Аляксандр Валер’евіч Тарайкоўскі
Аляксандр Валер’евіч Тарайкоўскі (26 сакавіка 1986 — 10 жніўня 2020, Мінск) — беларускі прадпрымальнік, загінулы ўдзельнік пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Ён быў застрэлены ва ўпор супрацоўнікамі спецпадраздзялення 10 жніўня 2020 года ў Мінску, у той час урадавыя СМІ спрабавалі прадставіць інцыдэнт як тое, што адбылося з-за ягонай неасцярожнасці[1].
Аляксандр Валер’евіч Тарайкоўскі | |
---|---|
![]() | |
Род дзейнасці | прадпрымальнік, слесар, таксіст |
Дата нараджэння | 26 сакавіка 1986 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 10 жніўня 2020 (34 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Узнагароды і прэміі | |
![]() |
Біяграфічныя звесткі правіць
Аляксандр Тарайкоўскі быў прадпрымальнікам, рабіў аўтамабільныя шторкі, меў свой сайт hober.by[2].
Быў прысуджаны да 7 гадоў зняволення за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія выклікалі смерць. Па словах жонкі, ён заступіўся за маці, якую збіў сужыцель. Адбыў увесь тэрмін зняволення[3].
Гібель правіць
Аляксандр Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня 2020 года каля 23:00 побач станцыі метро «Пушкінская» ў Мінску. Мікалай Карпянкоў, начальнік ГУБАЗіК, у апублікаваным у студзені 2021 года восеньскім аўдыёзапісы пацвердзіць, што Тарайкоўскі быў забіты стрэламі яго падначаленых[4] (2 лютага 2021 года TUT.BY атрымаў вынікі фанаскапічнай экспертызы запісу, апублікаванага BYPOL, у якім гаворка ідзе ў тым ліку і пра забойства Аляксандра Тарайкоўскага; экспертыза пацвердзіла, што голас на запісе належыць Мікалаю Карпянкову, і не выявіла прыкметаў мантажу[5]).
Напярэдадні, 9 жніўня, сілы спэцыяльнага рэагавання — АМАП, «Алмаз» і іншыя — стралялі ў людзей траўматычнымі кулямі, у горадзе былі выбухі святлашумавых гранат. Але, нягледзячы на гэта, людзі выйшлі і 10 жніўня.
Увечары 10 жніўня калона маніфестантаў рухалася з боку метро «Пушкінская». У раёне моста на Кальварыйскай яны даведаліся, што па другі бок чакае «Алмаз», таму развярнуліся і зноўку пайшлі на Пушкінскую. Там сабралася прыблізна тры тысячы чалавек. Людзі стаялі на скрыжаванні праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага, усярэдзіне кола, са сцягамі, скандавалі. Кіроўцы аўтобусаў і легкавых аўтамабіляў зрабілі затор, каб сілавікі не змаглі праехаць. Аднак «Алмаз» і, як потым пісалі СМІ, спецпрызначэнцы КДБ прыйшлі па ходніку, з боку вуліцы Кальварыйскай. Людзі сталі разбягацца, пачалася паніка, кіроўцы пачалі з’яжджаць. На плошчы засталося каля 20 маніфестантаў, сілавікі пачалі выкарыстоўваць святлошумавыя гранаты.
Каля поўначы МУС апублікавала афіцыйную заяву: «У ходзе масавых беспарадкаў у Мінску на вул. Прытыцкага, натоўп будаваў барыкады для блакавання руху. У ходзе супрацьстаяння са спецназам, які прыбыў для дэблакавання плошчы, адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём»[6].
Апублікавана відэа меркаванага забойства маніфестанта[7]. На кадрах бачна, што Аляксандр Тарайкоўскі быў у шортах, у майцы, з пустымі рукамі. Такім чынам, версія МУС, быццам ён падарваўся на самаробнай выбуховай прыладзе, абвяргаецца. Аляксандр, які рухаўся ў бок сілавікоў, падняў рукі ўгору, і ў гэты момант паўз яго праляцела святлошумавая граната, але не зачапіла яго. А калі ён прайшоў яшчэ два метры ўперад, у яго стрэлілі, пасля чаго ён пачаў хіліцца і падаць, таксама ў яго быў яшчэ адзін стрэл, з іншага боку[8].
Праз некалькі дзён па забойстве Тарайкоўскага выйшла расследаванне «The Insider », у якім аўтары паводле відэаздымкаў зрабілі выснову, што забойства здзейсніў адзін з байцоў спецыяльных падраздзяленняў «Алмаз» альбо «Альфа»[9]. Як заўважыў былы намеснік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падраздзялення МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар, страляў у Аляксандра Тарайкоўскага супрацоўнік «Алмазу» з помпавага ружжа, якое прымяняецца толькі ад 50 метраў, пры тым што да ахвяры было значна бліжэй[10].
На працягу месяца з дня гібелі Аляксандра Тарайкоўскага крымінальную справу так і не завялі.
21 снежня 2020 года прадстаўнік грамадскай ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал » Ігар Макар апублікаваў матэрыялы папярэдняга расследавання. У іх сцвярджаецца, што Аляксандр Тарайкоўскі быў забіты супрацоўнікам СПБТ «Алмаз» Каровіным Мікітам Юр’евічам 1993 г.н. пры саўдзеле іншых не ўстаноўленых супрацоўнікаў СПБТ «Алмаз»[11], а выстрал у вобласць сэрца зроблены самазарадным ружжом Сайга-12К[12].
Пахаванне правіць
Удзень 15 жніўня 2020 года ў Мінску побач станцыі метро «Пушкінская» сабраліся тысячы беларусаў, каб развітацца з загінулым 10 жніўня 2020 года 34-гадовым дэманстрантам Аляксандрам Тарайкоўскім. Людзі скандавалі «Трыбунал», іх падтрымлівалі аўтамабілісты гукам клаксонаў[13]. Ушанаваць памяць загінулага «народнага героя Беларусі»[14] прыйшлі вядомы спявак Макс Корж і Марыя Калеснікава, прадстаўніца штаба былога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі[15]. Каля рытуальнай залы, куды прасілі прыходзіць толькі сваякоў і знаёмых, з Тарайкоўскім развітваліся сотні людзей з кветкамі і сцягамі. Калі з залы вынеслі труну, людзі сталі на калені. Аляксандра праводзілі з словамі «Слава герою» і «Жыве Беларусь!», а затым выканалі гімн «Магутны Божа»[16].
У гэты ж дзень Аляксандра Тарайкоўскага пахавалі на Заходніх могілках Мінска.
Ушанаванне памяці правіць
На месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ўзнік народны мемарыял, які адразу ж улады паспрабавалі знішчыць, але людзі яго аднаўлялі.
Раніцай 11 жніўня 2020 года каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, узнік стыхійны мемарыял. Уначы з 11 на 12 і з 12 на 13 жніўня мемарыял знішчалі камунальныя службы. 13 жніўня паслы краін ЕС, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза, прадстаўнікі пасольства ЗША і іншых краін усклалі кветкі да стыхійнага мемарыяла на Пушкінскай паблізу месца, дзе загінуў Аляксандр[17].
Улады змагаліся з мемарыялам, прыбіралі кветкі, вялікі надпіс «Не забудзем» то засыпалі пяском, то зафарбоўвалі, але і кветкі, і надпіс з’яўляліся зноў.
24 лістапада 2022 года Тарайкоўскі быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Пагоні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.[18]
Рэакцыя правіць
17 верасня 2020 года Еўрапейскі парламент у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасцю дэпутатаў, заклікаў да правядзення «незалежнага і эфектыўнага расследавання» звязанай з пратэстамі смерці Аляксандра Тарайкоўскага[19].
19 лістапада 2020 года амбасадар ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе Джым Гілмар выступіў з заявай адносна трохмесячнага прыпынення расследавання смерці Аляксандра Тарайкоўскага, назваўшы яго яшчэ адной прыкметай «беспакаранасці, з якой беларускія сілы бяспекі працягваюць жорсткае падаўленне мірных дэманстрантаў»[20]. 26 лістапада 2020 года Еўрапейскі парламент у сваёй рэзалюцыі, ухваленай абсалютнай большасцю дэпутатаў, заклікаў да «хуткага, дбайнага, бесстаронняга і незалежнага расследавання» забойстваў падчас пратэстаў у Беларусі, у тым ліку Аляксандра Тарайкоўскага[21].
Гл. таксама правіць
Зноскі
- ↑ Заключэнне экспертаў і аналітыкаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (6 мая 2021). — «За два дні да здарэння ў г. Мінску супрацоўнікам спецпадраздзялення быў застрэлены ва ўпор Аляксандр Тарайкоўскі; яго гібель афіцыйныя СМІ спрабавалі прадставіць як тое, што адбылося па яго ўласнай неасцярожнасці.» Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2021. Праверана 8 мая 2021.
- ↑ Сергей Козловский. «Он делал всё ради семьи и пошёл на митинг из-за этого». Что говорят близкие протестующего, который погиб в Минске . Русская служба Би-би-си (14 жніўня 2020). Праверана 8 верасня 2020.
- ↑ Александра Дынько. «Ён мусіў жыць». Аляксандра Тарайкоўскага, які загінуў на Пушкінскай падчас разгону, сям’я шукала двое сутак. Беларуская служба Радыё «Свабода» (13 жніўня 2020)
- ↑ «Сказано сделать лагерь для отселения особо острокопытных». BYPOL опубликовал запись голоса, похожего на Карпенкова (руск.). TUT.BY (15 студзеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2021. Праверана 15 студзеня 2021.
- ↑ Кто говорил про «лагерь для острокопытных» на слитой аудиозаписи? Мы получили результаты экспертизы (руск.). TUT.BY (2 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2021. Праверана 2 лютага 2021.
- ↑ nashaniva.by
- ↑ Момент предполагаемого убийства белоруса силовиками показали на видео
- ↑ svabod1.azureedge.net Радыё Свабода Архівавана 12 лістапада 2020.
- ↑ Виктория Пономарева. CIT: К убийству протестующего в Минске могут быть причастны бойцы «Альфа» или «Алмаз» (руск.). The Insider (14 жніўня 2020). Праверана 28-1-2021.
- ↑ Радыё Свабода Архівавана 12 лістапада 2020.
- ↑ Справа Тарайковского. Справаздача па результа папярэдняга расследавання. Архівавана 21 снежня 2020. (21.12.2020, Беларускі народны трыбунал )
- ↑ Беларуский Народный Трибунал. Дело Тарайковского. Отчет по результам предварительного расследования (руск.)(недаступная спасылка). Беларускі народны трыбунал . Архівавана з першакрыніцы 21 снежня 2020. Праверана 28-1-2021.
- ↑ Минчане пришли проститься с погибшим во время протестов
- ↑ Как в Минске прощаются с народным Героем Беларуси
- ↑ Тысячы беларусаў развітваюцца з Аляксандрам Тарайкоўскім — дэманстрантам, застрэленым падчас пратэстаў супраць дыктатуры ФОТЫ
- ↑ «Он всегда был за правду». В Минске прощаются с Александром Тарайковским, который погиб на акции протеста
- ↑ Послы стран ЕС возложили цветы на Пушкинской, к месту, где погиб участник протестов Архівавана 1 кастрычніка 2020.
- ↑ Рада БНР абвяшчае пра абнаўленьне Статуту Ордэна Пагоні і заснаваньне Мэдаля Ордэну Пагоні
- ↑ Европарламент принял резолюцию по Беларуси и вмешательству России (руск.). Міжнароднае французскае радыё (17 верасня 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2020. Праверана 17 лютага 2021.
- ↑ On Human Rights Violations in Belarus (англ.). Пасольства ЗША ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (19 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2020. Праверана 26 лістапада 2020.
- ↑ Санкции, международное расследование преступлений. Европарламент принял новую резолюцию по Беларуси (руск.). TUT.BY (26 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2020. Праверана 26 лістапада 2020.