Аляксандр Сяргеевіч Шатэрнік

Алесь Шатэрнік, поўнае імя Аляксандр Сяргеевіч Шатэрнік (нар. 16 кастрычніка 1940, г. Южа, РСФСР) — беларускі мастак.

Аляксандр Сяргеевіч Шатэрнік
Дата нараджэння 16 кастрычніка 1940(1940-10-16) (84 гады)
Месца нараджэння
Бацька Сяргей Міхайлавіч Шатэрнік[d]
Род дзейнасці мастак, скульптар
Жанр станковая скульптура[d], манументальная скульптура[d] і жывапіс
Вучоба
Уплыў Генадзь Ільіч Мурамцаў, Ігар Мікалаевіч Глебаў і Валянцін Іванавіч Гусеў
Член у
Узнагароды

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 16 кастрычніка 1940 года ў гарадку Южа Іванаўскай вобласці (Расія)[1]. Дзед Міхаіл Шатэрнік працаваў на чыгунцы, ягонымі роднымі братамі былі мовазнавец і краязнавец Мікола Шатэрнік (1890—1934) ды селекцыянер Андрэй (Аўдзей) (1890—?)[1]. Цётка Ксенія Якаўлеўна была другой жонкай кампазітара Аляксея Туранкова[1]. Бацька Сяргей Міхайлавіч Шатэрнік быў ваенным урачом, прайшоў вайну, удзельнічаў у вызваленні Мінска і Прагі, вярнуўшыся ў беларускую сталіцу, узначаліў станцыю па барацьбе з малярыяй. Сям’я вярнулася з эвакуацыі ўвосень 1944 года[2]. Даваенны дом быў разбураны, яны пасяліліся ў дзядзькі Івана Адамавіча Юдзіцкага, брата маці, у ацалелым доме па адрасе Рэвалюцыйная вуліца, 10[1][3].

  Калі мы сюды ўсяліліся, суседні дом быў разбураны, ад яго засталася толькі цэгла. І ў нас кавалак сцяны таксама быў выбіты, папа збіраў цэглу і закладваў дзіру. Людзі жылі ўсюды — і ў падвалах, і на гарышчах. … Ну ў нас вось у падвале была друкарня «Чырвоны друкар». Ва ўсіх кватэрах былі цудоўныя кафляныя печы, якія апальваліся паперай. Паперу з друкарні цягалі мяшкамі![1]

 

Разам са старэйшым стрыечным братам Васям Юдзіцкім ён хадзіў у Палац піянераў да мастака Сяргея Пятровіча Каткова. Пасля мастацкай студыі брат паступіў у на скульптурнае аддзяленне, а Алеся праз два гады залічылі на педагагічнае жывапіснае, хоць хацеў ён на скульптурнае[1]. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1964 годзе, у 1967 годзе адзяленне інтэр’ера і дызайна Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Вучыўся ў Генадзя Мурамцава, Ігара Глебава, Валянціна Гусева. Працаваў мастаком у Горкаўскім тэатры[4].

Член Беларускага саюза мастакоў з 1975 года, член творчай суполкі «Пагоня»[4].

Жыве ў Мінску[4].

Творчасць

правіць

Працуе ў галіне станковай i манументальна-дэкаратыўнай скульптуры, а таксама жывапісу. Найбольш значныя творы: «Хлеб» (1984), «Бабіна лета» (1968), «Рагнеда» (1984), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Крывічы» (2001), «Дрыгавічы» (1984), «Вінцук Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Якуб Колас  — настаўнік» (1982), «Максім Багдановіч» (1983), «Ефрасіння Полацкая» (1994—1999), «Яўген Кулік» (2000), «Тадэвуш Касцюшка» (2005), манументальна-дэкаратыўныя працы «Гуканне вясны» (1980), «Развітанне» (2015), помнікі Андрэю Макаёнку (1986), Міхасю Ткачову (1993), Язэпу Драздовічу на могілках паміж вёскамі Ліпляні і Малыя Давыдкі (1982), мемарыяльныя дошкі Гаўрылу Гарэцкаму, Кандрату Крапіве[4], у гонар абвяшчэння незалежнасці БНР (1993, паўторана ў 2018).

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускага саюза мастакоў, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, Траццякоўскай галерэі (Масква, Расія), у Белым Доме (Вашынгтон, ЗША), арт-музеі «Цымерлі» (Нью-Джэрсі, ЗША), у галерэях i прыватных зборах Беларусі, ЗША, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Новай Зеландыі, Літвы і іншых краін свету[4].

Аўтар мастацкага выдання «СОНЦАКРЫЖ. Форма, колер, слова» (Мінск, 2008)[4].

Выстаўкі

правіць

У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1966 г. Творы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Германіі, ЗША, Расіі, Польшчы, Літве, Нарвегіі[4].

Персанальныя выстаўкі: Мінск (1999, 2000 (юбілейная), 2011, 2013, 2015); Нью-Джэрсі (2006); Джэрсі-Сіці (2009)[4].

Узнагароды

правіць

Узнагароджаны медалём «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» Беларускага саюза мастакоў (2000)[4], медалём да стагоддзя БНР (2019)[5].

Зноскі

Спасылкі

правіць