Dominus ac Redemptor (Dominus ac Redemptor Noster) – папскае брэвэ (пасланне) рымскага папы Клімента XIV ад 21 ліпеня 1773 г.[1] Гэтым дакументам быў скасаваны манаскі ордэн езуітаў (Таварыства Ісуса).

Папскае брэвэ на французскай і лацінскай мовах

Папскае рашэнне было выклікана палітычнай неабходнасцю: перадусім, жаданнем рымскага прастола замірыцца з манаршай дынастыяй Бурбонаў. У выніку папства нармалізавала адносіны з каталіцкімі дзяржавамі Заходняй Еўропы, вярнула касцёльныя ўладанні, захопленыя Францыяй і Неапалем пры Кліменце ХІІІ, і аднавіла свой суверэнітэт над Авіньёнам і Беневента. Клімент ХIV быў перакананы ў тым, што ворагі не даруюць яму публікацыю брэве. Хуткая смерць рымскага пантыфіка (22 верасня 1774 г.), сапраўды спрыяла нараджэнню шырока распаўсюджанай версіі, што ён быў атручаны езуітамі. Дзеянне брэве ў сусветным маштабе забяспечыць не атрымалася, і гэта ў значнай ступені абумовіла яго недаўгавечнасць.

У Рыме езуіты былі распушчаны 16 жніўня, а генерал скасаванага ордэна Ларэнца Рычы, які выступаў супраць перамен, разам са сваім намеснікам быў увязнены ў рымскай крэпасці св. Анёла, дзе і памёр у 1775 г. Дзейнасць Таварыства Ісуса на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў пачатку 70-х гг. XVIII ст. вялася ў межах Літоўскай і Мазавецкай правінцый. Аднак пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай 201 езуіт (97 айцоў, 57 схаластыкаў і 45 братоў) і шэраг езуіцкіх пляцовак (у Полацку, Віцебску, Магілёве, Оршы, Мсціславе, Дынабургу) апынуліся ў Расійскай імперыі[2]. Кацярына ІІ забараніла публікаваць касацыйнае брэве і ўзяла ордэн пад сваю апеку.

Пэўны час дзейнасць езуітаў працягвалася і ва ўладаннях прускага караля-пратэстанта Фрыдрыха ІІ, які высока ацэньваў поспехі іх адукацыйнай дзейнасці. Аднак спачатку ў Сілезіі (1776), а потым і ў сваіх польскіх землях (1780) ён усё ж пазбавіўся ад апальнага ордэна[3].

Рашучая падтрымка з боку расійскіх уладаў і паспяховая дзейнасць беларускіх езуітаў, цэнтрам якіх становіцца Полацк, а потым нарастанне кансерватыўных настрояў у Заходняй Еўропе пад уздзеяннем падзей Французскай рэвалюцыі вымусілі папства перагледзець сваё стаўленне да Таварыства Ісуса. Пій VI у 1783 г. даў вусную згоду на яго існаванне на тэрыторыі Расійскай імперыі. Пій VII у 1801 г. сваім брэвэ Catholicae fidei даў на гэта афіцыйны дазвол, а ў 1814 г. булай Sollicitudo omnium ecclesiarum аднавіў дзейнасць Таварыства Ісуса ў сусветным маштабе.

Зноскі

  1. Поўны тэкст у перакладзе не рускую мову гл. у Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – С. 411 – 434.
  2. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – С. 14.
  3. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772–1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот ; пер. А.Н. Коваля. – М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. – С. 21.

Літаратура правіць

  • Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — 427 с.
  • Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — 632 с.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień  (польск.). — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
  • Giżycki, J.M.  (руск.) Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — 288 s.
  • Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — 517 s.