Алесь Мікалаевіч Белакоз

(Пасля перасылкі з Алесь Белакоз)

Алесь Мікалаевіч Белакоз (11 верасня 1928, в. Ляткі Ваўкавыскі павет, цяпер Мастоўскі раён Гродзенскай вобл. — 1 снежня 2016) — беларускі грамадскі дзеяч, музеязнаўца, настаўнік, краязнаўца.

Алесь Мікалаевіч Белакоз
Род дзейнасці гісторык
Дата нараджэння 11 лістапада 1928(1928-11-11)
Месца нараджэння
Дата смерці 1 снежня 2016(2016-12-01) (88 гадоў)
Месца пахавання
Грамадзянства
Альма-матар
Узнагароды і прэміі
медаль Францыска Скарыны

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сям'і малазямельнага селяніна, які ў сярэдзіне 1920-х гг. едзіў на заробкі ў Бразілію, а па звароце пабудаваў на заробленыя грошы хату ў вёсцы Ляткі і адкрыў прыватную краму. Амаль усё жыццё Алесь Белакоз пражыў у сваёй вёсцы, якая з цягам часу злілася з буйнейшымі Гудзевічамі. Да нямецка-фашысцкай акупацыі паспеў скончыць 5 класаў гудзевіцкай няпоўнай сярэдняй школы. Калі ішла вайна, за настаўніцу яму была родная сястра Вера. У 1943 г. іх хату спалілі невядомыя, якія, па ўспамінах Белакоза, хлусліва выдавалі сябе за партызан. Бацьку забіла выбухам гранаты. Юны Алесь узяў гаспадарку на свае плечы.

Па вызваленні Беларусі ў кастрычніку 1944 г. уладкоўваецца ў восьмы клас ваўкавыскай школы, якую скончыў у 1947 г. Праз гады скардзіўся на тое, што ні ў Ваўкавыскім, ні ў Мастоўскім, ні ў Свіслацкім раёне тады не было ніводнай беларускамоўнай школы, якая б мела васьмігодку. Пасля няўдалай спробы паступіць у Мінскі медыцынскі інстытут адмаўляецца ад кар'еры лекара ды ідзе працаваць настаўнікам другіх і чацвёртых класаў у Гудзевіцкай школе, дзе раней вучыўся сам. З 1949 г. распачаў завочнае навучанне на беларускім аддзяленні Гродзенскага педагагічнага інстытута. Трохі раней (1948 г.) пачаў дысідэнцкую дзейнасць. Раскідваў з цягніка лістоўкі, што заклікалі змагацца за незалежную Беларусь, распаўсюджвай іх у Гродне. Ён і яго сябры цудам уніклі арышту, але ў выніку было затрымана шмат невінаватых людзей, і Белакоз пакінуў гэтую справу.

У час вучобы працаваў у розных школах: 1953-1954 — настаўнік пачатковых класаў у Струзе, 1954-1955 — выкладчык фізікі і матэматыкі ў Тупічанскай семігодцы, 1955-1959 — выкладчык беларускай, нямецкай моў у Радзявіцкай семігодцы. Пасля інстытута ў 1958 уладкаваўся выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай сярэдняй школе.

Яго захапляла праца з вучнямі і прага вывучэння беларускай гісторыі, мовы, культуры. У 1965 ён наладжвае перапіску вучняў з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, арганізоўвае школьны кабінет беларускай літаратуры. Вучні захапіліся літаратурнай і даследніцкай дзейнасцю, іх працы пачалі друкавацца ў беларускіх газетах і часопісах.

У 1966 Б. разам з вучнямі выдаў першы нумар машынапіснага літаратурна-краязнаўчага альманаху «Праменьчык». Выданне выходзіла раз на два гады. Усяго да канца 1980-х выйшла 14 нумароў тыражом па 4 экзэмпляры.

За актыўную дзейнасць па збіранні нацыянальнай спадчыны і распаўсюджанні беларускай мовы неаднойчы адчуваў уціск з боку кіраўніцтва мясцовых аддзелаў адукацыі, а таксама КДБ. Супрацоўнікі апошняга нават папярэджвалі Белакоза яшчэ ў 1969: «Белорусский язык должен исчезнуть, а вы нам мешаете. Изменяйте своё отношение к этому языку, пропагандируйте русский». Аднак, нягледзячы на перашкоды, музей існаваў далей, нават пашыраўся.

З 1990 года Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей мае статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных Белакозам разам з вучнямі. Таленавіты настаўнік, ён распрацаваў спецыяльную методыку далучэння вучняў да літаратурна-краязнаўчага пошуку, музейнай справы і праз гэта да каштоўнасцей беларускай гісторыі і культуры.

Памёр 1 снежня 2016 года. Пахаваны ў вёсцы Гудзевічы на мясцовых могілках, побач з сястрой Верай[1].

  • Школьны літаратурна-краязнаўчы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1973. — № 4.
  • Як стварыць этнаграфічны музей у школе // Беларуская мова і літаратура ў школе. — 1990. — № 8.

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Школьны літаратурна-краязнаўчы музей // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1973, № 4; 2. Як стварыць этнаграфічны музей у школе // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1990, № 8; 3.
  • Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. Мн, 1996.
  • ANH. F-3 (аўтабіяграфія А.Белакоза); 5. ANH. F-4 (запіс успамінаў А.Белакоза).
  • «Я ўвесь час думаю, што зрабіў мала» З А.Белакозам размаўляе А.Пяткевіч // Свіцязь. Гісторыка-культурны часопіс Гарадзеншчыны. 1994, № 2; 7.
  • Майсяёнак, А. Г. Белакоз Алесь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 345. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.