Алексічы (Хойніцкі раён)

Але́ксічы[1] (трансліт.: Alieksičy, руск.: Алексичи) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Алексіцкага сельсавета.

Вёска
Алексічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першае згадванне
1552 год
Насельніцтва
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Аўтамабільны код
3
Алексічы на карце Беларусі ±
Алексічы (Хойніцкі раён) (Беларусь)
Алексічы (Хойніцкі раён)
Алексічы (Хойніцкі раён) (Гомельская вобласць)
Алексічы (Хойніцкі раён)

ГісторыяПравіць

Вялікае Княства ЛітоўскаеПравіць

Паселішча ці не ўпершыню згаданае ў апісанні Мазырскага замка 1552 года. У ім засведчана, што "села Олексичи а Оводовичи" належалі да Загальскай нядзелі Мазырскай воласці, выконвалі плацёжныя павіннасці ды па чарзе з іншымі нядзелямі розныя работы на карысць замку. Акрамя таго сказана, што "село Олексичское" разам з востравам Чорнаўшчынай знаходзілася ў трыманні зямяніна Андрэя Абуха (продка паноў Абуховічаў у Мазырскім павеце)[2].

З сярэдзіны 1560-х гадоў Алексічы — у складзе Мазырскага павета Кіеўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, пасля падпісання акта Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. 10 (20 ліпеня) 1568 года "...тые села Оводовичи (Вадовічы) и Олекшичи, в которых ест служоб деветнадцат и пол..." (1 служба прыходзілася на 2 двары і болей) падараваныя каралём Жыгімонтам Аўгустам у якасці лену зямянам Філону, Паўлу, Кандрату, Сямёну, Іосіфу, Філіпу Круневічам. Быць леннікам азначала за маёнтак "службу земскую военную служити и заступовати.., яко и иные рыцерство, земяне, шляхта…" каралю і Айчыне[3]. Пазней прывілеем караля Стэфана Баторыя ад 25 лютага 1585 года дзве часткі Вадовічаў і Алексічаў, што засталіся ад памерлых без нашчадкаў "мужсъкого рожаю" (умова валодання ленам) Кандрата і Іосіфа Круневічаў, аддадзеныя пану Давыду Есману[4].

30 жніўня 1658 года права на ленныя маёнткі Алексічы і Глінішча (bona Olexicze et Hliniszcze) было пацверджана мазырскаму харунжаму Рыгору Круневічу лістом караля Яна Казіміра[5]. Леннае права на Алексічы 18 сакавіка 1637 года ў Кіеўскім і 18 чэрвеня 1671 года ў Лідскім гродскім судзе пацвярджаў пан Казімір Аляксандр Круневіч. 4 снежня 1721 года запіс на права валодання Алексічамі і Вадовічамі ўнесены ў кнігі гродскія Кіеўскія з падачы ксяндза Войцеха Янкоўскага, міністра Оўруцкай рэзідэнцыі езуітаў[6]. У справе аб дваранстве роду Аскеркаў сказана, што ў 1782 годзе паводле завяшчання пана Багуслава Леапольда сынам ленны маёнтак з вёскамі Новы Двор, Тунеўшчызна, сялом Алексічы і мястэчкам Багуславец дастаўся Фларэнціну, а пасля яго сыну Антонію.[7]

Пад уладай Расійскай імперыіПравіць

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Алексічы апынуліся ў Рэчыцкім павеце Чарнігаўскага намесніцтва, потым Маларасійскай губерні, з 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыі. У 1796 годзе ў валоданні мазырскага земскага суддзі Фларыяна Аскеркі былі «сельцо Алексичи и двор, местечко Богуслав, село Борисовщина, деревня Туновщизна»[8]. У 1811 годзе маёнтак Новы Двор — уласнасць Юзафа і Антонія, сыноў Фларыяна, Аскеркаў[9]. На 1834 год уладальнікамі названыя Антоні і Брыгіда з Шышкаў Аскеркі. У Алексічах тады было 22 двары са 154 жыхарамі[10]. У 1840-я гады маёнткам Новы Двор завалодалі паны Вінчы. У спісах землеўладальнікаў Мінскай губерні 1876, 1889 гадоў уласніцай названая пані Генрыета, дачка Калікста Вінча, Сушчынская. Паводле спісу 1911 года часткі Новага Двора дзялілі між сабой Зянон, Генрык і Мечыслаў, сыны Гераніма, Сушчынскія.

У паслярэформенны перыяд сяло Алексічы належала да Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1871 годзе ўзведзены новы будынак драўлянай Свята-Мікалаеўскай прыходскай царквы. Метрычныя кнігі ў ёй захоўваліся з 1796 года. У 1897 годзе ў сяле знаходзіліся царкоўна-прыходская школа, хлебазапасная крама, тры ветракі. На 1909 г. у сяле 76 двароў, 587 жыхароў, у фальварку Двор Новы 1 двор, 15 жыхароў.[11]

Найноўшы часПравіць

З 8 снежня 1926 года Алексічы — цэнтр Алексіцкага сельсавета Юравіцкага, з 8 ліпеня 1931 года Хойніцкага раёна. З 20 лютага 1938 года у складзе Палескай, з 8 студзеня 1954 года ў Гомельскай вобласці.

У 1920-я гады пры землеўпарадкаванні, паводле сведчання Паўла Фёдаравіча Мележа ў лісце да сына, з сяла Алексічы былі ўтвораны тры пасёлкі: Алексічы, Дуброва і Рабец.[12] У 1931 годзе арганізаваны калгасы «Камунар» і «Пралетарый», дзейнічалі 3 кузні і 2 ветракі.

У жніўні 1942 года акупанты спалілі ў Алексічах 123 двары, знішчылі 366 чалавек. На фронце загінулі 58 жыхароў вёскі.

У 1959 годзе 390 жыхароў. У складзе калгаса «Ленінскі шлях» з цэнтрам у вёсцы Глінішча. На той час існавалі пачатковая школа, клуб, бібліятэка, бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, крама.

Знакамітыя асобыПравіць

Тут, у маёнтку Новы Двор, 8 (20) чэрвеня 1843 года ў сям’і шляхціча-пасэсара (арандатара) Ігната Стравінскага нарадзіўся сын Фёдар, у будучыні знакаміты оперны бас, артыст Марыінскага тэатра ў Пецярбургу, бацька сусветна вядомага кампазітара Ігара Стравінскага.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. У творах І. П. Мележа ўжытая назва Але́шнікі, семантычна адрозная ад гістарычнай назвы Алексічы
  2. Архив Юго-Западной России (АрхивЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 636, 644
  3. Литовская метрика. Книга записей 51 (1566—1574). — Вильнюс, 2000. С. 177—179
  4. Метрыка ВКЛ. Кніга запісаў 70. (1582—1585). Падрыхт. А. А. Мяцельскі. — Мінск, 2008. С. 246—247
  5. Metryka Litewska, Księga wpisów Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 157—158, 234
  6. АрхивЮЗР. С. 222—225
  7. НГАБ у Мінску. Ф. 319. Воп. 2. Спр. 2386. А. 71адв.
  8. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
  9. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 171
  10. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 347. А. 1408, 1416—1423
  11. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. – Минск, 1909. С. 3, 50
  12. http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=4591

ЛітаратураПравіць

  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0330-6 ISBN 985-11-0302-0

СпасылкіПравіць