Аляксандр Мікалаевіч Ляўданскі

археолаг

Аляксандр Мікалаевіч Ляўда́нскі (29 жніўня (10 верасня) 1893, в. Юр’ева, Барысаўскі павет, Мінская губерня, цяпер Смалявіцкі раён, Мінская вобласць — 27 жніўня 1937, Мінск, НКУС) — беларускі археолаг. Кандыдат гістарычных навук (1934)

Аляксандр Мікалаевіч Ляўданскі
Дата нараджэння 29 жніўня (10 верасня) 1893
Месца нараджэння
Дата смерці 27 жніўня 1937(1937-08-27) (43 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці археолаг
Навуковая сфера гісторыя і археалогія
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат гістарычных навук
Альма-матар
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Прайшоў курс 6 класаў гімназіі і здаў іспыт на першы класны чын у Пятроўскім рэальным вучылішчы ў Растове-на-Доне. Служыў тэлеграфістам у Оршы. У гады Першай сусветнай вайны — загадчык майстэрняў штаба 4-й арміі на Румынскім фронце, затым служачы паштова-тэлеграфнага архіва Заходняга фронту.[1]

Скончыў у 1922 годзе Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута; у 1922—1925 гадах вучыўся ў Смаленскім універсітэце, з 1925 — яго выкладчык, супрацоўнік Смаленскага музея.

 
Раскопкі палеалітычнай стаянкі Бердыж. 1928. Сядзяць (злева направа) Канстанцін Палікарповіч, Сяргей Дубінскі, Іна Рытар, стаяць Аляксандр Каваленя, Аляксандр Ляўданскі. Музей гісторыі НАН Беларусі

З 1927 года ў Мінску; член гісторыка-археалагічнай камісіі Інбелкульта; загадчык аддзела археалогіі Беларускага дзяржаўнага музея. 3 1931 года вучоны сакратар, загадчык секцыі археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР. Адначасова працаваў у БДУ; дацэнт. Арганізатар першых навукова-археалагічных экспедыцый у БССР.

Арыштаваны 19 мая 1937 года, пастановай НКУС ад 25 жніўня 1937 года прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 7 мая 1958 года.

Арганізатар першых у Беларусі навуковых археалагічных экспедыцый[2]. Зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў жалезнага веку, вызначыў іх культурна-археалагічную прыналежнасць і арэалы археалагічных культур. Першы выказаў думку, што гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі ў Цэнтральнай Беларусі належалі балцкім плямёнам. Даследаваў Віцебск, Оршу, Заслаўе, Барысаў і тэрыторыю Смаленшчыны.

Даў першую і найбольш поўную гістарычную тапаграфію старажытнага Полацка (гл. гістарычная тапаграфія Полацка), вывучаў яго помнікі — Сафійскі сабор, Спаса-Ефрасіннеўскую царкву, бельчыцкія храмы (гл. Бельчыцкі Барыса-Глебскі манастыр). Разам з В. Р. Тарасенкам даследаваў у 1928—1930 гадах Пелагееўскае гарадзішча ў Магілёве.

Бібліяграфія

правіць
  • Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўі Мінскай акругі // Кн. 5. Працы кафедры археалогіі. Т. 1. Мн., 1928;
  • Археалагічныя доследы ў Віцебскай акрузе // Запіскі аддзялення гуманітарных навук БАН. Кн. 11. Працы кафедры археалогіі. Т. 2. Мн., 1930;
  • Археалагічныя доследы ў Полацкай акрузе // Запіскі аддзялення гуманітарных навук БАН. Кн. 11. Працы кафедры археалогіі. Т. 2. Мн., 1930;
  • Археалагічныя доследы ў БССР пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі // Працы секцыі археалогіі Інстытута гісторыі БАН. Т. 3. Мн., 1932.
  • Да гісторыі жалезнага промыслу на Палессі : Рудні і месцазнаходжанні руды / А. Н. Ляўданскі. — Мн., 1933. — (Працы Палескай экспедыцыі / Беларус. акад. навук, Ін-т гісторыі імя М. Н. Пакроўскага, Секцыя археалогіі; вып. 2).
  • Краязнаўчыя музеі і веснавая пасяўная кампанія / М.Грынблят, А.Ляўданскі; Бел. акад. навук, Мас. сектар, Ін-т гісторыі. — Мн., 1932.
  • Неалітычныя стаянкі ў Смаленскай губерні / Аляксандр Ляўданскі. — Мн., [1925].
  • Раскопкі і археалагічныя разведкі ў Барысаўскім павеце. Сляды неалітычнай стаянкі і пазнейшых культур каля м. Новага Быхаву / А. Н. Ляўданскі; Ін-т бел. культуры. — Мн., 1925.

Зноскі

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць