Яўгенія Янішчыц

беларуская паэтка, перакладчыца, пісьменніца

Яўгенія Іосіфаўна Яні́шчыц (20 лістапада 1948, в. Рудка, Пінскі раён Брэсцкай вобласці — 25 лістапада 1988) — беларуская паэтэса[1], перакладчыца.

Яўгенія Янішчыц
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц
Дата нараджэння 20 лістапада 1948(1948-11-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 25 лістапада 1988(1988-11-25) (40 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэтка, перакладчыца, пісьменніца
Жанр верш
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі

Сям’я правіць

Нарадзілася Яўгенія Янішчыц у сялянскай сям'і, бацька — бондар, цясляр, маці — працаўніца калгаса. Сям'я жыла спачатку ў вёсцы Рудка, потым пабудавалі новы дом у вёсцы Велясніца. Першы муж маці Марыі Андрэеўны, Ёзас Янішчыц, загінуў на вайне ў 1944 годзе, ад яго Яўгеніі засталося прозвішча (аб гэтым яна пісала ў вершы «Памяці Ёзаса Янішчыца»). Другі муж маці, Іосіф Сцяпанавіч Патапчук — бацька Яўгеніі Янішчыц — памёр у 1975 годзе. Маці стала двойчы ўдавой і пакінула гэты свет у 2006 годзе.

Біяграфія правіць

Дзяцінства будучай паэткі прайшло на вёсцы. У 1955 годзе яна пайшла ў першы клас Рудкаўскай пачатковай школы. У чацвёртым класе напісала свой першы верш і прысвяціла яго маці. Пасля заканчэння Рудкаўскай пачатковай школы вучылася спачатку ў Мерчыцкай васьмігодцы, а 9—10 класы скончыла ў Парэцкай сярэдняй школе (Пінскі раён).

Самы першы твор прачытала на школьнай вечарыне, прысвечанай Я. Коласу. У снежні 1962 года ў раённай газеце «Палеская праўда» з’явіліся першыя друкаваныя творы Яўгеніі[2].

Вершы 17-гадовай дзяўчыны друкаваліся ў пінскай раённай газеце, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. У 1966, пасля заканчэння сярэдняй школы, Яўгенія Янішчыц паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ[3]. Стала дыпламантам беларускага фестывалю творчасці моладзі (1970).

Пасля заканчэння ўніверсітэта (1971) пайшла працаваць загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ. У гэтым жа годзе выйшла замуж за беларускага паэта Сяргея Панізніка. Праз пэўны час з’ехала ў Чэхаславакію, дзе муж служыў ваенным журналістам. Аднак хутка вярнулася на радзіму, да маці, і ў 1972 годзе нарадзіла сына Андрэя. Без дапамогі мужа гадавала сына, шлюб у студзені 1976 быў афіцыйна скасаваны.

Бытавая і жыццёвая неўладкаванасць працягвалася каля пяці гадоў. Паэтэса пісала ў адным з лістоў да Міхася Забэйды-Суміцкага:

 

Хаця б хутчэй далі кватэру ў Мінску, ды пераехаць. Бо па натуры я вельмі мяккая, а ад таго, мабыць, лёгка ранімая. Кажуць, што для поўнага шчасця паэт павінен быць неўладкаваным. Але калі гэтай неўладкаванасці праз меру, то горш не трэба…

 

У 1976 Яўгенія Янішчыц уладкавалася працаваць літкансультантам у «Сельскую газету»[3]. Атрыманая ў 1977 у Мінску на вуліцы Ульянаўскай кватэра дазволіла канчаткова замацавацца ў сталіцы. У 1981 Яўгенія ўдзельнічала ў працы XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. 5 сакавіка 1982 г. у «ЛіМе» была надрукаваная паэтычная нізка пісьменніцы «Спакойныя вершы», прысвечаная паездцы ў ЗША.

У 1983 яна становіцца загадчыкам аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». У 1988 атрымлівае новую трохпакаёвую кватэру на вуліцы Старажоўскай, на Нямізе. У апошнія гады жыла адна, выхоўвала сына.

У яе жыцці былі перыяды творчага ўзлёту, прызнання і часы смутку, расчаравання. Цяжка і марудна Яўгенія Янішчыц папраўлялася пасля аварыі ў Магілёве ў 1976, калі атрымала мноства пераломаў і была надоўга прыкавана да бальнічнага ложка. Яна так і не здолела перамагчы фізічны боль і пакуты, што, у сваю чаргу, паўплывала на дэпрэсіўныя настроі ў апошнія гады жыцця. Па афіцыйнай версіі, паэтка трагічна загінула. Яна выпала з восьмага паверха аднаго з мінскіх дамоў[4].

Творчасць правіць

Дэбютавала Я. Янішчыц у рэспубліканскім друку ў 1964 (вершы, часопіс «Бярозка»). Працавала паэтка на творчай ніве актыўна і плённа. Яна — аўтарка зборнікаў лірыкі «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). Выйшаў зборнік выбраных твораў «У шуме жытняга святла» (1988), у які вершы адбірала сама паэтка. Яе паэзіі ўласцівы роздум пра жыццё, бацькоўскі край, гераічнае мінулае і сучаснасць, тэмы сяброўства, кахання, мацярынства.

З самага першага зборніка тэма роднага краю становіцца візіткай паэзіі Яўгеніі Янішчыц. Палессе, Велясніца — вобразы «малой радзімы» праходзяць праз усю яе творчасць. Ціхая беларуская вёска, навакольная прырода ўплывалі на абуджэнне таленту і фарміраванне светапогляду пісьменніцы. Вёска з яе ўстойлівымі традыцыямі і ладам жыцця выклікала ўяўленне аб трываласці і надзейнасці абжытага свету. Прырода паўстала казачнай краінай. У вершы «Прыедзь у край мой ціхі…» паэтка запрашала пабачыць хараство і самабытнасць палескіх краявідаў:

 

Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
I мудрыя лясы.

 

3 душэўнай пранікнёнасцю і пачуццём павагі Я. Янішчыц намалявала паэтычныя партрэты землякоў, аднавяскоўцаў («Дзед Сымон», «Насця», «Усціння», «Сава і Марыя», «Павел і Нікан», «Зінька», «У бабулі Паланеі», «Салдаткі» і інш.). Яна ўспрымала працавітых, сумленных палешукоў як амаль святых, называла іх «апосталамі», «інтэлігентамі ад зямлі».

Характэрнай рысай вершаў, прысвечаных палескай прыродзе, было імкненне перадаць хараство і таямнічасць навакольнага свету. Я. Янішцыц глядзіць на свет вачыма рамантыка. У вершы «Чаму ніколі не баюся я…» паэтэса гаворыць пра сваю духоўную еднасць з радзімай:

 

Ёсць у мяне зялёная зямля,
Яна магутней слабасці і смерці.

 

Паэтка ўспрымае свет у абуджэнні, росквіце, прыліве прыродных сіл. Яе «зялёная зямля» — гэта не толькі «малая радзіма», гэта таксама эстэтычная рэальнасць, пазбаўленая недахопаў і недасканаласці, крыніца творчага натхнення, гаючы эліксір душы. Любоў да радзімы не толькі сузіральная, але і дзейсная, «з мазалямі на руках».

У вершы «Не воблака, а проста аблачынка…» паэтэса думкай пераносіцца ў мінулае. У яе памяці ўсплывае вобраз вясёлай дзяўчынкі:

 

...яшчэ бяжыць дзяўчынка
Па кладцы той, якой даўно няма.

 

3 вышыні жыццёвага вопыту яна глядзіць на юнацкую бесклапотнасць. Паблажліва, бяскрыўдна ўзіраецца ў сваё мінулае, дзе «лета» і «зіма» незаўважна перайшлі адно ў другое. Кладка, якая злучала два светы: светлага дзяцінства, багатага на выдумкі юнацтва і шматабяцальнай сталасці, — стала памяццю. Верш насычаны сімвалічнымі вобразамі: воблака (увасабленне сталасці), аблачынкі (увасабленне юнацтва), матылька (лёгкасці і нязмушанасці пазнання жыцця), кладкі (злучэнне, сумяшчэнне ў лёсе двух светаў).

Глыбокае пранікненне ва ўнутранае «Я» чалавека дазволіла Яўгеніі стварыць шэраг праўдзівых вобразаў людзей вёскі, паказаць сілу і веліч простага селяніна. Яе вершы прасякнуты вялікай адданасцю роднай зямлі, любоўю да палескага краю, з яго непаўторнымі лугамі і палямі, старажытнымі лясамі[5]. Тонка адчуваючы сваю кроўную сувязь з роднай зямлёй, паэтка ўражвае глыбінёй асэнсавання складаных праблем сучаснасці, прагай сцвярджэння высокачалавечых адносін паміж людзьмі.

Супрацьпастаўленне (антыномія) вёскі і горада ў вершы «Помню, помню праз гады…» не выказваецца адкрыта, а выяўляецца ў падтэксце тужлівых роздумаў. Горад уражвае, хвалюе, здзіўляе, але не выклікае таго захаплення і паэзіі, якую нараджае вёска. Разлад узнікае з-за немагчымасці пераходу з «вясковага» ўзроўню існавання душы на іншы. Лірычнай гераіні цяжка знаходзіцца ў гэтым памежным становішчы, на раздарожжы паміж горадам і вёскай. I як толькі ўзнікаюць жыццёвыя праблемы, яна шукае апірышча ў знаёмым, родным, ратуецца думкай пра свой вясковы свет. У вершы гучаць фальклорныя матывы: тэкст мае песенную меладычную структуру, па рытмічнай арганізацыі нагадвае сумныя народныя песні. Паэтэса ўжывае звароты і прыдаткі з ацэначна-метафарычным значэннем (золатца, сябра-сокала, сцежкі-птушкі), характэрныя для фальклору.

Лірычная гераіня Янішчыц так сказала пра сябе: «Я — поле, я сціхлая ў горадзе вёска…» («Наконт гарадскога мыслення»). Паэтка чуйна рэагавала на змены, што адбываюцца на вёсцы, у традыцыйным укладзе жыцця, хвалявалася за будучыню роднай зямлі. У сваім сэрцы яна імкнулася з’яднаць, прымірыць два светы — вясковы і гарадскі («Я вас люблю»).

Паэтычны свет Яўгеніі напоўнены пачуццём любові: да маці, радзімы, жыцця, кветак, саду, сонца, аблокаў… У вершы «Ты пакліч мяне. Пазаві…» паэтка гаворыць:

 

Пачынаецца ўсё з любві,
А інакш і жыць немагчыма.

 

Матыў болю праходзіць праз увесь верш «Ля ложка хворай маці». Сэрца дачкі перапоўнена хваляваннем. З чуласцю і пяшчотай яна звяртаецца да самага дарагога ў жыцці чалавека: «Так ніколі твая не балела мне доля».

Радасць і смутак суіснуюць побач у вершы «Любоў мая…». «Песня і маркота» адухаўляюцца любоўю, а з пачуцця любові пачынаецца песня, як аснова жыцця і свету. Паэзію Янішчыц адрозніваюць меладычная танальнасць выказанага слова, у пафасны узлёт эмоцыі, драматызм пачуцця. Лірыка кахання кранае глыбінёй перажыванняў. У інтымнай лірыцы паэтка гаворыць мовай шчырай, даверлівай споведзі (верш «Разлука ўпала на траву…»). У жаночым сэрцы боль і туга па страчаным каханні, «Мой боль — на вышыні святла…» — гучыць прызнанне ў вершы «А як хацелася цяпла…». Лірычная гераіня кахае і пакутуе, а, пакутуючы, усе роўна жыве дзеля кахання і любові.

Лірычны струмень вызначальны ў зборніках паэзіі, дзе адлюстраваўся свет пачуццяў чулай і ранімай душы. Чалавек, людзі, прырода, паводле паэтычнай філасофіі Я. Янішчыц, — галоўная і найвышэйшая каштоўнасць на зямлі. «Жывіце і любіце, // Свой беражыце дом», — такі духоўны запавет пакінула паэтка.

Я. Янішчыц стварыла некалькі паэм. Справы вясковых працаўнікоў у паэме «Ягадны Хутар» (1980), якая вызначаецца спалучэннем верша і вершаванай прозы. У «Зорнай паэме» спалучаюцца лірычныя і публіцыстычныя інтанацыі.

Аўтарка літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій і інш. Перакладала на беларускую мову з рускай і ўкраінскай. Асобныя вершы Я. Янішчыц пакладзены на музыку.

У 2000 пабачыла свет кніга «Выбранае» (укладанне Алы Канапелькі і Валянціны Коўтун), дзе былі ўпершыню апублікаваны паэма «Галалёд» і апавяданні Яўгеніі Янішчыц.

Выбраная бібліяграфія правіць

  • «Снежныя грамніцы» (1970)
  • «Дзень вечаровы» (1974)
  • «Ясельда» (1978)
  • «На беразе пляча» (1980)
  • «Пара любові і жалю» (1983)
  • «Каліна зімы» (1987)
  • «У шуме жытняга святла» (вершы і паэмы, 1988).
  • Выбранае. Мн., 2000.

Прэміі і ўзнагароды правіць

Лаўрэатка прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978) за кнігу лірыкі «Дзень вечаровы»[3], Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986) за кнігу лірыкі «Пара любові і жалю».

Ацэнкі правіць

Паэтычная спадчына Яўгеніі Янішчыц — адна з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя[6].

У рэцэнзіі на яе першую кнігу Рыгор Бярозкін пісаў:

 

Першая кніга — кніжка ясная, свежая, росная, быццам тая раніца, з якое яна, Жэня Янішчыц, і выбегла (іменна выбегла) у літаратуру.

 

Паводле выказвання Васіля Жуковіча, у літаратуру прыйшла «асоба з імем Беларусі», якая прысвяціла сваёй зямлі натхнёныя вершы-оды.

Паводле Васіля Быкава,

 

Жэня была самая таленавітая з усіх самых таленавітых паэтэс Беларусі, самая цнатлівая і дасканалая. Гэта вялікае няшчасце, што яна так рана пайшла з жыцця. Але ў тым і нейкае наканаванне — даўно і не намі сказана, што Бог бярэ да сябе найлепшых. Але шкада — месца Жэні ў нашай паэзіі засталося пустое, мабыць, яго доўга не будзе каму заняць. Бо гэта — дужа годнае месца.

 

Памяць правіць

2008 год на Піншчыне быў абвешчаны літаратурным годам Яўгеніі Янішчыц. Ва ўсіх бібліятэках раёна праводзіліся сустрэчы, конкурсы, віктарыны, чытачоў знаёмілі з творчаю спадчынай паэткі.

Рашэннем Пінскага райвыканкама базавай школе ў вёсцы Парэчча прысвоена імя беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц.

Да дваццацiгоддзя з дня яе смерці рэжысёр Андрэй Леўчык зняў стужку «Небяспечны талент» (2008)[7] паводле сцэнарыя паэткі Раісы Баравіковай, якая блізка ведала Яўгенію.

Літаратуразнаўка Святлана Калядка выдала кнігу пра Яўгенію Янішчыц — «Непрыручаная птушка Палесся». Гісторык Анатоль Мяснікоў уключыў артыкул пра Янішчыц у кнігу «Сто асоб беларускай гісторыі».

Зноскі

  1. БЭ, т. 18-1. С. 271
  2. yaugeniya.ru Архівавана 20 ліпеня 2017.
  3. а б в Янищиц Евгения Иосифовна // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 717. — 737 с.
  4. novychas.online
  5. Выбранае / Прадм. М.І. Панковай. - Мн.: Выш. шк., 1998
  6. С. Калядка (2009)
  7. https://www.youtube.com/watch?v=_fD_F2IXO7c

Літаратура правіць

  • Бугаёў Дз. Усхваляванае слова паэтэсы // Бугаёў Дз. Талент і праца. — Мн., 1979.
  • Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. — Мн., 1982.
  • Янішчыц Яўгенія // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
  • Янішчыц Яўгенія // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995.
  • Гарэлік Л. Янішчыц Яўгенія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
  • Калядка С. Яўгенія Янішчыц // Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5
  • Калядка С. У. Непрыручаная птушка Палесся: творчая індывідуальнасць Яўгеніі Янішчыц. — Мінск: Беларуская навука, 2007. — 216 с.
  • Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі. У 4 т. / Укладанне і падрыхтоўка С. У. Калядка і Т. П. Аўсяннікавай. — Мінск: Беларуская навука, 2016--

Спасылкі правіць