Аляксей Антонавіч Марачкін

(Пасля перасылкі з Алесь Мара)

Аляксей Антонавіч Марачкін (Псеўданімы: Алесь Мара; нар. 10 сакавіка[1] 1940, в. Папоўшчына[2], цяпер Карпаўскі Чэрыкаўскага раёна) — беларускі жывапісец, педагог.

Аляксей Антонавіч Марачкін
Фатаграфія
Аляксей Марачкін падчас адкрыцця сваёй выстаўкі жывапісу ў арт-галерэі «Мастацтва», Мінск, 22.11.2013
Дата нараджэння 10 сакавіка 1940(1940-03-10) (84 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства Сцяг Беларусі
Род дзейнасці мастак, пісьменнік, паэт, выкладчык універсітэта
Месца працы
Жанр пейзаж, партрэт
Вучоба
Мастацкі кірунак рэалізм
Вядомыя працы «Цётка» (1976), «Пачатак. Францыск Скарына» (1978), «Мікола Гусоўскі» (1980)
Член у
Узнагароды
медаль Францыска Скарыны Медаль да стагоддзя БНР
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1962), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1972, цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). Член Саюза мастакоў (з 1977). Працаваў у Мінску, пэўны час як вольны мастак, пасля — галоўным мастаком Мастацкага фонду. У 1988—1997 г. працаваў у Беларускай акадэміі мастацтваў, выкладаў, загадваў кафедрай жывапісу. Член БНФ (з 1989). Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня мастацкай суполкі «Пагоня».

Творчасць правіць

Удзельнік мастацкіх выставак з 1966 года. Працуе пераважна ў станкавым жывапісе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа і нацюрморта. Тэматыка яго твораў прысвечана гістарычным падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры беларускага народа. Для ранніх твораў характэрны рэалістычная манера адлюстравання ў спалучэнні з аб'ёмна-пластычным, рэльефным пісьмом і сімволіка-алегарычнымі матывамі. 3 1990 творы набываюць характар фармалістычных кампазіцый з камбінаванай манерай выканання і ўмоўнай перадачай аб'ёму.

Стварыў партрэты выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры: «Цётка» (1976), «Пачатак. Францыск Скарына» (1978), «М. Гусоўскі» (1980), «Вераніка і Максім» (1981), «Рагнеда» (1982), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Сымон Будны» (1989), «Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега» (1994), «Мікола Ермаловіч» (1994), «Я. Кулік» (1999) і інш., серыю партрэтаў «Мае сучаснікі» (1980); філасофска-алегарычныя трыпціх «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» (1989—90), цыкл твораў «Народныя легенды і паданні» (1990—91). Сярод тэматычных кампазідый: «Мара пра палёт» (1974), «Жанчына з бульбай» (1975), «Гуканне вясны» (1976), «Чаканне» (1979), «Чароўныя арэлі» (1980), «Суладдзе» (1983), «Хто з вас без граху?» (1989), «Цяжар» (1991). Аўтар шматлікіх пейзажаў: «Адліга» (1974), «Дарога» (1976), «Абуджэнне» (1978), «Імкненне» (1979), «Рэчка Мнюта. Па мясцінах Я. Драздовіча» (1978) і інш. Чарнобыльская тэма адлюстравана ў творах «Планета Палын» (1987), «Хадора» (1989), «Маці Божая ахвяр Чарнобыля» (1990), «Палеская мадонна» (1991) і інш. Да тэм беларускага фальклору звярнуўся ў творах «Прывіды зімы», «Святаяннік» (абодва 1991), «Жывы куст», «Кароль птушак», «Начны прывід» (усе 1992).

Эксперыментуе ў матэрыяле. Аўтар шматлікіх маляваных дываноў.

Працы А. Марачкіна захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, ў Мастацкай галереі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, у музеях і прыватных галерэях Беларусі, Польшчы, Германіі, ЗША.

Аўтар паэтычнай кнігі «Калодзеж у жыце».

Узнагароды правіць

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны за высокія дасягненні ў справе нацыянальнага адраджэння, прапаганду культурнай спадчыны беларускага народа (1992). Двойчы адмовіўся ад ганаровага дзяржаўнага звання: «Заслужаны мастак БССР» у 1989 годзе, пратэстуючы супраць сістэмы дзяржаўнага патранату і кантролю за мастацтвам, і «заслужаны мастак Рэспублікі Беларусь» у 1995 як пратэст супраць антыбеларускай і антыдэмакратычнай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі[3]. Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[4].

Зноскі

  1. Афіцыйна. Мастак адзначае — 30 сакавіка.
  2. Паводле інш. звестак у в. Язёры Чэрыкаўскага раёна.
  3. Вацлаў Арэшка. Марачкін Алесь. Электронная энцыклапедыя «Slounik.org». Праверана 24 кастрычніка 2010.
  4. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Літаратура правіць

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3. Карчма — Найгрыш. — 751 с. — 10 000 экз.
  • Ждановіч В. Гуканне вясны // «Маладосць» № 3. — Т. 1977.
  • Марачкін А. Жывапіс. — Мінск, 1996.
  • Марачкін А. Стронцый на маёй палітры // Крыніца» № 4. — 1990.
  • Царова Л. Выстаўкі суполкі «Пагоня». Дыпломная праца, рукапіс. — Мінск, 1996.
  • Мара-92. — Мінск, 1992.
  • Алесь МаRа. Аўтаманаграфія: Альбом. — Мн, 2002. — 38 с. — 500 экз.
  • Алесь MaRa, Уладзімір Сіўчыкаў. Рыцары Пагоні і Арла: [альбом]. — Мн: Радыёла-плюс, 2010. — 67 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-448-107-4.
  • Алесь МаRа. Калодзеж у жыце: вершы і паэмы. — Мн: І. П. Логвінаў, 2013. — 246, [1] с. — 250 экз. — ISBN 978-985-562-028-1.

Спасылкі правіць

Гл. таксама правіць