Адкрыць галоўнае меню

Алена Георгіеўна Лось (22 лістапада 1933, Вільня, Польшча — 14 ліпеня 2013, Мінск[1]) — беларускі графік.[2]

Алена Георгіеўна Лось
Дата нараджэння: 22 лістапада 1933(1933-11-22)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 14 ліпеня 2013(2013-07-14) (79 гадоў)
Месца смерці:
Грамадзянства:
Род дзейнасці: мастак
Вучоба:
Узнагароды:
медаль Францыска Скарыны

БіяграфіяПравіць

Нарадзілася ў Вільні, дзе вучыўся яе бацька, ураджэнец Брэстчыны. Неўзабаве сям'я пераехала на радзіму бацькі, які на працягу 7 гадоў працаваў урачом у Лыскаве. Маці Алены свабодна валодала нямецкай і французскай мовамі і навучыла ім дачку. У Лыскаве Алена пайшла ў польскую школу, аднак бацьку перавялі на працу ў новую бальніцу ў Магілёўцы і сям'я пераехала з ім. Пазней сям'я пераехала ў Ружаны, там з маці і бабуляй Алена перажыла 2-ю сусветную вайну. Бацька быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію з Мінска, дзе на пачатак вайны знаходзіўся на курсах павышэння кваліфікацыі.[3]

У акупацыю сям'я зведала звычайныя цяжкасці таго часу, але дапамагала веданне маці нямецкай мовы, у доме Лосяў кватэравалі нямецкія ляснічыя. Маці працавала ў бухгалтэрыі лясніцтва, разам з іншымі антыфашыстамі ратавала людзей ад вывазу ў Германію, запісваючы ў рабочыя лясніцтва. Дом Лосяў разам з усёй вуліцай немцы спалілі пад час адступлення[4]. Пасля вызвалення органы НКДБ расследавалі супрацоўніцтва маці з акупантамі, паказанні выратаваных людзей дапамаглі ёй апраўдацца. Адразу пасля вайны маці працавала ў банку, а Алена, пасля ваеннага перапынку ў вучобе, пайшла адразу у 6-ы клас. Бацька пасля вайны ў сям'ю не вярнуўся, жыў у Мінску, але дачцэ дапамагаў.[3]

У 1948 годзе Алена скончыла 9 класаў у Ружанах і разам з маці і бабуляй пераехала ў Вільнюс, паступіла ў апошні клас гімназіі[4]. Даволі хутка вывучыла літоўскую мову[4]. Паступіла ў Дзяржаўны мастацкі інстытут Літоўскай ССР, які скончыла ў 1955 годзе[2][4]. Вучылася ў І. Кузьмінскіса і В. Чэрняўскайтэ[4]. Дыпломная работа — ілюстрацыі да казкі «Граф і прачка» П. Цвіркі[4]. У гады вучобы ў інстытуце, падчас гасцявання ў маскоўскіх сябровак-студэнтак, Алена пазнаёмілася з будучым мужам Гары Якубені[5]. У 1956—1957 гадах працавала ў літоўскіх выдавецтва, але заказаў ёй амаль не давалі, бо не літоўка[5]. Працавала мастаком у Вышэйшай партшколе ЛітССР[5]. У гэты час творы А. Лось убачыла Алена Аладава, дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі, і, даведаўшыся, што ў мастачкі няма працы ў Літве, запрасіла яе прыехаць у Мінск[5]. Некаторы час А. Лось жыла ў Вільнюсе, а ў Мінск ездзіла па заказы. Урэшце мастачка пераехала ў Мінск, але яе маці засталася ў Вільнюсе[5]. З 1963 года сябра Беларускага саюза мастакоў[1].

ТворчасцьПравіць

Вядома ў асноўным як мастак дзіцячай кнігі[2]. Ілюстравала творы беларускай вуснай народнай творчасці[2]. Працавала таксама ў станковай графіцы і літаграфіі[1].

Між іншага аформіла кнігі беларускіх народных казак «Ох і залатая табакерка» (1967), «З рога ўсяго многа» (1968)[1]. Ілюстравала кнігі Алеся Якімовіча «Вераб'іныя госці» (1960), Васіля Віткі «Дударык» (1965), Змітрака Бядулі «Скарб» (1966), Авяр'яна Дзеружынскага «Кую-кую ножку» (1967), Ніла Гілевіча «Загадкі» (1971), Уладзіміра Ягоўдзіка «Бабуліна варта» (1999) і дзесяткі іншых беларускіх кніг[1]. Стварыла шэраг ілюстрацый для выданняў «Слова пра паход Ігараў» (1986)[6], ёй жа належыць і афармленне гэтай кнігі[1][2], «Залатая яблынька», «Песні заходнік славян» і «Руслан і Людміла» А. С. Пушкіна, «Канёк-Гарбунок» П. Яршова[7]. Агулам Алена Лось аформіла каля 100 выданняў, першыя з іх выйшлі ў 1960-х, апошнія — у 1990-х гадах[7].

Аўтар серый лінарытаў «Дзеці Белавежы» (1966), «Людзі на Прыпяці» (1973), «Радасць працы» (1976) і іншых[1]. Таксама аўтар цыклу каляровых літаграфій па матывах беларускага фальклору[1], «Ляўкоўскага цыклу» па матывах творчасці Янкі Купалы[7], цыклу «Казкі жыцця» па матывах творчасці Якуба Коласа[7], цыклу па матывах уласных палескіх падарожжаў[1].

Аўтар кнігі для дзяцей пра Палессе «Дзесяць дзён у Барку» (1984)[8].

СпадчынаПравіць

Творы Алены Лось захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», Літаратурных музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Мінску, у Галереі Алены Георгіеўны Лось у Мінскай дзіцячай бібліятэцы №2, мемарыяльным музеі Аляксандра Пушкіна ў Маскве, фондах Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, іншых музеях і галерэях, прыватных калекцыях.[1]

ПрызнаннеПравіць

  • Дыплом імя Ф. Скарыны на рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі»[2] (1978) за афармленне кнігі В. Віткі «Ладачкі-ладкі».
  • Дыплом I ступені на Усесаюзным конкурсе кнігі (1978)[2]
  • Медаль Францыска Скарыны (2003)[9]

ЗноскіПравіць

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 1,8 1,9 Чыгрын С. Не стала мастачкі…
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 Булахов М. Г. Лось…
  3. 3,0 3,1 Шарангович, 2011, с. 209.
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 Шарангович, 2011, с. 210.
  5. 5,0 5,1 5,2 5,3 5,4 Шарангович, 2011, с. 211.
  6. Слова пра паход Ігаравы / Склад. В. А. Чамярыцкі. — Мн.: Маст. літ., 1986.
  7. 7,0 7,1 7,2 7,3 Шарангович, 2011, с. 208.
  8. Лось А. Дзесяць дзён у Барку (для дашк. узросту). — Мн.: Юнацтва, 1984.
  9. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19 лістапада 2003 г. № 526

ЛітаратураПравіць

  • Беларускі саюз мастакоў, 1938—1998: энцыклапедычны даведнік. — Мн., 1998;
  • Беларуская станковая графіка. — Мн.: Беларусь, 1978. — С. 175, 188, 189, 211, 252;
  • Булахов М. Г. Лось // «Слово о полку Игореве» в литературе, искусстве, науке: Крат. энцикл. слов. — Мн.: Университетское, 1989. — С. 244;
  • Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. Брестская область. В 2 кн. — Кн. 2. — Мн., 2009;
  • Художники Советской Белоруссии. — Мн.: Беларусь, 1976. — С. 215;
  • Чыгрын С. Не стала мастачкі Алены Лось. — novychas.info, 16.07.2013;
  • Шарангович Н. Удивительные сны и сказки детства // Нёман. — 2011. — № 2. — С. 207—212.
  • Ягоўдзік У. «Каб не маўчала душа…» [Алена Лось] // Наша вера. № 4. — Мн.: Маці Божая Фацімская. 2007. — С. 67-71;
  • Ягоўдзік У., Шаціла Ю. Алена Лось: Жывапіс, графіка. — Мн.: Марыя Ягоўдзік, 2009.