Альфонса V Высакародны

(Пасля перасылкі з Альфонса V, кароль Леона)

Альфонса V Высакародны (ісп.: Alfonso V el Noble; таксама Альфонса V Заканадавец (ісп.: el la Buenos Fueros[1]) ці Альфонса V Аднаўляльнік (ісп.: el Restaurator); 996[2] — 7 жніўня 1028) — кароль Леона (999—1028; самастойна — з 1007) з дынастыі Перэс. Праводзіў палітыку аднаўлення каралеўства пасля паходаў маўраў, ізноў засяліў сталіцу каралеўства, горад Леон, і выдаў «Фуэра Леона». Загінуў у паходзе на Візеу.

Альфонса V Высакародны
ісп.: Alfonso V el Noble
Альфонса V Высакародны
Альфонса V.
Выява XIII ст. з Сант'яга-дэ-Кампастэлы
сцяг
Кароль Леона
999 — 1028
Каранацыя 11 лістапада 999
Папярэднік Бермуда II
Пераемнік Бермуда III
 
Дзейнасць суверэн
Веравызнанне Хрысціянства
Нараджэнне 996(0996)
Смерць 7 жніўня 1028(1028-08-07)
Пахаванне
Род Перэс
Бацька Бермуда II
Маці Эльвіра Гарсія
Жонка 1-я: Эльвіра Менендэс дэ Меланда
2-я: Урака Гарсес
Дзеці Ад 1-га шлюбу:
сын: Бермуда III
дачка: Санча
Ад 2-га шлюбу:
дачка: Хімена
Ад наложніцы:
Нунья дэ Амая

БіяграфіяПравіць

РэгенцтваПравіць

Барацьба за рэгенцтваПравіць

Альфонса V быў сынам караля Леона Бермуда II. Ён стаў каралём ва ўзросце трох гадоў, калі яго бацька ў верасні 999 года нечакана сканаў у час паездкі па сваім каралеўстве. З прычыны таго, што Альфонса быў яшчэ малалетнім, кіраванне перайшло ў рукі рэгентаў — маці новага караля Эльвіры Гарсія, дачкі графа Кастыліі Гарсіі Фернандэса, і найбольш уплывовага з васалаў караля, графа Партугаліі Мененда II Гансалеса. На рэгенцтва таксама прэтэндаваў і дзядзька Альфонса V, граф Кастыліі Санча Гарсія, але незадаволеная аддзяленнем Кастыліі ад Каралеўства Леон леонская знаць перашкодзіла яго ўваходжанню ў рэгенцкую раду. Аднак граф Кастыліі змог уплываць на кіраванне Леонам праз сваю сястру Эльвіру, у выніку чаго пры леонскім каралеўскім двары сфарміраваліся дзве групы знаці: пра-кастыльская, на чале якой стаяла маці караля, і анты-кастыльская, на чале якой стаяў граф Партугаліі. 11 кастрычніка 999 года адбылася цырымонія каранацыі Альфонса V, якую правёў біскуп Леона Фраілан I. У хартыі, выдадзена з гэтай нагоды 13 кастрычніка, першым стаяў подпіс Мененда II Гансалеса, другім — Санчы Гарсіі, хоць у дакуменце Санча мае больш высокі тытул (герцаг), чым Мененда (граф). Гэта сведчыць пра перавагу ў гэты момант пры двары анты-кастыльскай партыі. Паводле слоў Пелая з Аўеда, Альфонса быў вывезены графам Мененда ў яго ўладанні ў Галісіі і выгадаваны ў яго сям'і. Адным з першых дзеянняў Мененда Гансалеса на пасадзе рэгента стала засяленне ім разбуранай маўрамі Саморы, якое ён пачаў у першы год кіравання Альфонса V.

Адносіны з маўраміПравіць

З самага пачатку рэгенты сутыкнуліся з небяспекай новых спусташальных паходаў маўраў на чале з фактычным кіраўніком Кордаўскага халіфата аль-Мансурам. Пры двары караля Леона перавагу ўзяла група знаці, якая настойвала на працягу вайны з мусульманамі. У 1000 годзе паміж каралеўствам Леон, каралеўствам Навара і графствам Кастылія быў заключаны саюз супраць маўраў, аднак у гэтым жа годзе войска саюзнікаў пацярпела цяжкае паражэнне ад аль-Мансура ў бітве пры Серверы, у якой загінуў кароль Навары Гарсія II Санчэс. Пасля гэтага на працягу двух гадоў аль-Мансур здзейсніў некалькі паходаў у Кастылію і Навару. Яго смерць 10 жніўня 1002 года[3][4][5], якая адбылася пасля перамогі аб'яднанага войска хрысціян у бітве пры Калатаньясоры[6], не спыніла наступ маўраў на хрысціянскія дзяржавы поўначы Пірэнейскага паўвострава і ў канцы года сын і пераемнік аль-Мансура, хаджыб Абд аль-Малік аль-Музафар здзейсніў паход у Леон. Пасля гэтага паходу рэгенты Леонскага каралеўства прынялі рашэнне заключыць мір з Кордаўскім халіфатам і ў лютым 1003 года ў Кордаве Пелая, пазашлюбны сын караля Бермуда II, пацвердзіў умовы мірнага дагавора паміж Леонам і Кордаўскім халіфатам.

 
Пірэнейскі паўвостраў у 1000 годзе.

На правах саюзніка Абд аль-Маліка аль-Музафара леонскае войска ўдзельнічала ў 1003 годзе ў паходзе на Барселонскае графства, у час якога маўры спачатку былі разбіты графам Барселоны Рамонам Барэлем I і іншымі каталонскімі валадарамі ў бітве пры Торы, а затым 25 лютага нанеслі войску каталонцаў паражэнне ў бітве пры Альбесе[7]. У 1004 годзе паміж графам Партугаліі Мененда II Гансалесам і графам Кастыліі Санча Гарсіяй узнік новы канфлікт наконт рэгенцтва над каралём Альфонса V. За пасродніцтвам абодва прэтэндэнта звярнуліся да Абд аль-Маліка аль-Музафара, які прызнаў свайго саюзніка Мененда Гансалеса, які асабіста прыбыў у Кордаву, законным апекуном малалетняга караля Леона. Супраць графа Кастыліі, які адмовіўся падпарадкавацца гэтаму рашэнню, Абд аль-Малік і граф Мененда здзейснілі сумесны паход.

Аднак у 1005 годзе з невядомых прычынах паміж Леонам і Кордаўскім халіфатам ізноў пачалася вайна. Хаджыб аль-Музафар здзейсніў паход у горныя раёны Леона і ўзяў крэпасць Луна, а яго палкаводзец Вадых ізноў разарыў Самору. Граф Кастыліі Санча Гарсія заключыў у 1006 годзе мір з Кордаўскім халіфатам і суправаджаў аль-Музафара ў паходзе ў графства Рыбагорса. Насустрач маўрам выступіла аб'яднанае войска Рыбагорсы, Леона і Навары, аднак саюзнікі не змаглі перашкодзіць мусульманам заваяваць большую частку графства Рыбагорса. У 1007 годзе граф Кастыліі зноў разарваў мір з маўрамі, разам з войскамі з Леона і Навары ўварваўся на тэрыторыю Кордаўскага халіфата і захапіў крэпасць Клунію. Толькі смерць у 1008 годзе Абд аль-Маліка аль-Музафара і крызіс у Кордаўскім халіфаце, які пачаўся неўзабаве пасля гэтага, спынілі рэгулярныя напады маўраў на хрысціянскія дзяржавы Пірэнейскага паўвострава і дазволілі хрысціянам самім перайсці ў наступ на ўладанні мусульман.

Самастойнае кіраваннеПравіць

Пачатак самастойнага кіраванняПравіць

У 1007 годзе Альфонса V дасягнуў паўналецця і пачаў самастойна кіраваць каралеўствам. Яго маці, Эльвіра Гарсія, сышла ў манастыр. Граф Мененда II Гансалес з'ехаў у свае ўладанні ў Партугаліі, але перад ад'ездам дамогся ад Альфонса V згоды пабрацца шлюбам са сваёй дачкой Эльвірай. Тая яшчэ не дасягнула шлюбнага ўзросту, таму было прынята рашэнне адкласці шлюб да яе паўналецця, і толькі ў 1015 годзе Эльвіра Менендэс дэ Меланда стала законнай жонкай караля Леона. Сам граф Мененда II загінуў 6 кастрычніка 1008 года ў баі з нарманамі каля горада Авеноза[8]. Яго пераемнік, граф Нунья I Альвітэс, ужо не аказваў на караля Альфонса V ніякага ўплыву.

Адразу ж пасля весткі пра гібель графа Мененда Гансалеса, супраць Альфонса V падняў мяцеж адзін з яго васалаў, граф Сальданіі Гарсія Гомес. У 1008 годзе ён прыехаў у Кордаву, каб прасіць ваеннай дапамогі супраць караля Леона ў новага хаджыба, свайго далёкага сваяка Абд ар-Рахмана Санчуэла, атрымаў яе, узімку 1009 года выступіў з войскам маўраў у паход на Леон, але з прычыны моцных халадоў быў вымушаны вярнуцца, так і не пачаўшы ваенныя дзеянні. Далейшай вайне з Альфонсам V Гарсіі Гомесу перашкодзіла грамадзянская вайна ў Кордаўскім халіфаце, якая пачалася ў тым жа годзе. Граф Сальданіі прымірыўся з каралём Леона і прыняў актыўны ўдзел у гэтай вайне: у 1009 годзе на чале атрада леонцаў ён як саюзнік халіфа Сулеймана і графа Кастыліі Санча Гарсіі ўдзельнічаў ва ўзяцці і разрабаванні Кордавы.

Напад нарманаўПравіць

Пра кіраванне Альфонса V паміж 1009 і 1017 гадамі вядома мала. З падзей гэтага часу, акрамя адносін з Кастыліяй, найбольш значнымі з'яўляюцца скліканне ў 1012 годзе па ініцыятыве караля царкоўнага сабору ў горадзе Леон і напад нарманаў на Галісію ў 1015—1016 гадах. Войска вікінгаў на чале з конунгам Олафам Тоўстым бесперашкодна разарыла Галісію і Партугалію, разрабавала Туй і іншыя гарады. Толькі праз 9 месяцаў каралю Альфонса V удалося выгнаць нарманаў са свайго каралеўства.

Фуэра ЛеонаПравіць

 
Альфонс V. Мініяцюра з рукапісу хронікі Пелая з Аўеда (XIII ст.)

Да 1017 года адносіцца адна з галоўных падзей кіравання Альфонса V — выданне «Фуэра Леона». Да гэтага часу кароль пачаў паўторнае засяленне сталіцы каралеўства, горада Леон, амаль цалкам разбуранага ў выніку паходаў аль-Мансура ў канцы X стагоддзя. За некалькі гадоў у горадзе былі адноўлены ці пабудаваны некалькі цэркваў і манастыроў (у тым ліку, сабор Сан-Хуан-Батыста-дэ-Леон, пераўтвораны ў сямейную пахавальню каралёў Леона). У горад з іншых раёнаў краіны па ўказу караля перасяляліся рамеснікі. Каб актывізаваць перасяленне, 30 ліпеня 1017 года Альфонса V выдаў фуэра, у якім падаваў новым жыхарам горада цэлы шэраг палёгак і прывілеяў. Асаблівая ўвага надавалася рэгуляванню маёмасных адносін паміж жыхарамі горада, жыхарамі наваколляў і прадстаўнікамі каралеўскай улады. 1 жніўня 1020 года ў горадзе Леон па ініцыятыве караля сабраўся вялікі сабор, на якім прысутнічалі амаль усе знатныя духоўныя і свецкія асобы каралеўства. Удзельнікі сабору ўхвалілі прапанаваны каралём пашыраны варыянт «Фуэра Леона», у якім вызначаліся правы гарадскіх абшчын і іх узаемаадносіны з каралеўскай уладай. Дзеянне гэтага фуэра было распаўсюджана саборам на ўсю тэрыторыю каралеўства і ў наступныя два стагоддзі «Фуэра Леона» стала асновай для стварэння большасці фуэрас, выдадзеных для гарадоў Леона, Галісіі і Астурыі.

Адносіны з Кастыліяй і НаварайПравіць

З самага пачатку адзінаўладнага кіравання Альфонса V пачалі абвастрацца адносіны паміж каралеўствам Леон і графствам Кастылія. Граф Санча Гарсія, які жадаў павялічыць свае ўладанні як за кошт Кордаўскага халіфата, так і за кошт Леона, яшчэ да гібелі графа Мененда II Гансалеса захапіў леонскія землі паміж рэкамі Сеа і Пісуэрга, улада над якімі заўсёды аспрэчвалася Леонам і Кастыліяй. Кароль Альфонса V, заняты аднаўленнем свайго каралеўства, не змог перашкодзіць далучэнню гэтых абласцей да Кастыліі. У далейшым граф Санча некалькі разоў спрабаваў арганізаваць мецяжы сваіх прыхільнікаў у Леоне, каб дамагчыся ад Альфонса V яшчэ большых саступак, але поспеху гэтыя дзеянні не мелі. У 1014 годзе адбыўся канчатковы разрыў паміж каралём Альфонса V і графам Санча Гарсіем, звязаны з распачатымі ў Кастыліі праследаваннямі прыхільнікаў леонскага караля. Мноства кастыльскіх дваран бегла да двара караля Леона. Сярод гэтых бежанцаў была і сям'я Вела, якая ўжо 80 гадоў канфліктавала з графскай сям'ёй Кастыліі з-за валоданняграфствам Алава. Адзін з прадстаўнікоў гэтай сям'і, граф Радрыга Вела, неўзабаве стаў першым саветнікам Альфонса V, а калі ў караля ў 1017 ці 1018 годзе нарадзіўся сын Бермуда, Радрыга атрымаў ганаровае права стаць хросным бацькам спадчынніка прастола.

Сітуацыя змянілася, калі 5 лютага 1017 года памёр граф Санча Гарсія і новым кіраўніком Кастыліі стаў яго непаўналетні сын Гарсія Санчэс. Кароль Альфонса V ужо ў сакавіку арганізаваў паход супраць Кастыліі і вярнуў усе землі, захопленыя раней графам Санча. Кіраўніком гэтых зямель быў пастаўлены граф Педра Фернандэс Лайнес-о-Флагінес, які раней праславіўся ў барацьбе з пра-кастыльскімі мяцежнікамі. Да гэтага перыяду адносіцца адзінае ў гісторыі каралеўства Леон выкарыстанне яго манархам тытула «кароль Леона і Кастыліі» і аднаўленне ў тытулатуры Альфонса тытула «Імператар усёй Іспаніі» (лац.: Imperator totius Hispaniae), якім надзяляе яго ў сваіх лістах да яго абат манастыра Санта-Марыя-дэ-Рыполь Аліба.

Аднак нечакана для сябе кароль Альфонса V сутыкнуўся з новым праціўнікам, каралём Навары Санча III, які абвясціў сябе апекуном свайго сваяка[9], графа Гарсіі Санчэса. Храналогія далейшых падзей гісторыкамі пакуль дакладна не ўсталяваная, але вядома, што да 1020 года каралю Навары ўдалося зноў адваяваць у Альфонса V вобласць паміж Сеа і Пісуэргай, а да 1022 годзе захапіць і некаторыя іншыя землі каралеўства Леон. 2 снежня 1022 года памерла жонка караля Альфонса V, Эльвіра Менендэс, і кароль Леона прапанаваў Санча III заключыць мір, які мусіў быў змацаваны шлюбам Альфонса V з сястрой караля Навары, Уракай Гарсес. Нягледзячы на тое, што шлюб парушаў царкоўныя законы, якія забаранялі шлюбы паміж блізкімі сваякамі (Альфонса і Урака былі стрыечнымі братам і сястрой), у 1023 годзе адбылася цырымонія іх шлюбу. Паміж Леонам і Наварай быў заключаны мір, які не быў парушаны да самай смерці караля Альфонса V. Землі, заваяваныя каралём Санча III, былі вернуты Леону як пасаг Уракі Гарсес.

Гібель Альфонса VПравіць

 
Помнік Альфонса V у Мадрыдзе

Улетку 1028 года кароль Альфонса V арганізаваў паход у абхоплены міжусобнай вайной Кордаўскі халіфат. Леонскае войска аблажыла горад Візеу. 7 жніўня, праз моцную спёку не адзеўшыся ў даспехі, кароль, аб'язджаючы свае войскі, быў забіты стралой, выпушчанай з адной з веж горада. Пасля гібелі Альфонса V войска хрысціян зняло аблогу і вярнулася ў Леон. Цела караля было пахавана ў сталічным саборы Сан-Ісідора-дэ-Леон, дзе знаходзіцца дагэтуль. Пераемнікам караля Альфонса V стаў яго 10-летні сын Бермуда III.

Сям'яПравіць

Кароль Альфонса V быў жанаты два разы. Першай яго жонкай (з 1015) была Эльвіра (у некаторых крыніцах называецца Гелорыяй) Менендэс дэ Меланда (памерла 2 снежня 1022), дачка графа Партугаліі Мененда II Гансалеса. Дзецьмі ад гэтага шлюбу былі:

У другім шлюбе (з 1023) Альфонса V быў з Уракай (памерла пасля 6 жніўня 1031), дачкой караля Навары Гарсіі II Санчэса. У гэтым шлюбе ў караля нарадзілася дачка Хімена, жонка графа Фернанда Гундэмарыса.

Ад невядомай па імі жанчыны кароль Альфонса V меў пазашлюбнага сына Нунья, які атрымаў тытул граф Амая.

Зноскі

  1. Даслоўны пераклад: Альфонса V Добрыя законы.
  2. У некаторых крыніцах гаворыцца, што Альфонса V нарадзіўся каля 994 года.
  3. Abū ʿĀmir al-Manṣūr (англ.) . Encyclopædia Britannica. Праверана 13 жніўня 2016.
  4. Moral A. E. Cronología histórica de Al-Andalus. — Miraguano Ediciones, 2005. — P. 106. — ISBN 978-8-4781-3294-2.
  5. Moorish Spain (англ.) . Foundation for Medieval Genealogy. Праверана 13 жніўня 2016.
  6. Паводле даследаванняў сучасных гісторыкаў, бітва пры Калатаньясоры, у якой маўры пацярпелі разгромнае паражэнне, а сам аль-Мансур быў паранены, з'яўляецца толькі легендай, прыдуманай хрысціянскімі храністамі XII стагоддзя. Тагачасныя іспана-мусульманскія гісторыкі не пішуць пра падобную бітву і гавораць пра натуральныя прычыны смерці аль-Мансура.
  7. La batalla de Albesa (25 de febrero de 1003) y la primera aceifa de 'Abd al-Malik al-Muzaffar (verano del mismo año) (ісп.) . Dolors Bramon. Архівавана з першакрыніцы 3 лютага 2012. Праверана 2 студзеня 2010.
  8. Гэта найбольш распаўсюджаная ў крыніцах версія гібелі Мененда II, аднак некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што граф Партугаліі мог загінуць ці ў выніку мецяжу ў яго графстве, ці ў час паходу ў Кастылію.
  9. Граф Кастыліі Гарсія Санчэс быў братам жонкі караля Санча III, Муніядонны.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць