Акупацыя Ірака (2003—2011)

спіс атыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя

Акупа́цыя Іра́ка (араб. احتلال العراق‎‎, англ.: Occupation of Iraq) — перыяд пасля ўварвання ЗША у Ірак, падчас якога амерыканская армія разам з некаторымі саюзнікамі зрынула рэжым Садама Хусейна і ўсталявала сваю ваенную адміністрацыю, паступова фарміруючы новыя ўлады. У заходніх крыніцах прынята вызначаць пачатак гэтага 1 мая 2003 года, калі супраціў іракскага ўрада быў цалкам зламаны, а канчатак ставіць на 15 снежня 2011 года, калі большая частка замежных войскаў, акрамя некаторых ваенных спецыялістаў, была выведзеная. З пункту гледжання розных іракскіх груповак[1], па-за залежнасці ад іх ідэалагічнай і рэлігійнай накіраванасці, перыяд акупацыі ўключае яшчэ падзеі пасля таго, паколькі ў 2014 годзе кааліцыя на чале з ЗША вярнулася ў краіну, праводзячы розныя ваенныя аперацыі і захоўваючы пэўны кантроль над уладамі.

Зоны адказнасці па стане на верасень 2003 года.

Дадзены перыяд у гісторыі Ірака суправаджаўся карэннымі пераўтварэннямі, звяржэннем аўтарытарнага рэжыма, дэмакратызацыяй і лібералізацыяй краіны, рэальным ажыццяўленнеи палітычных правоў грамадзян, нармалізацыяй адносін з шэрагам дзяржаў, з якімі да гэтага меліся напружаныя і часам варожыя адносіны[2]. Таксама завяршыўся прыгнёт асобных этнарэлігійных груп. Усё гэта было спалучана з пачаткам кровапралітнага канфлікту, міжканфесійнай варожасці, ростам актыўнасці iсламарадыкальных арганізацый і пагаршэннем сацыяльна-эканамічнага становішча[3].

ПерадгісторыяПравіць

 
Садам Хусейн, прэзідэнт Ірака з 1979 па 2003 год.

У 1980-я паміж амерыканскімі і іракскімі ўладамі меліся добрыя ўзаемаадносіны. Нягледзячы на Халодную вайну і сацыялістычную арыентацыю апошніх, Ірак на чале з Садамам Хусейнам і партыяй Баас карыстаўся падтрымкай не толькі Савецкага Саюза, але і ЗША[4]. Галоўным чынам гэта было абумоўлена Ірана-іракскай вайной, дзе Багдаду супрацьстаяў тэакратычны Іран, чые амбіцыі пагражалі амерыканскім інтарэсам у рэгіёне[5][6][7].

Пасля заканчэння дадзенай вайны Ірак перажываў цяжкі эканамічны крызіс. Каб хоць як палепшыць фінансавы стан краіны, урад Садама Хусейна запатрабаваў ад суседняга Кувейта кампенсацыі «страт» у 2,4 млрд. долараў за незаконную здабычу нафты з радовішча Румайла; спісання запазычанасці па пазыках, атрыманых ад Кувейта падчас ірана-іракскай вайны (17 млрд. дол.); саступкі або здачы ў арэнду астравоў Варба і Бубіян. Вядома, патрабаванні былі адхіленыя[8]. Тым часам у самім Іраку вылучылі тэорыю, што Кувейт з’яўляецца штучнай дзяржавай, якая заснаваная брытанскімі каланізатарамі на тэрыторыі iракскага ўзбярэжжа[9]. У Багдадзе пачалі падрыхтоўку да ўварвання, мяркуючы, што цяпер, таксама як і ў час вайны з Іранам, ЗША падтрымаюць іх альбо зоймуць нейтральную пазіцыю[10]. Ужо з пачаткам вайны ў Персідскім заліве амерыканцы занялі бок Кувейта, а неўзабаве сабралі кааліцыю і разграмілі іракскае войска. Пасля гэтых падзей Садам Хусейн яшчэ застаўся пры ўладзе, здушыў паўстанні курдаў на поўначы і шыітаў на поўдні. Сілы кааліцыі працягвалі ажыццяўляць патруляванне Ірака, між тым як іракскі лідар імкнуўся вызваліцца ад кантролю замежных войскаў. Адначасова Савет бяспекі ААН прымае рашэнне аб прыбыцці на іракскую тэрыторыю Спецыяльнай камісіі, мэтай якой з’яўлялася ажыццяўленнем нагляду за вытворчасцю зброі масавай паразы. Нягледзячы на ​​паспяховае выкананне міжнародных патрабаванняў, у 1998 годзе ўрад Ірака адмовіўся ад далейшага супрацоўніцтва з ААН і настаяў на рэарганiзацыi камісіі. Акрамя гэтага, з боку краін кааліцыі былі створаны спецыяльныя нелётныя зоны для баявой авіяцыі Ірака, з мэтай абароны курдаў і шыiтаў[11].

 
Колін Паўэл з прабіркай біялагічнай зброі на пасяджэнні ў ААН.

11 верасня 2001 г. адбылася тэрарыстычная атака на Сусветны гандлёвы цэнтр, у якой загінула больш за 2500 тысяч чалавек. Адказнасць за гэты тэракт узяла на сябе арганізацыя «Аль-Каіда». Амерыканскія ўлады абвінавацілі Садама Хусейна ў дачыненні да атакі, мяркуючы, что ён дапамагае тэрарыстам. Адначасова Багдад быў западозраны ў аднаўленні распрацовак забароненых відаў узбраенняў. Урад ЗША патрабаваў зноў ўвесці Спецыяльную камісію на тэрыторыю Ірака. Ужо ў 2002 годзе, атрымаўшы згоду Садама, у краіну зноў трапляюць інспектары ААН, якія не знайшлі доказаў гэтаму сцвярджэнню[12]. Аднак 5 лютага 2003 года Колін Паўэл, дзяржсакратар ЗША, на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН выступіў з дакладам аб зброі масавага знішчэння ў Іраку, што хавалася ад Спецыяльнай камісіі. Ім жа была прадэманстравана прабірка з белым субстратам, які чыноўнік назваў пробамі біязброі[13]. Гадамі праз высветлілася, што ў пасудзіне знаходзіўся звычайны парашок. У падставе Паўэл абвінаваціў ЦРУ. Са слоў былога дзяржсакратара, іракскі перабежчык Рафід Ахмед Альван аль-Джанабі, які і паведаміў амерыканцам аб ЗМЗ, сфабрыкаваў усю інфармацыю[14].

Тым не менш ЗША і іх саюзнікі рыхтаваліся да сілавога развіцця падзей. У Кувейце яны збіраюць групоўку войскаў у больш чым 300 тысяч чалавек, якая пазней была падтрымана курдскімі баевікамі[15]. На той момант Багдад лічыўся пагрозай як для саміх ЗША, так і для іх саюзнікаў у рэгіёне. Адначасова Ірак займаў выгаднае геаграфічнае становішча і валодаў значнымі запасамі энергетычных рэсурсаў, а кантроль над дзяржавай адкрываў дадатковыя магчымасці для ліквідацыі не менш небяспечных рэжымаў у суседніх краінах, якія падазраваліся ў супрацоўніцтве з тэрарыстамі, парушэннях правоў чалавека і антыамерыканскай палітыцы[16].

Ужо 20 сакавіка кааліцыя ўрываецца ў Ірак, дзе за лічаныя тыдні яна разбівае іракцаў. 1 мая Джордж Буш малодшы, тагачасны прэзідэнт ЗША, абвясціў пра канчатковы разгром урадавай арміі[15].

Прававы статусПравіць

Згодна з артыкулам 42 Гаагскай канвенцыі, «тэрыторыя лічыцца акупаванай, калі яна фактычна знаходзіцца пад уладай варожай арміі»[17]. Могуць узнікнуць сітуацыі, калі былы акупант захавае ваенную прысутнасць у краіне са згоды законнага ўрада ў рамках мер бяспекі (напрыклад, ваенная прысутнасць ЗША ў Японіі і Германіі). Законнасць такога пагаднення і яго легітымнасць падлягаюць міжнароднаму прызнанню, пасля чаго члены міжнароднай супольнасці аднаўляюць дыпламатычныя і палітычныя адносіны з нацыянальным урадам[18].

Рэзалюцыя Савета Бяспекі ААН 1546 ад 2004 года меркавала завяршэнне акупацыі і пераход поўнай адказнасці і паўнамоцтваў да суверэннага і незалежнага часовага ўраду Ірака, калі гэтага запатрабуе ён сам[19]. Пасля дадзенага ААН і асобныя краіны ўсталявалі дыпламатычныя адносіны з Часовым урадам, які пачаў планаванне выбараў і напісанне новай канстытуцыі. У студзені 2005 года пасол ЗША ў Іраку Джон Неграпонтэ заявіў, што амерыканскі ўрад будзе выконваць гэтую рэзалюцыю[20].

10 мая 2007 года 144 іракскіх парламентарыяў падпісалі петыцыю, якая заклікала Злучаныя Штаты ўсталяваць графік вываду свайго кантынгенту[21]. 3 чэрвеня іракскі парламент прагаласаваў 85 галасамі супраць 59 за тое, каб запатрабаваць ад урада Ірака пракансультавацца з парламентам перад запытам дадатковага падаўжэння мандата Савета Бяспекі ААН на аперацыі кааліцыі ў Іраку[22]. Мандат ААН у адпаведнасці з Рэзалюцыяй 1790 Савета Бяспекі ААН скончыўся 31 снежня 2008 года.

Ваенны кантынгентПравіць

 
Патруль амерыканскіх ваенных у Іраку.

На этапе ўварвання амерыканскія сілы былі падтрыманы падраздзяленнямі Вялікабрытаніі, Польшчы і Аўстраліі, але з цягам часу склад кааліцыі расшырыўся да 49 дзяржаў[23]. У дадатак да падтрымання правапарадку і беспекі асобных аб’ектаў прыцягваліся найміты прыватных ваенных кампаній[24]. Для зручнасці краін была падзелена на некалькі зон адказнасці. Багдад, «суніцкі трохвугольнік», паўночныя раёны Ірака і заходняя правінцыя Аль-Анбар кантраляваліся амерыканскімі ваеннымі. Населеныя шыітамі раёны на поўдзень ад Багдаду былі зонамі шматнацыянальнай дывізіі, якая складалася з падраздзяленняў Польшчы, Іспаніі, Італіі, Украіны і некалькіх краін Цэнтральнай Амерыкі. На крайнім поўдні ў Басры дыслакаваўся брытанскі кантынгент. Знаходжанне замежных войскаў на тэрыторыі Ірака ўпершыню было санкцыянавана Савета Бяспекі ААН у 2004 годзе (рэзалюцыя 1546) і далей падаўжалася ў адпаведнасці з рэзалюцыямі 1637, 1723 і 1790[25]. Разам з тым у жніўні 2003 года Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю 1500[26], якая абвяшчала стварэнне місіі UNAMI. Са студзеня 2004 года ахову місіі ААН у Багдадзе ажыццяўляла воінскае падраздзяленне з Фіджы. У 2005—2008 гадах пад сцягам ААН служылі таксама батальён з Грузіі і брыгада з Паўднёвай Карэі. У той жа час удзел асобных дзяржаў у аперацыі кааліцыі супярэчыла іх уласным канстытуцыям. Так, згодна з пастановай суда, удзел японскіх войскаў у Іракскім канфлікце з’яўляўся парушэннем артыкула 9 Канстытуцыі Японіі[27].

Аднымі з асноўных мэт саюзнікаў, акрамя дасягнутага звяржэння урада Садама Хусейна, былі выяўленне зброі масавага паражэння і доказаў супрацоўніцтва былога рэжыму з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Так, у 2004 годзе ваеннаслужачыя Польшчы і ЗША знайшлi ў Іраку боепрыпасы з хімічнай зброяй[28][29][30]. Аднак, як высветлілася пазней, знойдзеныя снарады ўтрымлівалі толькі рэшткі рэчываў, што знішчаліся пад наглядам прадстаўнікоў ААН яшчэ ў 1990-я гады. 6 кастрычніка 2004 года арганізацыя Iraq Survey Group (яна з’яўлялася пануючай у справе пошукаў ЗМЗ) афіцыйна заявіла, што на момант ўварвання замежных сіл у 2003 годзе Ірак не меў ніякіх забароненых сродкаў[31]. Сувязь Садама з тэрарыстамі таксама не была даказана[16].

Пік для акупацыйных сіл прыйшоўся на 2007 год, калі толькі амерыканскіх вайскоўцаў у Іраку знаходзілася 168 тысяч[32].

У той жа час адбывалася скарачэнне колькасці ўдзельнікаў. Першай яшчэ ў 2004 годзе кааліцыю пакінула Іспанія. Да 31 снежня 2008 года ў краіне, акрамя амерыканскіх і брытанскіх войскаў, заставаліся толькі падраздзяленні Аўстраліі, Румыніі, Сальвадора і Эстоніі[33]. Да жніўня 2009 года краіну пакінулі ўсе, але брытанцы і амерыканцы працягвалі дзейнічаць, хоць паступова скарачалі свае кантынгенты[34].

МерапрыемствыПравіць

Дзяржаўна-палітычныя працэсыПравіць

 
Кіраўнік ЧОК Пол Брэмер.

Для кіравання акупаванай краінай быў створаны Часовы орган кааліцыі (ЧОК), які стаў адказны за перабудову Ірака, аднаўленне эканомікі, стварэнне новых інстытутаў, прадастаўленне ўсялякіх паслуг насельніцтву і падрыхтоўку да перадачы ўлады іракцам[35]. Дадзены орган узначаліў адстаўны генерал Джэй Гарнер, але хутка ён быў зменены Полам Брэмерам. Палітыка акупацыйнай адміністрацыі мела на ўвазе дэмакратызацую, актыўную працу з мясцовым насельніцтвам, змаганне з культам асобы Садама Хусейна і ідэалагічнымі ўяўленнямі, сфармаванымі ў гады яго прэзідэнтсва, улік інтарэсаў этнарэлігійных суполак, а таксама рост уплыву курдскага і шыіцкага насельніцтва за кошт выцяснення суніцкай меншасці з іракскай палітычнай арэны[36][37][38].

Першым дзеяннем кааліцыі стала ўступленне ў сілу 16 мая загаду №1 «Дэбаасіфікацыя іракскага грамадства»[39], што значыць ўвядзенне комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на адхіленне ад пасад членаў іракскай Баас, якая аб’яўлялася цяпер па-за законам. У дапамогу быў створаны Камітэта па дэбаасітызацыі, якім кіраваў Нуры аль-Малікі. У задачы камітэта ўваходзіла чыстка органаў улады і арміі ад былых членаў партыі Баас[40]. Прадстаўнікі суніцкай абшчыны Іраку разглядалі гэтыя чысткі як частку змовы шыітаў, накіраванай на захоп улады ў Іраку. Аднак чысткі закранулі як шыітаў, так і сунітаў[41][42].

23 мая Пол Брэмер падпісаў загад №2 «Роспуск арганізацый»[43], згодна з якім аб’яўляліся па-за законам і былі распушчаны міністэрствы абароны і інфармацыі, паліцыя, Служба разведкі, Нацыянальнае бюро бяспекі, Упраўленне нацыянальнай бяспекі, апалчэнне федаінаў, Нацыянальны Алімпійскі камітэт і практычна ўсе грамадскія арганізацыі, у тым ліку дзіцячыя і моладзевыя. Варта дадаць, што яшчэ ў красавіку 2003 года акупанты прыцягнулі паліцэйскіх да забеспячэння правапарадку на вуліцах Багдада і Басры. Пасля загада №2 замежныя вайскоўцы ажыццяўлялі падрыхтоўку новых сілавых структур. 25 чэрвеня пад кіраўніцтвам амерыканскай кампаніі «Vinnell Corporation» пачалося фарміраванне першых дзевяці пяхотных батальёнаў, а 22 лютага 2004 года ў адпаведнасці з загадам ЧОК №61 створаны Міністэрства абароны Ірака і Новая іракская армія[41].

13 ліпеня быў створаны кансультатыўны орган пры кааліцыйнай адміністрацыі — Часовы кіраўнічы савет Ірака (ЧКСІ), які складаўся з 25 членаў, правадыроў плямёнаў і палітыкаў. У этнічным і канфесійным плане савет уключаў у сябе 13 шыітаў, 5 сунітаў, 5 курдаў (таксама сунітаў), аднаго туркемана і аднаго асірыйца. Орган уяўляў сабой шырокі спектр палітычных і рэлігійных рухаў Ірака; тым не менш з часам выявілася безгрунтоўнасць дадзенай структуры і прынятых ёю рашэнняў. Першапачаткова меркавалася, што ЧКСІ стане кансультатыўным органам пры ЧОК, аднак вельмі хутка кіраўнік савета стаў вызначаць парадак дня і актыўна ўключаўся ў працэс прыняцця палітычных рашэнняў[44]. Тым не менш Пол Брэмер валодаў правам вета ў дачыненні да рашэнняў, вынесеных ЧКСІ[45].

 
Іракскі салдат з выбаршчыкамі на правінцыйных выбарах.

1 чэрвеня 2004 года ў Багдадзе было абвешчана аб старэнні Часовага ўрада Ірака (ЧУІ), які замяніў ЧКСІ. Пазней, 28 чэрвеня, свае паўнамоцтвы ЧПІ перадала часовая кааліцыйная адміністрацыя. Калі яна была ліквідаваная, у ЧПІ з’явілася магчымасць адмовіцца ад прысутнасці замежных сіл у краіне, аднак падобнай заявы не прагучала. Нягледзячы на існаванне сфармаванага ўрада, на справе сітуацыю спрабавалі кантраляваць амерыканскія ваенныя структуры і сотні саветнікаў, ад якіх залежалі прыняцце і ход ажыццяўлення палітычных рашэнняў. Пры іх падтрымцы ЧУІ 30 студзеня 2005 года правяла правінцыйныя выбары. Адначасова праводзяцца выбары ў Нацыянальную асамблею (парламент), на якіх перамагае шыіцкі блок «Аб’яднаны іракскі альянс», падтрыманы шыіцкім духоўным лідарам Алі Сістані, атрымаўшы 140 месцаў з 275. Другое месца было ў блока аб’яднаных курдскіх партый на чале з Масудам Барзані і Джалалам Талабані з 75 месцамі. Трэцяй найбуйнейшай палітычнай сілай, якая стаяла на свецкіх пазіцыях, стаў «Іракскі спіс» Аяда Алаўі з 40 месцамі[46].

3 мая таго ж года ўзнікае Пераходны ўрад Ірака (ПУІ). 15 кастрычніка ён прадстаўляе новы праект канстытуцыі краіны, які 25-га быў ухвалены на рэферэндуме. 15 снежня пад кіраўніцтвам ПУІ праходзяць выбары ў ніжнюю палату парламента Ірака — Савет прадстаўнікоў. Ужо 20 мая 2006 года ПУІ перадае свае паўнамоцтвы першаму пастаяннаму ўраду на чале з прэм’ер-міністрам Нуры аль-Малікі[46].

Аднак рэпрэзентатыўнасць выбараў і новых уладаў апынулася пастаўленай пад сумнеў, паколькі галасаванне адбылося ў найцяжэйшых умовах, калі іх байкатавала істотная частка суніцкага насельніцтва краіны, што прывяло да мінімальнага прадстаўніцтва інтарэсаў гэтай групы. Шыіцкія ж палітычныя сілы апынуліся вельмі разнастайныямі, з рознымі палітычнымі інтарэсамі пры сур’ёзным уплыве радыкалаў[46].

Барацьба з паўстанцаміПравіць

 
Двое іракскіх паўстанцаў.

Звяржэнне Садама Хусейна, дэмакратычныя перамены, а таксама сам факт прысутнасці замежных сіл падабаліся далёка не ўсім. Прыхiльнiльнiкi былой улады i iсламарадыкальныя рухi, якiя набралі сілу ў краiне як раз пасля ўварвання, арганізавалi ўзброеную партызанскую барацьбу. Ключавой мэтай баевікоў было дабіцца сыходу замежнікаў з краіны. Першы выпадак, які класіфікуецца як партызанская акцыя, адбыўся яшчэ 28 красавіка 2003 года (у дзень нараджэння Садама Хусейна) ў горадзе Масул, калі па войсках ЗША быў адкрыты кулямётны агонь. Бой працягваўся на працягу 45 хвілін і стаў найбуйнейшым інцыдэнтам з моманту ўстанаўлення кантролю сіл кааліцыі над горадам[47].

Пасля гэтага паступова ўзрастаў рух супраціву, прадстаўлены рознымі групоўкамі. Дадзеныя сілы супрацьстаялі акупантам і новаму ўраду Ірака, праводзячы напады на воінскія калоны, базы, патрулі, блокпасты і іншыя аб’екты, часам прыцягваючы да ўдзелу снайпераў і мінамётчыкаў[48]. У пачатку канфлікту інсургенты здзяйснялі адзінкавыя рэйды на невялікія аб’екты, але ўжо ў 2004 г. перайшлі на напады на добра абароненыя базы і калоны. Пры гэтым, калі раней, падарваўшы міну на дарозе пад вайсковым грузавіком, паўстанцы, трохі пастраляўшы, стараліся як мага хутчэй разбегчыся, то з часам пасля выбуху бомбы яны засяроджвалі агонь з гранатамётаў і аўтаматычнай зброі на салдатах, якія ахоўвалі калону, а потым пераносялі яго на іншыя машыны[48]. Для нападаў на базы партызаны ўтойліва размяшчалі міны на мясцовасці ў яе раёне, пасля чаго абстрэльвалі лагер з мінамётаў і гранатамётаў. Ваенныя выбягалі, каб заняць пазіцыі, але траплялі на міннае поле. Страты падчас такіх рэйдаў з боку абаранялых іншы раз бывалі даволі адчувальнымі. Часам для нападаў выкарыстоўваўся і замінаваны аўтамабіль[48]. Таксама прыцягваліся снайперы[49].

Акрамя гэтага, яны здзяйснялі тэрарыстычныя акты, у тым ліку падрывы аўтамабіляў, захоп закладнікаў і атакі на мячэці[49]. Многія тэракты праводзіліся суніцкімі і шыіцкімі экстрэмісцкімі арганізацыямі і былі накіраваныя супраць мірнага насельніцтва ці рэлігійных святынь «варожай» галіны ісламу. Як паказваюць інфармацыйныя паведамленні, ахвярамі буйных тэрактаў амаль ніколі не былі вайскоўцы кааліцыйных войскаў. Але пры гэтым, іракскія паўстанцы падвяргалі падобным нападам мясцовыя сілавыя структуры[50][51][52][53].

Часам паўстанцы захоплівалі цэлыя гарады і раёны, усталёўваючы там сваю ўладу[54][55][56]. Міжнародная кааліцыя і яе саюзнікі адказвалі контрпартызанскімі аперацыямі, самай першай з якіх стала аперацыя «Удар па паўвостраве» летам 2003 па знішчэнню атрадаў на поўначы ад Багдада[57]. Падчас такіх рэйдаў баевікі звычайна знаходзіліся ў населенных пунктах, дзе была арганізавана моцная абарона. У такі выпадках замежныя войскі атачалі горад ці вёску, а потым, пасля працы авіяцыі і артылерыі, праводзілі зачыстку пяхотай пры падтрымцы тэхнікі[58][59][60][61]. Падчас контрпартызанскіх рэйдаў атакам таксама падвяргаліся мірныя жыхары, якія падазраваліся ў супрацоўніцтве з баевікамі, што суправаджалася масавымі растрэламі[62][63].

Нягледзячы на ​​маштабы кровапраліцця, рух супраціву быў не ў стане прымусіць ЗША вывесці армiю з Ірака. Улічваючы тое, што ваенная служба ў ЗША ажыццяўляецца па кантракце, амерыканская грамадская думка фактычна не ў стане была прымусіць урад пайсці на вывад войскаў — асабліва пасля таго, як перавыбранне Джорджа Буша азначала падтрымку яго палітыкі насельніцтвам. Значна вялікіх вынікаў партызанам удалося дамагчыся нанясеннем удараў па саюзнікам ЗША. Так паслядоўна яны выконвалі пастаўленыя задачы. Пасля паўстанцы здолелі спачатку выціснуць амерыканцаў з правінцый у буйныя населеныя пункты. Затым, падвяргаючы рэгулярным нападам на патрулі і вайсковыя калоны ўнутры гарадоў, кааліцыйныя войскі паступова адступілі на новы рубеж абароны, схаваўшыся на ўласных ваенных базах. І нарэшце, амерыканцы перасталі адчуваць сябе ў бяспецы нават на ўласных базах[64].

Эканамічны аспектПравіць

 
ВУП Ірака ў намінальным выражэнні з 1960 па 2010 год.

У 1990-я эканоміка краіны была аслаблена ваеннымі канфліктамі і санкцыямі, аднак рэжыму Садама Хусейна ўдавалася падтрымліваць адносны дабрабыт грамадзян за кошт сацыяльных праграм і падтрымкі для насельніцтва, агульнадаступнасцю адукацыі, жылля, харчавання і медыцыны. Пераважна ўрад забяспечваў гэта за кошт гандлю нафтай[65].

Пасля звяржэння Садама меркавалася правесці эканамічныя рэформы. Пол Брэмер лічыў, што эканоміку дзяржавы, пацярпелай ад пачатку замежнага ўварвання і падзей 90-х, можа стымуляваць свабодны рынак. Ён называў усе існуючыя прадпрыемствы стратнымі, паколькі яны былі завязаныя на партыйнае адміністраванне, і бачыў выхад у прыватызацыі дзяржуласнасці. Аднак спачатку быў прыняты загад №17, які прадугледжваў юрыдычны імунітэт для замежных падрадчыкаў, якія аперуюць у Іраку. Затым дэкрэты №37 і №49, якія вызвалялі замежных інвестараў і падрадчыкаў ад любых падатковых абавязацельстваў[66]. Самым галоўным стаў дэкрэт №39 «Аб замежных фундатарах», дзе былі прадстаўлены распрацаваныя раней стымулы для прыцягнення інвестараў у іракскую эканоміку[67]. Сама прыватызацыя пачылася толькі 9 кастрычніка 2003 года[68]. У выніку яна праходзіла пры ўмовах, калі дырэктары найбуйнейшых прадпрыемстваў былі выгнаныя і апынуліся па-за законам, таксама як і найбольш заможныя людзі, якія маглі б удзельнічаць у куплі прадпрыемстваў. Замест гэтага прыходзілі выведзеныя з-пад юрысдыкцыі Ірака замежныя кампаніі, якія выкуплялі прадпрыемствы (згодна з прынятым дэкрэтам, яны мелі магчымасць валодаць прадпрыемствам у краіне на 100%)[69].

Сітуацыя працягвала пагаршажацца з-за далейшага гвалту, неэфектыўнага кіравання і недахопу нафты, выкліканай састарэлай тэхналогіяй. З сярэдзіны 2009 гады прыбыткі ад экспарту нафты вярнуліся да ўзроўню, які назіраўся да амерыканскай аперацыі, а даходы ўрада аднавіліся разам з сусветнымі коштамі на нафту. У 2011 годзе Багдад павялічыў экспарт нафты вышэй узроўню ў 1 900 000 барэляў (300 000 кубаметраў) у дзень у выніку новых кантрактаў з міжнароднымі нафтавымі кампаніямі, але не дасягнуў запланавых 2 400 000 барэляў (380 000 кубаметраў) у дзень. Тагачасныя кантракты Ірака з буйнымі нафтавымі кампаніямі патэнцыйна маглі значна павялічыць даходы ад нафты, але Іраку трэба было мадэрнізаваць сваю нафтаперапрацоўчую, трубаправодную і экспартную інфраструктуру, каб гэтыя здзелкі маглі больш добра рэалізаваць свой патэнцыял[70][71].

Ужо ў канцы 2000-х паляпшэнне ўмоў бяспекі і пачатковая хваля замежных інвестыцый дапамагалі стымуляваць эканамічную актыўнасць, асабліва ў сектарах энергетыкі, будаўніцтва і рознічнага гандлю. Інфляцыя паслядоўна зніжалася з 2006 года, паколькі ваенна-палітычная сітуацыя палепшылася[72][73].

Суд над былой уладайПравіць

Пасля ўварвання і пачатку акупацыі супраць экс-прэзідэнта Садама Хусейна і шэрагу яго набліжаных былі заведзеныя крымінальныя справы па факце ўчынення шэрагу злачынстваў[74].

У ліпені 2004 г. Садам быў перададзены часоваму ўраду краіны, застаючыся пры гэтым пад аховай амерыканскіх вайскоўцаў, і Трыбунал прыступіў да збору і аналізу доказаў яго шматлікіх злачынстваў. Так, на працягу лета 2005 г. было распаўсюджана чатыры афіцыйныя відэазапісы з допытамі абвінавачаных па справе Садама Хусейна. 19 чэрвеня быў паказаны допыт стрыечнага брата экс-прэзідэнта Алі Хасана аль-Маджыда па мянушцы «Хімічны Алі», які ўдзельнічаў у 1988 годзе ў атручванні жыхароў курдскай вёскі баявымі газамі. 15 чэрвеня з’явіўся відэасправаздача аб допыце трох іншых паплечнікаў Садама — ягонага былога сакратара, былога віцэ-прэзідэнта і былога міністра ўнутраных спраў Ірака. Яшчэ раней была апублікаваная запіс допыту самога экс-прэзідэнта. Акрамя таго, атрымалі распаўсюджванне кадры відэаздымак без гуку допытаў двух адзінакроўных братоў былога дыктатара — Барзана Ібрагіма Хасана Тыкрыці і Уотбана Ібрагіма Хасана, якія былі прэзідэнцкімі саветінікамі і падазраваліся ў датычнасці да забойстваў курдаў[75].

Першапачаткова, асноўнымі абвінавачваннямі павінны былі быць супрацоўніцтва з тэрарыстычнымі арганізацыямі і распрацоўка зброі масавага знішчэння[76]. Аднак, як высветлілася пазней, на момант ўварвання замежных сіл у 2003 годзе Ірак не меў ніякіх забароненых сродкаў і не супрацоўнічаў з баевікамі[31].

Першае пасяджэнне асаблівага трыбунала адбылося ў ліпені 2004. Ужо на ім суддзя агучыў сем абвінавачванняў (папярэдніх) супраць былога іракскага лідара: наўмыснае забойства грамадзянскіх асоб пры дапамозе хімічнай зброі ў мясцовасці Халабжа на поўначы Ірака; наўмыснае забойства грамадзянскіх асоб без суда; наўмыснае вынішчэнне курдскага клана Барзані ў 1983 годзе; наўмыснае забойства святароў; наўмыснае забойства грамадзянскіх асоб падчас аперацый супраць курдаў на поўначы Ірака; наўмыснае забойства грамадзянскіх асоб на поўдні Ірака ў 1991 годзе; уварванне ў Кувейт[74].

Першы судовы працэс з удзелам Садама пачаўся перад спецыяльным трыбуналам Ірака 19 кастрычніка 2005 года. На гэтым працэсе экс-прэзідэнт і сем іншых абвінавачаных былі асуджаныя за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да падзей, якія мелі месца пасля няўдалай спробы замаху ў Дуджэйле ў 1982 годзе членамі ісламскай «Давы»[76]. Другое і асобнае судовае разбіральніцтва пачалося 21 жніўня 2006 года, падчас якога былі асуджаныя Садам і шэсць іншых абвінавачаных у генацыдзе падчас ваеннай кампаніі «Анфаль» супраць курдаў у Паўночным Іраку[77].

5 лістапада 2006 года ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне. 26 снежня апеляцыя была адхіленая, а смяротны прысуд пакінуты ў сіле. Ніякіх далейшых апеляцый прынята не было, і падсудны быў пакараны праз 30 дзён. Дата і месца пакарання трымаліся ў сакрэце да прывядзення прысуду ў выкананне. Садам Хусейн быў пакараны праз павешанне 30 снежня таго ж года. Пасля яго смерці ўсе іншыя абвінавачванні былі знятыя[77].

Пераход кантролю да іракцаўПравіць

ПерадумовыПравіць

Фарміраванне іракскага ўрада яшчэ не азначала вяртанне краіне суверэнітэту. Амерыканцы не вырашаліся перадаваць ініцыятыву ў рукі новым ўладам, паколькі адразу пасля выбараў і пачатку фарміравання кабінета міністраў і парламента Ірак захліснуў міжканфесійны канфлікт паміж шыітамі і сунітамі, які ў некаторых публікацыях называецца як «Сектанцкі гвалт». Аднак актыўная хваля рэлігійнага супрацьстаяння неўзабаве пачала зніжацца[78]. У той жа час, пачынаючы з 2008 года, скарачалася актыўнасць баевікоў супраць акупацыйных фармаванняў і мясцовага насельніцтва[79]. Так, па дадзеных іракскай паліцыі, да сярэдзіны красавіка 2008 года за два месяцы, у Багдадзе загінулі 1586 мірных жыхароў у параўнанні з 2871 загінулымі за аналагічны двухмесячны перыяд у снежні—лютым мінулага года[80]. Таксама на 80% знізілася колькасць выкраданняў, а забойстваў — на 90%[81].

 
Іракскія вайскоўцы патрулююць раён блізу Махмудзіі, у 17 мілях на поўдзень ад Багдаду. Люты 2007 года.

Шмат у чым такія вынікі сталі магчымыя дзякуючы стратэгіі «Новы шлях наперад» (The New Way Forward), больш вядомай як «Вялікая хваля» (Surge[82]). Пра пераход да яе 10 лютага 2007 года заявіў асабіста прэзідэнт Джордж Буш. У сваім выступе перад нацыяй ён прызнаў, што раней дапусціў памылкі ў іракскім пытанні, а таксама адзначыў, што асноўнымі прычынамі папярэдніх правалаў сталі недахоп войскаў і недастатковая свабода дзеянняў амерыканскага камандавання. Новая стратэгія прадугледжвала адпраўку ў Ірак дадатковых сіл у 21,5 тыс. вайскоўцаў і ўзмацненне мер па ахове мяжы. Да гэтага часу ў Ірак перыядычна накіроўваліся дадатковыя войскі, як правіла, на час нацыянальных выбараў або ў сувязі з чарговым абвастрэннем сітуацыі. Розніца заключалася ў тым, што ўзмацненне кантынгенту павінна было працягнуцца на досыць доўгі тэрмін. Акрамя таго, калі раней амерыканскія войскі пакідалі вычышчаныя ад баевікоў раёны, то план «вялікай хвалі» прадугледжваў, што яны будуць заставацца ў іх для працяглага падтрымання бяспекі[83].

Паступова амерыканцы ўсё больш давяралі мясцовых сілавікам, перадаючы ім у распараджэнне рэгіён за рэгіёнам. Часам нават іракскія войскі былі нашмат дзеяздольнымі, чым кааліцыйныя. Так, напрыклад, восенню 2007 года брытанскія войскі практычна цалкам пакінулі Басру ў распараджэнне атрадаў з групоўкі «Армія Махдзі». Пад іх кантролем заставаўся толькі аэрапорт і прылеглыя раёны[84]. У канцы сакавіка 2008-га іракская армія правяла аперацыю «Атака рыцараў», выбіўшы баевікоў з горада[85].

Таксама варта адзначыць, што нават на момант зніжэння ўзроўню гвалту ЗША выпрабавалі сур’ёзныя цяжкасці ад руху паўстанцаў, пры гэтым не маючы здольнасці канчаткова разграміць баевікоў, у той час як апошнія — выбіць кааліцыю з Ірака[64]. Яшчэ ў 2003—2004 гадах ішла гаворка пра тое, што можна пайсці па шляху В’етнама, калі барацьба з партызанскім рухам ажыццяўляецца пераважна мясцовымі ўзброенымі падраздзяленнямі, у той час як амерыканцы займаюцца падрыхтоўкай вайскоўцаў і матэрыяльна-фінансавай падтрымкай[86][87].

Прававая падрыхтоўкаПравіць

 
Джордж Буш і Нуры аль-Малікі на падпісанні дамовы «Аб статусе Узброеных сіл».

27 красавіка 2007 года Кангрэс ЗША прыняў законапраект аб дадатковых выдатках для Ірака, які ўсталёўваў крайні тэрмін вываду войскаў, але прэзідэнт Буш наклаў вета на гэты законапраект, спаслаўшыся на сваю заклапочанасць з нагоды ўстанаўлення крайняга тэрміну вываду амерыканскіх сіл[88][89][90].

9 мая Джым Макговэрн прадставіў Палаце прадстаўнікоў свой план па забяспечэнню перадыслакацыі (вывада) арміі Злучаных Штатаў з Ірака. Аднак і гэты законапраект праваліўся з 255 галасамі супраць 171[91]. Ужо 12 ліпеня Палата прадстаўнікоў прагаласавала 223 супраць 201 галасоў за перадыслакацыю амерыканскіх узброеных сіл. Рэзалюцыя патрабавала, каб большая частка войскаў была выведзена з Ірака да 1 красавіка 2008[92][93].

18 ліпеня таго ж года, пасля дэбатаў, якія доўжыліся ўсю ноч, сенат заблакаваў прыняцце законапраекта, які ўсталёўваў бы графік вываду войскаў, прагаласаваўшы 52 супраць 47 галасоў. Вывад павінен быў пачацца на працягу 120 дзён і запатрабаваў бы, каб усе сілы (за выключэннем нявызначанага ліку, што можна было б пакінуць для выканання вельмі вузкага кола задач) пакінулі краіну да 30 красавіка наступнага года[94].

14 снежня 2008 годзе амерыканскі і іракскі ўрады падпісалі пагадненне «Аб статусе Узброеных сіл». Яно уключала канкрэтную дату — 30 чэрвеня 2009 года, да якой амерыканскія войскі павінны былі сысці з іракскіх гарадоў, і поўную дату сыходу з іракскай тэрыторыі да 31 снежня 2011 года. 14 снежня 2008 года тагачасны прэзідэнт Джордж Буш падпісаў пагадненне аб бяспецы з Іракам. Падчас сваёй чацвёртай і апошняй паездкі ў Ірак амерыканскі лідар выступіў на тэлевізійнай прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Ірака Нуры аль-Малікі, каб адсвяткаваць гэтае пагадненне, і вітаў поспехі ў галіне бяспекі ў Іраку, заявіўшы, што ўсяго два гады таму «такое пагадненне здавалася немагчымым»[95].

 
Барак Абама падчас аб’яўлення новых тэрмінаў сыходу з Ірака на базе Кэмп-Лежэн.

27 лютага 2009 года на базе марской пяхоты Кэмп-Лежэн у Паўночнай Караліне новы прэзідэнт Барак Абама абвясціў аб пераглядзе першапачатковай даты вываду войскаў з Ірака. Неабходна было падоўжыць першапачатковую дату — 30 чэрвеня 2009 года — яшчэ на 10 месяцаў, да 31 жніўня 2010 года. Абама пацвердзіў прыхільнасць першапачатковай даце поўнага вываду войскаў — 31 снежня 2011 года, усталяванай пагадненнем паміж адміністрацыяй Буша і іракскім урадам[96].

Вывад амерыканскага кантынгентуПравіць

13 верасня 2007 года прэзідэнт Буш абвясціў, што 168 000 амерыканскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся ў той час у Іраку, будуць скарочаныя на 5700 чалавек да Каляд і што дадатковыя войскі будуць выведзеныя, у выніку чаго агульная колькасць амерыканскіх войскаў скароціцца з 20 да 15 баявых брыгад да ліпеня 2008 года. Але да канца года колькасць амерыканскіх войскаў у Іраку скарацілася толькі да 146 000 чалавек[32].

Да кастрычніка пад кантролем міжнародных сіл у Іраку заставаліся 5 з 18 правінцый (мухафаз)[97], у астатніх жа забеспячэннем бяспекі займаліся іракскія армія і паліцыя.

19 жніўня 2010 года 4-я брыгада «Страйкер» 2-й пяхотнай дывізіі стала апошняй амерыканскай баявой брыгадай, выведзенай з Ірака. У той жа час у сваёй прамове 31 жніўня 2010 года Абама заявіў, што «амерыканская ваенная місія ў Іраку скончылася. Аперацыя «Іракская свабода» таксама скончылася, і цяпер іракскі народ нясе галоўную адказнасць за бяспеку сваёй краіны»[98][99][100].

У той момант каля 50 000 амерыканскіх вайскоўцаў заставаліся ў краіне ў якасці кансультантаў у рамках аперацыі «Новы світанак», якая працягвалася да канца 2011 года. Амерыканскія вайскоўцы працягвалі навучаць і кансультаваць іракскія войскі[101]. Хутка, з крахам дыскусій аб падаўжэнні знаходжання амерыканскіх сіл, Абама абвясціў аб поўным вывадзе войскаў з Ірака, як і планавалася раней[102]. 15 снежня 2011 года ў Багдадзе адбылася ўрачыстая цырымонія, якая паклала фармальны канец амерыканскай місіі[103]. Апошнія 500 салдат пакінулі Ірак раніцай 18 снежня. На той момант на тэрыторыі Ірака заставаліся супрацоўнікі прыватных ваенных і ахоўных кампаній, а таксама невядомы лік амерыканскіх і іншых замежных інструктараў. Па стане на сакавік 2013 году, агульная колькасць прыватнікаў, без уліку спецыялістаў ўзброеных сіл краін кааліцыі, складала 5500 чалавек[104].

Стаўленне і ацэнкіПравіць

Дзеянні ЗША і іх саюзнікаў у Іраку з’яўляюцца прадметам спрэчак і супярэчнасцяў.

З аднаго боку, звяржэнне дзеючага ўрада і наступная акупацыя паспрыялі рэальнаму ажыццяўленню палітычных правоў насельніцтва, дэмакратызацыі і лібералізацыі краіны, паляпшэнню адносінах з дзяржавамі Захаду, іх блізкаўсходнімі саюзнікамі і Іранам, з якімі раней у Ірака меліся складаныя і часам варожыя адносіны. Акупантамі замест 25-гадовага аўтарытарнаму рэжыму быў сфармаваны новы дэмакратычны, што абраны пры шчырай палітычнай канкурэнцыі на выбарах з альтэрнатыўнай асновай[2]. У гэты час шыіты і курды перасталі падвяргацца дыскрымінацыі, якая мела месца пры суніцкім урадзе Садама Хусейна. Прадстаўнікі гэтых суполак пры і пасля акупацыі змаглі павялічыць свой уплыў на палітыку краіны, заняўшы большую частку месц у дзяржаўным апараце, у тым ліку і прэзідэнцкую пасаду[105]. З іншага боку, пасля пачатку дадзеных падзей рэгіён стаў значна больш нестабільным, асабліва абвастрылася праблема тэрарызму[106]. Пагоршылася сацыяльна-эканамічнае становішча грамадзян, бо ваенныя дзеянні негатыўна паўплывалі на ўсе дасягненні былога рэжыму ў гэтай галіне. У той жа час карупцыя, якая была значнай праблемай яшчэ пры звергнутай уладзе, толькі больш разраслася[107]. Таксама амерыканскае ўварванне крытыкуюць за сфальсіфікаваныя абвінавачванні ўрада Садама Хусейна ў наяўнасці хімзброі і супрацоўніцтве з Аль-Каідай[31]. У дадатак, сама аперацыя, на момант уварвання, не была ўхвалена ў ААН і выклікала незадаволенасць у міжнароднай супольнасці[108].

Вайну ў Іраку шырока падтрымалі неакансерватыўныя колы. На іх думку, стварэнне сапраўдна дэмакратычнай іракскай дзяржавы здольна выклікаць «ланцуговую рэакцыю» і мадэрнізаваць увесь блізкаўсходні рэгіён, якім жорстка і неэфектыўна кіруюць дыктатары, племянныя правадыры ці рэлігійныя лідары. Вынікам гэтага можа стаць ліквідацыя ачагоў міжнароднага тэрарызму і шэрагу прычын, што яго выклікаюць. Збольшага гэта адбілася ў падзеях Арабскай вясны[109].

У 2003 годзе ў рэдакцыйным артыкуле нямецкай газеты Financial Times Deutschland казалася, што амерыканская акупацыя, а дакладней падзенне ўрада Садама, была станоўча ўспрынята іракскім грамадствам, лічачы гэтыя падзеі як вызваленне ад шматгадовай дыктатуры. Непасрэдна выданне пісала пра «радасныя масы людзей на вуліцах Багдаду», якія сведчаць аб тым, што «іракцы вітаюць вызваленне і, такім чынам, абвяргаюць пярэчанні праціўнікаў вайны. Тым самым, ваенная аперацыя супраць Ірака, якую рэзка крытыкавалі па ўсім свеце, набывае заднім лікам некаторую долю легітымнасці»[110]. У 2010 годзе ў артыкуле газеты Al Khaleej (ААЭ) было паказана на некампетэнтнасць новага ўрада Ірака, сфармаванага кааліцыяй, і ўзрост міжканфесійнай варожасці. Выданне пісала, што сілы, якія прыйшлі на змену Садаму, усе таксама шчыльна трымалісь за ўладу, прыкрываючыся дэмакратычнымі лозунгамі. Газета, згадваючы кровапраліцце ў краіне, абвастрала ўвагу на «галасы, якія казалі, што неабходна адкласці вывад акупацыйных войскаў на нявызначаны тэрмін», дадаўшы, што «гэта і ёсць тлумачэнне таго, што адбываецца»[111].

Ужо пасля завяршэння вайны былы прадстаўнік ЗША пры ААН Джон Болтан падкрэсліў[112]:

  Галоўнае, чаго мы [амерыканцы] дамагліся, – гэта звяржэнне Садама Хусейна і яго рэжыму, які прадстаўляў пагрозу для міру і бяспекі ў рэгіёне, ды і ў глабальным маштабе. І што б там ні было з гэтай зброяй масавага знішчэння, гэты рэжым уяўляў небяспеку.  

У 2018 годзе старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра партнёрства цывілізацый МДІМА, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Вавілаў адзначыў у інтэрв’ю RT, што менавіта ваеннае ўварванне пацягнула за сабой рост магутнасці міжнародных тэрарыстычных арганізацый, у тым ліку ўзнікненне групоўкі «Ісламская дзяржава Ірака і Леванта» (ІДІЛ), што ўяўляла сабой глабальную пагрозу ў 2014—2017 гадах, захапіўшы значную частку Сірыі, Ірака і асобныя раёны іншых краін. Ён заявіў[3]:

  Амерыканцы дзейнічалі як слон у пасуднай краме. Яны разбурылі стройную сістэму кіравання, створаную Садамам з улікам напрацовак яго папярэднікаў. Партыя Баас пранізвала сабой усё грамадства. У ёй знаходзіліся ўсе чыноўнікі і бюджэтнікі, пачынаючы з сельскіх настаўнікаў. У выніку Баас разагналі, армію, створаную Садамам Хусейнам, таксама. Куды было дзявацца ўсім гэтым людзям? Яны пайшлі ваяваць. Так паўстала Ісламская дзяржава.  

Паводле праведзенага ў лютым—сакавіку 2007 года апытання насельніцтва Ірака, арганізаванага ABC News, 51% насельніцтва краіны (супраць 17% у пачатку 2004 г.) падтрымлівалі атакі паўстанцаў на войскі ЗША[80]. У маі таго ж года 55% амерыканцаў, паводле апытання Quinnipiac University Poll, лічылі вайну ў Іраку памылкай, а 51% зарэгістраваных выбаршчыкаў выказаліся за вывад ваеннага кантынгенту[113]. Аднак у лютым 2008 года 48% рэспандэнтаў лічылі, што ваенная аперацыя ў Іраку праходзіць добра/вельмі добра, і столькі ж лічылі, што яна ідзе дрэнна[114].

ЗноскіПравіць

  1. Иракские группировки,которые входят в ополчение «Хашд аш-Шааби» опубликовали заявление., Сегодня исполняется 17 лет со дня Вторжения США в Ирак
  2. 2,0 2,1 Эльдар Касаев. Демократизация Ирака // Политический класс, № 5, Май 2009, C. 67-79
  3. 3,0 3,1 «Агрессия против суверенного государства»: как США «спасали» мир от иракского оружия массового поражения // Святослав Князев, RT, 12 июля 2018
  4. The Death Lobby: How the West Armed Iraq. New York: Houghton Mifflin Company. 1991. ISBN 0-395-59305-0. https://archive.org/details/deathlobbyhowthe00timm. 
  5. Тарасов А. Н. Персидские фэнтези, или «Всемирный еврейско-бехаитский заговор»
  6. Аятолла Хомейни против «белой революции». Иран: новые идеи и старые мотивы
  7. Страшный Тегеран: Хомейни глазами разведчика // Новая газета. 2.07.2001
  8. ВОЙНА В ПЕРСИДСКОМ ЗАЛИВЕ
  9. Война в Персидском заливе
  10. Friedman, Alan. Spider's Web: The Secret History of How the White House Illegally Armed Iraq, Bantam Books, 1993.
  11. Война в Ираке
  12. Доказательства непреодолимой силы: предъявил Колин Пауэлл в Совете Безопасности ООН // Газета "Коммерсантъ" №21 от 07.02.2003, стр. 9
  13. Пауэлл прислушался к жене /ДЕНЬ/
  14. Колин Пауэлл требует ответов по поводу лжи относительно оружия массового уничтожения в Ираке // ИноСМИ (пераклад артыкула The Guardian), 17 февраля 2011
  15. 15,0 15,1 Хроника военной операции США против Ирака в 2003 году
  16. 16,0 16,1 Геополитические аспекты войны в Ираке
  17. Laws of War: Laws and Customs of War on Land Архівавана 25 мая 2015 года. (Hague IV); 18 October 1907. The Avalon Project, Yale Law School
  18. Research Initiative Policy Brief(недаступная спасылка) (ed., concerning the application of international humanitarian law)
  19. Iraq Resolution Endorses Plan for Transition, Elections Архівавана 19 верасня 2013 года.. U.N. Security Council Resolution 1546, 8 June
  20. MacAskill, Ewen, Richard Norton-Taylor, and Rory McCarthy, "US and UK look for early way out of Iraq". The Guardian, 22 January 2005
  21. Iraq Bill Demands U.S. Troop Withdraw Архівавана 14 мая 2013 года. Associated Press, Fox News, 10 May 2007
  22. Iraqi parliament wants say in extension of US-led forces. The Jerusalem Post (5 чэрвеня 2007). Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2011.
  23. Coalition Members (англ.) . The White House (27 сакавіка 2003). — Члены коалиции. Праверана 28 лютага 2017.
  24. Опыт использования частных военных компаний в ходе военных конфликтов в Ираке и Афганистане
  25. Report of the Secretary-General on children and armed conflict in Iraq, p. 5. (Праверана 30 кастрычніка 2011)
  26. Текст резолюции 1500 (pdf-файл). Архівавана з першакрыніцы 10 кастрычніка 2013. Праверана 9 лютага 2008.
  27. High court: ASDF mission to Iraq illegal // "The Japan Times" от 17 апреля 2008
  28. В Ираке найдено химическое оружие
  29. Update on chemical demilitarisation
  30. Найденное в Ираке химическое оружие признано смертельно опасным
  31. 31,0 31,1 31,2 США официально признали, что у Саддама не было ОМП
  32. 32,0 32,1 "US Ground Forces End Strength", Global Security.org http://www.globalsecurity.org/military/ops/iraq_orbat_es.htm Архівавана 9 снежня 2014 года.; "President Bush's Speech On Iraq, September 17, 2007, https://www.npr.org/templates/story/story.php?storyId=14406922 Архівавана 14 жніўня 2018 года., accessed 9 Dec 2014
  33. В. П. Юрченко «Военно-политическая обстановка в Ираке (декабрь 2008 года)»
  34. Следующие 1,5 года станут определяющими для миссии США в Ираке — Обама
  35. Руденко Л.Н.Восстановление и развитие экономики Ирака (по материалам Центра стратегических и международных исследований США) // Институт Ближнего Востока.
  36. Буш обещает довести до конца «пурпурную революцию в Ираке»
  37. В. Богданов. Решение о шиитском восстании принималось в Лондоне (Российская газета)
  38. Шиитско-суннитское противостояние в Ираке // Подцероб А.Б., Институт Ближнего Востока, 11 января, 2007.
  39. Order #1: De-Ba'athification of Iraqi Society, The Coalition Provisional Authority. 16.05.2003.
  40. Ирак в годы С. Хусейна. Конец диктатуры.
  41. 41,0 41,1 капитан 1 ранга С. Ковтун. Силы национальной обороны Ирака // „Зарубежное военное обозрение“, № 8 (725), август 2007. стр. 15-21
  42. Протокол НИК Ирака от 10 февраля 2006
  43. Order #2. Dissolution of Entities, The Coalition Provisional Authority. 23.05.2003.
  44. McCarthy J. Op. cit. P. 1.
  45. Ibid. P. 5.
  46. 46,0 46,1 46,2 Ирак по-американски. Дебаасификация иракского общества (2003–2004 гг.) // Руслан Мамедов, РСМД, 11 апреля 2011
  47. В Мосуле неизвестные обстреляли американцев из пулеметов // NEWSRU.COM от 28 апреля 2003
  48. 48,0 48,1 48,2 Четвертый этап новейшей истории Ирака // Lenta.ru, 18 сентября 2004
  49. 49,0 49,1 С. Строкань. Багдад взорвался с шести сторон (Коммерсантъ)
  50. Williams, Carol J.. Suicide attacks soaring in Iraq , Post-gazette.com (June 2, 2005). Праверана 31 студзеня 2009.
  51. List of some attacks 2003-2005
  52. Baghdad: Mapping the violence (BBC)
  53. Project Iraq Body Count
  54. Первый штурм Фаллуджи - операция "Неусыпная решимость" (апрель 2004)
  55. Thomas Ricks. Situation Called Dire in West Iraq (Washington Post)
  56. U.S. and Iraq Take Ramadi a Neighborhood at a Time - New York Times
  57. Войска США нанесли «Удар по полуострову» в районе Багдада (Lenta.ru)
  58. Ночная бомбардировка Фаллуджи была самообороной морских пехотинцев
  59. Who Won the Battle of Fallujah?. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2013. Праверана 23 верасня 2010.
  60. Данные повстанцев: в Эль-Фаллудже американцы потеряли 400 человек, есть перебежчики из армии США
  61. Поимённый список иракцев, убитых в Хадите
  62. US-Hubschrauber greifen Hochzeitsfeier an — Dutzende Tote // Spiegel, 19.05.2004 (перевод inosmi.ru)
  63. 64,0 64,1 Международные коалиционные силы в Ираке
  64. Ирак при Саддаме Хусейне: взгляд в прошлое // РИА Новости, 29 декабря 2006
  65. Siddiqui F. (2013) “The Coalition Provisional Authority and Iraq”, Osgoode Hall Review and Policy In Action 4: 8.
  66. Order #39. Foreign Investment, The Coalition Provisional Authority. 19.09.2003
  67. Дорогой мира и капитализма // Михаил Зыгарь, газета "Коммерсантъ" №185 от 10.10.2003, стр. 9
  68. Siddiqui, F. Op. cit. P. 17.
  69. Iraq - Economy (англ.) .
  70. Iraq Crude Oil Production by Year.
  71. Inflation, consumer prices (annual %).
  72. » Measuring Iraq Middle East Strategy at Harvard.
  73. 74,0 74,1 Суд над Саддамом Хусейном. Справка // РИА Новости, 7 ноября 2006
  74. Трикоз Е. Н. Судебный процесс над Саддамом Хусейном в Иракском Специальном Трибунале // Право и политика. - 2006. - № 10. - C. 66-72.
  75. 76,0 76,1 Саддаму предъявили первое обвинение // Lenta.ru, 18 июля 2005
  76. 77,0 77,1 Суд над Садамам Хусэйнам
  77. Iraq’s Civil War, the Sadrists and the Surge (англ.)  (7 лютага 2008).
  78. Официальная статистика Министерства обороны США от 31 марта 2014 (pdf-файл)
  79. 80,0 80,1 Спецоперация в Багдаде привела к сокращению жертв среди мирного населения (RUnews.com.ua). Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2007. Праверана 3 лютага 2008.
  80. В Багдаде снизилось число жертв насилия среди мирного населения
  81. Слово surge также может переводиться как «подъем», «рост», «всплеск». См. Составлен список самых избитых клише в американских СМИ (Lenta.ru)
  82. Буш рассказал о новой стратегии США в Ираке (UAToday.net). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2008. Праверана 3 лютага 2008.
  83. Senior US military say British suffered "defeat" in Basra and left people of the city to be "terrorised". BBC Press Office. 29 September 2010. http://www.bbc.co.uk/pressoffice/pressreleases/stories/2010/09_september/29/iraq.shtml. 
  84. Rayburn and Sobchak, Vol II., 2019, 368.
  85. ВЬЕТНАМИЗАЦИЯ ИРАКА НАЧАЛАС // Независимая газета, 3 июля 2003
  86. В Ираке началась настоящая война // Известия, 8 апреля 2004 года
  87. Senate passes Iraq withdrawal bill; veto threat looms , CNN (26 April 2007).
  88. Bush vetoes war-funding bill with withdrawal timetable , CNN (2 May 2007).
  89. Bush Vetoes Iraq War Spending Bill , Fox News (1 May 2007).
  90. H.R. 2237. Thomas.loc.gov. Праверана 25 снежня 2012.
  91. wcbstv.com – House Passes Troop Withdrawal Bill. Архівавана з першакрыніцы 13 ліпеня 2007.
  92. House passes bill to bring troops home in '08 – , CNN . Праверана 25 снежня 2012.
  93. Flaherty, Anne. Senate Troop Withdrawal Bill Scuttled , Time (18 July 2007). Праверана 18 ліпеня 2007.
  94. Iraqi Journalist Hurls Shoes at Bush, Is Detained , Fox News (14 December 2008).
  95. Transcript of Obama's Speech at Camp Lejeune, N.C. , White House Transcript (27 February 2009).
  96. В. П. Юрченко. Военно-политическая обстановка в Ираке (октябрь 2008 года) (Праверана 12 мая 2009)
  97. Londoño, Ernesto. Operation Iraqi Freedom ends as last combat soldiers leave Baghdad , The Washington Post (19 August 2010).
  98. President Obama’s Address on Iraq (31 жніўня 2010).
  99. Obama's full speech: 'Operation Iraqi Freedom is over'. NBC News (31 жніўня 2010). Праверана 23 кастрычніка 2010.
  100. Al Jazeera and agencies Last US combat brigade leaves Iraq. Al Jazeera and agencies (19 жніўня 2010). Праверана 19 жніўня 2010.
  101. MacAskill. Iraq rejects US request to maintain bases after troop withdrawal (21 October 2011). Праверана 28 красавіка 2012.
  102. Mak, Tim. Leon Panetta marks end of Iraq war , POLITICO.com (15 December 2011). Праверана 15 снежня 2011.
  103. Anna Fifield. Contractors reap $138bn from Iraq war // «The Financial Times» от 18 марта 2013
  104. Участники конфликта в Ираке: кто они? // TUT.BY, 22 июня 2014
  105. تنسيقيّات البصرة تُعلًّق التظاهرات وتطالب بملاحقة مندسّين من ولاية الجنوب. Праверана 2 кастрычніка 2019.
  106. Кухалейшвили, Георгий Эхо арабской весны: Подводные камни протестов в Ираке. 112.ua (6 кастрычніка 2019). Праверана 5 снежня 2019.
  107. Excerpts: Annan interview , BBC (2004-09-16). Праверана 27 снежня 2015.
  108. Война в Ираке стала историей // Алекс Григорьев, Голос Америки, 15 декабря 2011
  109. Свержение Саддама // ИноСМИ, 10 октября 2003
  110. Американская демократия в Ираке // ИноСМИ, 9 июля 2010
  111. Чего добились американцы в Ираке? // Голос Америки, 19 января 2012
  112. Quinnipiac University Poll.
  113. Obama Has the Lead, but Potential Problems Too (Праверана 12 мая 2009)

ЛітаратураПравіць

  • Кузнецов Д. В. Иракский кризис. Очерк событий. Документы и материалы: Учебное пособие. — Благовещенск: Изд-во БГПУ, 2006. — 259 с.
  • Кузнецов Д. В. Проблемы Ближнего Востока и общественное мнение. В 2-х частях. Часть II. Иракский кризис. — Благовещенск, Изд-во БГПУ, 2009. — 444 с. Переиздание: Кузнецов Д. В. Проблемы Ближнего Востока в зеркале мирового общественного мнения. Книга 2. Иракский кризис и общественное мнение. — LAP LAMBERT Academic Publishing, 2010. — 476 с.
  • Уткин А. И. Правда об Ираке или Битва в Месопотамии. — М.: ОЛМА-пресс, 2007. — 496 с.
  • Gordon, Michael R. (2006). Cobra II: The Inside Story of the Invasion and Occupation of Iraq. Pantheon. ISBN 978-1557782328. https://archive.org/details/cobraiiinsidesto00gord. "michael gordon cobra II." 
  • Bruce R. Pirnie; Edward O'Connell (2008). Counterinsurgency in Iraq (2003–2006). Santa Monica, CA: Rand Corporation. ISBN 978-0-8330-4297-2. 
  • Siracusa, Joseph M., and Laurens J. Visser, "George W. Bush, Diplomacy, and Going to War with Iraq, 2001-2003." The Journal of Diplomatic Research/Diplomasi Araştırmaları Dergisi (2019) 1#1: 1-29 online

СпасылкіПравіць