А́ка (іўр.: עכו, араб. عكا‎‎), А́кра, Сен-Жан д’Акр (еўрапейскія мовы: Acre, St. Jean d’Acre) — горад у Заходняй Галілеі (Ізраіль), размешчаны прыкладна за 23 км на поўнач ад горада Хайфа, на беразе Міжземнага мора. Стары горад унесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Ака
עַכּוֹ
عكّا
Герб
Герб
Краіна
Каардынаты
Заснаваны
Населены пункт з
Плошча
10,3 км²
Вышыня цэнтра
-0.9 — 29.4 м
Насельніцтва
  • 48 900 чал. (31 снежня 2018)[1]
Нацыянальны склад
Яўрэі (66,4%), арабы (28,1%), друзы (0,2%), астатнія (5,3%)
Канфесійны склад
Тэлефонны код
+972 4
Афіцыйны сайт
akko.muni.il (іўрыт)
Ака на карце Ізраіля
Ака (горад) (Ізраіль)
Ака (горад)
Ака (горад) (Ізраіль)
Ака (горад)

Гісторыя правіць

Старажытная гісторыя правіць

 
Від на Стары Ака
 
Вадаправод Ака
 
Руіны старажытнага порта

Ака — адзін з найстаражытных у рэгіёне гарадоў, заселенасць якіх не перарывалася з моманту заснавання[2].

Паводле розных звестак людзі сяліліся тут яшчэ ў познім медным ці раннім бронзавым веку, 6000[3] ці 5500[4] гадоў таму — аднак тыя паселішчы былі нясталымі[4] і неўрбанізаванымі.[3] Іх матэрыяльныя сляды губляюцца 5000 гадоў таму прыкладна на тысячагоддзе[5], хоць можна знайсці ўскосныя сведчанні прысутнасці тут людзей[3]. На тэрыторыі непадалёк ад Ака знойдзены таксама рэшткі паселішчаў часоў ярмукскай культуры (7000 — 8500 гадоў назад)[6].

Каля 2350 гады да н.э. праз даліну Ака, верагодна, праходзіць армія фараона Піёпі I пад камандваннем яго палкаводца Уны. Аўтабіяграфія апошняга згадвае высадку з мора за «носам антылопы» — гэта значыць, магчыма, за гарой Кармель — з мэтай здушэння паўстання. Лічыцца, аднак, што ўласна бітва адбылася ў Ізрэельскай даліне[7].

Першым дакументам, у якім, магчыма, непасрэдна згадваецца Ака, з’яўляецца царскі архіў Эблы (англ.: Ebla tablets), (каля 2400—2250 гг. да н.э.)[8][9]. Нароўні з прыбярэжнымі Бібласам, Сідонам, Дорам, Ашдодам і Газай Ака апынуўся ўключаны ў гандлёвы маршрут купца з Эблы. Аднак, адсутнасць знаходак, якія адносяцца да гэтай эпохі, выклікае сумненні ў ідэнтыфікацыі згаданага ў архіве горада. Хоць значна больш старажытныя знаходкі існуюць[9].

Каля 2000 гады да н.э. у даліне Ака сталі масава з’яўляцца гарады — да гэтага часу адносяцца і першыя артэфакты, якія сведчаць пра Ака як пра горад[3][10]. Тады ён быў размешчаны на паўночны ўсход ад сучаснага горада, за паўтары-да кіламетры ад мора: яго рэшткі вядомыя цяпер як Тэль-Ака (іўр.: תל עכו)[5][9]. Магчыма, у тыя часы берагавая лінія выглядала інакш, і вада ўшчыльную падступала да горада[8].

Ака быў размешчаны на скрыжаванні міжнародных гандлёвых шляхоў і таму заўсёды з’яўляўся цэнтрам гісторыі[8]. Горад быў цэнтрам сустрэч мноства разнастайных культур і стратэгічным месцам для ваенных кампаній.

  Сярод усіх гарадоў на Сірыйскім узбярэжжы, ад Антыёхіі і да Газы, няма яшчэ такога горада, як Ака, чый летапіс быў бы так насычаны падзеямі, і няма іншага такога горада, чый уплыў на лёс усёй краіны быў бы настолькі вялікім. (Лорэнс Оліфант, 1882)  

Дзесьці да 1800 годзе да нашай эры ў даліне было размешчана парадку 25 гарадоў[10], многія (і Ака сярод іх) абнесеныя сценамі[10][11]. Агламерацыя, якая склалася вакол Ака, з’яўлялася першай па насельніцтве і другой па значнасці пасля Хацора на тэрыторыі сучаснага Ізраіля. Знойдзеныя археолагамі шматлікія прадметы імпарту даказваюць развітыя гандлёвыя сувязі з Кіпрам, Егіптам, Іарданіяй, Сірыяй, узбярэжжам Лівана і Антальяй[10]. Сярод знаходак — скарабей з імем фараона Сенусерэта I (1971—1926 гг. да н.э.)[12].

Ака відавочна згадваецца ў егіпецкіх «тэкстах праклёнаў» (англ.: Execration texts)[9][13], якія датуюцца часам не пазней за 1800—1725 гады да н.э.[13] Гэтыя тэксты пісаліся на гліняных рэчах, якія разбівалі, каб праклёны пачалі дзейнічаць. Назва Ака, як і многіх іншых гарадоў (у тым ліку, яшчэ трох з даліны Ака), была напісаная на глінянай фігурцы палоннага[14]. Побач было напісана і імя цара Ака: Тыр’ам[5][12].

Наступнай згадкай Ака з’яўляецца назва ''Аак'', выяўленае ў выбітым на сцяне Карнакскага храма Амона ў Фівах спісе гарадоў, заваяваных у час першага ваеннага паходу Тутмоса III (прыкладна 1456 г. да н.э., паводле іншых звестак 1468 г. да н.э.[15]). У лістах з Амарны XIV стагоддзя да н.э. (у раёне 1400 гады да н.э.), знойдзеных пры раскопках у Эль-Амарне старажытнаегіпецкіх клінапісных архівах перапіскі ханаанскіх цароў, таксама згадваецца месца, названае Ака[16][17]; роўна як і ў ранейшых па часе «тэкстах праклёнаў»[18]. У далейшым горад перайшоў пад валадарства хетаў і быў ізноў адваяваны Сеты I у XIII стагоддзі да н.э., разам з іншымі паўднёвымі фінікійскімі гарадамі[19].

У кнізе Ісуса Навіна, а таксама ў іншых крыніцах горад згадваўся пад імёнамі «Ахшаф» і «Ума». У эпоху ізраільскага царства быў пад уладай фінікійцаў, і быў афіляваны з Фінікіяй палітычна і культурна. У Танаху (кніга Суддзяў) згадваецца пад назвай Ака ў сувязі з рассяленнем калена Асіра, у надзел якога ўвайшоў горад, але з якога ён так і не змог выгнаць мясцовых ханаанскіх жыхароў. «Асір не выгнаў жыхароў Ака, і жыхароў Сідона[20], і Ахлава[21], і Ахзіва[22], і Хелвы, і Афека[23], і Рэхова[24]  (Суд. 1:31). Паводле Іосіфа Флавія, які называе яго Акрай, горад кіраваўся адным з губернатараў правінцый Саламона.

Каля 725 г. да н.э. Ака далучыўся да Сідона і Тыра ў паўстанні супраць Салманасара V[25]. У 701 годзе да н.э. Ака быў заваяваны асірыйскім царом Санхерывам. Насельніцтва горада паўстала супраць яго ўнука Асархадона (Ашурахідына), які, аднак, ізноў авалодаў Ака прыблізна ў 650 годзе да н.э. У перыяд персідскага валадарства Ака стаў ваенна-марской базай, якая адыгрывала важную ролю ў вайне супраць Егіпта. Страбон апісвае горад, як быў пэўны час месцам збору для персаў у іх экспедыцыях супраць Егіпта.

Грэчаскі, іўдзейскі і рымскі перыяды правіць

 
Сцены Ака, краявід з мора

Пасля вяртання яўрэяў з вавілонскага паланення Ака не быў імі заваяваны і заставаўся пад уладай Тыра.

Грэчаскія гісторыкі называюць горад Аке, што перакладаецца як «вылячэнне». Паводле грэчаскага міфа, Геракл знайшоў тут гаючыя травы, якія вылечылі яго раны[26]. У 333 годзе да н.э. горад быў хутка заваяваны Аляксандрам Македонскім і ператварыўся ў грэчаскую калонію. Неўзабаве пасля заваявання яго назва была змененая на Антыёхія Пталемаіда (стар.-грэч. Αντιόχεια Πτολεμαίς).

У 330 годзе да н.э. Ака перабіраецца з Тэль-Ака на бераг мора. Ака стаў самым важным партовым горадам у краіне, і адным з найбуйнейшых гарадоў эліністычнага свету. Горад распаўсюдзіўся на плошчы ў 1000 дунамаў.

Пасля смерці Аляксандра Вялікага і падзелу царства горадам пачалі кіраваць егіпецкія Пталамеі, якія (верагодна, Пталамей Сатэр) далі яму назву Пталемаіда[27]. Пад гэтай назвай Ака згадваецца ў Бібліі, у пасланнях апостала Паўла, які правёў дзень у Пталемаідзе (Дзеянні 21:7). Захоплены Антыёхам Вялікім у 219 годзе да н.э. Ака ўвайшоў у склад імперыі Селеўкідаў і быў названы Антыёхіяй. Знаходзячыся пад уладай Селеўкідаў, Ака неаднаразова служыў базай для ваенных дзеянняў супраць Іўдзеі. Каля 165 г. да н.э. Іуда Макавей нанёс паражэнне Селеўкідам у некалькіх бітвах у Галілеі і пераследваў іх да Пталемаіды. Каля 153 г. да н.э. сын Антыёха Епіфана Аляксандр Балас, які змагаўся за карону Селеўкідаў з Дэметрыем, захапіў горад, які адкрыў яму свае вароты. Дэметрый прапанаваў Макавеям мноства хабараў з мэтай заручыцца падтрымкай яўрэяў супраць свайго саперніка, — у тым ліку перадачу даходаў Пталемаіды на карысць Іерусалімскага Храма, але ўсё дарма. Янатан Макавей паставіў на Аляксандра, і ў 150 г. да н.э. быў з вялікімі ўшанаваннямі прыняты ім у Пталемаідзе. Некалькімі гадамі пазней, аднак, Трыфан, афіцэр Селеўкідаў, які пачаў падазраваць Макавеяў, завабіў Янатана ў Пталемаіду, дзе паланіў яго.

Пасля смерці Антыёха VII Сідэта Ака пераходзіў ад аднаго эліністычнага кіраўніка да іншага і стаў фактычна незалежным горадам. У часы Хасманейскай дзяржавы Ака быў абложаны войскамі Аляксандра Яная. У той момант Ака меў статус свабоднага грэчаскага горада, на чале з гарадскім дзяржаўным саветам (Буле). Буле Ака звярнулася па дапамогу да Пталамея Латура. Пталамей прыбыў на дапамогу да абложанага Ака з трыццацітысячнай арміяй і высадзіўся ў раёне сучаснай Хайфы. Пад ціскам гэтага Александру Янаю прыйшлося зняць аблогу з Ака, хоць ён і прасунуўся да самых подступаў горада[28].

Пры Пампеі ў 52—54 гг. да н.э. ён быў далучаны да Рымскай імперыі. У 48—47 гг. да н.э. у Ака высадзіўся Юлій Цэзар. Горад заваёўвалі Клеапатра VII Егіпецкая і Тыгран II Армянскі. У 39 годзе да н.э. Ірад I выкарыстоўваў Ака як апорны пункт у сваіх ваенных дзеяннях супраць Матыт’ягу Антыгона II. Ён пабудаваў тут гімнасій; значэнне гавані Ака паменшылася пасля таго, як Ірад I пабудаваў порт у Кесарыі. Калі пачалася Першая іўдзейская вайна, у Ака пачалося паўстанне яўрэяў. У 67 годзе н.э. з Ака Веспасіян распачаў паход супраць паўсталай Галілеі.

У горадзе была заснавана рымская калонія Клаўдзіі Кесарыс. У рымскі перыяд Ака значна перарос межы Старога горада. На працягу гэтага перыяду яўрэі працягвалі жыць у горадзе, але ніколі не складалі ў ім большасці. Называлі яўрэі горад па-ранейшаму — Ака. Пасля канчатковага падзелу Рымскай імперыі ў 395 г. н.э., Ака патрапіў пад кіраванне Усходняй (пазней Візантыйскай) Імперыі.

Ранні ісламскі перыяд правіць

Услед за паражэннем, нанесеным візантыйскай арміі Іраклія мусульманскай арміяй Халіда ібн аль-Валіда ў бітве пры Ярмуку і капітуляцыяй хрысціянскага Іерусаліма перад халіфам Амарам, Ака пачынаючы з 638 г. перайшоў пад уладу Праведнага халіфата[2]. Паводле раннемусульманскага гісторыка аль-Белазуры, фактычнае заваяванне Ака ўзначальвалася Шархабілам ібн Хасанам і, хутчэй за ўсё, горад здаўся без супраціўлення[29]. Арабскае заваяванне прынесла Ака адраджэнне, і горад служыў галоўным портам Палесціны ў перыяд Амеядскага і наступнага Абасідскага халіфатаў, а таксама на працягу кіравання крыжакоў аж да XIII стагоддзя[2].

Першы амеядскі халіф Муавія (гады кіравання 661—680) лічыў прыбярэжныя гарады Леванта стратэгічна значнымі. Таму ён узмацніў умацаванні Ака і перасяліў з іншых частак мусульманскай Сірыі персаў, каб засяліць імі горад. З Ака, які стаў, нароўні з Тырам, адной з найважнейшых верфяў рэгіёна, Муавія выступіў у напад супраць падуладнага Візантыі Кіпра. У 669 г. візантыйцы напалі на прыбярэжныя гарады, выпусіўшы Муавію сабраць караблебудаўнікоў і цясляроў і адправіць іх у Ака. Горад будзе працягваць служыць асноўнай ваенна-марской базай «ваеннай акругі Іардана» аж да перыяду кіравання халіфа Хішама ібн Абд аль-Маліка (723—743), які перанёс большую частку верфяў на поўнач, у Тыр[29]. Тым не менш Ака заставаўся значным у ваенным плане горадам на працягу перыяду ранніх Абасідаў; у 861 г. халіф Аль-Мутавакіль выдаў указ ператварыць Ака ў буйную ваенна-марскую базу, абсталяваўшы горад ваеннымі караблямі і баявымі часцямі[30].

На працягу 10 ст. Ака па-ранейшаму быў часткай ваеннай акругі Іардана[31]. Мясцовы арабскі географ аль-Мукадасі наведаў Ака ў 985 г., у перыяд эры ранніх Фацімідаў і апісаў яго, як умацаваны прыбярэжны горад з вялікай мячэццю, у якім маецца вялікі аліўкавы гай. Умацаванні былі пабудаваны раней аўтаномным эмірам Ібн Тулунам Егіпецкім, які анексаваў горад у 870-х гг., і забяспечвалі адносную бяспеку гандлёвым суднам, якія прыбывалі ў гарадскі порт. Калі ў 1047 г. горад наведаў персідскі падарожнік Насір Хасроў, ён адзначыў, што вялікая Пятніцкая мячэць была пабудавана з мармуру, размяшчалася ў цэнтры горада, а адразу на поўдзень ад яе знаходзілася «магіла Прарока Саліха»[30][32]. Хасроў даў апісанне памераў горада, якое можна прыкладна прыраўнаваць да 1.24 км у даўжыню і 300 м у шырыню. Гэтыя лічбы паказваюць на тое, што Ака таго часу быў большы за цяперашнюю плошчу яго Старога горада, большая частка якога была пабудавана паміж XVIII і XIX стагоддзямі[30].

Часы хрысціянскага кіравання правіць

Сапраўдную вядомасць Ака прынесла эпоха крыжовых паходаў.

У 1104 годзе пасля Першага крыжовага паходу горад быў заваяваны Балдуінам I. У 1187 годзе Саладзін узяў горад амаль без бою, але ўжо ў 1191 годзе падчас 3-га крыжовага паходу пасля двухгадовай аблогі Ака быў адваяваны войскамі крыжакоў пад камандаваннем французскага караля Філіпа Аўгуста і англійскага караля Рычарда Львінае Сэрца.

 
Рычард Львінае Сэрца і Леапольд V атрымліваюць ключы ад горада Ака

Горад стаў сталіцай Іерусалімскага каралеўства крыжакоў у Палесціне і быў акружаны магутнымі абарончымі збудаваннямі. Горад атрымаў новую назву — Сен-Жан д’Акр.

Ваенныя рыцарскія ордэны гаспітальераў, тампліераў, а пазней і Тэўтонскі ордэн здабылі ў Ака ўласныя кварталы. Яны будавалі тут жылыя дамы, склады, бальніцы, цэрквы і адміністрацыйныя будынкі. У розных канцах горада вырасла больш за 40 цэркваў і 23 манастыры. Ніводны горад крыжакоў не дайшоў да нашых дзён у такім добра захаваным стане, як Ака.

У 1260 годзе ў Ака пераязджае парыжскі ешыбот рабі Іехіэля з Парыжа разам з 300 вучнямі. Ешыбот зрабіў горад адным з важных цэнтраў яўрэйскай вучонасці.

Гаспітальеры, тампліеры, Тэўтонскі ордэн, купцы Генуі, Венецыі і Пізы, якія пражывалі ў горадзе-крэпасці, увесь час спрачаліся за сферы ўплыву. У 1256 годзе паміж венецыянцамі і генуэзцамі ўспыхнуў узброены канфлікт, вядомы як Вайна Святога Савы, у які пазней былі ўцягнуты і рыцары абодвух ордэнаў. І ў 1291 годзе горад крыжакоў, які раздзіралі міжусобіцы, спыніў сваё існаванне пасля яго штурму войскамі мамлюкаў пад правадырствам султана аль-Ашраф Халіля. Мамлюкі разбурылі Ака і выразалі большую частку яго хрысціянскага і яўрэйскага насельніцтва. Пры аблозе горада былі разбураны царква і манастыр, загінулі 14 абатаў і больш за 60 паслушнікаў.

Турэцкае кіраванне правіць

 
Маяк

На працягу доўгіх гадоў Ака ўяўляў сабой невялікую рыбацкую вёску. У 1517 годзе яго заваявалі туркі-асманы пад камандаваннем Селіма I. У канцы XVI і пачатку XVII стагоддзя горадам кіраваў друз Фахр-ад-дзін, які пачаў адбудоўваць горад.

У 1721 годзе кіраўніком Галілеі стаў Дахар аль-Амар аль-Зайнудзі. Разумеючы стратэгічнае размяшчэнне горада, ён зрабіў яго сваёй сталіцай і пачаткаў нанова адбудоўваць. У першую чаргу ён аднавіў сцены, памер якіх быў меншы ў параўнанні з перыядам крыжакоў, затым ён запрасіў яўрэяў, мусульман і французаў ізноў асесці ў горадзе і стварыў для іх адпаведныя ўмовы. У 1752 годзе пабудаваў крэпасць.

У 1775 годзе да ўлады ў горадзе прыйшоў баснійскі афіцэр Ахмед, празваны Аль-Джазарам (на арабскай мове «джазараў» — мяснік) за сваё стаўленне да праціўнікаў. Аль-Джазар працягнуў аднаўленне горада, пабудаваў новыя мячэці на месцы цэркваў, турэцкую лазню, умацаваў сцены, пабудаваў свой палац, кірмаш. У 1799 годзе дзякуючы свайму яўрэйскаму саветніку Хаіму Фархі і англійскаму адміралу Сіднею Сміту змог супрацьстаяць аблозе горада, прадпрынятай генералам Банапартам на чале 13-тысячнай арміі. Таму ўрэшце прыйшлося вярнуцца ў Егіпет і адмовіцца ад планаў прасоўвання ў Індыю.

Спадчынікам Аль-Джазара стаў яго сын Сулейман, а яго спадчыннікам — брат Абдала. Асцерагаючыся занадта вялікага ўплыву Хаіма Фархі, Абдала вырашыў з ім расправіцца і пакараў смерцю яго ў 1810 годзе. Браты Фархі спрабавалі пакараць няўдзячнага кіраўніка, але Абдала змог утрымацца за сценамі горада, які браты так і не змаглі ўзяць.

У 1831 годзе Ака быў заваяваны егіпецкай арміяй Ібрагіма-пашы, сына Мухамеда Алі. 4 лістапада 1840 года пасля абстрэлу горада брытана-франка-аўстрыйскай флатыліяй ён быў вернуты Асманскай імперыі.

У 1868 годзе да пажыццёвага зняволення ў горадзе Ака быў прысуджаны Бахаўла (Хусейн-Алі-і-Нуры), заснавальнік рэлігіі бахаі.

У 1896 годзе была пракладзена чыгунка Дамаск — Бейрут, у 1906 годзе — Хайфа — Дамаск, Ака страціў былое стратэгічнае значэнне з-за бурнага развіцця Хайфы, найбуйнейшага горада і порта Галілеі.

 
Гарматы з часоў туркаў

Брытанскі мандат правіць

У 1918 годзе англійскія войскі генерала Аленбі змагаліся супраць туркаў і неўзабаве занялі горад. У далейшым брытанцы кіравалі горадам у рамках мандата на Палесціну. Горад быў пераўтвораны ў адміністрацыйны ­цэнтр паўночнай акругі. Англічане стварылі ў турэцкай крэпасці турму, дзе трымалі яўрэйскіх палітвязняў, у тым ліку Уладзіміра Жабацінскага ў 1920 годзе.

У 1947 годзе аб’яднаныя сілы Эцэля і Лехі напалі на турму і вызвалілі 27 зняволеных. 9 чалавек загінулі, 5 трапілі ў палон да англічан. Паводле плана падзелу Палесціны Ака мусіў адысці да арабскай дзяржавы, аднак 14 мая 1948 года ў перыяд араба-ізраільскай вайны Ака заняла ізраільская армія, і прыблізна 8 з 12 тысяч арабаў, што жылі там, беглі ў суседнія арабскія краіны.

Сучаснасць правіць

Неўзабаве пасля вайны Ака пачынае імкліва развівацца за сценамі. У горадзе пасяляюцца шматлікія рэпатрыянты. У сярэдзіне 1960-х гадоў яўрэі пакідаюць Стары горад з-за цяжкіх умоў жыцця там і перасяляюцца ў новы. Стары горад неўзабаве ператвараецца ў цэнтр турызма.

Сёння Ака з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Заходняй Галілеі, у ім дзейнічаюць філіялы і аддзяленні міністэрстваў, грамадскіх устаноў і суды.

 
Порт Ака і стары горад. Справа бачная вежа з гадзінамі заезнага двара Аль-Умдана, на гарызонце — гара Кармель.

Насельніцтва правіць

Насельніцтва на 2016 год складала 47 675 чалавек.

З іх:

Культурнае жыццё правіць

Штогод у час святкавання Сукота ў Ака праходзіць міжнародны фестываль альтэрнатыўнага тэатра. У горадзе 15 пачатковых школ і 3 сярэднія, 63 дзіцячых садкоў і 10 ясляў з падоўжаным днём. У горадзе знаходзіцца каледж Заходняй Галілеі — філіял універсітэта Бар-Ілан, музычная школа і марское вучылішча.

Славутасці правіць

У культуры правіць

Горад з’яўляецца адной з лакацый у гульні Assassin's Creed, а таксама паказаны ў яе афіцыйным трэйлеры. У гульні горад называюць Акрай, і ў ёй знаходзіцца найвышэйшы пункт усяго гульнявога свету.

Зноскі правіць

  1. Šnatôn statîstî le-Yisra'el(untranslated). — вып. 70. — ISSN 0081-4679 Праверана 3 мая 2020.
  2. а б в Andrew Petersen (February 6, 2002). A Gazetteer of Buildings in Muslim Palestine: Volume I (British Academy Monographs in Archaeology) (Pt.1) (Hardcover). British Academy. p. 68.
  3. а б в г David Kaniewski, Elise Van Campo, Christophe Morhange, Joel Guiot, Dov Zviely, Idan Shaked, Thierry Otto & Michal Artzy Early urban impact on Mediterranean coastal environments(англ.) // Nature Scientific Reports : сайт. — 2013. — DOI:10.1038/srep03540
  4. а б Avraham Negev and Shimon Gibson. Archaeological Encyclopedia of the Holy Land. — New York and London: Continuum, 2001. — С. 27. — ISBN 0-8264-1316-1.
  5. а б в Яков Школьник. Прогулка по Тель-Акко (іўрыт)(недаступная спасылка). Прогулки с Еврейским национальным фондом (23 ліпеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2016. Праверана 3 кастрычніка 2017.
  6. Німрод Гецоў Эпоха керамічнага неаліту ў даліне Ака(іўрыт) // Ізраільскае кіраўніцтва старажытнасцей : сайт.
  7. Eric H. Cline. The Battles of Armageddon: Megiddo and the Jezreel Valley from the Bronze Age to the Nuclear Age. — Ann Arbor, Mich: University of Michigan Press, 2002. — С. 29-31. — ISBN 9780472067398.
  8. а б в Geoarchaeological evolution of Tel Akko's ancient harbour (Israel)(англ.) // Journal of Archaeological Science: Reports. — 2016. — Т. 7. — С. 71-81.
  9. а б в г Michal Artzy What is in a Name? ‘Akko - Ptolemais - ‘Akka - Acre(англ.) // Complutum. — 2015. — Т. 26. — № 1. — С. 205-212. — ISSN 1131-6993.
  10. а б в г Рон Бары Урбанізацыя ў даліне Ака ў першай палове другога тысячагоддзя да нашай эры(іўрыт) // Ізраільскае кіраванне старажытнасцяў : сайт.
  11. Moshe Dothan & Avner Raban The Sea gate of ancient Akko(англ.) // The Biblical Archeologist. — 1980. — Т. 43. — № 1. — С. 35-39. — DOI:10.2307/3209751
  12. а б Ariel Hadari. The History of Old Akko » The Bronze and Iron Ages (англ.)(недаступная спасылка). Akkopedia. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2018. Праверана 3 кастрычніка 2017.
  13. а б Amnon Ben-Tor Do the Execration Texts Reflect an Accurate Picture of the Contemporary Settlement Map of Palestine?(англ.) // Essays on Ancient Israel in its Near Eastern Context. — 2006. — С. 63-87.
  14. Yohanan Aharoni. The Canaanite Period: The Execration Texts // The Land of the Bible, Revised and Enlarged Edition. A Historical Geography. — Westminster John Knox Press, 1962. — С. 144-146. — 496 с. — ISBN 9780664242664.
  15. Тутмос III(недаступная спасылка)
  16. Burraburias II to Amenophis IV, letter No. 2
  17. Эпоха Эль-Амарна Архівавана 10 сакавіка 2012.
  18. Aharoni, Yohanan (1979). The land of the Bible: a historical geography. Westminster John Knox Press. pp. 144–147. ISBN 978-0-664-24266-4. Праверана October 18, 2010.
  19. Крызіс егіпецкай улады ў Фінікіі
  20. Артыкул «Сидон» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі
  21. Ахлав
  22. Артыкул «Ахзив» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі
  23. Афек
  24. Артыкул «Рехов» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі
  25. Becking Bob (1992) The Fall of Samaria: An Historical and Archaeological Study BRILL, ISBN 90-04-09633-7 pp 31-35
  26. The Guide to Israel, Zev Vilnay, Ahiever, Jerusalem, 1972, p. 396
  27. Acco, Ptolemais, Acre. BiblePlaces.com. Архівавана з першакрыніцы 20 November 2008. Праверана October 20, 2008.
  28. Гісторыя яўрэйскага народа ў эпоху Другога Храма
  29. а б Sharon, 1997, p. 23.
  30. а б в Sharon, 1997, p. 24.
  31. le Strange 1890, p. 30.
  32. le Strange 1890, pp. 328–329.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць