Алег Ціханавіч Аўдзееў
Алег Ціханавіч Аўдзееў (15 чэрвеня 1926, Ленінград) — кінааператар, сярод работ якога — мастацкія фільмы «Міколка-паравоз» (1956), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Воўчая зграя» (1975), «Дачка камандзіра» (1981) і інш., заслужаны работнік культуры Беларусі.
Алег Ціханавіч Аўдзееў | |
---|---|
Дата нараджэння | 15 чэрвеня 1926 (98 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Жонка | Ефрасіння Леанідаўна Бондарава |
Дзеці | Ігар Алегавіч Аўдзееў |
Род дзейнасці | кінааператар, аператар-пастаноўшчык |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьУ гады Вялікай Айчыннай вайны падлеткам працаваў на авіяцыйным заводзе ў Куйбышаве і адначасова вучыўся ў рамесным вучылішчы, потым быў накіраваны ў індустрыяльны тэхнікум. Пасля вяртання ў Ленінград захапіўся фатаграфіяй, і гэта паспрыяла паступленню на аператарскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі. У 1955 годзе скончыў гэту навучальную ўстанову. Яго дыпломная работа «На рацэ Ацэ», знятая па матывах твораў К. Паўстоўскага (рэжысёр В. Знак), стала сапраўдным мастацкім адкрыццём. Прэм’ера фільма прайшла ў Маскоўскім доме кіно (факт да таго часу рэдкі), і карціна была выпушчана на ўсесаюзны экран.
Пасля інстытута працаваў асістэнтам аператара на «Ленфільме». З 1956 годзе яго дзейнасць была звязана з кінастудыяй «Беларусьфільм». За гэты час зняў шмат розных фільмаў — дакументальных, дзіцячых, ваенных, гістарычных, меладраматычных. Для творчасці А. Аўдзеева характэрны строгі рэалістычны стыль, графічнасць і лірызм. У дакументальным кіно яго вабілі дакладнасць факта, канкрэтныя людзі, сапраўднае жыццё. Сярод кінастужак гэтага жанру — «Першакласнікі» (1962), «Сіні шлях» (1965), «Генерал Даватар» і «Дарогі, якія мы выбіраем» (1967), «Факел» (1971), «Балада пра чорную бярозу» (1977).
Як аператар ён удзельнічаў у стварэнні фільмаў «Дзяўчынка шукае бацьку» (з І. Пікманам) і «Каханнем трэба даражыць» (1959), «Сакратар павяткама» (навела з кінаальманаха «Апавяданні пра юнацтва», 1961), «Крыніцы» (1964), «Чужое імя» (1966), «Неспадзяванае каханне» (1970), «Залаты ганак» (1972), «Воўчая зграя» і «Маленькі сяржант» (1975), «Дажджы па ўсёй тэрыторыі» (1978), «Канец бабінага лета» (1983), «Трывогі першых птушак» (1985), «Жадаеце — кахайце, жадаеце — не…» (1987); тэлевізійных серыялаў «Парашуты на дрэвах» (1973), «Крыж міласэрнасці» (1989—1991). У 1994 годзе (разам з Л. Пякарскім) зняў апошні свой фільм «Раман імператара» і пачаў займацца жывапісам.
Аўтарам і мастаком альбомаў «Первые железные дороги России» (2002), «Петербург-Московская (Николаевская) железная дорога» (2005), «Царскосельская железная дорога» (2006). Успаміны дзяцінства, звязаныя з чыгункай, сталі сюжэтамі жывапісных твораў А. Аўдзеева. На іх — цягнікі, якія прыходзяць на станцыю, імчаць па мастах у яркі восеньскі дзень і марозную ноч праз Паўлаўскі парк і густы лес. На карцінах можна ўпершыню ўбачыць некаторыя дакладныя тэхнічныя дэталі, што даўно зрабіліся гісторыяй: эмблему на машыне Р. Стэфенсана ці конусападобную трубу над паравозам. На палотнах адлюстраваны гісторыі, якія захапляюць сюжэтам і пераконваюць візуальна. Унікальнасць карцін у тым, што там у вобразна-пластычным варыянце яднаюцца два віды мастацтва — кіно і жывапіс. Жывапісныя творы А. Аўдзеева ёсць не што іншае, як спыненыя кадры фільма. У адным з альбомаў змешчаны аўтапартрэт аўтара. Ён стаіць каля кінакамеры. На раменьчыку вісіць фотаапарат — знак таго, што ўсё пачалося з фатаграфіі. Кампазіцыя прадстаўлена пры вячэрнім асвятленні (у лёгкіх прыцемках) — любімым часе сутак А. Аўдзеева — фатографа, кінааператара, мастака.
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 1996. — Т. 2. — С. 84.
- Белорусское кино : персоналии / Национальная киностудия «Беларусьфильм». — Минск, 2007. — С. 69
- Дыялогі на мяжы стагоддзяў : класікі і сучаснікі ў інтэр’еры часу : у 2 ч. / Таццяна Падаляк. — Мінск, 2018. — Ч. 2. — С. 181—186.
- Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2006. — Т. 2. — С. 13-14.
- Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2006. — Т. 2. — С. 13-14.
- Роднае слова. — 2008. — № 12. — С. 91.
- Рэй : па матэрыялах публікацый «Настаўніцкай газеты» / Мікола Чэмер. — Мінск, 2015. — С. 194—200.
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. — Мінск, 1984. — Т. 1. — С. 221.