Андрэй Мікалаевіч Азараў

Андрэй Мікалаевіч Азараў, таксама вядомы як talerka (нар. 3 чэрвеня 1970, г. п. Астрына, Гродзенская вобл., БССР) — беларускі і расійскі дызайнер[1]. Адзін з першых беларускіх вэб-дызайнераў[2][3].

Андрэй Мікалаевіч Азараў
Род дзейнасці дызайнер
Дата нараджэння 3 чэрвеня 1970(1970-06-03) (53 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Сайт talerka.ru

Біяграфія правіць

Скончыў факультэт мастацкага афармлення Мінскага мастацкага вучылішча (1990), у 1991—1992 гадах вучыўся на аддзяленні «Інтэр’еры і абсталяванне» Беларускай акадэміі мастацтваў[4].

Пачаў кар’еру ў 1994—1996 гадах дызайнерам, а затым арт-дырэктарам інфармацыйнага агенцтва «РІД». У 1996—1999 гадах працаваў дызайнерам у кампаніі «Глабінфарм-С» (G.I.S.) — першым беларускім кантэнт-правайдару[4]. Тады ж, у 1996 годзе, першым у Беларусі заняўся вэб-дызайнам. У 1999—2001 гадах працаваў дызайнерам, а затым арт-дырэктарам у беларуска-амерыканскай кампаніі EPAM Systems. У 2001—2003 гадах займаўся фрыланс вэб-дызайнам, адкрыў уласны праект Matepuana Project. З 2003 года працаваў дызайнерам у крэатыў-бюро DEFA; у 2004—2005 — дызайнерам у студыі Арцемія Лебедзева; у 2005—2006 — арт-дырэктарам дызайн-бюро «Тэлетайп.ru». Таксама ў 2003—2006 гадах супрацоўнічаў з маскоўскімі студыямі вэб-распрацовак і дызайну Promo Interactive, Open! Design, Dot. З 2006 года — фрыланс арт-дырэктар і дызайнер мультымедыя. У 2008 годзе чытаў курс «Інтэрактыўны дызайн» у Нацыянальным інстытуце дызайну[2], працаваў арт-дырэктарам студыі Artics. У 2011—2012 гадах працаваў крэатыўным дырэктарам па інтэрактыўных праектах у маскоўскім офісе Leo Burnett[2]. Член Беларускага саюза дызайнераў.

Жыве ў Мінску і Маскве. Жанаты, двое дзяцей.

Захапляецца кулінарыяй, з 2005 году робіць фатаграфіі, а з 2008 года — відэаролікі для свайго кулінарнага праекта Talerka.ru[5].

Творчасць правіць

Да 2-га курсу вучылішча ў асноўным пісаў алеем, затым займаўся інсталяцыяй і ў 1996 годзе зрабіў персанальную выставу «12.12.96» — першую і апошнюю[4]. Пасля знаёмства з кампутарам і інтэрнэтам, шмат чаго пераасэнсаваў, з тых часоў, пакуль, не шукаў іншага асяроддзя для творчасці, лічачы іх удалай прыладай для ўвасаблення сваіх ідэй — работы адначасова з гукам, рухам, фактурамі і фатаграфіяй[4].

Мультымедыя-дызайн правіць

Першую вэб-дызайнерскую работу — сайт грузаперавозак, зрабіў працуючы ў «Глабінфарм-С», затым быў сайт для Dajnova, першага беларускага карпаратыўнага сайта і вэб-крамы[4]. Як лічыць Азараў, першыя работы жадалі лепшага[4]. Так, дызайн чату «Диван», аднаго з першых месцаў віртуальных зносін у Байнэце, не спадабаўся большасці карыстальнікаў[4]. Першым якасным Азараў лічыць дызайн архіва буйнейшых беларускіх друкаваных выданняў press.net.by[4].

Аўтар каля 100 сайтаў, у тым ліку lexus.is.ru, triart2000.ru, аўтарскага кулінарнага сайта talerka.ru і іншых.

Асноўнае дасягненне А. Азарова — змена ўяўленняў заказчыкаў і дызайнераў пра тое, якімі мусяць быць сайты, ён здолеў стварыць сайты, падобныя хутчэй да інтэрактыўных фільмаў, якімі наведвальнікі могуць кіраваць робячыся датычнымі падзеям на маніторы.

Matepuana Project правіць

Праект ствараўся для ўдзелу ў работах студый вэб-дызайну, у якасці спецыяліста па флэш-анімацыі, паліграфічнаму дызайну і чалавека са свежымі ідэямі[4].

У 2005 годзе праект уключаны ў выданне Web Design: Studios (серыя ICONS) выдавецтвы Taschen, як лепшая студыя вэб-дызайну з прасторы колішняга СССР, у ліку 100 лепшых вэб-студый свету[6].

Прызнанне правіць

У 2000 годзе Беларускі саюз дызайнераў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь выдаў першы каталог знакаў і лагатыпаў, уключыўшы туды работы 148 вядомых беларускіх графікаў розных пакаленняў, якія прафесійна працуюць у гэтым жанры, сярод іх і працы Андрэя Азарава[7]. Старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі называе Андрэя Азарава ў ліку вядомых беларускіх вэб-дызайнераў[1].

З 1991 года ўдзельнічае ў нацыянальных беларускіх і міжнародных мастацкіх выставах, з 2001 года — у маскоўскіх, украінскіх і міжнародных фестывалях рэкламы.

  • 2-е месца і прыз глядацкіх сімпатый у намінацыі «Вэб-дызайн, нерэалізаваныя праекты» на Міжнародным фестывалі рэкламы «Залаты воўк»;
  • пераможац ў намінацыі «Грамадскія праекты» катэгорыя «Мастацтва» на Усерасійскім інтэрнэт-конкурсе «Залаты сайт»;
  • фіналіст Фестывалю кампутарнага мастацтва «АРТФЛЕШ-2003»;
  • фіналіст 13-га Міжнароднага маскоўскага фестывалю рэкламы;
  • фіналіст DIA (Design Innovation Awards) — Прэміі інавацыі дызайну;
  • фіналіст 5-га Кіеўскага міжнароднага фестывалю рэкламы;
  • пераможац ў намінацыі «Карпаратыўны сайт» на 16-м Міжнародным маскоўскім фестывалі рэкламы.

Talerka.ru правіць

Некамерцыйны праект, які праз відэаролікі падае гледачу традыцыйныя рэцэпты розных краін свету[5]. Значна, каля 10 % агульнага ліку рэцэптаў, у праекце прадстаўлена беларуская і літоўская кухні, што па задуме Азарава мусіць папулярызаваць кулінарныя традыцыі гэтага гістарычнага рэгіёна[2]. У планах і стварэнне версіі talerka.ru на беларускай мове, калі такая будзе запатрабавана аўдыторыяй[2].

Ідэя праекта з’явілася ў 1994—1995 гадах, але здзейснена была толькі ў 2005—2006[2], калі з’явіліся адпаведныя тэхнічныя магчымасці і дастатковы кулінарны досвед[3]. Відэаролікі з’явіліся на сайце talerka.ru у 2008 годзе — першыя былі занадта доўгія, па 7 хвілін, цяпер усе ролікі 1-2-хвілінныя[3].

Да кастрычніка 2010 года на talerka.ru было 300 відэарэцэптаў[5], да студзеня 2012 года — больш 500 [2].

Наведвальнасць talerka.ru, у кастрычніку 2010 года — каля 2,5 тысяч штодзень[5], у студзені 2012 года — каля 3 тысяч штодзень[2].

Праект talerka.ru быў пераможцам у намінацыі «карпаратыўныя сайты» на 11-м фестывалі рэкламы «Ідэя!» і лаўрэатам 8-га Кіеўскага фестывалю рэкламы ў інтэрактыўным конкурсе, атрымаўшы 3-е месца ў намінацыі «Некамерцыйныя праекты: забаўляльныя, культурныя, гуманітарныя, экалагічныя».[2]

Калегі па кулінарным Рунэце ставяцца да Азарава неадназначна, што агулам тлумачыцца творчай рэўнасцю[5].

Talerka App правіць

Talerka App — першае расійская кулінарная відэапрылада для iPhone і iPad[3] — выпушчана 4 студзеня 2012 года[8]. Загрузіць прыладу разам са 100 рэцэптамі ў HD-відэа можна бясплатна, астатнія 400 рэцэптаў і штомесячнае абнаўленне можна купіць за 7,99 $[2]. У прыладзе ёсць таймер, які працуе, нават калі прылада выключана[2]. Прадугледжаны магчымасці захоўваць рэцэпты ва ўласную папку «выбранае», адным клікам ствараць спіс пакупак, адпраўляць яго на электронную пошту ці як SMS, дзяліцца рэцэптамі ў Twitter і Facebook, ёсць пошук[2].

У верасні 2012 года Talerka App трапіла ў Top-50 амерыканскага Apple App Store у катэгорыі Food&Drink, раней ніводная расійская прылада не паднімалася ў гэтай катэгорыі так высока[8]. Апроч таго, Talerka App на працягу кастрычніка-верасня 2012 года ўваходзіла ў дзесятку самых папулярных кулінарных прылад «App Store Расія», канкуруючы з прыладамі Юліі Высоцкай і Джэймі Олівера[8].

Да кастрычніка 2012 года Talerka App на свае тэлефоны і планшэты ўсталявала больш 18 тысяч карыстальнікаў[8].

Да кастрычніка 2012 года ў Talerka App было больш за 520 відэарэцэптаў, палова іх з перакладам на англійскую мову[8].

Зноскі правіць

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць