Анатоль Восіпавіч Бонч-Асмалоўскі
Анатоль Восіпавіч Бонч-Асмалоўскі (10 ліпеня 1857, Віцебск — 23 верасня 1930, Масква) — грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, мемуарыст, рэвалюцыянер-народнік, член арганізацый «Зямля і воля» і «Чорны перадзел», член ЦК партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Паходзіць са старажытнага шляхецкага роду герба «Бонча»[1].
Анатоль Восіпавіч Бонч-Асмалоўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 10 ліпеня 1857 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 верасня 1930 (73 гады) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства |
Расійская імперыя→ СССР |
Адукацыя | |
Веравызнанне | праваслаўе |
Партыя | Зямля і воля, Чорны перадзел, Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў |
Член у | |
Асноўныя ідэі | народніцтва, дэмакратычны сацыялізм |
Род дзейнасці | прафесійны рэвалюцыянер |
Бацька | Іосіф Аляксандравіч Бонч-Асмалоўскі[d] |
Дзеці | Радзівон Анатолевіч Бонч-Асмалоўскі, Іван Анатолевіч Бонч-Асмалоўскі, Ірына Анатолеўна Бонч-Асмалоўская і Глеб Анатолевіч Бонч-Асмалоўскі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 10 ліпеня 1857 года ў Віцебску ў шляхецкай сям’і сапраўднага стацкага саветніка Іосіфа Аляксандравіча Бонч-Асмалоўскага і Клемянціны Мікалаеўны (яе бацька — палкоўнік рускай службы, немец Мікалай Піпенберг, маці — дачка італьянскага купца дэ Маўра).
Пасля Маскоўскага ліцэя ў 1875 годзе паступіў у Інстытут інжынераў шляхоў зносін. У 1876 перайшоў на юрыдычны, а затым на прыродазнаўчы факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Стаў прыхільнікам арганізацыі народнікаў «Зямля і воля», распаўсюджваў сярод студэнтаў нелегальныя выданні. У 1879 увайшоў у гурток «Маладыя землявольцы», які пасля расколу ў жніўні 1879 «Зямлі і волі» далучыўся да арганізацыі «Чорны перадзел»[1].
У лістападзе 1879 арыштаваны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях; пазбаўлены права вучыцца ў ВНУ і высланы ў бацькоўскі маёнтак Блонь Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён). У 1880 садзейнічаў арганізацыі друкарні «Чорнага перадзелу». Арыштаваны ў красавіку 1882, зняволены ў Мінскай турме на працягу 5 месяцаў. Разам з жонкай Варварай і пры ўдзеле А. Я. Багдановіча арганізаваў у Блоні сялянскі гурток самаадукацыі[2].
Арыштаваны ў красавіку 1886 у Канатопе Чарнігаўскай губерні, дзе быў па справах нелегальнай друкарні. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі (канец 1890-х гадоў).
У 1898 г. стаў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі.
Арыштаваны ў 1901 разам з сынам Іванам і сасланы ва Усходнюю Сібір. У 1904 вярнуўся па амністыі і ўвайшоў у партыю эсэраў, у 1905 кааптаваны ў ЦК. Удзельнік рэвалюцыі 1905-07. У красавіку 1908 арыштаваны, у лютым 1910 аддадзены пад суд. Вядомы мінскі ўрач Т. Куодзіс і яго калега Ф. Ульянаў выехалі ў маёнтак А. Бонч-Асмалоўскага[3] і зрабілі яму «ўяўную аперацыю». Сведчанне пра «аперацыю» дазволіла рэвалюцыянеру зацягнуць судовую справу[4].
У 1911 апраўданы, але ў 1912 зноў арыштаваны і прыгавораны да 8 месяцаў зняволення.
У час 1-й сусветнай вайны ў эвакуацыі, працаваў у арганізацыях дапамогі бежанцам-беларусам. Дэлегат 1-га Усебеларускага з’езда (1917). З 1918 у Мінску, удзельнічаў у кааператыўным руху. У час акупацыі Беларусі польскімі войскамі на нелегальным становішчы. З 1926 у Маскве, член Усесаюзнага таварыства паліткатаржан і ссыльнапасяленцаў. Пісаў успаміны. Валодаў маёнткам Блонь да 1917 года, пакуль не прыйшла савецкая ўлада. Драўляная сядзіба існуе і зараз у якасці раённага краязнаўчага музея.
Бонч-Асмалоўскі развёўся з Варварай Іванаўнай і ў 60 год завёў новую сям’ю, з’явіліся дзеці ад другога шлюбу. Іван Анатольевіч — самы старэйшы сын — памёр у 1969-м, пражыўшы 88 гадоў. Сын Радзівон, эканаміст, у 1930 годзе арыштаваны органамі ГПУ БССР разам з Гаўрыілам Гарэцкім. Працаваў на будаўніцтве Беламорканала. У чэрвені 1938-га быў арыштаваны паўторна і расстраляны. Сын Глеб, археолаг, рэпрэсаваны ў 1934 годзе. Пасля 3 гадоў лагераў вярнуўся пад Ленінград. У 1942 годзе рэабілітавалі. Памёр годам пазней. Дачка Ірына, лекар, з 1933 года жыла ў Ленінградзе. Памерла ў снежні 1941 года.
Зноскі
- ↑ а б Бонч-Осмоловский Анатолий Осипович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 73. — 737 с.
- ↑ Чёрный передел в Блони.
- ↑ У крыніцы памылкова пазначан як А. І. Бонч-Асмалоўскі
- ↑ У истоков науки оживления Архівавана 29 сакавіка 2017. (руск.)
Літаратура
правіць- Адреса членов Минского общества сельского хозяйства. ― Минск : Паровая типолит. Х. Дворжец, [1889―1897?]. ― 34 с.
- Бонч-Асмалоўскі А. В. Эпоха 1905 г. Мае ўспаміны //Полымя. 1925, № 6-7
- Зіміонка А. Сацыялістычны рух на Беларусі. II. Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў// Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культуры і рэвалюцыйнага руху. Мн., 1924. С. 152, 156.
- Попов И. А. О. Бонч-Осмоловский // Каторга и ссылка. 1931, № 4
- Савіцкая Л. Група Бонч-Асмалоўскага // Полымя. 1967, № 5
- Клейн Б. Дело Бонч-Осмоловских // Клейн Б. В годину испытаний: Ист.-лит. очерки. Мн., 1986
- ЭГБ, т. 2
- АЗБ.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Список членов Минского общества сельского хозяйства . ... на 1 декабря 1914 года. — Типография Я. А. Гринблата, [1914?]. — 40 с.