Алькеніцкая канфедэрацыя

Алькеніцкая канфедэрацыя — канфедэрацыя шляхты ваяводств і паветаў Вялікага Княства Літоўскага сабраная на з’ездзе паспалітага рушэння 10 лістапада 1700 года ў мястэчку Алькенікі (цяпер Валькінінкай у Літве) супраць ружанскай лініі магнацкага роду Сапегаў.

Антысапегаўская кааліцыя выкарыстала сітуацыю, у якой апынулася Рэч Паспалітая перад пачаткам Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў. Выкарыстаўшы універсал Аўгуста Моцнага ад 1 ліпеня 1700 года, які склікаў шляхту для абароны паўночных межаў Вялікага Княства Літоўскага (фактычна, на вайну са Швецыяй), рэспубліканцы пачалі абвінавачваць Сапегаў у незаконнай вярбоўцы харугваў. 15 кастрычніка 1700 года паспалітае рушэнне ўсходніх (беларускіх) паветаў на чале з троцкім кашталянам М. К. Коцелам пры спробе захопу Ашмянаў пацярпела паражэнне ад вялікага падскарбія Б. П. Сапегі і адступіла да Ліпнішак, дзе ў канцы кастрычніка сабралася ашмянскае, віцебскае, аршанскае, пінскае і мсціслаўскае рушэнне. На пачатку лістапада да іх далучылася лідская, троцкая, слонімская, ваўкавыская, менская, полацкая шляхта, часткова браслаўская, упіцкая і гарадзенская. Частку сіл склалі прыватныя харугвы Вішнявецкіх (валашскія, казацкія, драгунскія, пешыя, усяго да 2 тыс. чал.), Радзівілаў (2 панцырныя, 1 татарская харугвы) і інш. магнатаў.

Генеральным палкоўнікам ваяводств і паветаў ВКЛ быў абраны Міхал Сервацы Вішнявецкі, які на чале войск канфедэратаў разграміў прыхільнікаў Сапегаў 18 лістапада 1700 года ў бітве пры Алькеніках. На з’езд 20 — 24 лістапада 1700 года ў Алькеніках пад дырэкцыяй мсціслаўскага ваяводы Міхала Сясіцкага была прынята Алькеніцкая пастанова. У адпаведнасці з ёю было арганізавана новае войска Вялікага Княства Літоўскага (7900 чал.), на ўтрыманне якога прызначаўся шэраг падаткаў і пабор з «нойбургскіх уладанняў» у памеры 300 тыс. злотых штогод. Войска на 2 гады перадавалася пад камандаванне генеральнага палкоўніка Міхала Сервацыя Вішнявецкага, улада над ім вялікага гетмана К. Я. Сапегі і польнага гетмана Я. Б. Слушкі касавалася. Збор мытных паступленняў на 2 гады перадаваўся ў арэнду троцкаму кашталяну М. К. Коцелу і жмудскаму старасту Р. А. Агінскаму. «Нойбургскія ўладанні» перадаваліся пад апеку К. С. Радзівіла, які абавязваўся не спрабаваць іх выкупіць.

ЛітаратураПравіць

  • Narbutt J. Dzieje wewnętrzne narodu litewskiego z czasów Jana Sobieskigo i Augusta II, królów panujących w Polsce. T. 2. — Wilno, 1842. — S. 72—97.