1-ы Беларускі штурмавы ўзвод

1-ы Беларускі штурмавы ўзвод (1-ы Беларускі штурмавы звяз) — воінскае фарміраванне спецыяльнага прызначэння, сфарміраванае ў Германіі напярэдадні нямецка-савецкай вайны.

1-ы Беларускі штурмавы ўзвод
Гады існавання май 1941—?
Краіна Сцяг Нацысцкай Германіі Германія
Падпарадкаванне Абвер
Уваходзіць у полк Брандэнбург-800
Тып падраздзяленне спецыяльнага прызначэння
Функцыя дыверсіі ў тылу праціўніка
Колькасць каля 50 чалавек
Дыслакацыя Лямсдорф
Заступнік Кастусь Габінскі
Марш «Гэта ідзе Першы звяз наш штурмовы»
Камандзіры
Вядомыя камандзіры Уладзімір Качан

Гісторыя правіць

Перадгісторыя стварэння правіць

На пачатку Другой сусветнай вайны нацысцкае кіраўніцтва Германіі збольшага адмаўляла ўзброеную дапамогу з боку прадстаўнікоў акупаваных народаў СССР, але кіраўніцтва Абвера было больш прагматычным у гэтым пытанні, таму карысталася паслугамі антысавецкіх эмігрантаў з ліку беларусаў, украінцаў, эстонцаў, літоўцаў і інш. У той жа час многія беларусы, якія зведалі чырвоны тэрор і польскі прыгнёт, спадзяваліся на ўратаванне з боку Германіі, разлічвалі на паўтарэнне вынікаў Першай сусветнай вайны, якія б далі магчымасць народам Цэнтральнай Еўропы будаваць свае незалежныя дзяржавы.

Сярод беларускай палітычнай антысавецкай эміграцыі ў Германіі на акупаваных ёй тэрыторыях існавалі некалькі плыняў. Да сувязі менавіта з вайсковымі коламі была схільная група доктара Мікалая Шчорса і кс. Вінцэнта Гадлеўскага, якія спадзяваліся стварыць беларускія ўзброеныя аддзелы, што ў будучыні мелі стаць асновай войска незалежнай Беларусі.

Стварэнне правіць

Спачатку Абвер толькі рыхтаваў агентаў, якіх высылаў на тэрыторыю СССР. Да практычнай дзейнасці па фармаванні беларускіх аддзелаў спецыяльнага прызначэння справа дайшла толькі ў маі 1941 г. Адной з першых беларускіх выведна-дыверсійных адзінак стаў Першы беларускі штурмавы звяз, які быў створаны ў складзе Асобнага вучэбнага палка «Брандэнбург-800».

На пачатак 1940 г. у нямецкіх лагерах ваеннапалонных утрымлівалася да 20 тысяч беларусаў, большасць з якіх трапілі ў палон у якасці жаўнераў Войска Польскага падчас акупацыі Польшчы ў 1939 г. Менавіта яны сталі асноўнай крыніцай рэкрутацыі ў беларускі аддзел дыверсантаў. Непасрэдна за вярбоўку добраахвотнікаў у дыверсійныя аддзелы Абверу разам з беларускімі эмігрантамі адказвалі прадстаўнікі гэтай спецслужбы — маёр Геруліс і капітан Казлоўскі, якія з мэтай пошуку кандыдатаў у школы дыверсантаў разам з эмігрантамі наведвалі лагеры для ваеннапалонных і звярталі ўвагу на нацыянальна свядомых беларусаў.

У выніку вярбоўкі на курс дыверсантаў былі набраныя 52 асобы, якіх накіравалі ў мястэчка Лямсдорф (зараз Ламбіновічы ў Апольскім ваяводстве, Польшча), дзе 5 мая 1941 г. была створаная дэсантная школа. Камандзірам узводу стаў былы харунжы Войска Польскага Уладзімір Качан. У адпаведнасці з унутраным загадам № 1 ад 16 мая 1941 г. намеснікам камандзіра быў вызначаны Кастусь Габінскі, вайсковым інструктарам — Казімір Славэцкі, нацыянальна-выхаваўчым супрацоўнікам — Эдвард Валанцей, хранікёрам — Браніслаў Даніловіч, інтэндантам і інструктарам па міннай справе — Мікалай Быцько. У адпаведнасці з загадам камандзіра ад 16 мая 1941 г., на Браніслава Даніловіча ўскладаліся абавязкі культурніцка-асветнай працы (гісторыя, геаграфія, літаратура). 12 мая на сходзе ўдзельнікаў школы было вырашана называць аддзел «Беларускім штурмовым звязам».

Падрыхтоўка правіць

Курс падрыхтоўкі быў разлічаны на 2 месяцы і ўключаў у сябе наступныя элементы:

  • карыстанне ўсімі старымі і найноўшымі відамі нямецкай і савецкай агнястрэльнай зброі;
  • сапёрная справа;
  • дыверсія на аўташашы і чыгунцы;
  • вайсковая тапаграфія;
  • шыхтовыя заняткі;
  • медычная падрыхтоўка (аказанне першай дапамогі) і г.д.;
  • рукапашны бой з ужываннем фінскага нажа;
  • заняткі па плаванні;
  • заняткі па нямецкай мове.

17 мая распачаліся заняткі па нямецкай мове, выкладчыкам якіх стаў сябра звязу Баляслаў Тачаноўскі. У адпаведнасці з загадам ад 17 мая 1941 г., распачаліся лекцыі Беларусаведы, якія чытаў Эдвард Валанцей. У загадзе ад 17 мая Уладзімір Качан надаваў вялікую ролю нацыянальнай працы сярод асабовага складу:

«У сувязі з сённяшняй гістарычнай хвілінай усе беларусы, якія знаходзяцца тут, мусяць браць удзел ува ўсіх сходах нацыянальнага характару, дзе будзе праяўляцца актыўнае грамадскае жыццё і аблічча нашага звязу. Тыя, хто не будзе прыслухоўвацца да вышэйзгаданага, будуць адказваць перад грамадскім судом і гісторыяй.»

Спачатку вайскоўцы Беларускага штурмавога звязу былі вымушаныя карыстацца нямецкім і польскім статутамі, тэкст якіх перакладаўся на беларускую мову, праз адсутнасць свайго нацыянальнага, аднак ужо 19 мая быў зацверджаны тэкст беларускай каманды, які распрацаваў Казімір Славэцкі.

8 чэрвеня 1941 года асабовы склад звязу склаў прысягу на адданасць Беларусі, быў абраны склад новага кіравання, у які ўвайшлі: Уладзімір Качан (камандзір), Эдвард Валанцей (сакратар), Мікалай Быцько (скарбнік) і чынныя сябры — Міхась Бярцэвіч, Кастусь Габінскі ды Браніслаў Даніловіч. Згодна з загадам Уладзіміра Качана № 27 ад 12 чэрвеня 1941 г., Беларускаму штурмавому звязу была прысвоеная назва 1-га Беларускага штурмавога звязу. 13 чэрвеня курс падрыхтоўкі скончыўся, і звяз перакінулі з-пад Лямсдорфу ў мястэчка Прушкаў, бліжэй да савецкай мяжы. На гэты час у асабовым складзе звязу знаходзілася 41 асоба.

Баявое выкарыстанне правіць

Напярэдадні нямецка-савецкай вайны ў 1941 г. было вырашана выкарыстаць 1-ы Беларускі штурмавы звяз у падрыхтоўцы нападу нямецкіх войскаў на СССР. Паводле камандзіра звязу, немцы далі беларусам мажлівасць адмовіцца ад удзелу ў закідзе на тэрыторыю БССР, але гэтым правам скарысталіся толькі тры сябры звязу, якія былі адсунутыя ад гэтай аперацыі. Перад перакідам на савецкую тэрыторыю звяз быў падзелены на групы па тры асобы ў кожнай, прычым кожная група мела асобнае заданне па дыверсіі на савецкіх камунікацыях. На кожную групу выдаваліся адзін компас і адзін аўтамат, а кожны камандас атрымаў пісталет F.N калібру 7,65 мм, 4 польскія гранаты і фінскі нож. Прадугледжвалася, што кожная група будзе выконваць заданне на працягу не больш як трох сутак. Закід у тыл супраціўніка ажыццяўляўся паветраным шляхам.

У заданне беларускіх дыверсантаў уваходзіла галоўным чынам дыверсія на чыгунцы — падрыў мастоў, рэек на асноўных камунікацыях савецкіх войскаў, парушэнне тэлеграфна-тэлефоннай сувязі, захоп і знішчэнне вайсковых складоў, знішчэнне каманднага складу Чырвонай Арміі. Яны мусілі ажыццяўляць шпіянаж і выведку на тэрыторыі 50—100 кіламетраў наперад ад часцей Вермахта. Беларускія камандас мусілі дзейнічаць супраць аднаго з найбольш баяздольных фармаванняў Чырвонай Арміі — Заходняй асобай вайсковай акругі (ЗахАВА), у прыватнасці, у тыле 3-й, 4-й, 10-й ды 13-й армій.

У першую групу ўвайшлі Альберт Асоўскі, Станіслаў Акінчыц, Вацлаў Гальчынскі, Станіслаў Валасэвіч, Тадэвуш Гардзіевіч, Яраслаў Станкевіч і Лявон Зялінскі, якія рушылі на заданне 15 чэрвеня 1941 г. (то бок яшчэ да 22 чэрвеня, які лічыцца днём афіцыйнай атакі на СССР) з мэтай выканання дыверсіі на чыгунцы Баранавічы — Стаўпцы. Гэтая група адразу пасля дэсанту была выкрытая, і пасля бою ў палон да НКУС патрапілі Браніслаў Валасэвіч, Яраслаў Станкевіч і іншыя.

Другая група ў ліку 20 жаўнераў вырушыла на заданне 19 чэрвеня, у яе склад уваходзілі Уладзімір Качан, Міхась Бярцэвіч, Мікалай Быцько, Кастусь Габінскі, Лявон Храповіч, Рыгор Рапіевіч, Янка Селява, Станіслаў Вайноўскі, Віктар Шакоўскі, Павал Яцэвіч, Эдвард Валанцей, Язэп Панятоўскі, Мікалай Бранішэўскі, Фелікс Табалевіч, Аляксандр Голас, Казімір Славэцкі, Тодар Сабіла, Павал Вагель, Аляксандр Тур, Генрык Гуменік. Група была падзеленая на дзве часткі па 10 асоб. Уначы з 21 на 22 чэрвеня беларускія камандас былі выкінутыя з парашутамі на захад ад Мінска ў радыусе 25—40 км, дзе ўдала здзейснілі дыверсію на чыгунцы і адышлі насустрач нямецкім войскам.

Далейшае выкарыстанне правіць

Пасля нападу Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 г. і бліскавічнага наступу нямецкіх войскаў на ўсход баявое выкарыстанне 1-га Беларускага штурмавога звязу па выкананні выведна-дыверсійных заданняў стала бессэнсоўным і немэтазгодным. Беларускія камандас былі задзейнічаныя ў выконванні вартавых і паліцэйскіх функцый на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі. У верасні 1941 г. асабовы склад штурмавога звязу быў уключаны ў склад мінскай паліцыі парадку. Па сутнасці, з гэтага моманту 1-ы Беларускі штурмавы звяз спыніў сваё існаванне як адзінка спецыяльнага прызначэння. Былы камандзір адзінкі, Уладзімір Качан, у студзені 1945 г. уступіў у 1-ы кадравы батальён Беларускай краёвай абароны ў Берліне, потым — у 1-ю грэнадзёрскую штурмавую брыгаду «Беларусь».

Даследаванне тэмы Першага беларускага штурмавога ўзводу правіць

Тэма Першага беларускага штурмавовага ўзводу мала даследавана гісторыкамі, што тлумачыцца яе зачыненасцю на працягу савецкага перыяду і адсутнасцю непасрэдных архіўных крыніц. Даследаваннем тэмы займаўся беларускі гісторык Юры Грыбоўскі.

Асноўны матэрыял адносна Першага беларускага штурмавога ўзводу знаходзіцца ў зборах Абверу ў нямецкай архіваліі, а таксама ў Польшчы — у Архіве Польскага чырвонага крыжа і Архіве Цэнтральнага музея ваеннапалонных у Ламбінавіцах-Аполі. Акрамя гэтага, у зборах Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны (Лондан) захоўваецца дзённік унутраных загадаў камандзіра звязу Уладзіміра Качана, у якім амаль падзённа адлюстравана паўсядзённае жыццё беларускіх камандас.

Уніформа і адзнакі правіць

На дадзены момант не вядома аб інфармацыі наконт абмундзіравання або адзнакаў беларускіх камандас. Паводле Юрыя Грыбоўскага, праўдападобна, што жаўнеры звязу ўжывалі палявую ўніформу Вермахта. Таксама вядома, што падчас закіду са спецыяльным заданнем у чэрвені 1941 г. на савецкую тэрыторыю яны былі апранутыя ў мундзіры Чырвонай Арміі.

Гімн першага штурмавога ўзводу правіць

Адзін з дыверсантаў — Браніслаў Даніловіч напісаў песню «Гэта йдзе Першы зьвяз наш штурмовы», якая стала гімнам штурмавога звязу:[1]

Чутны гоман — там войска спявае,
Ў вёсцы водгалас рэха чуваць.
Беларускі жаўнер прыбывае
Ў сваю вёску начлегам стаяць.

Гэта йдзе першы звяз наш штурмовы,
Беларусь — родны край бараніць.
Хоча скінуць чужыя аковы
Ў вольным краі, каб вольным мог жыць.

Людзі кветкамі іх абкідаюць,
А дзяўчаты цалункі ім шлюць
Яны з радасцю гэта прымаюць
Так прыгожа праз вёску ідуць.

Па кватэрах гаворка, шаптанні,
Прысяганні, ў вачох поўна слёз, —
Ноч прайшла, надышло развітанне
Бо жаўнера такі ўжо лёс.

Беларускае войска спявае —
У крывавы гатуецца бой,
А дзяўчына жаўнера пытае,
Чаму браць ён не хоча з сабой.

Вядомыя жаўнеры правіць

Гл. таксама правіць

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць