Алімпіяда Эпірская
Алімпіяда (грэч. Ὀλυμπιάς, лац.: Olympias, каля 375 — 316 г. да н.э.) — эпірская і македонская царыца, жонка македонскага цара Філіпа II і маці Аляксандра Македонскага.
Алімпіяда Эпірская | |
---|---|
стар.-грэч.: Ὀλυμπιάς | |
Нараджэнне |
каля 375 да н.э. |
Смерць |
316 да н.э. |
Род | Спіс кіраўнікоў Старажытнага Эпіра[d] |
Бацька | Неапталем I[2] |
Муж | Філіп II Македонскі[2] |
Дзеці | Аляксандр Македонскі[2][3] і Клеапатра[d][2] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Пасля смерці сына Алімпіяда захапіла ўладу ў Македонію ў 317 да н.э. і стала валадарыць ад імя свайго ўнука Аляксандра IV, сына Аляксандра Вялікага. Аднак на наступны год была зрынута дыядохам Касандрам і пакарана смерцю.
Македонская царыца
правіцьАлімпіяда была дачкой эпірскага цара Неапталема I, які лічыў сябе нашчадкам паўміфічнага Ахіла. Народжаная з імем Паліксена, яна ў дзявоцтве насіла імя Міртала, а пасля вяселля Філіп даў ёй імя Алімпіяда, у гонар спартыўнага спаборніцтва; у канцы жыцця яна зноў змяніла імя на Стратаніку.[4]
Паводле слоў Плутарха, Філіп II упершыню сустрэў Алімпіяду на востраве Самафракія, дзе іх абодвух прысвячалі ў містэрыі. Неапталем валадарыў нядоўга, на эпірскі прастол узыйшоў яго брат Арыба, які і выдаў у 359 да н.э. пляменніцу Алімпіяду за Філіпа. У 356 да н.э. у іх нарадзіўся сын Аляксандр, які стаў пазней Аляксандрам Вялікім, а потым і дачка Клеапатра. Існавала легенда, быццам бацькам Аляксандра быў не Філіп, якога адштурхвала любоў Алімпіяды да змей, а Зеўс, які авалодаў Алімпіядай падчас навальніцы. Сам Аляксандр падтрымліваў існаванне гэтай легенды ў палітычных мэтах, але лічыў сваім бацькам менавіта Філіпа.
Зменлівасць Філіпа і раўнівасць Алімпіяды прывялі да ахаладжэння іх пачуццяў, пераломным момантам стала жаніцьба ў 337 да н.э. Філіпа на юнай македонскай арыстакратцы Клеапатры. Філіп і раней браў іншых жонак, але тыя ў сілу свайго сацыяльнага статусу не маглі паўплываць на становішча ўладалюбівай эпірскай царэўны. Алімпіяда з'ехала на радзіму ў Эпір. Праз год Філіп быў забіты, і яна вярнулася ў Македонію, дзе ў адсутнасць цара Аляксандра, яе сына, жорстка расправілася з суперніцай Клеапатрай і яе нованароджанай дачкой.
Падчас паходаў Аляксандра Алімпіяда ўвесь час пісала яму і, маючы вялікі аўтарытэт у вачах сына, ачарняла людзей яго асяроддзя, у тым ліку македонскага намесніка Антыпатра. Аднак Аляксандр не дазваляў маці ўплываць на дзяржаўныя справы.
Яшчэ да смерці Аляксандра Алімпіяда з'ехала ў Эпір у 324 да н.э. (або раней) з-за сварак з Антыпатрам, дзе яна адчула сябе поўнаўладнай царыцай і адкуль выцесніла дачку Клеапатру, удаву загінулага эпірскага цара Аляксандра Малоскага.
Барацьба за македонскі трон
правіцьПасля смерці Аляксандра ў 323 да н.э. Македонія засталася за Антыпатрам. Алімпіяда кіравала ў Эпіры, пакуль яе ўнук Неапталем ад дачкі Клеапатры, законны спадчыннік эпірскага царства, падрастаў.
У пошуках падтрымкі іншаму свайму ўнуку, Аляксандру IV, абвешчанаму намінальна царом Македоніі нароўні з Філіпам Арыдэем адразу пасля нараджэння (праз месяц пасля смерці Аляксандра Вялікага), яна заключыла саюз з Палісперханам, які павінен быў стаць пераемнікам памерлага ў 319 да н.э. Антыпатра. У Македонію тым часам кіравала Эўрыдзіка, жонка недзеяздольнага Філіпа Арыдэя.
Палісперхан уграз у барацьбе за рэгенцтва з сынам Антыпатра Касандрам і бег у Эпір.
З эпірскім войскам і Палісперханам Алімпіяда ўварвалася ў Македонію ў 317 да н.э., у той час як Касандр з арміяй аблажыў Афіны. Македонскія воіны пры відзе Алімпіяды і яе ўнука, сына Аляксандра Вялікага, адмовіліся падпарадкоўвацца Эўрыдзіцы, жонцы Філіпа Арыдэя і без бою перайшлі на бок Алімпіяды. Неўзабаве намінальны цар Філіп Арыдэй і яго жонка Эўрыдзіка, якая мела рэальную ўладу, былі схоплены і кінуты ў вязніцу. Македаняне прызналі права Алімпіяды валадарыць ад імя ўнука, і кароткі час яна неабмежавана кіравала ў Македонію. У імкненні расправіцца з прыхільнікамі Касандра яна пакарала смерцю яго брата і каля сотні іншых знатных македанян. Як заўважыў Юстын: «Тым, што яна ўчыніла вялікую разню знатных людзей па ўсёй краіне, нібы толькі раз'юшаная жанчына, а не царыца, яна абараціла адданасць народа ў нянавісць»[5]. Па яе загадзе верныя фракійцы закалолі суперніка яе ўнука, цара Філіпа Арыдэя, і прымусілі яго жонку Эўрыдзіку павесіцца.[6]
Паражэнне
правіцьПра паражэнне і пакаранне Алімпіяды найбольш падрабязна распавядае Дыядор Сіцылійскі.[7]
Касандр паспяшаўся вярнуцца з Пелапанеса і аблажыў Підну, дзе схавалася Алімпіяда. Палісперхан, зампёрты ў заходняй Грэцыі военачальнікам Касандра Каласам, выслаў за Алімпіядай невялікі паруснік, а таксама адправіў ганца з лістом да яе, прызываючы бегчы на гэтым парусніку.[8] Аднак Касандр даведаўся пра змест ліста і перахапіў паруснік. Алімпіяда беспаспяхова чакала ў прызначаным месцы абяцанага выратавання.
Аблога Підны зацягнулася. У крэпасці Алімпіяда мела верных ёй салдат, было нават некалькі баявых сланоў. На дапамогу сваячцы выйшаў эпірскі цар Эакід, аднак военачальнік Касандра перагарадзіў горныя праходы і ўтрымаў войска Эакіда ад далейшага прасоўвання. Пакуль Эакід знаходзіўся ў бяздзейнасці, яго падданыя ў Эпіры збунтаваліся і зрынулі свайго цара, што адбылося ўпершыню ў гісторыі Эпіра. Касандр паслаў у Эпір военачальніка Лікіска ў якасці рэгента. Іншы генерал Касандра Калас здолеў падкупіць салдатаў Палісперхана, так што той застаўся без арміі. У крэпасці Підны ўсе сланы і большая частка коней загінулі, пачалі паміраць ад голаду і людзі. Сярод абложаных было заўважана нават людаедства. Шмат салдатаў выйшла з Підны да Касандра, які ахвотна іх прымаў. На бок Касандра сталі пераходзіць македонскія гарнізоны і ў іншых гарадах, за выключэннем Пелы і Амфіпаля.
Страціўшы надзею на выратаванне, Алімпіяда здалася Касандру на ўмовах сваёй асабістай бяспекі ўвесну 316 да н.э., вырашыўшы, што Палісперхан здрадзіў. Па яе распараджэнні верны ёй Арыстон, начальнік гарнізона ў Амфіпалі, спыніў супраціўленне Касандру, хоць да таго атрымліваў перамогі ў сутычках з яго атрадамі. Арыстону абяцалі захаваць жыццё, але, асцерагаючыся яго папулярнасці, Касандр загадаў забіць военачальніка.
Смерць Алімпіяды
правіцьАлімпіядзе абяцалі захаваць жыццё, аднак пазней прыцягнулі яе да суда за кроў, разлітую ёю за час кіравання. У народным сходзе яе завочна прысудзілі да смерці. Дыядор Сіцылійскі паведамляе, што Касандр прапанаваў Алімпіядзе бегчы ў Афіны, абяцаючы карабель. Новы кіраўнік Македоніі баяўся быць абвінавачаным у смерці маці Аляксандра Вялікага. Алімпіяда адмовілася, аддаўшы перавагу адкрытаму суду перад македонскім народам.
Ведаючы зменлівасць настрояў македанян, Касандр не жадаў дапусціць новага суда. Ён паслаў 200 спецыяльна падабраных салдатаў з загадам забіць Алімпіяду. Салдаты ўварваліся да яе ў дом, але, убачыўшы яе ў царскім уборы, не вырашыліся падняць руку на маці Аляксандра Македонскага. Алімпіяду закідалі камянямі сваякі пакараных ёю людзей.[9] Па загадзе Касандра, які страціў брата і шматлікіх сяброў за год кіравання Алімпіяды, ёй было адмоўлена ў пахаванні.
Паводле слоў Дыядора:
«Такім быў канец Алімпіяды, якая набыла найвышэйшую годнасць для жанчыны свайго часу, быўшы дачкой Неапталема, цара Эпіра, сястрой Аляксандра [эпірскага цара], які здзяйсніў паход у Італію, а таксама жонкай Філіпа, самага магутнага сярод тых, хто кіраваў у Еўропе, і маці Аляксандра, чые дзеянні былі найвялікшыя і найбольш слаўныя.»[10]
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ https://gr.euronews.com/2014/11/18/i-tryliki-olympiada-megas-alexandros-passarwna-molosson
- ↑ а б в г Любкер Ф. Olympias // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 950–951.
- ↑ Александр Великий // Военная энциклопедия — СПб.: Иван Дмитриевич Сытин, 1911. — Т. 1. — С. 284–291.
- ↑ Плутарх, «Аб тым, што піфія не гаворыць..»
- ↑ Юстын, 14.6
- ↑ Дыядор, 19.11
- ↑ Дыядор, 19.35-36, 19.49-51
- ↑ Паліен, 4.11.3
- ↑ Паўсаній, 9.7
- ↑ Дыядор, 19.51
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Алімпіяда Эпірская
- Алімпіяда Эпірская (англ.). — у Smith's Dictionary of Greek and Roman Biography and Mythology.
- Olympias Архівавана 1 верасня 2013. from Livius on ancient history by Jona Lendering