Аляксандр Антонавіч Савіч
Аляксандр Антановіч Савіч (1 сакавіка 1890, с. Перавалокі Гродзенскай губ., цяпер в. Старая Перавалока Слонімскага р-на — 21 кастрычніка 1957) — беларускі гісторык.
Аляксандр Антонавіч Савіч | |
---|---|
руск.: Александр Антонович Савич | |
Дата нараджэння | 1 сакавіка 1890 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 кастрычніка 1957 (67 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства |
|
Род дзейнасці | гісторык, педагог, выкладчык універсітэта |
Навуковая сфера | гісторыя |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар гістарычных навук |
Навуковае званне | |
Альма-матар | |
Навуковы кіраўнік | Мацвей Кузьміч Любаўскі |
Узнагароды | |
Творы ў Вікікрыніцах |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сям’і святара. Планавалася, што пойдзе следам бацькі і дзеда. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1910), Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію (1914). За кандыдацкую працу пра беларуска-ўкраінскія школы XVII—XVIII ст. адзначаны спецыяльнай прэміяй, пакінуты на кафедры рускай гісторыі Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі для падрыхтоўкі да магістарскага звання. Аднак навучанне працягнуў на гісторыка-філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1917 годзе. Падзеі рэвалюцыі закінулі А. Савіча ў Саратаўскі ўніверсітэт, дзе пад кіраўніцтвам прафесараў В. І. Вераценнікава, М. К. Любаўскага і С. М. Чарнова да 1920 года ён рыхтаваўся да магістарскіх іспытаў і абароны дысертацыі «Заходнерускія школы ў XVI—XVIII стст.».
У 1921 годзе А. А. Савіч быў запрошаны на кафедру расійскай гісторыі БДУ, 16.11.1921 года афіцыйна зацверджаны выкладчыкам БДУ, пазней дацэнтам і прафесарам. Чытаў лекцыі па гісторыі рускай культуры і «культурных рухаў» ў Беларусі ў XVI—XVIII ст., гісторыі Старажытнай Русі, народнай адукацыі ў Беларусі да XIX ст., вёў семінары і прасемінары па вывучэнні летапісных зводаў, маскоўскай палітычнай літаратуры XVI ст., замежных звестак пра Расію XVI—XVIІ ст., па чытанні і каментаванні Саборнага ўлажэння 1649 года, Наказу Кацярыны ІІ, Рускай Праўды, гісторыі Смуты, гісторыі валадарства Пятра I, кіраваў факультатывамі па крыніцах і крыніцазнаўстве Расіі. Быў адным з 10 членаў «камісіі па прадметах гістарычных» і аўтараў 1-га і 2-га выпускаў «Прац БДУ».
У навуковым плане А. А. Савіч асноўнымі сваімі працамі першага мінскага перыяду лічыў «Рускія уніяцкія школы XVII—XVIII стст.», «Руска-польскія адносіны ў ХVII ст. (да Дэўлінскага перамір’я)» і «Культурныя рухі ў Беларусі і Украіне ў ХVI-ХVII стст.». З вынікамі навуковых пошукаў гісторык не раз выступаў на пасяджэннях Мінскага таварыства гісторыі і старажытнасцяй. Браў удзел у пасяджэннях Савета БДУ па абмеркаванні пытання перадачы Польшчы культурных каштоўнасцяў і быў уключаны ў камісію па выпрацоўцы «ўзважанага» рашэння. Лютым 1924 года разам з калегамі шукаў найлепшы варыянт экспазіцыі першага ўніверсітэцкага музея — музея гісторыі культуры і рэлігіі. Студэнты і калегі па БДУ называлі А. А. Савіча адным з тых, хто моцна ўражваў слухачоў сваёй гістарычнай эрудыцыяй.
Асэнсоўваючы гісторыю Беларусі, паступова адыходзіў ад пазіцый заходнерусізму, схіляўся да нацыянальнай дзяржаўнай канцэпцыі. З патрыятычна настроенымі праваслаўнымі святарамі і прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі 17.6.1922 года падпісаў адозву да праваслаўных беларусаў БССР з заклікам стварэння нацыянальнай (аўтакефальнай) праваслаўнай царквы Беларусі. У 1923 годзе царкоўныя «захапленні» А. А. Савіча здаліся небяспечнымі, таму ціхае выцісканне вясной 1924 года з БДУ было не горшым для яго зыходам.
А. Савіч з’ехаў у Перм, працаваў спачатку ва ўніверсітэце, потым загадчыкам кафедрай гісторыі народаў СССР у Пермскім індустрыяльна-педагагічным інстытуце. Прафесар (1928). У гэты перыяд апублікаваў «Нариси з iсторiï культурных рухiв на Вкраïнi та Бiлорусi в XVI—XVIII вв.», «Дэўлінскае перамір’е 1618 г. (З гісторыі польскай інтэрвенцыі пачатку XVII ст.)» і інш.
Пераехаў у Яраслаўль, выкладаў у Яраслаўскім педагагічным інстытуце. З 1930-х гадоў супрацоўнік Дзяржаўнага гістарычнага музея Інстытута гісторыі АН СССР. У 1937 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Дачыненні Масковіі з Рэччу Паспалітай у час Смуты 1600—1619 гг.». Пры напісанні дысертацыі выявіў у Петраградскай дзяржаўнай бібліятэцы перапіску караля Жыгімонта Вазы з вялікалітоўскі канцлерам Львом Сапегам (пачынаючы з 1598), а таксама матэрыялы датычныя перамоў Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай пра прыналежнасці Смаленска (1615—1616). Быў адным з аўтараў першага пакалення «сталінскіх» падручнікаў па гісторыі СССР для ВНУ.
У 1943 годзе зноў запрошаны працаваць у БДУ і АН БССР. У БДУ узначаліў кафедру гісторыі народаў СССР і кіраваў арганізацыяй навучальнага працэсу. Браў удзел у напісанні 2-га і 3-га тамоў «Гісторыі БССР», якія рыхтаваліся ў Акадэміі навук з прыцягненнем гісторыкаў універсітэта. Менавіта гэта праца была прычынай другога выгнання з БССР — у тэкстах А. А. Савіча ў 1946 годзе ўбачылі толькі «апісанне жыцця каралёў», захапленне царкоўнай гісторыяй і адсутнасць «класавага падыходу». У сакавіку 1947 года партбюро гістарычнага факультэта ацаніла працу кафедры, якую ўзначальваў А. Савіч, вельмі негатыўна.
Наступныя гады працаваў у ВНУ Масквы, у Інстытуце гісторыі АН СССР, духоўных установах.
Літаратура
правіць- Савіч Аляксандр Антонавіч // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Ляхоўскі У. В. Савіч Аляксандр Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 72. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).