Аляксандр Лаўрэнавіч Бурбіс

беларускі палітычны і культурны дзеяч
(Пасля перасылкі з Алесь Бурбіс)

Алякса́ндр (Але́сь) Лаўрэ́навіч Бу́рбіс (20 кастрычніка 1885, Вільня20 сакавіка 1922, Менск) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, акцёр, рэжысёр. Адзін з пачынальнікаў беларускага тэатра, аўтар даследаванняў па эканамічнай геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, сельскай гаспадарцы, банкаўскай справе.

Аляксандр Лаўрэнавіч Бурбіс
Консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве
1918
Намеснік народнага камісара замежных спраў БССР
ліпень 1921 — 1922
Нараджэнне 8 (20) кастрычніка 1885
Смерць 20 сакавіка 1922(1922-03-20) (36 гадоў)
Месца пахавання
Партыя
Член у
Адукацыя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць
 
Дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі ўлетку 1918 года. (Злева направа, сядзяць) Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка; (стаяць) Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Нарадзіўся ў Вільні ў сям’і віленскага ваеннага інтэнданта Лаўрэнція Адамавіча Бурбіса, каталіцкага веравызнання, атрымаў пачатковую медыцынскую адукацыю на курсах пры Маскоўскай ваеннай фельчарскай школе; служыў у 3–м сапёрным батальёне інжынерных войскаў, расквартараваным у Вільні (1889–1913), у якасці справавода па гаспадарчай частцы, а пасля казначэя; меў чыны калежскага сакратара, тытулярнага саветніка, калежскага асэсара, быў узнагароджаны ордэнам св. Станіслава, медалем у памяць руска–турэцкай вайны 1877–1878 гг.

Алесь вучыўся ў Віленскай гімназіі. Быў адным з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), сябра яе ЦК.

У лістападзе-снежні 1905 года[1][2] ў Мейшагольскай воласці Віленскага павета аб’явіў «Мейшагольскую рэспубліку» (па іншых звестках, у студзені 1906 года[3]).

У 1906 годзе Грамада арганізавала масавыя стачкі ў аграрнай сферы. Асабіста Алесь Бурбіс арганізоўваў забастоўкі ў Наваградскім павеце і ў Мінску, дзе акрамя гэтага вёў працу па стварэнні прафсаюзаў. 24 жніўня 1906 года ў вёсцы Дольная ля Шчорсаў на Наваградчыне Бурбіса арыштавалі (меў пашпарт на імя Генрыха Бухавецкага). У зняволенні ён заставаўся да сярэдзіны 1909 года, дзе захварэў на сухоты. Пасля вызвалення працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі. Паводле яго ініцыятывы 12 лютага 1910 года адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні.

У 1915 годзе Бурбіс перабіраецца ў Маскву, дзе пачынае працаваць у Народным банку. Стваральнік і старшыня Маскоўскай арганізацыі БСГ (1917), удзельнік З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый (Мінск, сакавік 1917). Адзін раз у 1917 годзе і потым яшчэ ў 1918 годзе, у Маскве яго арыштоўвалі органы савецкай улады. З 1918 года Бурбіс консул Беларускай Народнай Рэспублікі ў Маскве. З лютага 1919 года ў ВСНГ РСФСР, з траўня 1919 года — у Народным камісарыяце земляробства Літоўска-Беларускай ССР. У 1920 годзе адзін з рэдактараў «Савецкай Беларусі» ў Смаленску. Аўтар дакладной запіскі, накіраванай у ЦК РКП(б) ад 14 студзеня 1920 года, амаль ідэнтычнай па змесце «Заяве 32-х», аднак лепш адрэдагаванай. Да запіскі быў прыкладзены дадатак аб стварэнні ўзорнай Беларускай Савецкай Рэспублікі, дзе змяшчалася інфармацыя пра гістарычнае мінулае, палітычны і грамадскі лад Беларусі, першых кроках савецкай улады ў рэспубліцы, рабіліся крытычныя заўвагі ў сувязі з дапушчанымі памылкамі ў правядзенні нацыянальна-дзяржаўнай палітыкі кіраўніцтвам рэспублікі[4].

З сярэдзіны 1921 года — намеснік народнага камісара замежных спраў БССР, адзін з арганізатараў таварыства Чырвонага Крыжа БССР. Член камісіі Мархлеўскага па пытаннях Рыжскага міру. Сябра ЦВК БССР у 1921—1922 гадах. Удзельнічаў у распрацоўцы дамовы паміж БССР і РСФСР. З 1921 года сябра Камуністычнай партыі[3].

Памёр ад сухотаў 20 сакавіка 1922 года ў Менску. Пахаваны на Старажоўскіх могілках, яго труну неслі пад жалобную музыку духавога аркестра з пляца Волі[5][6]. Старажоўскія могілкі ў 1950-х гадах былі выраўненыя бульдозерам[7]. Ёсць звесткі, што рэшткі Бурбіса былі перанесеныя на Вайсковыя могілкі, аднак літаратуразнаўца Рыгор Семашкевіч не змог знайсці ягонай магілы. Выказваецца думка, што магіла магла быць знішчана ў часе пашырэння вуліцы Даўгабродскай, альбо парэшткі ўвогуле не пераносіліся на Вайсковыя могілкі[5].

Грамадска-культурніцкая дзейнасць

правіць

Друкаваўся ў «Нашай Ніве» пад рознымі псеўданімамі. Аўтар шэрагу артыкулаў па нацыянальна-вызваленчым пытанні (пасля лютага 1917), прац па гісторыі, этнаграфіі і эканоміцы Беларусі.

Удзельнік Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні. Кіраўнік, рэжысёр, акцёр і чытальнік на першых беларускіх тэатральных вечарынах у Вільні. Шмат увагі надаваў арганізацыі драматычных гурткоў. Паставіў «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага ў маёнтку Пятроўшчына пад Мінскам у 1906 годзе, «Сватаўство» В. Дуніна-Марцінкевіча ў 1915 годзе ў Вільні.

У жніўні 1920 года скончыў навуковую манаграфію «Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі» (апублікаваны ў часопісе Народное хозяйство Белоруссии. 1922. № 4), у якой вызначыў і ўпершыню ў гісторыі беларускай навукі апісаў беларускі тэрытарыяльна-гаспадарчы комплекс, прааналізаваў гаспадарчыя сувязі з іншымі рэгіёнамі, першы з беларускіх навукоўцаў разлічыў гандлёвы баланс Беларусі, падкрэсліў неадпаведнасць тагачасных граніц патрэбам эканамічнага развіцця[8].

Выкарыстоўваў псеўданімы: Стары Піліп, А. Аляксеенка, А.В.

Бібліяграфія

правіць
  • Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху // Вести народного комиссариата просвещения ССРБ. 1921, № 1—2
  • Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі // Народное хозяйство Белоруссии. 1922, № 4
  • Беларуская сацыялістычная грамада ў першым перыядзе яе працы (1903—1907) // Беларусь. Мн., 1924.

Прозвішча

правіць

Па бацькавай лініі, мяркуючы з прозвішча Бурбіс, з мясцовых беларусізаваных літоўцаў. Вядомыя сучасныя літоўскія прозвішчы Burba, Burbė, Burbas, Burbikas, Burbilas, Burbulas, якія ўсе звязваюцца з літоўскім burba «балбатун», burbėti «балбатаць». На гістарычнай Віленшчыне (цяпер на беларускім баку сучаснай беларуска-літоўскай мяжы) фіксуюцца тапонімы Бурбішкі (адны былі на захадзе ад Астраўца, другія ля Граўжышак), яшчэ вядомая Бурбаўшчына (паміж Валожынам і Ракавам).

Памяць

правіць

Памяці Аляксандра Бурбіса прысвечаныя некралогі Антона Луцкевіча «Аляксандар Бурбіс», Палуты Бадуновай «Памяці А. Бурбіса», Міколы Байкова «Памяці А. Бурбіса», артыкулы Яўгена Хлябцэвіча «Памяці А. Л. Бурбіса»[9], Змітра Жылуновіча «Алесь Бурбіс (рэвалюцыйная характарыстыка)» (Полымя. 1927. № 2)[10]. 24 сакавіка 1922 года ў газеце «Савецкая Беларусь» была надрукаваная жалобная прамова Язэпа Лёсіка з пахавання Бурбіса[6].

У 1926 годзе Інбелкульт прапаноўваў пераназваць вуліцу Могілкавую ў Менску (месцілася ля Вайсковых могілак) у гонар Алеся Бурбіса, але безвынікова[11].

У Старадарожскім мастацкім музеі захоўваюцца партрэт «Алесь Бурбіс — адзін з заснавальнікаў БСГ» (1993) аўтарства Анатоля Крывенкі і рэльеф «Алесь Бурбіс» (2005) Міколы Несцярэўскага[12].

Зноскі

  1. А. Марціновіч. Полымя не толькі сагравае // Літаратура і мастацтва. № 51 (3823). 22 снежня 1995 г. С. 14.
  2. Э. Іофе. Асоба шматграннага таленту. Роднае слова. 2015. № 10. С. 77-81.
  3. а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3). С. 347
  4. Уладзімір Ладысеў, Пётр Брыгадзін. Паміж усходам і захадам: станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). — Мінск: БДУ, 2003. — С. 143. — 307 с. — 500 экз. — ISBN 985-445-963-2. Архівавана 4 сакавіка 2016.
  5. а б Алесь Жук Любіце паэтаў, любіце // Літаратурная Беларусь. — 2013. — № 1. — С. 3.
  6. а б Анатоль Сідарэвіч. Консул БНР у Маскве. Наша Ніва (15 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2015. Праверана 22 снежня 2015.
  7. Сторожевское кладбище (руск.). minsk-old-new.com. Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2015. Праверана 22 снежня 2015.
  8. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  9. Анатоль Сідарэвіч. Да гісторыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады: агляд крыніцаў Ч.3. arche.bymedia.net. Архівавана з першакрыніцы 3 ліпеня 2013.
  10. Анатоль Сідарэвіч. Да гісторыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады: агляд крыніцаў Ч.1. arche.bymedia.net. Архівавана з першакрыніцы 3 ліпеня 2013.
  11. Сацукевіч, І. Асаблівасці ўрбаніміі Мінска ў 1921—1941 гг. // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі / уклад. А. І. Груша; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 2012. — С. 444. — 564 с. — ISBN 978-985-08-1201-8.
  12. Алесь Бурбіс. Адраджэнцы Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2016. Праверана 25 студзеня 2016.

Літаратура

правіць
  • І. Уладзімірава. Самаахвярны змагар //Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — № 4. — Мн.: Полымя, 1985. — ISSN 0131-2669. С. 27—28.
  • П. Б(адунова). Памяці А. Бурбіса // Адраджэнне. 1922. Сш. 1
  • Байкоў М. Памяці А. Бурбіса // Вести народного комиссариата просвещения ССРБ. 1922, № 3—4
  • Луцкевіч А. Аляксандр Бурбіс // Беларускі звон. 1922, 22 крас.
  • Хлебцевич Е. Памяти А. Л. Бурбиса // Каторга и ссылка. 1923, № 5
  • Жылуновіч З. Алесь Бурбіс // Полымя. 1927, № 2
  • Пазняк З. Бурбіс і Цётка — на сцэне // ЛіМ. 1972, 17 сак.
  • Біч М. «Стары змаганец» // Мастацтва Беларусі. 1986, № 3; ЭГБ, т. 2.

Спасылкі

правіць