Алена Роўнаапостальная
Флавія Юлія Алена Аўгуста (лац.: Flavia Iulia Helena; каля 250—330) — маці рымскага імператара Канстанціна I. Праславілася сваёй дзейнасцю па распаўсюджванні хрысціянства і праведзенымі ёю раскопкамі ў Іерусаліме, у час якіх, паводле сцвярджэнняў хрысціянскіх храністаў, былі здабыты Труна Гасподняя, Жыватворчы Крыж і іншыя рэліквіі Мукаў Хрыстовых.
Алена Роўнаапостальная | |
---|---|
грэч. Ἑλένη | |
| |
Дата нараджэння | каля 250[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 18 жніўня 330 |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Шануецца | шэрагам хрысціянскіх цэркваў |
У ліку | роўнаапостальных |
Дзень памяці | 6 сакавіка (19 сакавіка) і 21 мая (3 чэрвеня) |
Заступніца | вытворцаў іголак і цвікоў, шахцёраў, фарбавальшчыкаў[2] |
Атрыбуты | крыж |
Працы | распаўсюджванне хрысціянства, раскопкі евангельскіх месцаў у Іерусаліме |
Муж | Канстанцый I Хлор |
Дзеці | Канстанцін I Вялікі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Алена шануецца шэрагам хрысціянскіх цэркваў як святая ў ліку роўнаапостальных (Святая Роўнаапостальная царыца Алена, Алена Канстанцінопальская).
Жыццяпіс
правіцьДакладны год нараджэння Алены невядомы[3]. Нарадзілася яна ў гарадку Дрэпан у Віфініі (недалёка ад Канстанцінопаля ў Малой Азіі), як пра тое паведамляе Пракоп[4]. Пазней яе сын, імператар Канстанцін Вялікі, у гонар маці «ранейшае паселішча Дрэпану зрабіў горадам і назваў Еленопалем»[5]. Сёння гэта паселішча атаясамляецца[6] з турэцкім горадам Херсек, наваколлі Алтынавы, правінцыя Ялава.
Як мяркуюць сучасныя гісторыкі[крыніца?], Алена дапамагала свайму бацьку на коннай станцыі, разлівала віно падарожнікам, якія чакалі перапрагання коней, ці проста працавала служанкай у карчме[7]. Там яна, мабыць, і пазнаёмілася з Канстанцыем Хлорам пры Максіміяне Геркуліі, які стаў кіраўніком (цэзарам) Захаду. У пачатку 270-х гадоў яна стала яго жонкай, або канкубінай, гэта значыць неафіцыйнай пастаяннай сужыцелькай[8].
27 лютага 272 года[9] у горадзе Наіс (суч. сербскі Ніш) Алена нарадзіла сына — Флавія Валерыя Аўрэлія Канстанціна, будучага імператара Канстанціна Вялікага, які зрабіў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імперыі. Пра тое, ці былі ў Алены яшчэ дзеці, нічога не вядома[крыніца?].
У 293 годзе Канстанцый быў усыноўлены імператарам Максіміянам і разыйшоўся з Аленай, ажаніўшыся з пасербкай Максіміяна Феадорай. Пасля гэтага і да пачатку валадарання яе сына звесткі пра жыццё Алены адсутнічаюць. Верагодна[крыніца?], яна не выдалялася далёка ад родных месцаў, таму што яе сын Канстанцін пачаў узвышэнне з Нікамедыі (цэнтр Віфініі), адкуль быў выкліканы ў 305 годзе на захад бацькам, які стаў імператарам заходняй часткі Рымскай імперыі. Не выключана[крыніца?], што Алена перабралася на захад бліжэй да сына ў Трэвер (сучасны Трыр), які стаў рэзідэнцыяй Канстанціна пасля таго, як ён атрымаў у спадчыну ад бацькі самую заходнюю частку Рымскай імперыі. У брашуры, выдадзенай епіскапатам і духавенствам Трырскага сабора, паведамляецца, што святая Алена «аддала частку свайго палаца біскупу Агрытыусу» пад царкву, стаўшы заснавальніцай Трырскага кафедральнага сабора Святога Пятра[10].
Калі Алена перавярнулася ў хрысціянства, ёй было ўжо за шэсцьдзесят. Паводле сведчанняў яе сучасніка Еўсевія Кесарыйскага, гэта адбылося пад уплывам яе сына Канстанціна[11]. Першыя манеты з выявай Алены, дзе яна тытулуецца Nobilissima Femina (літар. «найвысакародная жанчына»), былі адчаканены ў 318—319 гг. у Фесалоніках[12]. У гэты перыяд Алена, верагодна, пражывала пры імператарскім двары ў Рыме ці Трыры, але згадак у гістарычных хроніках пра гэта няма[13]. У Рыме ёй належаў вялікі маёнтак Сесорый. У адным з памяшканняў яе палаца была ўстроена хрысціянская царква — Аленінская базіліка (Liber Pontificalis прыпісвае яе пабудову Канстанціну, але гісторыкі не выключаюць таго, што ідэя перабудовы палаца належала самой Алене)[14].
У 324 годзе Алена была абвешчана сваім сынам аўгустай: «вянчаў ён царскім вянком багамудрую маці сваю, Алену, і дазволіў ёй, як царыцы, чаканіць сваю манету»[15]. Еўсевій адзначыў, што Канстанцін даручыў Алене распараджацца царскай казной паводле свайго меркавання[16]. Пра вялікую павагу імператара да маці ёсць таксама сведчанне з боку нехрысціянскага гісторыка. Аўрэлій Віктар перадае гісторыю, як Канстанцін забіў сваю жонку Фаўсту з-за папрокаў Алены ў яе адрас[17].
У 326 годзе Алена (ужо ў вельмі старэчым узросце, хоць і ў добрым здароўі) распачала паломніцкае падарожжа ў Іерусалім: «гэта старыца незвычайнага розуму са шпаркасцю юнака паспяшалася на ўсход»[18]. Пра яе набожную дзейнасць падчас падарожжа падрабязна распавёў Еўсевій, і водгаласы яго захаваліся ў рабінскім антыевангельскім сачыненні V стагоддзя «Тальдот Ешу», у якім Алену (маці Канстанціна) назвалі кіраўніцай Іерусаліма і прыпісалі ёй ролю Понція Пілата[19].
Сканала Алена на 80-м годзе жыцці — паводле розных здагадак, у 327, 328 ці 330 годзе[20][21]. Месца яе смерці дакладна невядома, называецца Трыр[22], дзе ў яе быў палац[23], ці нават Палесціна[24]. Версія пра смерць Алены ў Палесціне не пацвярджаецца паведамленнем Еўсевія Памфіла, што яна «скончыла сваё жыццё ў прысутнасці, на вачах і ў абдымках такога вялікага сына»[25].
Раскопкі Алены ў Іерусаліме
правіцьВа ўзросце каля 80 гадоў Алена распачала падарожжа ў Іерусалім. Сакрат Схаластык піша, што гэта яна зрабіла пасля таго, як атрымала ўказанне ўва сне[26]. То ж паведамляе і «Хранаграфія Феафана»: «мела прывід, у якім ёй загадвалася адправіцца ў Іерусалім і вывесці на святло божае месцы, зачыненыя бязбожнікамі»[27]. Атрымаўшы падтрымку ў гэтым распачынанні ад свайго сына, Алена адправілася ў паломніцтва:
|
У пошуках рэліквій Мукаў Хрыстовых Алена пачала раскопкі на Галгофе, дзе, раскапаўшы пячору, у якой, паводле падання, быў пахаваны Ісус Хрыстос, здабыла Жыватворчы Крыж, чатыры цвікі і тытла INRI. Таксама з паломніцтвам Алены ў Іерусалім паданне IX стагоддзя, якое не грунтуецца на гістарычных хроніках, звязвае паходжанне святой лесвіцы[28]. Здабыццё ёю Крыжа паклала пачатак святу Узвіжання Крыжа. Дапамогу ў раскопках Алене аказалі іерусалімскі епіскап Макарый I і згаданы ў апокрыфах мясцовы жыхар Іуда Кірыяк[20].
Гэта гісторыя апісана многімі хрысціянскімі аўтарамі таго часу: Амвросіем Медыяланскім (каля 340—397), Руфінам (345—410)[29], Сакратам Схаластыкам (каля 380—440)[30], Феадарытам Кірскім (386—457)[31], Сульпіцыем Северам (каля 363—410)[32], Сазаменам (каля 400—450)[33] і іншымі[34].
Падарожжа і дабрачыннасць Алены падчас паломніцтва апісаны ў «Жыцці блажэннага васілеўса Канстанціна» Еўсевіем Кесарыйскім пасля смерці Канстанціна для праслаўлення імператара і яго сям'і:
Падарожнічаючы па ўсім усходзе з царскай пышнасцю, яна асыпала незлічонымі добрымі ўчынкамі як наогул насельніцтва гарадоў, так, у прыватнасці, кожнага, хто прыходзіў да яе; гэтая правіца шчодра ўзнагароджвала войска, вельмі шмат дапамагала бедным і бездапаможным. Адным яна аказвала грашовую дапамогу, іншых у дастатку забяспечвала адзеннем для прыкрыцця галізны, іншых вызваляла ад кайданоў, пазбаўляла ад цяжкай працы ў капальнях, выкупляла ў пазыкадаўцаў, а некаторых вяртала са зняволення[35].
Найбольш раннія гісторыкі (Сакрат Схаластык, Еўсевій Памфіл) паведамляюць, што за час знаходжання на Святой зямлі Аленай былі заснаваны тры храмы на месцах евангельскіх падзей[36][37]:
- на Галгофе — храм Труны Гасподняй;
- у Віфлееме — базіліка Раства Хрыстава;
- на Елеонскай гары — царква над месцам Узнясення Хрыста;
Жыціе святой Алены, напісанае пазней, у VII стагоддзі, змяшче больш шырокі спіс пабудоў, у які, апроч ужо пералічаных, уваходзяць:
- у Гефсіманіі — царква Святой сям'і;
- у Віфаніі — царква над грабніцай Лазара;
- у Хеўроне — царква каля Мамврыйскага дуба, дзе Бог з'явіўся Аўрааму;
- каля Тыверыядскага возера — храм Дванаццаці Апосталаў;
- на месцы ўзнясення Ільі — храм у імя гэтага прарока;
- на гары Фавор — храм у імя Ісуса Хрыста і апосталаў Пятра, Якава і Іаана;
- каля падножжа гары Сінай, каля Неабпальнай купіны — царква, прысвечаная Багародзіцы, і вежа для манахаў[38].
Паводле Сакрата Схаластыка, імператрыца Алена падзяліла Жыватворчы Крыж на дзве часткі: адну змясціла ў сярэбранае сховішча і пакінула ў Іерусаліме «як помнік для наступных гісторыкаў», а другую адправіла свайму сыну Канстанціну, які змясціў яе ў сваю статую, пастаўленую на калоне ў цэнтры Канстанцінавай плошчы. Сыну Алена таксама накіравала два цвікі ад Крыжа (адзін быў змешчаны ў дыядэму, а другі — у аброць). На зваротным шляху з Іерусаліма Алена заснавала шэраг манастыроў (напрыклад, Стаўравуні на Кіпры), дзе пакідала часціцы знойдзеных ёю рэліквій[20].
Датаванне дзейнасці Алены
правіцьГісторыкі працягваюць спрачацца, у якім годзе Алена ажыццяўляла сваю дзейнасць у Палесціне. Найбольш распаўсюджанай з'яўляецца дата, якая прыводзіцца ў Сакрата Схаластыка, — 326 год. Сакрат не называе года, у які адбылося здабыццё крыжа, але ў яго «Царкоўнай гісторыі» апавяданне пра падзею ідзе адразу пасля згадкі пра святкавання 20-годдзя кіравання Канстанціна (25 ліпеня 326 года)[36]. Усходазнавец Іосіф Асемані (дырэктар Ватыканскай бібліятэкі) у XVIII стагоддзі меркаваў, што Крыж быў знойдзены Аленай 3 мая 326 года (паводле юліянскага календара)[39].
Рускі багаслоў прафесар М. М. Скабалановіч, грунтуючыся на александрыйскай хроніцы VI стагоддзя, адносіць здабыццё Крыжа да 320 годзе. Пры гэтым ён катэгарычна не згодзен з датаваннем гэтай падзеі 326 годам, таму што паводле яго меркавання, Алена памёрла ў год правядзення Нікейскага сабору, гэта значыць у 325 годзе[40].
Святая Алена ў брытанскім фальклоры
правіцьГальфрыд Монмуцкі (XII стагоддзе) у сваёй «Гісторыі брытаў» называе Алену дачкой Коеля, легендарнага караля брытаў. Паводле яго апавядання, імператар Канстанцый падчас паходу на Брытанію прыняў прапанову караля Коеля пра мір пры ўмове выплаты ім звычайнай даніны, а пасля яго смерці:
…узяў у жонкі яго дачку, якую звалі Аленай. Прыгажосцю сваёй яна пераўзыходзіла ўсіх дзяўчын гэтай краіны… Акрамя яе, у Коеля, яе бацькі, не было нікога, хто мог бы заняць пасля яго каралеўскі прастол, вось чаму ён паклапаціўся даць ёй такую адукацыю, каб пасля смерці яго яна магла справіцца з кіраваннем дзяржавай. Такім чынам, Канстанцый пабраўся з ёю на шлюбным ложы, і яна нарадзіла яму сына, якога назвала Канстанцінам[41].
З далейшага апавядання вядома, што Алена знаходзілася пры Канстанціне ў Брытаніі да таго моманту, калі ён пачаў паход на Рым на Максенцыя. У паходзе «пры ім знаходзіліся тры дзядзькі Алены, а менавіта Іаелін, Трагерн, а таксама Марый, якіх ён узвёў у сенатарскую годнасць». З гэтага моманту Гальфрыд Монмуцкі больш не згадвае Алену ў сваім сачыненні.
Гэтая легенда, верагодна, узнікла пад уплывам сачыненняў Еўсевія, якія Гальфрыд выкарыстоўваў пры напісанні сваёй працы[крыніца?]. Еўсевій паведамляе пра паход Канстанцыя ў Брытанію, пра яго смерць у палацы ў Эбараку (Ёрк), куды незадоўга да гэтага прыбыў яго сын Канстанцін[42].
Ушанаванне памяці
правіцьЦаркоўнае шанаванне
правіцьЗа сваю дзейнасць па распаўсюджванні хрысціянства Алена кананізавана ў ліку роўнаапостальнай — гэтага гонару былі ўдастоены яшчэ толькі пяць жанчын у хрысціянскай гісторыі (Марыя Магдаліна, першамучаніца Фёкла, мучаніца Апфія, княгіня Вольга і асветніца Грузіі Ніна)[43][44].
На Усходзе шанаванне Алены як святой узнікла неўзабаве пасля яе смерці і асабліва распаўсюдзілася ў Візантыйскай імперыі ў часы кіравання імператара Канстанціна VI і імператрыцы Ірыны, на Захадзе імя Алены з'яўляецца ў некаторых спісах Мартыралог Ераніма Стрыдонскага, а пасля перанясення ў IX стагоддзі яе мошчаў у Авілер шанаванне Алены распаўсюджваецца ў франкаў[20].
Памяць Святой Алены:
- у праваслаўнай царкве — 6 сакавіка (19 сакавіка) (успамін пра здабыццё Аленай Жыватворчага Крыжа і цвікоў) і 21 мая (3 чэрвеня) (памяць роўнаапостальных Канстанціна і Алены) у памесных праваслаўных цэрквах, якія выкарыстоўваюць юліянскі каляндар[45]; 6 сакавіка і 21 мая ў памесных праваслаўных цэрквах, якія выкарыстоўваюць новаюліянскі каляндар;
- у каталіцкай царкве — 18 жніўня ў храмах, якія выкарыстоўваюць заходні абрад; 21 мая ці 3 чэрвеня[46] у храмах, якія выкарыстоўваюць усходні абрад[47].
- у лютэранскай царкве — 21 мая;
- у копцкай царкве — 9 пахона.
У памяць пра раскопкі Алены ў Іерусаліме і здабыццё ёю Крыжа Гасподняга ў храме Труны Гасподняй у яе гонар названы асобны прыдзел, які сёння належыць Армянскай апостальскай царкве. У алтары гэтага прыдзела маецца акно, якое адзначае месца, з якога Алена, паводле падання, назірала за ходам раскопак і кідала для заахвочвання працаўнікоў грошы. З прыдзела Святой Алены вядзе лесвіца ўніз, у прыдзел здабыцця Крыжа[48].
Выраз «новая Алена» стала ва ўсходнім хрысціянстве намінальным — яго выкарыстоўваюць як да святых імператрыц (Пульхерыі, Феадоры і іншых), так і да княгінь (напрыклад, Вольгі), якія шмат зрабілі для распаўсюджвання хрысціянства ці зацвярджэння і захавання яго дагматаў[49]. У старажытнарускім летапісным зборы «Аповесць мінулых гадоў» паведамляецца, што бабка хрысціцеля Русі Уладзіміра княгіня Вольга была нарачона пры хрышчэнні імем Алена ў гонар маці Канстанціна Вялікага[50].
Гісторыя мошчаў
правіцьПасля смерці цела Алены было перанесена яе сынам у Рым, пра што паведамляе Еўсевій Памфіл:
«цела блажэннай удастоена было таксама незвычайных ушанаванняў. У суправаджэнні шматлікіх дарыфораў, яно было перанесена ў царскі горад і там пакладзена ў царскай пахавальні. Так памёрла маці васілеўса, годная незабыўнай памяці і за багалюбівыя свае справы, і за пераемную і дзівосную галіну [гэта значыць за Канстанціна], якая вырасла ад яе…»[51]
У Рыме Алена, паводле гістарычных звестак, была пахавана ў маўзалеі на Лабіканскай дарозе па-за межамі Аўрэліянавых сцен[52]. Грабніца прылягала да царквы Святых Маркеліна і Пятра (абодва будынкі былі пабудаваны ў 320-х гадах імператарам Канстанцінам). Паводле Liber Pontificalis, гэтая грабніца першапачаткова будавалася Канстанцінам для ўласнага пахавання[53]. Дзеля пахавання сваёй маці Канстанцін перадаў не толькі сваю грабніцу, але і выраблены для яго парфіравы саркафаг, які цяпер захоўваецца ў музеях Ватыкана[20].
З царквы Святых Маркеліна і Пятра ў IX стагоддзі мошчы Алены былі вывезены ў абацтва Сен-П'ер-д’Авілер у Шампані ў ваколіцах Рэймса (Францыя)[54]. У ім яны знаходзіліся да 1871 года, а ў перыяд Парыжскай камуны былі перанесены ў Парыж, дзе захоўваюцца ў крыпце царквы Сен-Лё-Сен-Жыль[55][56].
Мошчы Алены, якія засталіся ў маўзалеі, у перыяд папства Інакенція II (1130—1143 гады) былі перанесены з царквы Маркеліна і Пятра ў царкву Санта-Марыя-ін-Арачэлі на Капіталійскім узгорку[54]. Над саркафагам з мошчамі Св. Алены злева ад галоўнага алтара царквы ўзвялі ківорый тыпу ратонды, у форме актагона на васьмі калонах з купальным пакрыццём, якое ўзыходзіць да незахаванай ратонды Уваскрэсення (Анастасіс) Св. Алены на Галгофе. Унутры ратонды — статуя Св. Іаана Хрысціцеля. Стары саркафаг Алены быў выкарыстаны для пахавання папы Анастасія IV (1153—1154 гады), для чаго яго перамясцілі з маўзалея ў Латэранскую базіліку[57].
У 1356 годзе імператар Карл IV падарыў рэлікварый з галавой Святой Алены кафедральнаму сабору горада Трыр[10]. У саборы захоўваецца таксама Рыза Гасподняя і адзін з цвікоў ад Крыжа Гасподняга, які, паводле падання, Алена выявіла пры раскопках у Іерусаліме.
Праваслаўная традыцыя лічыць, што праз два гады пасля пахавання ў Рыме прах Алены быў перанесены ў Канстанцінопаль, дзе Канстанцінам у храме Апосталаў была створана імператарская пахавальня[24].
Храмы
правіцьГеаграфічныя аб'екты
правіцьІмя Алены ўвекавечана ў назве шэрагу геаграфічных аб'ектаў:
- востраў Святой Алены (Атлантычны акіян, уладанне Вялікабрытаніі)
- востраў Святой Алены (Паўднёвая Караліна, ЗША)
- востраў Святой Алены (Манрэаль, Канада)
- гара Сент-Хеліна (вяршыня ў горах Маякмас, ЗША)
- вулкан Сент-Хеленс (актыўны стратавулкан, штат Вашынгтон, ЗША)
- азёра Святой Алены (штат Мічыган, ЗША)
Яе імя стала таксама назвай шэрагу гарадоў (гл. Святая Алена (значэнні)).
У культуры
правіць- Жывапіс і скульптура
Найбольш раннія выявы Алены датуюцца першай чвэрцю IV стагоддзя. Да іх адносяцца яе паплечныя выявы ў профіль на манетах, дзе Алена мае буйны з гарбінкай нос, вялікія вочы і намалявана ў завушніцах і з каралямі. У Капіталійскіх музеях Рыма знаходзіцца скульптура IV стагоддзя, якую некаторыя даследчыкі лічаць партрэтам Алены[20]. Скульптар паказаў яе ў абліччы маладой жанчыны (хоць у момант стварэння яе першых партрэтаў Алене было больш за 70 гадоў), якая сядзіць на крэсле з дыядэмай на галаве. У капенгагенскай гліптатэцы захоўваецца галава скульптуры IV стагоддзя, якую лічаць скульптурным партрэтам Алены (I.N 1938)[58]. Хрысціянская іканаграфія Алены складваецца ў візантыйскім мастацтве да канца IX стагоддзя. Яе адлюстроўваюць у імператарскіх адзеннях з каронай на галаве[20].
У жывапісе найбольш часта сустракаюцца выявы Святой Алены ў момант здабыцця ёю Крыжа Гасподняга ці ў момант яго Узвіжання. Таксама часта сустракаюцца яе выявы разам з сынам Канстанцінам, які таксама шануецца ў ліку роўнаапостальных. Больш рэдкімі ў візантыйскім мастацтве з'яўляюцца асобныя выявы Алены[20].
- Аньёла Гадзі, «Здабыццё Крыжа Гасподняга», каля 1380 года;
- П’ера дэла Франчэска, фрэскавы цыкл пра гісторыю Жыватворчага Крыжа ў базіліцы Сан-Франчэска (сцэна катавання па загадзе Алены Іуды Кірыяка і здабыццё ёю Крыжа Гасподняга), 1458—1466 гады;
- Чыма да Канельяна, «Святая Алена», 1495 год;
- Веранезэ, дзве карціны «Сон Святой Алены», 1560-я і 1580 гады;
- Рубенс, алтарная карціна «Святая Алена» (напісана для базілікі Санта-Крочэ-ін-Джэрусалемэ, знаходзіцца ў кафедральным саборы Граса);
- Джавані Ларэнца Берніні, статуя Святой Алены ў саборы Святога Пятра (Рым), 1630-я гады;
- Джавані Біліверці, «Здабыццё Аленай Жыватворчага Крыжа», першая палова XVII стагоддзя;
- Сазонаў В. К., «Святыя Канстанцін і Алена», 1870 год;
- Сальвадор Далі, сюррэалістычная карціна «Святая Алена ў Порт-Лігаце»[59] і «Святая Алена»[60], 1956 год.
- Літаратура
- Іўлін Во, «Алена», навела, 1950 год;
- Мэрыян Зімер Брэдлі, «Жрыца Авалона» (en:Priestess of Avalon), гістарычнае фэнтэзі, 2000 год.
Гл. таксама
правіць- Жыватворчы Крыж — пра раскопкі імператрыцы Алены ў Іерусаліме
- Іуда Кірыяк — жыхар Іерусаліма, які згадваецца ў апокрыфах і аказаў Алене дапамогу пры раскопках
- Алёна (прысвятак)
Зноскі
- ↑ Елена святая // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1894. — Т. XIа. — С. 598.
- ↑ Алена Роўнаапостальная
- ↑ Год нараджэння ацэньваецца зыходзячы з паведамлення Еўсевія Кесарыйскага пра тое, што яна сканала «амаль на васьмідзесятым годзе свайго жыцця».(«Гісторыя Канстанціна», 3.46)
- ↑ Пракоп, «Пра пабудовы», 5.2.1: «Ёсць горад у Віфініі, які носіць імя Алены, маткі імператара Канстанціна. Гавораць, што Алена была адсюль родам і спачатку гэта быў невялікі пасёлак. Аддаючы ёй павагу, Канстанцін надаў гэтаму мястэчку і імя маці і годнасць горада, але не стварыў тут ніякіх цудоўных помнікаў, годных імператарскага імя: па сваім знешнім выглядзе ён працягваў заставацца ўсё тым жа, упрыгожваючыся толькі назвай горада і ганарачыся імем гадаванкі сваёй, Алены.»
- ↑ Сакрат Схаластык, «Царкоўная гісторыя», 1.17
- ↑ Фрайзенбрук, Анеліз. Першыя лэдзі Рыма.
- ↑ Усе здагадкі гісторыкаў грунтуюцца на Амвросіі Медыяланскім, які назваў Алену «stabularia», гэта значыць служанка. Гл. яго «Слова на смерць Феадосія Вялікага» (De obit. Theod., 42)
- ↑ Еранім Стрыдонскі ў перакладзе «Храналагічных канонаў» Еўсевія Памфіла на лацінскую мову назваў Алену канкубінай (271-я Алімпіяда). Аднак больш ранняя ананімная крыніца IV стагоддзя Ананім Валезія (Anonymus Valesianus, ч. 1) называў Алену жонкай Канстанцыя.
- ↑ Дакладны год нараджэння Канстанціна невядомы, 272 год з'яўляецца найбольш абгрунтаванай датай (Константин // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2014. — Т. XXXVI. — С. 671-729. — 752 с. — 29 000 экз. — ISBN 978-5-89572-041-7.).
- ↑ а б Памяць пра роўнаапостальную царыцу Алене ў нямецкім горадзе Трыр
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі, «Гісторыя Канстанціна», кн. 3, гл. 47: «Бо з не набожнай васілеус зрабіў яе такой набожнай…»
- ↑ Гл. узоры манет на
- ↑ Jan Willem Drijvers, Helena Augusta: The Mother of Constantine the Great and the Legend of Her Finding of the True Cross, Leiden: Brill, 1992. P. 21
- ↑ Jan Willem Drijvers, Helena Augusta: The Mother of Constantine the Great and the Legend of Her Finding of the True Cross, Leiden: Brill, 1992. P. 34
- ↑ «Хранаграфія» Феафана, год 5816 (па александрыйскай эры) (323/324 н.э.)
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі, «Гісторыя Канстанціна», кн. 3, гл. 47: «Канстанцін даў ёй права выкарыстоўваць па ўласным яе жаданні царскую казну…»
- ↑ Аўрэлій В., Вытрымкі пра жыццё і норавы рымскіх імператараў, гл. XLI: «Тым часам Канстанцін, дасягнуўшы дзякуючы дзіўнаму поспеху ў войнах аднаасобнага кіравання ўсёй Рымскай імперыяй, загадаў, — як мяркуюць, — па патрабаванні жонкі сваёй, Фаўсты, забіць сына свайго, Крыспа. А затым, калі маці яго Алена, моцна тужачы па ўнуку, стала яго жорстка папракаць, ён забіў і жонку сваю Фаўсту, спіхнуўшы яе ў гарачую ваду ў лазні.»
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі. «Жыццё блажэннага васілеўса Канстанціна». Кн. 3, гл. 42: Пра тое, што гэтыя цэрквы пабудавала маці Канстанціна, васіліса Алена, калі яна прыходзіла туды для пакланення.
- ↑ Ісус у рабінскай літаратуры. Тальдот Ешу.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 лістапада 2008. Праверана 25 кастрычніка 2008.
- ↑ а б в г д е ё ж Н. В. Квлівідзэ. Алена // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2008. — Т. XVIII. — С. 293-297. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 978-5-89572-032-5.
- ↑ Прыкладны год смерці вызначаецца па наступных фактах. Алена памёрла неўзабаве пасля здабыцця Крыжа, якое датуецца 326 годам. Апошнія манеты з яе імем датуюцца 330 годам (выпуск у Канстанцінопалі), хоць чаканка аднавілася ў 337 годзе пасля смерці Канстанціна ў перыяд барацьбы за ўладу паміж нашчадкамі Канстанцыя Хлора.
- ↑ Канстанцін знаходзіўся ўвосень 328 года ў Трыры на вайне з германцамі. Калі Алена памёрла ў 328 на яго руках (паводле Еўсевія), то Трыр цалкам мог быць месцам яе смерці.
- ↑ Kann Hans-Jochim. Auf den Spuren von Konstantin und Helena. Trier, 2007. S. 21
- ↑ а б Нікіфар Каліст. L.8. cap. 30
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі. «Жыццё блажэннага васілеўса Канстанціна». Кн. 3, гл. 46: Пра тое, як яна, пражыўшы восемдзесят гадоў і распарадзіўшыся, памёрла.
- ↑ Сакрат Схаластык. Царкоўная гісторыя. Кн. I гл. 17
- ↑ а б «Хранаграфія» Феафана, год 5817 (па александрыйскай эры) (324/325 н.э.)
- ↑ Scala-Santa Архівавана 21 снежня 2007.
- ↑ Руфін Аквілейскі. Царкоўная гісторыя. Кн. I, гл. 7
- ↑ Сакрат Схаластык, Царкоўная гісторыя, кн. 1, гл. 9
- ↑ Феадарыт. Царкоўная гісторыя, I, 18
- ↑ Сульпіцый Север. Хроніка, II, 33—34
- ↑ Гермій Сазамен Царкоўная гісторыя. II, 1
- ↑ Напрыклад, Паўлін Ноланскі. Пісьмы, 31, 4—5; Нікіфар Каліст, кн. VIII, гл. 29.
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі. «Жыццё блажэннага васілеўса Канстанціна». Кніга трэцяя. Глава 44. Пра вялікадушнасць і дабрачыннасць Алены.
- ↑ а б Сакрат Схаластык, Царкоўная гісторыя, кн. 1, гл. 17
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі. «Жыццё блажэннага васілеўса Канстанціна». Кніга трэцяя. Глава 42. Пра тое, што гэтыя цэрквы пабудавала маці Канстанціна, васіліса Алена, калі яна прыходзіла туды для пакланення.
- ↑ Повесть Епифания о Иерусалиме и сущих в нем мест. Приложение III // Православный палестинский сборник. Т. 11. СПб. 1886
- ↑ Тайна Креста // Журнал Московской патриархии, 1958 год, № 9 Архівавана 10 ліпеня 2009.
- ↑ М. Н. Скабалланович. Крестовоздвижение. История праздника Крестовоздвижения
- ↑ Тут і далей у гэтым раздзеле цытаты прыводзяцца паводле Гальфрыд Монмуцкі. Гісторыя брытаў
- ↑ Еўсевій Памфіл. Жыццё блажэннага васілеўса Канстанціна. Кн. 1 (Глава 21. Смерць Канстанцыя і завяшчанне царства сыну яго Канстанціну.)
- ↑ Живов В.М. Святость. Краткий словарь агиографический терминов Архівавана 3 сакавіка 2013.
- ↑ Равноапостольные // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Праваслаўны царкоўны каляндар 21 мая (3 чэрвеня)
- ↑ Інформаційний ресурс Української Греко-Католицької Церкви Церковний календар Червень 2014 Архівавана 6 кастрычніка 2016.
- ↑ Уніяты выкарыстоўваюць два розных календара: ва Украіне — юліянскі, у дыяспары — грыгарыянскі.
- ↑ Спадарожнік паломніка па Святых месцах Архівавана 4 кастрычніка 2008.
- ↑ Малкова Н.А. Святая княгиня Ольга как агиологический тип // Религиоведение. 2011. № 1. С. 25-31
- ↑ «Аповесць мінулых гадоў», год 6462: «І названа ёй было ў хрышчэнні імя Алена, як і старажытнай царыцы, маці Канстанціна Вялікага.».
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі. Жыццё блажэннага васілеўса Канстанціна. Кн. трэцяя. Гл. 47. Пра тое, як Канстанцін пахаваў сваю маці і як высока ён паважаў яе яшчэ пры жыцці.
- ↑ Jan Willem Drijvers. Helena Augusta: The Mother of Constantine the Great and the Legend of Her Finding of the True Cross. — Leiden: Brill, 1992. — P. 74.
- ↑ Liber Pontificalis. I, 182
- ↑ а б Jan Willem Drijvers. Helena Augusta: The Mother of Constantine the Great and the Legend of Her Finding of the True Cross. — Leiden: Brill, 1992. — P. 75.
- ↑ Рунцо Д. Христианские святыни Франции.
- ↑ В Париже у мощей св. равноапостольной Елены впервые совершена православная литургия.
- ↑ Liber Pontificalis. II, 388.
- ↑ Johansen, Flemming. Roman portraits. NY Carlsberg Glyptotek. Copenhagen, 1995. V. III. P.172
- ↑ Сальвадор Далі, «Святая Алена ў Порт-Лігаце» Архівавана 26 студзеня 2009.
- ↑ Сальвадор Далі, «Святая Алена» Архівавана 6 сакавіка 2016.
Літаратура
правіць- на рускай мове
- Белякова Е. В., Королёв А. А., Э. П. А., Квливидзе Н. В.. Елена // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2008. — Т. XVIII. — С. 293—297. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 978-5-89572-032-5.
- Елена Святая / Зверев С. П., Бусева-Давыдова И. Л. (иконография) // Динамика атмосферы — Железнодорожный узел. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2007. — С. 647. — (Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов; 2004—). — ISBN 978-5-85270-339-2.
- Курэ А. Посещение Палестины Св. Равноапостольною царицею Еленою // Палестина под властью христианских императоров. (326-636 гг.). — С. Петербург: Издание редакции «Русского паломника», 1894.
- Житие святого равноапостольного царя Константина и святой матери его Елены // Жития святых на русском языке, изложенные по руководству Четьих-Миней свт. Димитрия Ростовского : 12 кн., 2 кн. доп. — М.: Моск. Синод. тип., 1903—1916. — Т. IX: Май, День 21. — С. 607.}
- на іншых мовах
- Helena, First Christian Archaeologist // Christian History Institute. Glimpses. Issue #73. (англ.)
- Jan Willem Drijvers. Helena Augusta: The Mother of Constantine the Great and the Legend of Her Finding of the True Cross. — Leiden: Brill, 1992. (англ.)
- Antonina Harbus. Helena of Britain in Medieval Legend. — DS Brewer, 2002. (англ.)
Спасылкі
правіцьАлена Роўнаапостальная на Вікісховішчы |
- Jan Willem Drijvers. Helena Augusta (англ.). Архівавана з першакрыніцы 23 жніўня 2011. Праверана 28 лістапада 2008.