Аляксандр Коўш
Аляксандр Коўш (1890, в. Рыдзялі Гродзенскі павет, цяпер Гродзенскі раён — 1943) — беларускі грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч.
Аляксандр Коўш | |
---|---|
![]() | |
Адукацыя | |
Дзейнасць | палітык, грамадскі дзеяч, святар |
Месца працы | |
Нараджэнне |
2 жніўня 1884 |
Смерць |
1943 |
Дзеці | Зоя Коўш і Святаслаў Коўш |
![]() | |
![]() |
Біяграфія
правіцьСкончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў на Століншчыне. Пасля сканчэння бухгалтарскіх курсаў працаваў у Люблінскім аддзеле Расійскага дзяржаўнага банка, з якім напачатку 1-й сусветнай вайны эвакуіраваны ў Разань, потым у Майкоп.
У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь і ў Гродне пасвячоны ў святары. З 1925 года ў Вільні, настаяцель прыхода ў Шніпішках (цяпер у межах горада), дзе за некалькі месяцаў аднавіў і адрамантаваў прыходскі храм. У сваіх казаннях ён заклікаў прыхаджан змагацца за свае правы, не забываць родную мову, адкрываць беларускія школы і супрацьстаяць пранікненню паланізацыі[1].
У 1925 годзе Каўша, як спецыяліста ў банкаўскай сферы, запрасілі на пасаду бухгалтара ў Беларускі кааператыўны банк, які пачаў дзейнічаць у Вільні. Нягледзячы на духоўны статус, ён прыняў прапанову, аднак не пакінуў прыход у Шніпішках[1].
З 1926 года святар выкладаў Закон Божы[1] і кіраваў інтэрнатам[2] у Віленскай беларускай гімназіі. Выступаў у друку з артыкуламі па пытаннях беларусізацыі праваслаўнай царквы, аднаўлення беларускай дзяржаўнасці.
Шмат увагі надаваў грамадскай дзейнасці. Ён стаў адным з арганізатараў Беларускага дабрачыннага таварыства, якое займалася аказаннем матэрыяльнай дапамогі бедным і ўтрыманнем інтэрнатаў пры беларускіх гімназіях[1].
У 1927 годзе ў сувязі з забаронай дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады арыштаваны польскімі ўладамі, аднак у 1928 годзе апраўданы[1]. Вярнуўшыся ў Вільню, працягваў займацца грамадскай і царкоўнай дзейнасцю. Ён праводзіў набажэнствы для беларускіх гімназістаў у Пятніцкай царкве – самай старажытнай праваслаўнай святыні Вільні, пабудаванай яшчэ ў XIV ст. Дзякуючы намаганням святара, храм быў адноўлены і на некалькі гадоў стаў фактычна адзіным месцам, дзе можна было пачуць беларускамоўную службу і казанні[1].
Шмат часу адводзіў А. Коўш асветніцкай рабоце. У 1928—1929 гадах рэдактар-выдавец царкоўна-грамадскага часопіса «Беларуская зарніца», друкаваў там артыкулы, прысвечаныя гісторыі праваслаўя ў Беларусі; змяшчаў афіцыйныя дакументы мітраполіі, нарысы, павучальныя апавяданні для моладзі і іншае[1]; кіраўнік секцыі Чырвонага Крыжа пры Беларускім цэнтры.
У верасні 1932 г. віленскія духоўныя ўлады перавялі А. Каўша ў в. Норыца (Ласіцы) Пастаўскага павета, дзе ён стаў настаяцелем мясцовай царквы. Фактычна гэта была ссылка за ўдзел у нацыянальна-вызвольным руху. На новым месцы службы святар не мог займацца грамадскай і выдавецкай справай. Ён арганізаваў царкоўны хор, які спяваў духоўныя песні, чытаў казанні на беларускай мове. У 1937 г. А. Коўш пераехаў у в. Кастыкі Вілейскага павета[1].
У канцы 1939 года вярнуўся ў Вільню, быў настаяцелем царквы Св. Мікалая. Але ў снежні таго ж года быў звольнены Ковенскім епархіяльным саветам. Некаторы час працаваў галоўным бухгалтарам Літоўскага дзяржаўнага банка[1].
У 1941 годзе прыехаў у Мінск, дзе пачаў працаваць у выдавецкай камісіі пры мінскім архірэі. Потым атрымаў прыход у Плешчаніцах Лагойскага раёну. У 1943 годзе за дапамогу ў выратаванні яўрэяў Аляксандр Коўш быў арыштаваны гестапа і расстраляны[1].
Меў сына, таксама праваслаўнага святара, Святаслава і дачку Зою, якая ўдзельнічала ў беларускім руху — Беларускі студэнцкі саюз[3].
Зноскі
Літаратура
правіць- Горны А. Протаіерэй Аляксандр Коўш: вяртанне з забыцця // Гродненские епархиальные ведомости № 11, 2011. — С. 13-17.
- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Прадм. і рэд. Н. Гардзіенка. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — ISBN 978-985-7007-43-1.