Анатоль Пінхусавіч Рубін
Анато́ль Пінху́савіч Ру́бін (29 студзеня 1927 ці 1928, Менск — 16 студзеня 2017, Іерусалім) — спецыяліст па лячэбнай фізкультуры, вязень гета, палітычны зняволены ў СССР, дысідэнт, удзельнік руху за правы яўрэяў у СССР.
Анатоль Пінхусавіч Рубін | |
---|---|
Дата нараджэння | 29 студзеня 1927 ці 1928 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 16 студзеня 2017 |
Месца смерці |
|
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў Мінску ў 1928 годзе. У сям’і ўсе акрамя бацькі да рэлігіі ставіліся абыякава. З пачаткам савецка-нямецкай вайны пасля беспаспяховых спробаў эвакуявацца трапіў у гета. У час вайны страціў усіх блізкіх: бацька быў забіты ў першыя дні вайны; маці і малодшая сястра Беці загінулі ў выніку адной з нацысцкіх «акцый» па вынішчэнні яўрэяў; старэйшая сястра Тамара ўцякла з гета, але была арыштаваная і забітая за ўдзел у антыфашысцкім падполлі; старэйшы брат служыў у войску і ў 1944 годзе прапаў без вестак на фронце.
У сакавіку 1943 года ўцёк з гета з чужымі дакументамі на імя Сцяпанава, якія атрымаў ад тутэйшага, мінскага немца па прозвішчы Нікель. Сышоў з горада разам з жанчынай па прозвішчы Штэфан, якая працавала на электрастанцыі, да яе сваякоў у вёску Драбаўшчына Клецкага раёна. Хаваў сваё яўрэйскае паходжанне ад сялянскай сям’і Карсюкоў, у якой жыў, працаваў на гаспадарцы. Пасля заканчэння нацысцкай акупацыі ў ліпені 1944 года вярнуўся ў Мінск. Паступіў у рамеснае вучылішча, пасля сканчэння якога працаваў на ваенным заводзе.
З вуснага дазволу дырэктара завода паступіў у Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры, але 14 лістапада 1946 года быў арыштаваны. Згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 снежня 1946 года Рубін быў асуджаны ваенным трыбуналам на 5 год лагераў за самавольны сыход з ваеннага прадпрыемства (мінімальны тэрмін па гэтым указе). Адбываў пакаранне ў лагеры на станцыі Яя Кемераўскай вобласці. Стрыечная сястра Рубіна дамаглася перагляду яго справы Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР, тэрмін быў заменены на 1 год умоўна. Пасля вызвалення ў 1948 годзе вярнуўся ў Мінск, узнавіўся ў Інстытуце фізкультуры.
Пасля заканчэння інстытута працаваў выкладчыкам фізкультуры ў Беларускім політэхнічным інстытуце. Цікавіўся гісторыяй яўрэяў, культурай, развіццём Дзяржавы Ізраіль. Збіраў літаратуру адпаведнай тэматыкі, даваў чытаць іншым яўрэям Мінска. Сустракаўся з замежнымі турыстамі. У 1957 годзе паехаў на Міжнародны фестываль моладзі ў Маскву, дзе пазнаёміўся з прадстаўнікамі дэлегацыі Ізраіля, супрацоўнікамі ізраільскага пасольства, атрымаў ад іх літаратуру пра Ізраіль і супраць антысемітызму. Арыштаваны КДБ БССР 8 снежня 1958 года, да суда ўтрымліваўся ў следчай турме КДБ БССР у Мінску (т. зв. «амерыканцы»).
Быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы замаху на М. Хрушчова, «здрадзе радзімы» і «антысавецкай агітацыі і прапагандзе». Першыя два абвінавачанні разваліліся, бо былі цалкам плёнам фантазіі КДБ. «Антысавецкая агітацыя і прапаганда» ў разуменні КДБ заключаліся ў прыватных размовах пра палітычнае становішча і праявы антысемітызма ў СССР, чытанні і распаўсюдзе літаратуры пра Ізраіль (у якой не было ані слова пра СССР), капіраванні выдадзенай у першыя паслярэвалюцыйныя гады брашуры Максіма Горкага пра антысемітызм і іншых падобных дзеяннях.
«Саўдзельнікамі» па справе праходзілі ўрач Яўген Рафаілавіч Хейфец (1925 г. н., арыштаваны 9 снежня 1958 г.) і трэнер па класічнай барацьбе Гірш Срольевіч Ясялевіч (1915 г. н., арыштаваны 11 снежня 1958 г.). Хейфец супрацоўнічаў са следствам, агаварыў сябе і Рубіна. Хейфец і Ясялевіч абвінавачваліся ў размовах пра палітыку ўрада СССР у дачыненні да яўрэяў. Хейфец таксама браў у Рубіна яўрэйскую літаратуру і распаўсюджваў сярод сваіх знаёмых, а Ясялевіч прывёз з Варшавы, дзе быў на спаборніцтвах, ізраільскія выданні. Справа Рубіна, Хейфеца і Ясялевіча № 19121-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
28 — 29 красавіка 1959 года ў закрытым рэжыме прайшоў суд. Ясялевіч і Хейфец прызналі сябе вінаватымі, аднак Рубін не прызнаў, бо не лічыў літаратуру, якую распаўсюджваў, антысавецкай. На судзе Рубін казаў пра дзяржаўны антысемітызм у СССР і свой намер выехаць у Ізраіль. Вярхоўны Суд БССР асудзіў Рубіна да 6 год пазбаўлення свабоды, Хейфеца — да 2 год, Ясялевіча — да 6 месяцаў. Усе былі асуджаны па артыкуле 7 Закона СССР ад 25.12.1958 («Заклікі да гвалтоўнага звяржэння або змены савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу або да гвалтоўнага парушэння адзінства тэрыторыі Саюза ССР», тагачасны аналаг «антысавецкай агітацыі і прапаганды»). Хейфец быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова 11 красавіка 1960 года.
Рубін адбываў свой тэрмін у мардоўскіх лагерах. Там пазнаёміўся з палітычнымі зняволенымі самых розных перакананняў (ад марксістаў да манархістаў), у тым ліку з сіяністамі з розных гарадоў СССР (Масквы, Ленінграда, Рыгі, Кіева і інш.). 20 снежня 1964 года, пасля адбыцця Рубіным тэрміна, Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР рэабілітавала Рубіна, Хейфеца і Ясялевіча.
Пасля вызвалення Рубін вярнуўся ў Мінск, працаваў у гарадской бальніцы старшым метадыстам па лячэбнай фізкультуры. Падтрымліваў кантакты з прадстаўнікамі яўрэйскага руху (у тым ліку былымі сулагернікамі) з Масквы, Рыгі. Працягваў распаўсюджваць яўрэйскую, у тым ліку сіянісцкую, літаратуру.
Пасля Шасцідзённай вайны КДБ БССР вырашыў распачаць справу супраць сіяністаў. 29 мая 1968 года быў арыштаваны Леапольд Саламонавіч Грынблат (1901 г. н.), інжынер-энергетык на пенсіі, які капіраваў і распаўсюджваў яўрэйскую літаратуру, у тым ліку атрыманую ад Рубіна самвыдавецкую кнігу Аркадзя Цімора пра Шасцідзённую вайну «Лісты да рускага сябра». Рубін шмат разоў выклікаўся на працяглыя допыты па справе, у тым ліку на вочную стаўку з Грынблатам, але ўсе факты захоўвання, памнажэння ці перадачы літаратуры іншым асобам адмаўляў, а з дому ўсю літаратуру вынес адразу ж пасля арышту Грынблата.
Грынблат прызнаў сябе вінаватым, супрацоўнічаў са следствам. 4 снежня 1968 года Вярхоўны Суд БССР асудзіў яго да 1 года 6 месяцаў лагераў па артыкуле 67 КК БССР («Антысавецкая агітацыя і прапаганда»). Тэрмін Грынблат адбываў у Дубраўлагу. Справа № 36834-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Л. Грынблат быў рэабілітаваны ў 1996 г.
Як толькі яўрэям СССР ізноў пасля Шасцідзённай вайны пачалі даваць дазволы на выезд у Ізраіль, Анатоль Рубін падаў дакументы ў АВІР. Увесну 1969 года ён з’ехаў з СССР у Ізраіль. Пасяліўся ў Іерусаліме. Працаваў урачом. Узяў шлюб з Карні, унучкай знакамітага сіяніста Уладзіміра (Зэева) Жабацінскага. У Ізраілі арганізоўваў выклікі для жыхароў Мінска, якія таксама хацелі з’ехаць, у прыватнасці, для Ісака Жытніцкага.
У 1972 годзе напісаў успаміны пра сваё жыццё да пераезда ў Ізраіль. Успаміны былі апублікаваныя ў 1977 годзе на рускай мове ў калектыўнай кнізе «Мой шлях у Ізраіль» і на іўрыце пад назвай «Карычневыя і чырвоныя боты».
Памёр 16 студзеня 2017 года.
Творы
правіць- Страницы пережитого // Мой путь в Израиль. Библиотека-Алия, 1977. С. 83-250.
- Коричневые и красные сапоги Архівавана 6 кастрычніка 2022..
- Страницы пережитого // Уроки Холокоста: история и современность. Выпуск 3. Минск, 2010. С. 197—208.
Літаратура
правіць- Беленькая, Лилия; Зингер, Борис. Белорусское еврейство в 1960—1967 гг. Портрет в интерьере // Białoruskie Zeszyty Historyczne — Беларускі Гістарычны Зборнік. № 45/2016. С. 141—157.
- Левин, Эрнст. «Отпусти мой народ». Отрывок из мемуаров // Репрессивная политика советской власти в Беларуси. Выпуск 3. Минск, 2007. С. 338—342.
- Маракоў, Леанід. Рубін Анатоль Пінхусавіч // Маракоў, Леанід. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энцыклапедычны даведнік. У 3 т. — Т. 3. кн. 2. — Мінск, 2005. — С. 241.
- Трейстер. Михаил. Визит в КГБ // Репрессивная политика советской власти в Беларуси. Выпуск 1. Минск, 2007. С. 311—323.
- 58-10. Надзорные производства Прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Март 1953—1991. Аннотированный каталог. Под ред. В. А. Козлова и С. В. Мироненко; сост. О. В. Эдельман, Москва, 1999. С. 521—522.