Ангел Іванавіч Багдановіч
Ангел Іванавіч Багдановіч (2 (14) кастрычніка 1860, Гарадок, Віцебская губерня — 24 сакавіка (6 красавіка) 1907, Санкт-Пецярбург) — расійскі публіцыст, крытык, рэдактар.

Біяграфія
правіцьЗ 1880 года вучыўся на медыцынскім факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы далучыўся да нарадавольскага руху, быў членам рэвалюцыйнага гуртка, вёў прапаганду сярод рабочых. Гэта выклікала рэпрэсіі з боку ўладаў — яму не далі давучыцца ва ўніверсітэце і саслалі ў Ніжні Ноўгарад (1883). Там пазнаёміўся з вядомым расійскім літаратарам У. Караленкам; супрацоўнічаў з шэрагам волжскіх выданняў. З 1887 года жыў у Казані, быў адным з рэдактараў газеты «Волжский вестникъ». У 1893 годзе разам з іншымі арганізаваў нелегальную рэвалюцыйна-дэмакратычную партыю «Народнае права»; напісаў яе праграмны дакумент, выдадзены ў выглядзе брашуры «Надзённае пытанне» (1894). З 2-й паловы 1890-х г. на пазіцыях «легальнага марксізму». Выступаў супраць «народніцкіх трафарэтаў» у літаратуры, найперш — ідэалізацыі вёскі. Працаваў у рэдакцыях часопіса «Русское богатство» (1893—1894), «Мир Божий» (1894—1906), дзе прапагандавалася ідэя адукацыі для шырокіх мас. Пасля публікацыі яго артыкула пра Снежаньскае ўзброенае паўстанне 1905 часопіс «Миръ божий» забаронены. У 1906 г. заснаваў часопіс «Современный миръ», які рэдагаваў да канца жыцця.
Зноскі
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 204. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Корнилович Э. А. Оружие публициста // Корнилович Э. А. Люди революционного подвига. — Мн., 1985. — С. 19-30; ЭГБ, т. 1.