Аляксандр Дамінікавіч Лапа
Аляксандр Дамінікавіч Лапа (польск.: Aleksander Łappa, руск.: Александр Доминикович Лаппа), 1802—1869, — грамадскі дзеяч, буйны землеўласнік на Беларусі, бабруйскі павятовы маршалак (1844—1859), мінскі губернскі маршалак (1859—1863), калежскі асэсар.
Аляксандр Дамінікавіч Лапа | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
![]() | |||||||
![]() Герб «Любіч» | |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Юзаф Габрыэлевіч Булгак | ||||||
Пераемнік | Адам Тадэушавіч Ратынскі | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Людвік Антонавіч Слатвінскі | ||||||
Пераемнік | Яўстах Станіслававіч Прушынскі | ||||||
Нараджэнне |
1802 |
||||||
Смерць |
1869 Расійская імперыя |
||||||
Род | Лапы | ||||||
Бацька | Дамінік (Даміян) Лапа, старадубскі земскі рэгент, паручнік расійскіх войск | ||||||
Маці | Шульц | ||||||
Жонка | Антаніна Комар | ||||||
Дзеці |
Дамінік-Леў (нар.28.06.1831), Міхал (нар.14.12.1833), Антоній-Юзафат (нар.26.09.1841), Баляслаў-Гілярый (нар.23.10.1843), Вацлаў (нар.12.07.1846), Анэля (нар.25.04.1838), Аляксандра, Мальвіна (нар.23.04.1830), Марыя (Марыяна) |
||||||
Веравызнанне | каталік | ||||||
Адукацыя | |||||||
Аўтограф |
![]() |
||||||
Узнагароды | |||||||
![]() |
Паходжанне і сям'я
правіцьНалежаў да сярэднезаможнага маянтковага каталіцкага шляхецкага роду Лапаў гербу «Любіч».
Аляксандр Дамінікавіч Лапа нарадзіўся ў спадчынным маёнтку Рудабелка ў Бабруйскім павеце Мінскай губерні ў каталіцкай шляхецкай сям'і Дамініка (Даміяна) Лапы, старадубскага земскага рэгента (упам. у 1784 г.), і шляхцянкі Шульц. Яго поўнае каталіцкае імя, дадзенае пры хросце, было Аляксандр-Дыянізій Дамінікавіч Лапа. Бацька Дамінік у расійскія часы служыў у расійскім войску ў драгунскім палку, з чынам паручніка пайшоў у адстаўку і асеў у сваім маёнтку Рудабелка (вёскі Рудабелка і Карпілоўка), дзе ў 1814 г. налічвалася 447 рэвізскіх душ, пачаў займацца добраўпарадкаваннем маёнтка і жыць размераным вясковым жыццём.
Аляксандр Лапа ажаніўся з Антанінай Комар, ад якой меў дзевяць дзяцей: 1) Дамінік-Леў (нар.28.06.1831), 2) Міхал (нар.14.12.1833), 3) Антоній-Юзафат (нар.26.09.1841), 4) Баляслаў-Гілярый (нар.23.10.1843), 5) Вацлаў (нар.12.07.1846), 6) Анэля (нар.25.04.1838), 7) Аляксандра, 8) Мальвіна (нар.23.04.1830), 9) Марыя (Марыяна).
Старшым братам Аляксандра быў Міхал (Юзаф-Мацей-Міхал) Дамінікавіч Лапа (1798—1840), які служыў пры імператары ў Пецяргофе (Санкт-Пецярбургская губерня) паручнікам лейб-гвардыі Ізмайлаўскага палку і стаў дзекабрыстам. Міхал прысутнічаў на таемным сходзе ў Рылеева і Абаленскага напярэдадні паўстання на Сенацкай плошчы 14 снежня 1825 г. (ст.ст.). За ўдзел у таемным таварыстве і пратэсту супраць прыняцця прысягі расійскаму імператару Мікалаю І Міхал быў асуджаны і высланы на Каўказ. Пасля даравання ад Мікалая І ў 1835 г. толькі ў 1840 г. вярнуўся дамоў і пасяліўся ў вёсцы Александрыя, якая ўваходзіла ў склад маёнтка Рудабелка яго брата Аляксандра, і неўзабаве памёр[1].
Сястра Гелена Дамінікаўна Лапа пайшла за маянткоўца Бабруйскага павета Адама Ігнатавіча Быкоўскага (нар. у 1805 г.), які ў 1841 г. быў выбраны павятовымі дваранамі на пасаду дэпутата па нагляду за правільным продажам гарачых напояў у Бабруйскім павеце.
Адукацыя
правіцьАляксандр Лапа вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Магілёве, а пасля ў нямецкім пансіянаце пастара Коленса ў Санкт-Пецярбуругу. Пазней быў студэнтам універсітэта ў Дэрпце (Ліфляндская губерня), дзе вывучаў прыродазнаўства.
Маёнтак і службовая дзейнасць
правіцьЧатыры разы бабруйскае дваранства выбірала Аляксандра Лапу бабруйскім павятовым маршалкам (1844—1859), а пасля гэтага губернскае дваранства выбрала прыкметнага маршалка і гаспадарлівага маянткоўца і мінскім губернскім маршалкам (1859—1863), апошнім з выбару дваранства. (Пазней, з 1862—1863 гг., губернскія маршалкі ў «заходніх губернях» прызначаліся міністрам унутраных спраў Расійскай імперыі без выбару дваранамі губерні).
У вачах дваранства Мінскай губерні Лапа лічыўся ўзорным маянткоўцам, прыбытковая гаспадарка якога вызначалася прагрэсіўным і гуманістычным ладам жыцця. У сваім маёнтку Рудабелка Аляксандр Лапа сабраў добрую бібліятэку, якой мог карыстацца любы жадаючы, у тым ліку і селянін. Яго сяляне былі дастаткова забяспечаны зямлёй: дзесяціна пад дом і агароды плюс на кожнага работніка ў сям'і — 6 дзесяцін пашні і 3 — сенакосаў. Прыгонныя працавалі на пана 3 дні ў тыдзень летам і 2 дні зімой. Ім не забаранялася рыбачыць, паляваць і збіраць грыбы ў панскіх валоданнях, карыстацца лесам для будаўніцтва хат і іншага. Для пастарэлых сялян Аляксандр стварыў дамы дабрачыннасці. Шляхі і масты ў маёнтках Лапы былі ў выдатным стане. У панскім двары меліся 2 вінакурныя заводы, карчма, 5 малацільных машын, вадзяныя млыны, крупарушка і сукнавальня. Ва ўсіх адносінах гэта была заможная і квітнеючая гаспадарка.
І не дарма Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808—1884) менавіта Аляксандру Дамінкавічу Лапе, выбранаму дваранствам з павагі на пасаду бабруйскага павятовага маршалка (1844—1859), з якім даўно сябраваў і ў якога любіў гасцяваць у маёнтках Рудабелка і Александрыя, прысвяціў сваю народную аповесць «Купала» (1855), напісаўшы ў прадмове такое: «Яснавяльможны пан! Кожнае божае стварэнне прывязваецца да роднага кута, у якім, выходзячы з мацярынскага лона, выдала першыя гукі, у якім, падтрыманае чулымі, клапатлівымі рукамі бацькоў, ставіла першыя крокі. Таму я, выхаванец Бабруйскага павета, ужо ў пазнейшыя часы, неаднаразова наведваючы зямлю бацькоў, з цікавасцю прыглядаўся да быту сялян, якія насялялі бабруйскія нівы. У тых вандроўках, праязджаючы праз вашы маёнткі, вока маё не раз з асалодай спачывала на дагледжаных гаспадарчых пабудовах руплівага народа. Радасцю поўнілася сэрдца, калі ўбачыў там усялякі дастатак, які сведчыў пра заможнасць жыхароў. У той час усхвалявана ўскрыкнуў: "Бог жыве з тымі людзьмі! Не панская тут, але бацькоўская кіруе рука!" Каму ж тады, уласна, магу прысвяціць гэту працу, як не апекуну слабых, як не бацьку сялян? І палічу за гонар, калі яго шаноўнае прозвішча ўпрыгожыць гэту працу».
У 1862 г., пасля адмены прыгона, у Рудабелцы і Касарычах за Лапам лічылася 775 душ былых прыгонных, а ва ўсіх яго маёнтках разам 1 722 душы часова абавязаных сялян.
Справа з «мінскім пратаколам» (1862)
правіцьНапярэдадні паўстання 1863—1864 гадоў у патрыятычных мэтах разгарнуў актыўную дзейнасць, жадаючы дабіцца ад расійскіх улад злучэння Мінскай губерні (а разам з ёй і іншых «паўночна-заходніх губерняў») з польскімі губернямі ў рамках Расійскай імперыі ў нейкую асобную аўтаномію (якая б ахоплівала тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай да першага падзелу ў 1772 г.) і аднаўлення дзейнасці ўніверсітэта ў Вільні (ці ў іншым месцы Беларусі). 17 лістапада 1862 г. у Мінску губернскі дваранскі сход на чале з Лапам меў намер прадставіць на імя расійскага імператара Аляксандра II афіцыйны адрас (зварот), у якім мовілася б аб неабходнасці злучыць Мінскую губерню з польскімі губернямі. Планавалася прадставіць такія ж адрасы ад усіх губернскіх дваранскіх суполак краіны. Віленскі ваенны генерал-губернатар (1855—1863) Уладзімір Іванавіч Назімаў забараніў падачу адрасу, але мінскія дваране ўнеслі яго тэкст у пратакол пасяджэння губернскага дваранскага сходу, які падпісалі 255 чалавек — першым падпісаўся мінскі губернскі прадвадзіцель дваранства Аляксандр Лапа; а таксама падпісалі слуцкі павятовы маршалак Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч (1804—1878), дзяцька вядомага Эдварда Вайніловіча, віцэ-старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, і інш. Генерал-губернатар вымушаны быў распусціць дваранскі сход. Усе дакументы, якія тычыліся тых падзей, былі 21 студзеня 1864 г. выняты па загаду мінскага часовага ваеннага губернатара (1863—1864) Васіля Забалоцкага з канцылярый мінскага губернскага маршалка і Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу.
Ссылка і амністыя
правіцьУ 1863 г. калежскі асэсар Аляксандр Лапа быў высланы па загаду новага віленскага ваеннага генерал-губернатара (1863—1865) Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва (1796—1866) у Пермскую губерню за дапушчэнне падпісання «мінскага пратаколу». Маёнтак Рудабелка падпаў пад прымусовы продаж з-за асуджэння гаспадара на высылку, набыў яго ў 1867 барон А.Я. Урангель, які, у сваю чаргу, у 1874 г. прадаў Рудабелку генерал-маёру О.Ф. Ліліенфельду. З 1880-х гг. Рудабелка належала рускім памешчыкам Яхантавым, з 1907 г. — Іваненку (зяцю Каткова).
У 1868 г., пасля ўрадавай аміністыі, Аляксандру Лапе было дазволена ўладамі пражываць у Крэменчугу Палтаўскай губерні, дзе ён намерыўся заняцца гандлем дрэвам.
Зноскі
- ↑ Якушина, А. Меж двух крестов, или История жизни одного шляхтича(недаступная спасылка)
Літаратура
правіць- Смирнов, А.Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии / А.Ф. Смирнов. — М. : АН СССР, 1963. — 392 с.
- Лазутка, С.А. Революционная ситуация в Литве, 1859—1862 / С.А. Лазутка. — М. : Высшая школа, 1961. — 260 с.
- Раюк, А.Р. Лёс і погляды мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства (1863–1877) Яўстаха Прушынскага на этнаканфесіянальную сітуацыю ў Беларусі / А.Р. Раюк // Беларуская этнаграфія, этналогія і антрапалогія : зб. навук. артыкулаў. — Мінск : Бел. навука, 2022. — Вып. 1. — С. 79—89.
- Раюк, А. Р. Нефармальныя сувязі паміж дваранствам Мінскай губерні ў 1795—1863 гг. / А. Р. Раюк // Гісторыя і грамадазнаўства. — 2020. — № 1. — С. 58—63.
- Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1964. — 707 с.
- Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1965. — 586 с.
- Дунін-Марцінкевіч, В. Купала // Выбраныя творы. — Мінск : Маст. літ., 2001.
- Якушина, А. Меж двух крестов, или История жизни одного шляхтича(недаступная спасылка)
- Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s.
- Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 2. — 384 s.