Альпінізм

(Пасля перасылкі з Альпініст)

Альпінізм — від спорту, узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні ў спартыўных ці іншых мэтах. Афіцыйная гісторыя альпінізму пачынаецца з 1786 года (узыходжанне швейцарцаў Ж.Бальмы і М.Пакара на Манблан у Альпах). З 2-й паловы 19 стагоддзя ўзнікаюць альпінісцкія клубы ў Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі. Да канца 19 стагоддзя ў Альпах былі адолены многія вяршыні, пракладзены складаныя маршруты. Па меры вывучэння і даследвання іншых горных сістэм, удасканалення сродкаў зносін пашыралася геаграфія альпінізму, які актыўна развіваецца з 1950-х гадоў пасля пакарэння найвышэйшых вяршыняў свету.

Альпінізм патрабуе добрай фізічнай і спецыяльнай падрыхтоўкі, спецыяльнага адзення, абутку, харчавання для жыццезабеспячэння ва ўмовах высакагор’я і адпаведнага рыштунку (вяроўкі, ледарубы, скальныя і лёдавыя кручкі, карабіны і інш.) для страхоўкі спартсменаў. Пры ўзыходжанні на вяршыні вышынёй больш за 8000 м часта выкарыстоўваюць кіслародныя апараты. У альпінізме прынята класіфікацыя маршрутаў паводле іх складанасці (усяго 6 катэгорый). Альпінісцкую падрыхтоўку атрымліваюць у спецыяльных альплагерах і школах. Узыходжанне робяць, як правіла, у складзе групы, з інструктарам або гідам-правадніком (на пачатковым этапе) ці самастойна. У горных раёнах дзейнічае спецыяльная горнавыратавальная служба. Нацыянальныя федэрацыі і альпінісцкія саюзы розных краін аб'яднаны (з 1932) у Міжнародны саюз альпінісцкіх асацыяцый. Праводзяцца альпініяды.

На Беларусі альпінізм развіваецца з 1950-х гадоў. Дзейнічае з 1955 года федэрацыя альпінізму і скалалажання. З 1973 года праводзіцца першынство краіны па альпінізме.

Літаратура

правіць