Аляксандр Ануфрыевіч Шлюбскі

Аляксандр Ануфрыевіч Шлюбскі (16 чэрвеня 1897, Межава, цяпер Расонскі раён Віцебская вобласць — пасля 26 жніўня 1942; псеўданімы: Алеся Гаротная, А. Зніч, Альгерд Шлюбскі, Звястун, Казальнік, Этнограф; крыптанімы: А., А. Г., А. Ш., Ал. Ш., Ал. Ш-скі.) — беларускі этнограф, фалькларыст, бібліёграф, літаратуразнавец.

Аляксандр Ануфрыевіч Шлюбскі
Дата нараджэння 16 чэрвеня 1897(1897-06-16)
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 26 жніўня 1942
Грамадзянства
Род дзейнасці этнограф, фалькларыст, бібліёграф, літаратуразнавец
Месца працы
Альма-матар
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

У 1922 годзе скончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1918—1923 гадах удзельнічаў у арганізацыі архіваў у Веліжы, Віцебску, Оршы, Полацку. 3 1923 года працаваў у Інбелкульце, у 1929—1930 гадах — у Інстытуце гісторыі АН БССР. Сябра і паплечнік Вацлава Ластоўскага[1].

Пра жыццё Шлюбскага ў 1930-я гады звесткі супярэчлівыя[1]. Паводле Леаніда Маракова, навуковец арыштаваны ДПУ БССР 3 красавіка 1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі», паводле пастановы Калегіі АДПУ ад 10 красавіка 1931 года высланы тэрмінам на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад (па гэтай справе рэабілітаваны 19.9.1960). Пра знаходжанне ў Ніжнім Ноўгарадзе сведчыць яго артыкул «Библиография Омутнинского края: материалы к полной библиографии» (1932).

У 1932 годзе ў зборніку артыкулаў «Этнография на службе у классового врага» (Ленінград), Шлюбскага характарызавалі горай за Ластоўскага, бо да яго прыезду «падрыхтаваў глебу» для «нацыянал-дэмакратычнага наступу» на савецкую навуку.[1]

 
Экслібрыс Аляксандра Шлюбскага работы Яфіма Мініна

У 1933 годзе ў часопісе «Мастацтва і рэвалюцыя» з’явіўся артыкул Віталя Зэйдэль-Вольскага «Пра рэцыдывы нацыянал-дэмакратызму ў творчасці мастака Мініна», дзе даводзілася «класавае шкодніцтва» мастака і адзначалася, што «экслібрыс, зроблены для Шлюбскага, характэрны сваім голым этнографізмам. … Нацдэм Шлюбскі з задавальненнем знаходзіў у гэтых экслібрысах … яскравыя адбіткі беларускага „нацыянальнага адраджэння“».[2]

Аднак, паміж 1934 і 1936 гадамі Шлюбскі працаваў ужо бібліёграфам у Кіраўскай абласной навуковай бібліятэцы[1]. Затым працаваў у Ленінградзе, пра што сведчыць яго артыкул «Архивные материалы о книге Ф . Энгельса „Происхождение семьи, частной собственности и государства“» (Советская этнография, 1934, № 6), на думку Ігара Барынава, для яго напісання навуковец безумоўна карыстаўся фондам Галоўнага ўпраўлення па справах друку ў Цэнтральным гістарычным архіве СССР (цяпер РДГА у Санкт-Пецярбургу)[1]. У чэрвені 1935 года Шлюбскі паўторна арыштаваны УНКУС па Ленінградскай вобласці, асобай нарадай пры НКУС СССР 16.11.1935 года прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі (па гэтай справе ў 1990 годзе пракуратура Ленінграда адмовіла ў рэабілітацыі).

Напэўна, пасля адбыцця гэтага тэрміна, у 1939—1940 годзе звяртаўся да ЦАУ БССР з просьбай працаўладкавання[крыніца?]. У 1940 годзе зноў у Ленінградзе выйшла праца Шлюбскага пра цэнзурную гісторыю вядомага зборніка Аляксандра Афанасьева «Народные русские сказки»[1]. Відавочна, са зразумелых прычын, у 1930-я гады Шлюбскі адмовіўся ад беларускай тэматыкі і займаўся гісторыяй царскай цэнзуры, рэвалюцыйным рухам 1905—1907 гадоў і рускай этнаграфіяй[1].

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, на думку Барынава, разам з сям’ёй Шлюбскі мог быць эвакуіраваны з Ленінграда ў Татарскую АССР, прынамсі ў 1941 годзе разам з жонкай ён жыве ў сяле Ключы паблізу Бугульмы[1]. Мабілізаваны 10 ліпеня 1942 года з сяла Патапава-Тумбарла[3] Баўлінскім РВК Татарскай АССР, як сяржант адпраўлены ў 18-ю запасную стралковую брыгаду[4]. Далейшы лёс невядомы, лічыцца зніклым без вестак з 26 жніўня 1942 года[5].

Быў жанаты, жонка — Алена Львоўна Крывая, станам на снежань 1943 года, жыла ў сяле Ключ(….) каля станцыі Ютаза Баўлінскага раёна Татарскай АССР[5]. Сужэнцы выхоўвалі дваіх дзяцей.

Групавая справа Аляксандра Шлюбскага і іншых № 20951-с захоў­ваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Дзейнасць правіць

Склаў разгорнутую інструкцыю «Звесткі па збіранні вуснай народнай творчасці ў Беларусі» (1919).

У 1920-я гады быў актыўным супрацоўнікам Інстытута беларускай культуры, затым Інстытута гісторыі БССР. У гэты час падрыхтаваў том «Этнаграфія» з серыі «Матэрыялаў да беларускае бібліяграфіі», выпусканай Інбелкультам. Яшчэ да публікацыі Ластоўскім сваёй «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўна), выйшла праца Шлюбскага «Матэрыялы да крыўскай гісторапісі» (Коўна).[1]

Друкаваўся ў часопісах «Наш край», «Полымя», «Маладняк», у газеце «Савецкая Беларусь». Выступаў з артыкуламі пра культурна-асветнае жыццё Віцебшчыны, Мінска, пра падзеі грамадзянскай вайны на Беларусі, пра гісторыю беларускай літаратуры, перыядычнага друку: «Канфіскацыя твораў Дуніна-Марцінкевіча» (1923), «Да гісторыі канфіскацыі „Нашай нівы“» (1925), «„Мужыцкая праўда“ К. Каліноўскага» (1926). Даследаваў старажытныя вераванні, матэрыяльную культуру беларусаў. Аўтар нарысаў-партрэтаў Еўдакіма Раманава, Мікалая Нікіфароўскага, 3мітрака Бядулі, Уладзіміра Дабравольскага.

У навуковай спадчыне Аляксандра Шлюбскага дзве фундаментальныя працы, якія не страцілі значэння да цяперашняга часу. Першая — бібліяграфічны даведнік «Матэрыялы да беларускае бібліяграфіі» (Т. 4. Этнаграфія. 1927), дзе сістэматызавана значная колькасць з таго, што пісалася і публікавалася пра духоўную і матэрыяльную культуру беларусаў у рускай і польскай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, перыядычных выданнях, захоўвалася ў архівах. Працягнуць гэту працу Шлюбскага, нягледзячы на пазнейшыя неаднаразовыя спробы навукоўцаў, пакуль не ўдалося. Другая, больш ацэненая фалькларыстамі — «Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны» (ч. 1-2, 1927—1928), пад першай аўтарскай назвай «Крывічы», змяшчае збор каляндарнай і сямейна-абрадавай творчасці Віцебшчыны як этнаграфічнага рэгіёна. Да кожнага цыкла Шлюбскі зрабіў бібліяграфію раней сабраных народна-паэтычных твораў, прадмову, дзе ўлічаны абрадавыя аспекты рэгіянальнага фальклору. Запісы зроблены і пададзены з улікам дыялектных асаблівасцей мовы ўсяго Падзвіння.

Асноўныя творы правіць

  • Сведения по собиранию устного народного творчества в Белоруссии. — Велиж, 1919;
  • О собирании материалов по этнографии // Известия Велижского уездного совета. 1919. № 1381 (131);
  • Паны i сяляне ў першай палове XIX стагоддзя. — Менск, 1924. — 23 с.
  • Бядуля як этнограф. — Мн., 1925;
  • Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і былога Вялікага княства Літоўскага. — Коўна, 1925;
  • Крашаніна (набіванка). Віцебск: выданне Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства, 1926. — 32 с.
  • Конфіскацыя «Пана Тадэуша» Д.-Марцінкевіча // Узвышша. № 2 (1927). С. 199—202.
  • Гісторыка-этнаграфічныя нататкі. — Мн., 1928;
  • Exlibris’ы А. Тычыны. — Мн., 1928;
  • Этнографічная дзейнасьць Дабравольскага // Запіскі Аддзелу гуманітарных навук. Працы катэдры этнографіі. Т. 1, сш. 1. Мн., 1928. С. 117—126.
  • Аб беларуйскай набойцы // Там жа. С. 187—192.
  • Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны. Ч. 1-2. — Мн., 1927—1928;
  • Адносіны расійскага ўраду да беларускае мовы ў ХІХ ст. // Запіскі Аддзелу гуманітарных навук. Кн. 2. Працы клясы філёлёгіі. — Т. 1. — Менск, 1928. — С. 303—337.
  • Этнаграфічная дзейнасць Е. Р. Раманава // Там жа. С. 338—371.
  • Библиография Омутнинского края: материалы к полной библиографии // Омутнинская проблема: Материалы к разработке перспективного плана. — [Н. Новгород]: Огиз; Нижег. краев. изд-во, 1932. — С. 278—325.
  • Архивные материалы о книге Ф. Энгельса «Происхождение семьи, частной собственности и государства» // Советская этнография. № 6 (1934). — С. 62-69.
  • Библиография русских переводов труда Ф. Энгельса «Der Ursprung der Familie, des Privateigentums und des Staates» // Советская этнография. № 6 (1934). — С. 180—185.
  • К истории русской этнографии. Цензурные мытарства А. Н. Афанасьева // Советская этнография. Сб. статей. Вып. 4 (1940). С. 128—141.

Крыніцы правіць

Літаратура правіць

 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Аляксандр Ануфрыевіч Шлюбскі

Спасылкі правіць