Альманскія балоты

Альманскія балоты — буйнейшы ў Еўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, які захаваўся да нашых дзён у натуральным стане.

Альманскія балоты
Размяшчэнне Беларусь
Плошча 93699 га
physical
Альманскія балоты
Альманскія балоты
physical
Альманскія балоты
Альманскія балоты

Прыродаахоўны статус

правіць

ТВП міжнароднай значнасці (крытэрыі A1, B2, B3), утворана ў 1998 годзе. Альманскія балоты маюць статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння з 2001 года і ахоўваецца Рамсарскай канвенцыяй (крытэрыі 1, 2). У межах комплексу дзейнічае ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Альманскія балоты»[1].

Склад тэрыторыі

правіць

На яго тэрыторыі размешчаны ваенны авіяцыйны палігон, які дзейнічае і зараз. Паўднёва-заходняя частка масіву распасціраецца на тэрыторыю Украіны, у сувязі з чым паўднёвая мяжа заказніка праходзіць па дзяржаўнай мяжы. Плошча трансфармаваных земляў (дарогі, тэрыторыі вайсковых пастоў) складаюць не больш за 1 % ад усёй плошчы заказніка. Каля 40 % тэрыторыі займаюць адкрытыя балоты, пераважна пераходныя, парослыя разрэджаным трыснягом, мохам і рэдкімі бярозкамі. Сярод балот раскіданы пясчаныя дзюны (у выглядзе астравоў і працяглых град), парослыя хваёвымі альбо ліставымі лясамі. Увогуле, лясамі, пераважна забалочанымі, пакрыта амаль 50 % плошчы заказніка. Акрамя балотных сустракаюцца сухія хвойнікі, пойменныя дубравы і чорнаалешнікі.

Альманскія балоты размешчаны ў міжрэччы правага прытока Прыпяці — ракі Сцвіга і ракі Льва, якая ўпадае ў Сцвігу і ўтварае паўночна-заходнюю мяжу заказніка. Акрамя Львы ў Сцвігу ўпадаюць некалькі старых меліяратыўных каналаў, якія былі пабудаваны яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. У цяперашні час яны знаходзяцца ў паўразбураным стане, аднак сток вады з балот (асабліва інтэнсіўны вясной) па ім яшчэ працягваецца. Пойма ракі Льва ў межах заказніка вельмі забалочана. У паўночнай частцы комплексу знаходзяцца два возеры — Вялікае і Малое Засомінае з агульнай плошчай каля 100 гектараў. Астатнія 23 возеры заказніка зусім дробныя — ад 0,5 да 5 гектараў. Альманскія балоты адрозніваюцца ад іншых падобных балотных комплексаў буйнымі памерамі, захаванасцю ў натуральным стане, стабільнасцю гідралагічных умоў.

Фаўна і флора

правіць

Арнітафаўна Альманскіх балот прадстаўлена 151 відам птушак, 25 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі[1].

Aльманскія балоты забяспечваюць існаванне значнай часткі (10-20 %) беларускай папуляцыі барадатай кугакаўкі (Strix nebulosa), гняздуецца тут і адзін з найбольш каштоўных паляўнічых відаў птушак — глушэц (Tetrao urogallus), палеская папуляцыя якога зараз знаходзіцца ў прыгнечаным становішчы.

На тэрыторыі заказніка сустракаецца 26 відаў млекакормячых, 3 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Да нядаўняга часу тут яшчэ адзначалася норка еўрапейская (Mustela lutreola) — від, які знаходзіцца ў Еўропе пад пагрозай глабальнага знікнення. Поймы рэк Ствіга і Льва падтрымліваюць існаванне адной з буйнейшых папуляцый выдры (Lutra lutra)[1].

На тэрыторыі ўгоддзя выяўлена 687 відаў раслін, 12 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі[1].

   
Расіца прамежкавая (Drosera intermedia).
Аверс
Барадатая кугакаўка (Strix nebulosa).
Рэверс

Акрамя Палескага авіяцыйнага палігона на тэрыторыі заказніка дзейнічае Палескі вайсковы лясгас Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, а таксама калгас «Рубельскі». Насуперак меркаванням, дзейнасць вайскоўцаў, якая вядзецца на лакальных участках балота, не толькі не прывяла да дэградацыі прыродных супольнасцей, а наадварот, абумовіла абмежаванне гаспадарчай дзейнасці, у асаблівасці, гідрамеліярацыі, што дазволіла захаваць гэты балотны масіў у натуральным стане. Акрамя вайсковай дзейнасці на тэрыторыі заказніка ажыццяўляецца рэгламентаванае лесакарыстанне, дазволена паляванне і рыбная лоўля, праводзіцца нарыхтоўка вялікай колькасці грыбоў і ягад.

Неспрыяльныя фактары

правіць
  • У дадзены час вайсковы палігон працягвае афіцыйна існаваць на тэрыторыі заказніка, аднак з-за рэзкага скарачэння вайсковых вучэбных мерапрыемстваў рэжым яго аховы стаў менш строгім, у выніку чаго рэзка павялічылася неафіцыйнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, пачасціліся буйныя пажары, узмацнілася іншая антрапагенная нагрузка на прыродныя біяцэнозы.
  • Асушэнне прылягаючых да заказніка тэрыторый прыводзіць да зніжэння ўзроўню грунтовых вод, і, як вынік, дэградацыі натуральных супольнасцяў.
  • Выпальванне расліннасці ў вясновы перыяд з'яўляецца асноўнай прычынай пажараў. Летам пажары ўзнікаюць ад вогнішчаў, якія раскладаюць на тарфяніках альбо ў сухім лесе пастухі і браканьеры.
  • Браканьерская высечка лясоў на астравах і градах сярод балот стварае небяспеку іх эразійнага разбурэння і пазбаўляе жывёл сховішчаў.
  • Неабмежаваны збор журавін вядзе да ўзмацнення фактара неспакою, значнага скарачэння кармавой базы для шэрагу жывёл, павялічвае верагоднасць пажараў ад вогнішчаў, якія раскладаюцца зборшчыкамі ягад.
  • Некантралюемае паляванне прывяло да катастрафічнага зніжэння колькасці глушцоў, ласёў, дзікоў, відаў пушных звяроў.
  • Выпас жывёлы ў лясах вядзе да дэградацыі наглебавага покрыва, скарачэння кармавой базы дзікіх жывёл, павелічэння фактару неспакою, гібелі маладняку жывёл і разарэння гнёзд сабакамі пастухоў.

Фотагалерэя

правіць

Зноскі

  1. а б в г Альманскія балоты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 14 ліпеня 2015.

Літаратура

правіць
  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org
  • Домбровский В. Ч., Журавлев Д. В. Редкие виды хищных птиц на приграничных с Украиной особо охраняемых природных территориях Белорусского Полесья // Материалы 3 Международной конференции «Хищные птицы Украины». Кривой Рог, 25-26 октября 2008 г., с. 125—133.

Спасылкі

правіць