Яўстах Янавіч Любанскі (руск.: Евстафий Иванович Любанский, польск.: Eustachy Lubański; 19 чэрвеня 1859, маёнтак Любань, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя — пасля 1912, Каўказ, Расійская імперыя) — буйны землеўласнік, прадпрымальнік, палітычны дзеяч Расійскай імперыі, дэпутат I Дзяржаўнай думы (1906) Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, член палітычнага руху краёўцаў-кансерватараў, член камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску. Мецэнат, філантроп.

Яўстах Любанскі
польск.: Eustacjusz Lubański
Гжымала[d]
Гжымала[d]
член Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі[d]
27 красавіка (10 мая) 1906 — 9 (22) ліпеня 1906
Нараджэнне 19 чэрвеня 1859(1859-06-19)
Смерць 1917
Род Любанскія[d]
Бацька Ян Канты Любанскі
Маці Аляксандра з Сулістроўскіх[d]
Жонка Ядвіга з Кеневічаў[d]
Веравызнанне каталіцтва
Адукацыя
Дзейнасць палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне і сям’я правіць

Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Любанскіх герба «Гжымала». Нарадзіўся 19 чэрвеня 1859 года ў родавым маёнтку Любань (Вілейскі павет, Віленская губерня) у сям’і заможнага, буйнога землеўласніка і банкіра Яна Канты Любанскага і яго жонкі Аляксандры Юзафаўны Сулістроўскай. Быў хрышчаны ў каталіцтва. Хросным бацькам быў Яўстах Прушынскі (1798—1877)[1], які пазней стаў мінскім губернскім маршалкам (1863—1877).

 
Ядвіга Геранімаўна Любанская (каля 1870 — 1905) у стылізаваным японскім касцюме гейшы. Фота 1899 г.

У 1890 годзе ажаніўся з дваранкай-каталічкай з Мазырскага павета Ядвігай Геранімаўнай Кеневіч (каля 1870—1905)[2][3], дачкой заможнага землеўласніка Гераніма Кеневіча (1830—1911), мазырскага павятовага маршалка, і яго жонкі Ядвігі Аляксандраўны Горват.

Яго жонка Ядвіга Геранімаўна Любанская (Кеневіч) скончыла жыццё самагубствам, утапіўшыся ў Лошыцы ў рацэ Свіслач[4]. Паводле чутак, прычынай самагубства быў адзюльтэр Ядвігі Любанскай з мінскім губернатарам (1902—1905) графам Аляксандрам Аляксандравічам Мусіным-Пушкіным (1856—1907), пра што стала вядома ў мінскім грамадстве.

У шлюбе Любанскія дзяцей не мелі.

Адукацыя правіць

Скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, затым Сельскагаспадарчую акадэмію ў Прушкове[pl] ў Сілезіі (Германская імперыя).

Маёнткі правіць

 
Сядзібны дом Любанскіх у Лошыцы, фота 2017 г.

Пасля смерці ў 1884 г. свайго бацькі Яна Канты Любанскага Яўстах Любанскі спачатку валодаў супольна з маці (якая мела пажыццёвыя правы на ўсе маёнткі свайго мужа паводле тэстаменту), братам Янам Янавічам Любанскім (заўчасна памерлым) і Аляксандрам Любанскім значнымі зямельнымі валоданнямі — маёнткі Любань, Тураўшчына ў Вілейскім павеце, Яхімоўшчына і Палачаны ў Ашмянскім павеце Віленскай губерні, маёнтак Лошыца ў Мінскім павеце[5].

З 1891 г. Яўстах звычайна пражываў стала ў Любані, а з 1897 г. у Мінску і Лошыцы, а брат Аляксандр Янавіч Любанскі — у маёнтку Яхімоўшчына[6]. У 1901 г. браты падзялілі спадчынную зямельную ўласнасць: Яўстах стаў валодаць маёнткам Лошыца пад Мінскам (з Дубровамі) у Мінскай губерні, Аляксандр Любанскі — Яхімоўшчынай і Любанню ў Віленскай[7]. У Лошыцы Яўстах Любанскі арганізаваў узорную гаспадарку.

Гаспадарчая, культурная і палітычная дзейнасць правіць

У 1887 г. стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[8], старшынёй аддзяла па вінакурэнні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[9]. У 1890—1915 гг. быў членам Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі[10]. Яўстах Любанскі з 1898 г. сваёй дзейнасцю быў больш звязаны з Мінскай губерняй. Яго брат — Аляксандр Любанскі, — хоць меў маёнтак і рабіў кар’еру ў Віленскай губерні, ніколі не парываў сувязі з Мінскай губерняй, з 1889 г. быў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і меў прыязныя адносіны з братам Яўстахам, у якога ў Лошыцы не раз гасцяваў[11].

Старшыня біржавога камітэта лясной біржы. Цікавіўся лесаводствам, выпісваў і высаджваў саджанцы рэдкіх відаў дрэў са шматлікіх краін, праводзіў эксперыменты па скрыжоўванні раслін[12].

У 1890—1891 гг. быў членам (ад памешчыкаў) у вілейскай павятовай прыёмачнай камісіі па ваенна-конскай павіннасці[13].

 
Ядвіга Геранімаўна Кеневіч, жонка Яўстаха Любанскага (1859 — пасля 1913), фрагмент фатаграфіі 1899 г.

У 1891 г. стаў членам праўлення Віленскага прыватнага камерцыйнага банка (Вільня, дом Вагнера)[14]. У 1895 г. быў кандыдатам у члены праўлення Віленскага зямельнага банка[15].

10 снежня 1899 г. у Мінску Яўстах Любанскі на пасяджэнні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі быў выбраны членам у арганізацыйны камітэт па ўладкаванні Юбілейнай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўкі таварыства, якая адбылася ў Мінску ў 1901 г.[16] Знаходзіўшы карысным мець у сваім асяроддзі прадстаўнікоў ад усіх беларуска-літоўскіх губерняў, арганізацыйны камітэт пастанавіў павялічыць свой склад: у прыватнасці ад Віленскага таварыства сельскай гападаркі быў кааптаваны ў якасці члена Аляксандр Янавіч Любанскі[17]. Аляксандру Любанскаму ў 1901 г. на выстаўцы ў Мінску за прадстаўленыя экспанаты быў уручаны вялікі срэбраны медаль за галандскі сыр з Яхімоўшчыны, а яго жонцы Ізабэле — малы срэбраны медаль за вяндліну літоўскага гатунку і пахвальныя лісты за варэнне, а таксама за парэй і сельдэрэй[18]. Яўстах Любанскі за свае экспанаты з маёнтка Лошыца атрымаў два бронзавыя медалі (першы — за калекцыю бульбы для вінакурэння, другі — за цялушку галандскай пароды і жарабца ардэнскай пароды) і два пахвальныя лісты (за жарабіцу і за разнавіднасці ранета), а яго жонка Ядвіга — вялікі срэбраны медаль за пальмы і іншыя цяплічныя расліны з аранжарэі[19]. Акрамя таго, сам Аляксандр Любанскі ў час выстаўкі выступіў экспертам у камісіі па ацэнцы фабрычнай і тэхнічнай вытворчасці ў галіне сельскай гаспадаркі[20].

Быў папулярызатарам веласіпеднага спорту. Узначальваў таварыства мінскіх веласіпедыстаў[2], быў старшынёй Мінскага таварыства аматараў спорту. Быў ганаровым членам Віленскага губернскага папячыцельства дзіцячых прытулкаў. У 1905 г. стаў членам камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены (Чырвонага касцёла) у Мінску.

У 1902—1915 гг. быў галосным Мінскай гарадской думы. Удзельнічаў у земскіх з’ездах Расійскай імперыі ў 1904—1905 гг. Прыхільнік раўнапраўя ўсіх нацыянальнасцей, паляпшэння сістэмы народнай адукацыі, ліберал-кансерватар. Падзяляючы праграму кадэтаў па аграрным пытанні, не згаджаўся з некаторымі прадстаўнікамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, што дадзенае пытанне можа быць вырашана без парушэння прыватнай уласнасці[21]. Паводле чутак, спансіраваў няўдалы замах на мінскага губернатара Курлова[2].

14 красавіка 1906 г. быў выбраны ў I Дзяржаўную думу Расійскай імперыі ад агульнага складу выбаршчыкаў Мінскага губернскага выбарчага сходу. Увайшоў у думскую дэпутацкую групу Краёвае кола Літвы і Русі, быў краёўцам-кансерватарам. Уваходзіў у склад бюджэтнай камісіі I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі.

Знікненне без следу правіць

У 1912 г. перадаў справы па кіраванні маёмасцю, пакінуў свой маёнтак Лошыца, паехаў на Каўказ (Расійская імперыя), дзе знік бясследна, таму ўся яго рухомая і нерухомая маёмасць (маёнтак Лошыца) дзесьці ў 1915 г. перайшла па спадчыне ў супольнае валоданне да брата Аляксандра Янавіча Любанскага (1863—1932) і Елізаветы[22].

Заўвагі правіць

  1. Раюк, А. Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863—1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі… С. 82.
  2. а б в Легенды Лошицкого парка.. Архівавана з першакрыніцы 18 мая 2015. Праверана 17 мая 2015.
  3. Alena Bass. Усадьба тайн и вдохновенья.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 кастрычніка 2004. Праверана 17 мая 2015.
  4. Корнилович Э. I. Перводумцы Минщины.(недаступная спасылка)
  5. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.116.
  6. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.116.
  7. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.116.
  8. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.117.
  9. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.117.
  10. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.116.
  11. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.117.
  12. Картофель называли «лошицким» Архівавана 13 мая 2012. // Панкратьева Юлия. Газета «Минский курьер» № 203 (2042), 4 августа 2010
  13. Памятная книжка Виленской губернии на 1890, 1891 гг.
  14. Памятная книжка Виленской губернии на 1891 г.
  15. Памятная книжка Виленской губернии на 1895 г.
  16. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  17. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  18. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  19. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  20. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.118.
  21. Первая Государственная Дума. Алфавитный список и подробные биографии и характеристики членов Государственной Думы. Архівавана 20 снежня 2012. — М.: Тип. Товарищества И. Д. Сытина, 1906. С. 108.
  22. Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. — Мінск, 2023. — С.120.

Літаратура правіць

  • Боиович М. М. Члены Государственной думы (Портреты и биографии). Первый созыв. М, 1906 С. 173.
  • Первая Государственная Дума. Алфавитный список и подробные биографии и характеристики членов Государственной Думы. — М.: Тип. Товарищества И. Д. Сытина, 1906. — 175 с.
  • Государственная Дума первого призыва. Портреты, краткие биографии и характеристики депутатов. — Москва: «Возрождение», 1906. C. 40.
  • Государственная дума Российской империи: 1906—1917. Б. Ю. Иванов, А. А. Комзолова, И. С. Ряховская. Москва. РОССПЭН. 2008. C. 340. Архівавана 4 сакавіка 2016.
  • Отчет Юбилейной сельскохозяйственной и кустарно-промышленной выставки, устроенной в 1901 году Минским Обществом Сельского Хозяйства. — Минск, 1902. — 179 с.
  • Памятная книжка Виленской губернии (на 1891—1913 гг.)
  • Памятная книжка Минской губернии (на 1893—1913 гг.)
  • Раюк, А. Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863—1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А. Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
  • Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
  • Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж губернскім дваранствам у Беларусі ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Пытанні мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фалькларыстыкі / Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нац. акад. навук Беларусі; навук. рэд. А. І. Лакотка. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 4. — С. 406—412.
  • Раюк, А.Р. Род Любанскіх у этнагістарычных працэсах у Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XX ст. / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. арт. / уклад. і навук. рэд. А. У. Гурко ; рэдкал.: А. У. Гурко (гал. рэд.) [і інш.] ; Нац. акад. навук Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ. — Мінск : Беларус. навука, 2023. — Вып. 2. — С. 113—123.
  • Раюк, А.Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — Санкт-Пецярбург : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Смалянчук, А. Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму / З. В. Шыбека. — Мінск : Беларусь, 2007. — 304 с.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
  • Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — 600 s.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.

Спасылкі правіць