Аленегадоўля

Аленегадо́ўля — галіна жывёлагадоўлі, трыманне і вырошчванне аленяў.

Саамская аленегадоўчая гаспадарка (Швецыя)

ПаходжаннеПравіць

У вучоных няма адзінага пункту гледжання на месца і час узнікнення аленегадоўлі. Называецца некалькі магчымых самастойных цэнтраў узнікнення ад 2 да 4[1], якія месцяцца ў паўночнай Еўразіі. Першая вядомая пісьмовая ўзгадка пра трыманне аленяў была зроблена ў 449 г. у Кітаі[2] пры апісанні народаў паўднёвай Сібіры. У 2019 г. на Ямале былі знойдзены артэфакты, якія, відавочна, былі часткамі аленевай запрэжкі. Яны адносяцца да перыяду каля 2000 гадоў таму[3]. Гэта найстаражытнейшае сведчанне існавання аленегадоўлі.

Паўночная аленегадоўляПравіць

Першымі ў гаспадарцы жыхароў тундры, тайгі і лесатундры сталі выкарыстоўвацца паўночныя алені. Лічыцца, што першаснай формай аленегадоўлі было трыманне жывёл пераважна ў якасці транспартнага сродку, калі колькасць свойскіх аленяў была адносна невялікай. Звычайна яны знаходзіліся на свабодным выпасе, узімку іх выкарыстоўвалі для паляванняў, увесну — для вандроўкі на новае месца, дзе вялася здабыча дзікіх звяроў і рыбы. Увосень частка статку магла забівацца. У эвенкаў, што практыкавалі верхавую язду, селекцыйны адбор жывёлы суправаджаўся злучкай свойскіх аленяў з дзікімі[4].

Пераход часткі паўночных народаў да буйной аленегадоўчай гаспадаркі з характэрнай аленегадоўчай качавой культурай адбыўся толькі ў XVIIXVIII стст. з-за вонкавага ўплыву. Пашырэнне межаў Швецыі на поўначы Скандынавіі і Расіі — на поўначы Усходняй Еўропы і Сібіры прывялі да павелічэння эксплуатацыі тубыльцаў у форме падаткаў і ясака, экалагічнага крызісу з-за футравай здабычы і рэзкага скарачэння статкаў дзікіх аленяў[5][6][7]. Тундравая аленегадоўчая культура з буйнымі свойскімі статкамі рабіла гаспадарку карэнных народаў болей эфектыўнай, давала эканамічную незалежнасць аленегадоўцаў ад здабычы і рынку.

У 18881892 гг. па прыватнай ініцыятыве невялікая колькасць свойскіх паўночных аленяў была перавезена з Сібіры на Аляску для заахвочвання карэнных жыхароў да пераходу да болей прадукцыйных заняткаў. Для навучання аленегадоўле наймаліся цэлыя сем'і са Скандынавіі. Вопыт быў паспяховым, таму ў 18961902 гг. Кангрэс ЗША фінансаваў закупку аленяў у Расійскай імперыі[8]. У 1929 г. урад Канады заключыў пагадненне з аленегадоўцамі Аляскі аб перагоне значнага статку на свае Паўночна-Заходнія тэрыторыі[9]. Для перагону і навучання таксама наймаліся спецыялісты са Скандынавіі. Хаця перагон стаў складаным, і значная частка аленяў загінула, да 1935 г. на поўначы Канады ўзнікла свая аленегадоўчая гаспадарка.

Пантавая аленегадоўляПравіць

У XIX ст. узнікла пантавая аленегадоўля[10] для камерцыйнай вытворчасці пантаў, маладых рогаў аленяў, якія здаўна выкарыстоўваюцца ў медыцыне краін Далёкага Усходу. З гэтай мэтай на Алтаі быў прыручаны марал, мясцовы высакародны алень, а ў Прымор'іплямісты алень. Заснавальнікамі першых прыморскіх гаспадарак сталі выхадцы з Беларусі, Міхаіл Янкоўскі і Бенедыкт Дыбоўскі, высланыя на ўсход Расійскай імперыі пасля паўстання 1863 — 1864 гг.[11] Імя Б. Дыбоўскага звязана з селекцыяй буйной пароды плямістых аленяў (так званы «алень Дыбоўскага»).

На Беларусі аленегадоўля атрымала развіццё з канца 1980-х гг. У нашы дні дзейнічае некалькі гаспадарак[12][13][14]. Іх дзейнасць накіравана на вытворчасць пантаў, задавальненне паляўнічай гаспадаркі, развіццё турызму.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць