай мове ўжываюцца тры асноўныя сістэмы пісьма: іерогліфы кітайскага паходжання кандзі і дзве складовыя азбукі, створаныя ў Японіі: хірагана і катакана. У самой Японіі гэта сістэма традыцыйна завецца «змешаны запіс іерогліфамі і канай» (яп.: 漢字仮名交じり文 кандзі кана мадзірыбун).

Часта ў японскім тэксце сустракаюцца лацінскія літары, ужываныя для запісу распаўсюджаных абрэвіятур (напрыклад, DVD альбо NATO) і іншых мэтаў. Транслітарацыя японскай мовы лацінскімі літарамі завецца ромадзі і сустракаецца ў японскіх тэкстах рэдка. Для запісу лічэбнікаў часта ўжываюцца арабскія лічбы (звычайна ў тэкстах з гарызантальным накірункам пісьма). Выключэнне якога-небудзь з пералічаных відаў пісьма ці замена аднаго іншым у іх прынятым ужыванні робіць тэкст цяжкаўспрымальным ці незразумелым увогуле.

Разгледзім прыклад газетнага загалоўка, які ўжывае ў сваім запісе ўсе тыпы пісьма, уключаючы лацінскія літары і арабскія лічбы (загаловак з газеты «Асахі сімбун» ад 19 красавіка 2004 года). Кандзі афарбаваны чырвоным колерам, хірагана — сінім, катакана — зялёным, ромадзі і арабскія лічбы — чорным:

ラドクリフマラソン五輪代表出場にも
РАДОКУРЫФУ, МАРАСОН горын дайхё: ні іці-ман m (мэ:тору) сюцудзё: ні мо фукумі.
«Рэдкліф, удзельнік алімпійскага марафону, таксама выступіць на дыстанцыі 10 000 м.»

Ніжэй пададзены прыклады некаторых слоў японскай мовы, запісаных рознымі сістэмамі пісьменнасці:

Кандзі Хірагана Катакана Ромадзі Пераклад
わたし ワタシ watashi Я
金魚 きんぎょ キンギョ kingyo Залатая рыбка
煙草 たばこ タバコ tabako Тытунь, цыгарэты

Сартаванне слоў у японскай мове ажыццяўляецца паводле парадку каны, якая, у адрозненне ад кандзі, выражае не сэнсавае значэнне, а гучанне. Існуюць два асноўныя тыпы сартавання каны: сучасны годзю:он (літаральна «пяцьдзясят гукаў») і састарэлы іроха. У слоўніках іерогліфаў словы сартуюцца праз сістэму ключоў.

Кандзі правіць

 
Кітайскія іерогліфы для слова кандзі

Кандзі (漢字, літ. «Літары (дынастыі) Хань») — кітайскія іерогліфы, што выкарыстоўваюцца ў японскай пісьменнасці пераважна для запісу назоўнікаў, каранёў дзеясловаў і прыметнікаў, а таксама японскіх уласных імёнаў. Першыя кітайскія тэксты былі завезены ў Японію будысцкімі манахамі з карэйскага каралеўства Пэкчэ ў V ст. н. э.. Сёння побач са спрадвечна кітайскімі іерогліфамі ўжываюцца знакі, вынайдзеныя ў самой Японіі, так званыя кокудзі.

У залежнасці ад таго, якім шляхам кандзі трапіў у японскую мову, іерогліфы могуць ужывацца для напісання аднаго ці розных слоў альбо марфем. З пункту гледжання чытача гэта значыць, што кандзі маюць адно ці некалькі чытанняў. Выбар чытання іерогліфа залежыць ад кантэксту, спалучэння з іншымі кандзі, месца ў сказе і інш. Некаторыя часта ўжываныя кандзі маюць дзесяць ці больш розных чытанняў.

Чытанні пераважна падзяляюцца на онныя чытанні, ці он’ёмі (японскія інтэрпрэтацыі кітайскага вымаўлення іерогліфа) і кунныя чытанні, ці кун’ёмі (заснаваныя на вымаўленні спрадвечна японскіх слоў). Некаторыя кандзі маюць некалькі он’ёмі, таму што былі запазычаны з Кітая некалькі разоў: у розны час і з розных абласцей. Некаторыя маюць розныя кун’ёмі, таму што да кітайскага іерогліфа знайшлося некалькі японскіх сінонімаў. З другога боку, кандзі можа і не мець ніводнага он’ёмі альбо ніводнага кун’ёмі.

Рэдкія чытанні іерогліфаў завуцца наноры. Наноры шырока распаўсюджаны ва ўласных імёнах, напрыклад, у прозвішчах.

Існуе шмат спалучэнняў кандзі, для вымаўлення складнікаў якіх выкарыстоўваюцца і он’ёмі, і кун’ёмі; такія словы называюць дзу:бако (重箱) ці юто: (湯桶). Самі гэтыя два тэрміны з’яўляюцца аўталагічнымі: першы кандзі ў слове дзубако чытаецца праз он’ёмі, а другі — праз кун’ёмі, а ў слове юто — наадварот. Іншыя прыклады: 金色 кін’іро — «залаты (колер)» (он-кун); 空手道 каратэдо: — каратэ (кун-кун-он).

Гікун (義訓) — чытанне спалучэнняў кандзі, якое не мае дачынення да кун’ёмі альбо он’ёмі асобных іерогліфаў, а датычыцца сэнсу ўсяго спалучэння. Напрыклад, спалучэнне 一寸 можна прачытаць як іссун (то бок «адзін сун»), аднак на самай справе гэта непадзельнае спалучэнне цётто («трошкі»). Гікун часта сустракаецца ў японскіх прозвішчах.

У большасці выпадкаў, калі для запісу аднаго японскага слова ўжываюцца розныя кандзі, гэта робіцца для адлюстравання адценняў сэнсу. Напрыклад, слова наосу, запісанае як 治す, будзе значыць «лячыць хваробу», а запіс 直す будзе значыць «чыніць» (напрыклад, веласіпед).

У сучаснай пісьмовай мове актыўна выкарыстоўваецца каля 3 тыс. іерогліфаў. 2136 кандзі складае патрэбны мінімум, які выкладаюць у школах з 2010 года (да гэтага мінімум быў 1945 кандзі).

Ад кандзі паходзяць дзве складовыя азбукі — каны: хірагана і катакана.

 
Лагатып «Вікісховішча»
На Вікісховішчы ёсць старонка з выявамі кандзі

Хірагана правіць

 
Знак хіраганы для склада му

Хірагана (яп.: 平仮名) — складовая азбука, кожны сімвал якой выказвае адну мору (склад). Хіраганай можна перадаць галосныя гукі, складовыя спалучэнні і адну галосную (н ん). Хірагана выкарыстоўваецца для слоў, для запісу якіх няма кандзі, напрыклад, часціц і суфіксаў. Яна ўжываецца ў словах замест кандзі ў тых выпадках, калі мяркуецца, што чытач не ведае нейкіх іерогліфаў, ці гэтыя іерогліфы незнаёмыя самому пісьменніку, а таксама ў неафіцыйным ліставанні. Формы дзеясловаў і прыметнікаў (окурыгана) таксама запісваюцца хіраганай. Акрамя таго, хірагана выкарыстоўваецца для запісу фанетычных падказак для чытання іерогліфаў — фурыганы.

Хірагана пайшла ад ман’ёганы — сістэмы пісьменнасці, якая ўзнікла ў V стагоддзі н. э., у якой японскія словы запісваліся падобнымі па гучанні кітайскімі іерогліфамі. Знакі хіраганы — гэта запіс ман’ёганы стылем цаошу кітайскай каліграфіі, таму сімвалы гэтай азбукі маюць круглявыя абрысы. Раней у японскіх тэкстах маглі сустракацца розныя напісанні хіраганы для аднаго і таго ж склада, вытворныя ад іерогліфаў з аднолькавым чытаннем, але пасля рэформы 1900 года за кожнай морай быў замацаваны адзін знак, а набор альтэрнатыўных напісанняў стаў называцца хэнтайгана, якая абмежавана ўжываецца і сёння.

Спачатку хірагана выкарыстоўвалася толькі жанчынамі, якім была недаступная добрая адукацыя. Іншая назва хіраганы — «жаночае пісьмо». Гэндзі-моногатары і іншыя раннія жаночыя раманы былі напісаны пераважна ці выключна хіраганай. Сённяшнія тэксты, напісаныя толькі хіраганай, сустракаюцца ў кнігах для дзетак дашкольнага ўзросту. Для зручнасці чытання ў такіх кнігах змешчаны прабелы паміж словамі.

 
Лагатып «Вікісховішча»
На Вікісховішчы ёсць старонка з выявамі знакаў хіраганы

Катакана правіць

Катакана (яп.: 片仮名) — другая слогавая азбука японскай мовы. Дазваляе перадаваць гучанне тых жа складоў, што і хірагана. Выкарыстоўваецца для запісу слоў, запазычаных з моў, у якіх не ўжываюцца кітайскія іерогліфы — гайрайго, замежных імёнаў, а таксама гукаперайманняў і навукова-тэхнічных тэрмінаў: назвы раслін, дэталяў машын і інш. Сэнсавы націск на слова ці кавалак тэксту, у якіх звычайна ўжываюцца кандзі і хірагана, можна стварыць, запісаўшы яго катаканай.

Катакана была створана будыйскімі манахамі ў пачатку эпохі Хэйан з ман’ёганы і ўжывалася ў якасці фанетычных падказак (фурыганы) ў камбуне. Напрыклад, склад ка カ паходзіць ад левай часткі кандзі ка 加 «дадаваць, павялічваць». Збольшага катакана адпавядае сістэме ключоў для кандзі з аднолькавым вымаўленнем. Сімвалы катаканы адносна простыя і вуглаватыя, некаторыя з іх нагадваюць аналагічныя знакі хіраганы, аднак цалкам супадае толькі кана «хэ» (へ).

 
Лагатыа «ВікіСховішча»
На Вікісховішчы ёсть старонка з выявай знакаў катаканы

Ромадзі правіць

 
Клавіятура японскага сотавага тэлефона з ромадзі і хіраганай.

Ро:мадзі (яп.: ローマ字 літ.: «рымскія літары») — запіс японскіх слоў лацініцай. Выкарыстоўваецца ў падручніках японскай мовы для замежнікаў, у слоўніках, на чыгуначных і вулічных указальніках. Японскія назвы і імёны запісваюцца з дапамогай ромадзі, каб іх маглі прачытаць замежнікі: напрыклад, у пашпартах ці візітоўках. З дапамогай ромадзі запісваюцца некаторыя абрэвіятуры замежнага паходжання, напрыклад, DVD альбо NATO. Шырока распаўсюджаны ромадзі ў галіне камп’ютарнай тэхнікі: напрыклад, на клавіятурах часта ўжываецца метад уводу (IME) каны праз ромадзі.

Існуе некалькі сістэм лацінізацыі японскай мовы. Самая першая сістэма лацінізацыі асноўвалася на партугальскай мове і яе алфавіце і была распрацавана прыкладна ў 1548 годзе японскімі католікамі. Пасля выгнання хрысціян з Японіі на пачатку XVII стагоддзя ромадзі выйшла з ужытку і выкарыстоўвалася час ад часу да рэстаўрацыі Мэйдзі ў сярэдзіне XIX стагоддзя, калі Японія зноў адкрылася для міжнародных кантактаў. Усе сучасныя сістэмы распрацаваны ў другой палове XIX стагоддзя.

Найбольш распаўсюджаная сістэма Хэпбёрна заснавана на фаналогіі англійскай мовы і дае англафонам найлепшае ўяўленне аб тым, як слова вымаўляецца па-японску. Дзяржаўным стандартам у Японіі прызнана іншая сістэма — Кунрэй-сікі, якая больш дакладна перадае граматычную структуру японскай мовы.

Напрамак пісьма правіць

Традыцыйна ў японскай мове выкарыстоўваўся кітайскі вертыкальны спосаб пісьма, 縦書き (たてがき, татэгакі, літаральна «вертыкальнае пісьмо») — сімвалы ідуць зверху ўніз, а слупкі справа налева. Гэты спосаб даволі папулярны ў мастацкай літаратуры і ў часопісах. У навукова-тэхнічнай літаратуры і ў камп’ютарах пераважна ўжываецца еўрапейскі спосаб пісьма, 横書き (よこがき, ёкогакі, літаральна «бакавое пісьмо») — сімвалы ідуць злева направа, а радкі зверху ўніз. Гэта звязана з тым, што ў навуковых тэкстах вельмі часта даводзіцца ўстаўляць словы і фразы на іншых мовах, а таксама матэматычныя і хімічныя формулы. У вертыкальным тэксце гэта надзвычай нязручна. Акрамя таго, да гэтай пары няма паўнавартаснай падтрымкі вертыкальнага пісьма ў HTML.

Афіцыйна гарызантальнае пісьмо злева направа было прынята толькі ў 1959 годзе, да гэтага многія віды тэкстаў набіраліся справа налева. Сёння, хоць і вельмі рэдка, можна сустрэць гарызантальнае пісьмо з напрамкам чытання справа налева на шыльдах і ў лозунгах — гэта можна лічыць падвідам вертыкальнага пісьма, у якім кожны слупок складаецца толькі з аднаго знака.

 
Прыклад вертыкальнага японскага пісьма
 
Прыклад гарызантальнага японскага пісьма

Гісторыя пісьменнасці правіць

Ранняя пісьменнасць правіць

Існая японская сістэма пісьменнасці паходзіць прыкладна з IV стагоддзя н. э., калі з Кітая ў Японію прыйшло іерагліфічнае пісьмо. Няма яўных доказаў таго, што да з’яўлення кітайскіх іерогліфаў у Японіі існавала свая сістэма пісьменнасці. Да паражэння Японіі ў Другой сусветнай вайне на дзяржаўным узроўні навязвалася ідэя аб тым, што да кітайскіх іерогліфаў у Японіі існавала некалькі сістэм ранняй пісьменнасці, так званых дзіндай модзі (ці каміё модзі, 神代文字, літ. «пісьменнасць эпохі багоў»): некаторыя з іх формай нагадвалі рунічны алфавіт, некаторыя — карэйскі хангыль. Сёння лічыцца агульнапрызнаным, што ўсе яны — містыфікацыі, якія ўзніклі на хвалі нацыяналізму ў XX стагоддзі.

Першапачаткова кітайскія іерогліфы для запісу тэкстаў на японскай мове не ўжываліся; прыкметай адукаванасці лічылася веданне класічнай кітайскай мовы. Пазней з’явілася сістэма камбун (漢文), якая ўжывала кітайскія іерогліфы (кандзі) і кітайскую граматыку, але ўжо змяшчала дыякрытычныя знакі, што пазначалі паслядоўнасць іерогліфаў для чытання на японскай мове. Самая ранняя кніга пра гісторыю Японіі, Кодзікі (古事記), складзеная да 712 года, была напісана камбунам. Сёння вывучэнне камбуна ўваходзіць у школьны курс японскай мовы.

Першай пісьменнасцю для запісу японскай мовы стала ман'ёгана (万葉仮名), у якой для японскіх слоў выкарыстоўваліся кандзі, прычым ад кандзі браліся не сэнсавыя значэнні, а іх фанетычныя гучанні, вытворныя ад кітайскіх чытанняў. Ман’ёгана першапачаткова ўжывалася для запісу паэтычных твораў, такіх як зборнік паэзіі «Ман’ёсю» (万葉集), складзены да 759 года, ад якога паходзіць назва гэтай сістэмы пісьменнасці. Ад ман’ёганы пайшлі фанетычныя азбукі — хірагана і катакана.

Разам з укараненнем кітайскай пісьменнасці ў Японію прыйшлі новыя тэрміны і словы, для якіх не існавала эквівалентаў у японскай мове. Гэтыя словы вымаўляліся прыбліжана да іх арыгінальнага кітайскага гучання; сіна-японскія чытанні атрымалі назву он'ёмі (音読み). У той жа час у японскай мове ўжо існавалі спрадвечныя словы, адпаведныя запазычаным іерогліфам, прычым адно і тое ж японскае слова можна было запісаць рознымі кандзі. Чытанні, вытворныя ад карэнных слоў японскай мовы, атрымалі назву кун'ёмі (訓読み). Кандзі можа мець адно ці некалькі кун’ёмі альбо он’ёмі, а можа і не мець аднаго з іх. Окурыгана служыць для расшыфроўкі неадназначнасці пры чытанні кандзі, якія ўтвараюць карані дзеясловаў і прыметнікаў. Напрыклад, іерогліф 行 чытаецца як і ў слове іку (行く) «ісці», окона — у слове оконау (行う) «зрабіць», гё: — у складаным слове гё:рэцу (行列) «матрыца», ко: — у слове гінко: (銀行) «банк» і ан — у слове андон (行灯) «ліхтар».

У японскай мове існуе шмат сінонімаў, утвораных ад карэнных японскіх слоў і ад кітайскіх запазычанняў. Працэс адаптацыі кітайскага слоўніка і пісьменнасці да японскай мовы лінгвісты часам параўноўваюць з уплывам нарманскага заваявання Англіі на англійскую мову. У той жа час запазычаныя кітайскія словы часта ўжываюцца ў больш фармальным і інтэлектуальным кантэксце, падобна да таго, як выкарыстанне лацінізмаў у еўрапейскіх мовах лічыцца паказчыкам высокага стылю мовы.

Рэформы пісьменнасці правіць

Рэстаўрацыя Мэйдзі правіць

Рэформы эпохі Мэйдзі ў XIX стагоддзі непасрэдна не датычыліся японскай пісьменнасці, аднак пачаўся натуральны працэс змянення мовы, выкліканы рэформамі адукацыі, павышэннем узроўню адукаванасці ў краіне, прытокам новых слоў і тэрмінаў, як запазычаных з еўрапейскіх моў, так і створаных нанова. У выніку класічная пісьменнасць пачала выціскацца новай формай «гэмбун'іцці» (яп.: 言文一致), найбольш набліжанай да патрэбаў гаварковай мовы. Складанасць існуючай сістэмы пісьменнасці стала відавочнай, і пад канец XIX стагоддзя актыўна пачалі з’яўляцца прапановы аб тым, каб скараціць колькасць кандзі, што знаходзяцца ва ўжыванні. Акрамя таго, пад уплывам знаёмства з замежнымі сістэмамі пісьма, пераважна еўрапейскага паходжання, з’явіліся прапановы ўвогуле адмовіцца ад іерагліфічнага пісьма і перавесці японскую мову на кану альбо ромадзі, аднак яны не сустрэлі ўхвалы. Прыкладна ў гэты ж час у японскай пісьменнасці пачалі ўжывацца еўрапейскія знакі пунктуацыі.

У 1900 годзе Міністэрствам Адукацыі Японіі былі праведзены тры рэформы, накіраваныя на паляпшэнне якасці адукацыі:

  • стандартызацыя азбукі хірагана і выключэнне з яе нестандартных знакаў хэнтайганы;
  • абмежаванне спіса кандзі, якія выкладаліся ў школе, да 1 200;
  • стандартызацыя чытання каны і запісу сіна-японскіх чытанняў кандзі ў адпаведнасці з сучасным вымаўленнем.

Калі першыя дзве з гэтых реформ былі пераважна станоўча ўспрыняты грамадствам, апошняя была сустрэта ў штыкі кансерватарамі і была адменена ў 1908 годзе.

Перад Другой сусветнай вайной правіць

Частковы правал рэформ 1900 года, а таксама рост нацыяналізму ў Японіі не далі правесці нейкія значныя рэформы пісьменнасці. Да Другой сусветнай вайны не раз прапаноўвалася абмежаваць ужыванне кандзі, і некаторыя газеты дабравольна паменшылі колькасць кандзі на сваіх старонках, адначасова павялічыўшы ўжыванне фурыганы, аднак гэтыя ініцыятывы не сустрэлі падтрымкі ўрада.

Пасляваенны перыяд правіць

Пасля сканчэння Другой сусветнай вайны і акупацыі Японіі амерыканскімі войскамі былі праведзены некалькі важных рэформ, датычных японскай пісьменнасці. Збольшага гэта было зроблена пад ціскам акупацыйных уладаў, але галоўнай прычынай было тое, што кансерватараў, якія раней заміналі рэформам, адхілілі ад кантролю над адукацыйнай сістэмай краіны. Ніжэй пералічаны некаторыя з асноўных рэформ.

  • Рэформа вымаўлення каны, паводле якой за ўсімі сімваламі абедзвюх складовых азбук былі замацаваны сучасныя чытанні, замяніўшы гістарычнае правапісанне каны (1946 год).
  • Абнародаванне спіса тоё кандзі (当用漢字), які абмежаваў колькасць іерогліфаў у школьных падручніках, газетах і інш. да 1 850 (1946 год), а таксама зацвердзіў спрошчаныя напісанні некаторых кандзі[1].
  • Абнародаванне спіса кандзі, абавязковых для школьнай адукацыі (1949 год).
  • Абнародаванне дадатковага спіса дзіммэё кандзі (人名用漢字), іерогліфы з якога, разам з уключанымі ў тоё кандзі, можна было ўжываць для імён (1951 год).

Прыкладна ў гэты ж час ад дарадцаў акупацыйнага ўрада паступіла прапанова аб поўным пераводзе пісьменнасці на ромадзі, аднак гэту прапанову не падтрымалі многія спецыялісты, і такая радыкальная рэформа не была праведзена. Тым не менш, абавязковым стала дубляваць праз ромадзі назвы на чыгуначных і вулічных указальніках.

Апроч гэтага, традыцыйны для Японіі гарызантальны напрамак пісьма справа налева быў заменены на больш звыклы для еўрапейскіх моў — злева направа. Стары напрамак пісьма захаваўся на плакатах, а таксама для рэкламных мэтаў — на правым баку некаторых транспартных сродкаў (у тым ліку аўтамабіляў і караблёў), дзе надпіс павінен ісці ад пярэдняга краю да задняга.

Пасля зняцця акупацыі рэформы не былі адменены, аднак многія абмежаванні змякчылі. Замена ў 1981 тоё кандзі на спіс дзёё кандзі, які змяшчаў ужо 1 945 іерогліфаў, суправаджаўся заменай фармулёўкі: цяпер кандзі па-за спісам не забараняліся, а толькі не былі пажаданымі да ўжывання. Акрамя таго, міністэрства адукацыі перастала актыўна ўмешвацца ў рэформу пісьменнасці, якая тым часам працягвалася. Напрыклад, у 2004 годзе спіс імянных іерогліфаў дзіммэё кандзі быў істотна дапоўнены паводле ўказа міністэрства юстыцыі.

Асаблівасці пісьменнасці правіць

Японская пісьменнасць у многіх выпадках дазваляе пры перадачы інфармацыі абысціся без уведзення новых слоў і дадатковых тлумачэнняў. Напрыклад, кандзі ватасі ці ватакусі 私 «я» можа ўжывацца мужчынамі і жанчынамі ў афіцыйных дакументах і лістах і не нясе адрозненняў паводле полу. Ватасі ў запісе хіраганай わたし пераважна ўжываецца жанчынамі ў нефармальных сітуацыях: у дзённіку ці ў лістах да сябра. Ватасі рэдка запісваецца катаканай ワタシ і амаль ніколі — ромадзі, за выключэннем тых выпадкаў, калі ўвесь тэкст запісаны ромадзі.

Спалучэнні кандзі могуць таксама атрымаць адвольныя чытанні ў стылістычных мэтах з дапамогай фурыганы. Напрыклад, у апавяданні Нацумэ Сосэкі «Пятая ноч» аўтар выкарыстоўвае запіс 接続って для цунагаттэ — формы герундыю «-тэ» дзеяслова цунагару («злучаць»), якая звычайна запісваецца як 繋がって ці つながって.

Знакі прыпынку і паўтору правіць

 
Разнастайнасць знакаў паўтору і прыпынку ў класічным японскім тэксце.

Да рэстаўрацыі Мэйдзі ў японскай мове знакі прыпынку не ўжываліся. Выразных сродкаў пісьменнасці было досыць для перадачы пытальных альбо клічных інтанацый: напрыклад, часціца ка か, калі стаіць пад канец сказа, робіць яго пытальным, а часціца ё よ — клічным. Пры перадачы гаворкі, у якой многія кіруючыя часціцы прапускаюцца, знакі прыпынку сустракаюцца часцей. Самі знакі прыпынку ў японскай пісьменнасці маюць іншую форму і памер, чым еўрапейскія. Напрыклад, мару «кропка» (。), «коска» (、) для сінтагматычнага дзялення сказа займаюць месца цэлага іерогліфа.

Больш шырокая вобласць ужывання гістарычна была ў знакаў паўтору. Каб не пісаць два аднолькавыя кандзі запар, можна другі замяніць знакам паўтору одорыдзі 踊り字, які мае наступны выгляд: 々. Напрыклад, слова «людзі» (хітобіто) часцей запісваецца як 人々, а не як 人人. Да пасляваенных рэформ пісьменнасці выкарыстоўваліся і іншыя знакі паўтору: для асобных знакаў каны ці нават груп. Часам гэтыя знакі па-ранейшаму ўжываюцца ў вертыкальным пісьме.

Іншы часта ўжывальны дапаможны сімвал — (паменшаны знак катаканы кэ). Ён вымаўляецца як ка, калі ўжываецца для пазначэння колькасці (напрыклад, у спалучэнні 六ヶ月, роккагэцу, «шэсць месяцаў») альбо як га у тапонімах, напрыклад, у назве раёна Токіа Касумігасэкі (яп.: 霞ヶ関 Касумі га сэкі, літ. «горад смугі»). Гэты сімвал з’яўляецца спрошчаным запісам кандзі 箇.

Зноскі

  1. 当用漢字表 Архівавана 10 снежня 2004.

Літаратура правіць

  • Кадзуаки Судо. Японская письменность от истоков до наших дней. — М.: Восток-Запад, 2006. ISBN 5-17-033685-3
  • Маевский Е. В. Графическая стилистика японского языка. — М.: Восток-Запад, 2006. ISBN 5-478-00009-4
  • Кун О. Н. Как пишут в Японии. — М.: Восток-Запад, 2006. ISBN 5-17-034822-3
  • Горегляд В. Н. Рукописная книга в культуре Японии. — М.: Наука, 1988.

Спасылкі правіць