Алесь Бе́лы, поўнае імя Аляксандр Валерыянавіч Бе́лы (нар. 17 лютага 1968, Мінск; псеўданімы: Кухмістр Верашчака, Gorliwy Litwin) — беларускі гісторык, публіцыст, культуролаг, блогер. Доктар гуманітарных навук (PhD) у гісторыі (2008, Клайпедскі ўніверсітэт, Літва). З 2022 года жыве ў Ізраілі[1].

Алесь Белы
Дата нараджэння 17 лютага 1968(1968-02-17) (56 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Род дзейнасці публіцыст, гісторык
Навуковая ступень доктар філасофіі
Альма-матар
Прэміі
Узнагароды

Біяграфія

правіць

Мае габрэйскія карані, бабуля па бацьку — Фрума Шаеўна Шэйніна, нарадзілася ў Бешанковічах (1913) у сям’і дробнага гандляра. У 1925 годзе сям’я пазбаўлена cавецкай уладай грамадзянскіх праў («лішэнцы»). Падчас Другой сусветнай вайны шаснаццаць сваякоў з роду Шэйніных забіты ў гета Бешанковічах і Віцебску падчас Халакосту, сама меней трое Шэйніных загінулі на фронце, як і дзед па лініі маці.

Усе славянскія продкі таксама паходзяць з былога Лепельскага павета Віцебскай губерні (сучасныя Лепельскі, Бешанковіцкі раёны), да 1839 года — грэка-католікі (уніяты), гвалтоўна пераведзеныя ў праваслаўе Мікалаем І.

Бацька — Валерыян Якаўлевіч Белы (1938—2021), шматгадовы галоўны механік Мінсквадаканала. Маці — Валянціна Іванаўна, выкладчыца нямецкай мовы ў Беларускім політэхнічным інстытуце, пазней у розных прыватных ВНУ. Брат Леанід — бізнэсовец.

Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1989), па спецыяльнасці «прыкладная оптыка», Кінгстанскую школу бізнесу ў Вялікабрытаніі (1996). Доктар гуманітарных навук (PhD), навуковая ступень нададзена ў 2008 годзе Інстытутам гісторыі Акадэміі навук Літвы. У 1988—1992 гадах працаваў у Інстытуце ядзерных праблем пры БДУ інжынерам-канструктарам. У 1994—1996 гадах — у розных камерцыйных фірмах у Мінску і Ташкенце, у 1997—2009 гадах — менеджар па рэгіянальным развіцці Panasonic (СНД), адказваў за развіццё дылерскай сеткі японскай карпарацыі Panasonic у Беларусі.

У сакавіку 2022 года быў асуджаны па сфальсіфікаваным абвінавачванні ў «непадпарадкаванні міліцыі», фактычна за спробу зняць відэаролік салідарнасці з Украінай (каля помніка Тарасу Шаўчэнку на бульвары яго імя ў Мінску) на 15 сутак зняволення, якое адбываў на Акрэсціна (Мінск) і ў Магілёве. Пасля вызвалення ў красавіку 2022 года з’ехаў у эміграцыю ў Ізраіль.

Апроч беларускай і рускай, ведае англійскую і польскую мовы, вывучае літоўскую і іўрыт.

Жанаты, мае 4 дзяцей.

Дзейнасць

правіць

Бізнес

правіць

У 2005 годзе Алесь Белы набыў былы шляхецкі дом Янкоўскіх у вёсцы Малая Люцінка Валожынскага раёна, рэканструяваў яго, і з 2009 года прапаноўваў агратурыстычныя паслугі. Кансультаваў, як індывідуальны прадпрымальнік, па пытаннях беларускай і літвінскай гастранамічнай спадчыны розныя прадпрыемствы грамадскага харчавання і вытворцаў прадуктаў. Найбольш вядома яго супрацоўніцтва з рэстаранам нацыянальнай кухні «Кухмістр» у цэнтры Мінска.[2] Гэтыя праекты згорнутыя ў 2022 годзе ў сувязі з ад’ездам з Беларусі.

Навуковая дзейнасць

правіць

Не мае акадэмічнай афіліяцыі і сваю дзейнасць ажыццяўляе як незалежны даследчык, уласным коштам, за выключэннем праектаў, якія фінансаваліся вытворцамі прадуктаў харчавання і іншым прыватным бізнесам. Кірункі навуковай дзейнасці: гісторыя картаграфіі і замежных сувязяў ВКЛ, заходнееўрапейскі культурны, тэхналагічны і эканамічны ўплыў на фарміраванне матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі, гістарычная іканаграфія Беларусі Сярэднявечча і новага часу. Гісторыя кулінарыі і гастранаміі, культурны сімвалізм расліннага і жывёльнага свету Беларусі і Літвы, гісторыя палявання. Таксама даследуе беларуска-габрэйскія культурныя сувязі і гісторыю фармавання літоўскай (і літвінскай) ідэнтычнасці ў 1830-х — 1860-х гг.

Аўтар манаграфіі «Хроніка Белай Русі: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы» (Мінск, 2000) — дэталёвай рэканструкцыі эвалюцыі зместу назвы «Белая Русь» у сістэмах геаграфічных ведаў розных народаў і эпох на падставе заходнееўрапейскіх тэкставых і картаграфічных крыніц VI—XVIII ст. Аўтар каля 200 артыкулаў па гісторыі Беларусі і Літвы ў часопісах «Спадчына», «ARCHE», «Наша гісторыя», у газеце і на сайце «Наша Ніва», у Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, Энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае», у англійскіх і літоўскіх часопісах. Аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў па гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі «Маем Рэчы» (БТ), «Гісторыя беларускай страўні» (Белвідэацэнтр). Каардынатар праекту «Наша Страва» — рэканструкцыі гісторыі і сімволікі традыцыйнай кухні Беларусі, на аснове якога ў тым ліку створана больш за 200 артыкулаў у абедзвюх версіях беларускай Вікіпедыі. Некаторы час друкаваўся ў газетах «Советская Белоруссия»[3] і «Звязда»[4].

Грамадская дзейнасць

правіць

У 2009—2021 гг. актыўны ўдзельнік, ініцыятар, менеджар каля 10 праектаў рэгіянальнага развіцця ў Валожынскім раёне, арганізатар кааператыўнага руху. У выніку яго дзейнасці была створана сетка роварных і рачных маршрутаў «Валожынскія гасцінцы» паміж аграсядзібамі Валожынскага раёна, а затым і аднайменны кааператыў, які ў 2019 г. стаў пераможцам нацыянальнага конкурсу «Пазнай Беларусь» як найлепшая агратурыстычная дэстынацыя ў краіне. Зімародак выбраны і зацверджаны мясцовымі ўладамі як птушка — сімвал раёна, у Валожыне ўсталяваны помнік зімародку, у Валожыне і Івянцы створаныя мастацкія муралы з гэтай птушкай. Аўтар многіх артыкулаў, ініцыятар выставак, семінараў, фэстаў і іншых мерапрыемстваў, якія папулярызоўвалі гістарычную спадчыну Валожынскага раёна і Налібоцкай пушчы.

Ініцыятар усталявання помніка кампазітару Станіславу Манюшку (і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу) у Мінску, актыўна выступае за фармаванне яго «грамадзянскага культу» ў Мінску як неабходнай часткі гарадской ідэнтычнасці. Аналагічную пазіцыю займае ў дачыненні да асобы Уладзіслава Сыракомлі, каардынуе грамадскую інфармацыйную кампанію 200-гадовага юбілею Сыракомлі (2023), а таксама Мойшэ Кульбака. Прыхільнік фармавання ў Беларусі шматкультурнага грамадства, прыярытэтнага адраджэння беларускай мовы і яе мадэрнізацыі, рэгіяналізацыі культурнай і эканамічнай палітыкі.

Крытыка

правіць

З сярэдзіны 2000-х гадоў Алеся Белага часта крытыкавалі за рэзка скептычнае стаўленне да беларускага нацыянальнага адраджэння і асабліва да г.зв. «нацыянальнага наратыва». На думку некаторых актывістаў, у сваіх публічных выказваннях Алесь Белы выступаў апалагетам рэжыму Лукашэнкі, абвінавачваў некаторых гістарычных дзеячаў беларускага адраджэння і сучасных беларускіх культурных актывістаў у нацызме, антыхрысціянстве і іншым. Алесь Белы вядомы як складальнік спісу «нацыстаў-беларутэнаў», у які ўключыў у тым ліку пісьменніка Уладзіміра Арлова.[5][6][7][8]

З 2006 года вызнае сябе літвінам («неа-літвінам»), у публіцыстычнай дзейнасці актыўна адстойвае ідэю пра нятоеснасць беларусаў і літвінаў. Першых лічыць гістарычнай часткай рускага імперскага супер-этнасу, якую сфармавалі рускія царква, войска, спецслужбы, адукацыя і навука, пачынаючы ад рэпрэсіўных захадаў Мікалая І 1830-х гадоў (ліквідацыя Уніі, скасаванне дзеяння Статуту, закрыццё Віленскага ўніверсітэта) і працягваючы селектыўнай савецкай беларусізацыяй у духу сацыяльнага інжынірынгу. У тыя самыя 1830-я гады, на ягоную думку, пачаўся апошні перыяд адноснага росквіту літвінскай культуры на польскай мове (А. Міцкевіч, У. Сыракомля, С. Манюшка, І. Ходзька і інш.) як рэакцыя на палітыку русіфікацыі. Уздым быў спынены ў выніку падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў, пасля чаго назіраліся толькі спарадычныя праявы літвінскай культуры і ідэнтычнасці. Лічыць рускую цывілізацыю азіяцкай, таталітарнай, бесчалавечнай паводле яе ўнутранай прыроды, тлумачыць жорсткасць дыктатуры ў Беларусі і неразвітасць грамадзянскіх інстытутаў заканамерным вынікам рускасці большасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь, якое прымае рэпрэсіўныя дзяржаўныя практыкі як у цэлым нарматыўныя і абгрунтаваныя, і добраахвотна бярэ ў іх удзел, праз глыбока засвоеныя культурныя стэрэатыпы. Супрацьпастаўляе ёй шматкультурную цывілізацыю Рэчы Паспалітай, да якой адносіць палякаў, літоўцаў і, гіпатэтычна, украінцаў, а таксама літвінаў Беларусі. Лічыць шляхецкую («панскую») дэмакратыю адпраўным пунктам для адбудовы сучаснай дэмакратыі на землях былога ВКЛ, пры ўмове распаўсюду былых саслоўных прывілеяў на ўсіх грамадзян, уліку рознай этнічнасці розных рэгіёнаў былой Рэчы Паспалітай. Рэзка крытыкуе тэорыю Міколы Ермаловіча пра паходжанне беларусаў як антынавуковую і, закамуфлявана — прарасійскую. Пазітыўна ацэньвае гісторыю літоўскага нацыянальнага руху (за выключэннем масавай калабарацыі з нацыстамі ў перыяд Другой сусветнай вайны), а таксама руху «краёўцаў» («Віленскіх зубраў»). Выступае за стварэнне «агульналітоўскага» гістарычнага наратыву з пункту гледжання гістарычнай Літвы, у якой суіснавалі розныя мовы — літоўская, беларуская, польская, ідыш.

Выбраная бібліяграфія

правіць
  • Хроніка «Белай Русі»: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы Архівавана 26 верасня 2015. / А. Белы. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2000. — 238 с. — ISBN 985-6599-12-1
  • Belarusian Cookbook. New York, Hippocrene Books, 2008.
  • Хроніка Белай Русі: Імагалогія Беларусі XII—XVIII ст. / А. Белы. — Смаленск: Інбелкульт, 2013.
  • Літвінская кухня Архівавана 15 кастрычніка 2019. (электронная кніга).
  • Сакатала бочачка. Праўдзівая гісторыя нашых напояў. — Мінск : Янушкевіч, 2017. https://januskevic.by/catalog/nonfiction/3631/ Архівавана 15 кастрычніка 2019.
  • Таямніцы Налібоцкай. Пушчы: міні-энцыклапедыя. Мінск, 2018.
  • Спадчына: традыцыі беларускай кухні. Б. м., 2018
  • Белорусская кухня. Гастрономический путеводитель. — Мінск : Ренессанс Паблишинг, 2018. (2-е выданне — 2019)
  • Senojo Vilniaus skoniai. — Vilnius: Vilniaus universiteto leidykla, 2023. (Смакі старой Вільні. На літоўскай мове. Супольна з Rimvydas Laužikas, Antanas Astrauskas, Tomas Rimydis)
Удзел у калектыўных працах
  • Наша страва: сапраўдная беларуская кухня / [Алесь Белы і інш.]. — Мінск, 2010.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6, кн. 2. — Мінск, 2003.
  • Энциклопедия белорусской кухни / [редколлегия: Т. В. Белова и др.]. — Минск, 2008.

Зноскі

Спасылкі

правіць

Блогі (актуальныя)

правіць