Адольф Фрэдрык Мунк

Адольф Фрэдрык Мунк (шведск.: Adolf Fredrik Munck; нар. 29 красавіка 1749, Рантасалмі — 18 ліпеня 1831, Маса) — граф, фаварыт шведскага караля Густава III і меркаваны бацька яго афіцыйнага сына, караля Швецыі Густава IV Адольфа, на якога той быў вельмі падобны.

Адольф Фрэдрык Мунк
шведск.: Adolf Fredrik Munck
Нараджэнне 29 красавіка 1749(1749-04-29)[1][2]
Смерць 18 ліпеня 1831(1831-07-18)[1][2] (82 гады)
Бацька Andtero Eerikki Munck af Fulkila[d][3]
Маці Hedvig Juliana Wright[d][3]
Дзейнасць арыстакрат
Узнагароды
Knight of the Order of the Sword ордэн Серафімаў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 29 красавіка 1749 года ў маёнтку Раутакюле ў фінскай правінцыі Рантасалмі. Належаў да беднага шляхетнага роду, вядомаму з XVI стагоддзя. Яго бацькам быў падпалкоўнік Андэрс Эрык Мунк, маці — Хедвіга Юліяна Райт.

У 16 гадоў юны Мунк адправіўся ў Стакгольм, дзе паступіў на службу да двара пажам (1765 год). У 1767 годзе ён быў прызначаны камер-пажам караля Адольфа Фрэдрыка, а затым і Густава III, які ў 1771 годзе зрабіў яго карнетам лейб-драгунскага палка, а годам пазней першым камер-пажам. Карыстаючыся прыхільнасцю караля, ён і далей працягваў паспяхова прасоўвацца па службовай лесвіцы: у 1777 годзе ён ужо быў першым шталмайстрам, а годам пазней атрымаў тытул барона.

 
Мунк «дапамагае» Густаву III зачаць спадчынніка. Карыкатура графа К. А. Эрэнсверда.

У караля не было спадчыннікаў, паколькі ён знаходзіўся з каралевай у прахалодных стасунках. Мунк угаварыў Густава пайсці з ёй на збліжэнне, дзякуючы чаму ў іх у 1778 годзе нарадзіўся будучы кароль Густаў IV Адольф. Аднак хадзілі чуткі, што бацькам дзіцяці быў сам Мунк.

У 1778 годзе Густаў III паспрабаваў уладкаваць асабістае жыццё фаварыта, прыгледзеўшы яму ў жонкі дачку багатага прамыслоўца Альстрэмера. Аднак дзяўчына не выказала жадання выйсці замуж за Мунка, і яму давялося здавольвацца атрыманнем паста інтэнданта Дротнінгхольмскага і Свартшэскага палацаў. У 1782 годзе стаў падпалкоўнікам адэльсфана, аднак у 1787 годзе пакінуў полк і на наступны год атрымаў прызначэнне на пасадзе ландсхеўдынга Упсальскага лена і прэзідэнта Камер-Рэвізіі.

У 1789 годзе Мунк быў узведзены ў графскую годнасць. Каралеўскія ласкі сыпаліся на яго як з рогу дастатку. У 1789 годзе ён быў оберстатгалтэрам Стакгольма і старшынёй Камітэта па ўзбраенні флоту і паляпшэнню работы Адміралцейства.

Адной з адметных рысаў Мунка была любоў да грошай. Пасля нападу ў 1789 годзе на Расію Густаў III загадаў пачаць падробку рускіх залатых манет для распаўсюджвання ў Расійскай імперыі. Ведаючы пра гэта, Мунк у 1791 годзе даручыў тым жа людзям, якія падраблялі залатыя, друкаваць так званыя «фан’ельмоўкі», што нібыта рабілася ў інтарэсах караля. Аднак у 1792 годзе ў Фінляндыі быў затрыманы распаўсюднік фальшывых банкнот, які назваў імя Мунка. Той усё адмаўляў. Кароль не паспеў давесці расследаванне да канца, бо быў смяротна паранены дваранамі-змоўшчыкамі на маскарадзе і памёр ад раны 29 сакавіка 1792 года.

Пасля гібелі брата рэгентам стаў герцаг Сёдэрманландскі (будучы кароль Карл XIII) з павагі да былога фаварыта не стаў накладваць на яго суровага пакарання, прымусіўшы ўсяго толькі сысці ў адстаўку з усіх пастоў, адмовіцца ад графскага тытула і ордэна Серафімаў, а таксама выехаць за мяжу. За ім, аднак, у якасці пенсіі было захавана яго прэзідэнцкае дараванне.

Пасля таго як Мунк пакінуў Швецыю, ён змяніў прозвішча спачатку на Брынгсан, а затым на Менка. Ужо ў 1793 годзе ён пачаў перамовы са шведскай місіяй у Італіі аб вяртанні яму тытулаў. Ён пагражаў вярнуцца ў Швецыю, аднак яму паабяцалі, што ў гэтым выпадку яго пасадзяць у крэпасць. Тады Мунк прыгразіў апублікаваць дакументы, якія кампраметуюць многіх асоб. шведскі ўрад занепакоіўся і ў канцы 1795 года прапанавала яму выплачваць 2 тыс. галандскіх дукат штогод. Аднак Мунк адмовіўся, жадаючы аднавіць сваё добрае імя.

Пасля таго як бакі не змаглі прыйсці да пагаднення, шведскі ўрад 20 студзеня 1796 года запатрабаваў ад герцага Тасканскага выдачы Мунка. Аднак яшчэ да атрымання ад яго адмоўнага адказу ў Пізе 23 студзеня была ажыццёўлена спроба выкрасці былога фаварыта. Мунк, які ведаў аб падрыхтаваным выкраданні, загадзя пакінуў горад.

Нейкі час ён хаваўся і ў адплату нават апублікаваў сваю перапіску са шведскім павераным у справах Лагерсвердам (1796 год). Праз год перамовы аднавіліся, аднак зноў ні да чаго не прывялі. У 1797 годзе ён выдаў працяг сваёй перапіскі, даслаўшы адзін асобнік непасрэдна каралю.

У 1798 годзе Мунк стаў грамадзянінам Цызальпінскай Рэспублікі. Пры гэтым яму давялося адмовіцца ад графскага тытула. Тады ж ён набыў сабе нерухомасць каля Маса. У 1800 годзе кароль Густаў IV Адольф прызначыў яму ўтрыманне ў 1 тыс. галандскіх дукатаў, аднак пасля звяржэння караля ў 1809 годзе выплата гэтых грошай спынілася. Тым не менш ён увесь час звяртаўся да Карла XIII, а затым і да Карла XIV Юхана з хадайніцтвамі аб наданні яму ўтрымання і, у рэшце рэшт, дамогся штогадовай пенсіі ў 400 рыксдалераў банка (1825 год).

У 1817 годзе Мунк натуралізаваўся ў герцагстве Маса-Карара. Памёр 18 ліпеня 1831 года ў Масе. Жанаты ніколі не быў.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Nordisk familjebok. B. 18. — Stockholm, 1913.
  • Svenskt biografiskt handlexikon. — Stockholm, 1906.

Спасылкі правіць