Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі

беларускі пісьменнік

Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі (24 снежня 1913, вёска Кулакі, Слуцкі павет, Мінская губерня — 9 красавіка 1986) — беларускі пісьменнік. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1974). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986).

Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 24 снежня 1913(1913-12-24) ці 1913[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 9 красавіка 1986(1986-04-09) ці 1986[1]
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР
Узнагароды
ордэн Айчыннай вайны I ступені ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Дружбы народаў ордэн Чырвонай Зоркі Ордэн «Знак Пашаны» Ордэн «Знак Пашаны»
Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1931 г. скончыў Рагачоўскую прафтэхшколу і некаторы час загадваў дрэваапрацоўчай арцеллю ў Касцюковічах. З гэтага ж года перайшоў на журналісцкую работу — адказны сакратар шматтыражкі, загадчык аддзела клімавіцкай раённай газеты «Камуна», адказны сакратар жлобінскай раённай газеты «Шлях сацыялізму», а са жніўня 1934 г. — намеснік загадчыка аддзела газеты «Чырвоная змена». У 1936—1939 гг. вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце, пасля заканчэння выкладаў у Цяцерынскай сярэдняй школе на Магілёўшчыне. У канцы 1939 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны — камандзір узвода, камандзір роты (Сталінградскі, Украінскі франты). Быў тройчы паранены. Пасля дэмабілізацыі (1945) працаваў загадчыкам аддзела ў газеце «Сталинская молодежь», у часопісе «Беларусь», адказным сакратаром газеты «Літаратура і мастацтва». У 1953—1958 гг. — галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». Быў намеснікам адказнага сакратара, адказным сакратаром праўлення СП БССР (1965—1976). У 1977—1986 гг. — дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы. У 1972 г. у складзе дэлегацыі БССР прымаў удзел у рабоце XXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Творчасць

правіць

Першае апавяданне надрукаваў у 1945 г. Людзям пасляваеннай вёскі прысвяціў першы зборнік апавяданняў «Сад» (1947), маладым рабочым — аповесць «Гартаванне» (1949). Складаныя гаспадарчыя і духоўныя праблемы вёскі, чалавек працы, яго клопаты і турботы, багаты ўнутраны свет выяўлены ў зборніках «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956) і аповесці «Тры зоркі» (1963). Значнасцю грамадскай праблематыкі, высокім этычным пафасам, мастацкай дасканаласцю вылучаецца аповесць «Нявестка» (1956). Аповесці «Тут я жыву…» (1960), «Расце мята пад акном» (1966), зборнікі «Першае чаканне» (1965), «Родныя шыроты» (1978), раман «Васількі» (1979) адлюстроўваюць жыццё горада з першых пасляваенных гадоў. Вайна ў яе суровым і мужным абліччы паказана ў рамане-дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» (1953—54) і «Сустрэчы на ростанях» (1961—62), рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), аповесцях «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1965), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (абедзве 1983). У аповесці «Дабрасельцы» (1958) моцна выявіўся сатырычны пачатак. Яго творам уласцівы асаблівая ўвага да бытавой дэталі, паказ сацыяльна і грамадска значнага праз штодзённыя людскія клопаты, турботы, у яркіх бытавых карцінах і характарах і узаемаадносінах.

Аўтар кніг нарысаў «Зоркі салігорскія» (1960), «Салігорцы» (1964). Для дзяцей выдаў зборнік апавяданняў «На возеры» (1950), кнігу аповесцей «Белы сокал» (1985). Зрабіў літаратурны запіс кнігі В. Казлова «Людзі асобага складу» (1952). Пераклаў раманы Шарафа Рашыдава  (руск.) «Мацней за буру» (з П. Кавалёвым, 1963) і Р. Файзі  (руск.) «Яго вялікасць Чалавек» (1978).

Выбраная бібліяграфія

правіць
  • Збор твораў. Т. 1-4. — Мн., 1970—71.
  • Выбраныя творы. Т. 1—2. — Мн., 1984.
  • Белы Сокал: Аповесці. — Мн., 1985.
  • Тры зоркі: Аповесці. — Мн., 1988.

Экранізацыі

правіць

Па матывах аповесці «Нявестка» А. Макаёнак напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Шчасце трэба берагчы» (пастаўлены ў 1958).

Прэміі і ўзнагароды

правіць

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986, пасмяротна) за творы літаратуры і мастацтва для дзяцей, за кнігу аповесцей «Белы сокал».

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», Дружбы народаў і медалямі.

Зноскі

  1. а б Czech National Authority Database Праверана 8 чэрвеня 2022.
  2. Кулаковский Алексей Николаевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 25 лютага 2017.

Літаратура

правіць
  • Гусак С. А. Аляксей Кулакоўскі. — Мн., 1967.
  • Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. — Мн., 1965. — С. 265—349;
  • Канэ Ю. Дзень сённяшні. — Мн., 1962. — С. 185—220.
  • Герцовіч Я. Творчае крэда. — Мн., 1970. — С. 118—150.
  • Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. — Мн., 1997. — С. 143—153.
  • Андраюк С. А. Кулакоўскі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).