Азакерыт (ад стар.-грэч.: ὄζω — пахну і κηρόςвоск) (горны воск) — прыродны вуглевадарод з групы нафты, па іншых дадзеных - з групы нафтавых бітумаў, часам умоўна адносіцца да мінералаў. З'яўляецца сумессю высокамалекулярных цвёрдых насычаных вуглевадародаў (звычайна складаецца з 85-87% вугляроду і 13-14% вадароду), па выглядзе нагадвае пчаліны воск, мае пах газы.

Азакерыт з Юты

Радовішчы

правіць

Азакерыт здабываецца ў трыццаці розных краінах, самыя вядомыя радовішчы знаходзяцца ў Нартумберлендзе, Уэльсе, Шатландыі, на паўвостраве Чэлекен і ў Юце (хоць апошняя крыніца ўжо амаль вычарпаная). Паклады азакерыту размяшчаюцца па абодва бакі Карпат, аднак адзінымі месцамі здабычы азакерыту тут з'яўляюцца гарады Барыслаў (Львоўская вобласць, Украіна), Старуня і Дзвіняч (Польшча), што знаходзяцца на гісторыка-геаграфічнай тэрыторыі Усходняй Еўропы - Галіцыі.

Лічыцца, што адклады азакерыту ўтвараюцца падобна мінеральным жылам, дзякуючы паступоваму выпарэнню і акісленню нафты і ўтвараемаму пры гэтым расплаўленаму парафіну, які застывае ў расколінах, дзе раней знаходзілася вадкасць. У прыродзе азакерыт можа сустракацца ў розных формах - ад мяккага воскападобнага рэчыва да чорнай масы, цвёрдай, як гіпс.

Уласцівасці

правіць

Удзельная вага — ад 0,85 да 0,95, тэмпература плаўлення ад 58 да 100 °C. Азакерыт раствараецца ў эфіры, нафці, бензоле, шкіпінары, хлараформе, серавугляродзе і ў некаторых іншых рэчывах. Азакерыт, які здабываецца ў Галіцыі, адрозніваецца па колеру ад светла-жоўтага да цёмна-карычневага, таксама часта сустракаецца зялёны азакерыт (такая афарбоўка атрымліваецца дзякуючы дыхраізму) і плавіцца пры тэмпературы 62 °C.

Здабыча і выкарыстанне

правіць

У Галіцыі здабыча азакерыту ажыццяўляецца ўручную, аднак на адным з руднікоў (глыбінёй у 200 метраў і шырынёй у 225) для перавозкі, уздыму і вентыляцыі выкарыстоўваюцца механізмы. На тых распрацоўках, дзе выкарыстоўваюцца звычайныя валы і ходні, азакерыт здабываецца шляхам глыбокага свідравання пароды, затым аддзяляецца ад яе ўручную. У рэдкіх выпадках, калі адразу аддзяліць чысты азакерыт ад каменя немагчыма, сумесь воску і горных парод вараць у вялікіх катлах, пакуль азакерыт не ўсплывае на паверхню. Затым азакерыт вараць яшчэ раз, каб цалкам ачысціць яго ад прымешак, пасля чаго фармуюць у цыліндрычныя зліткі з крыху завостранымі канцамі, у такім выглядзе азакерыт і паступае на рынак. Неапрацаваны азакерыт чысцяць таксама з дапамогай сернай кіслаты, а затым з дапамогай драўнянага вугалю. Вычышчаны азакерыт называецца цэрэзінам[1][2].

У 1940 годзе, калі пачаў шырока выкарыстоўвацца парафін, здабыча азакерыту скарацілася, але і ў нашы дні ён выкарыстоўваецца для вырабу свечак і ізалятараў, бо мае большую тэмпературу плаўлення, чым парафін, а таксама для падрыхтоўкі розных змазак і мазяў для тэхнічных і медыцынскіх патрэб; у будаўнічай прамысловасці.

Зноскі

  1. Хімічны слоўнік навучэнца: Дапам. для вучняў / Б. Н. Качаргін, В. М. Макарэўскі, Л. Я. Гарнастаева, В. С. Аранская. — Мн.: Народная асвета, 2003. — С. 8. — 287 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-12-0621-8.
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17). — С. 8.

Літаратура

правіць
  • Азакерыт // Хімічны слоўнік навучэнца. — Мн.: Народная асвета, 2004 — С. 9.

Спасылкі

правіць