Архітэктурны ансамбль

(Пасля перасылкі з Ансамбль (архітэктура))

Анса́мбль (фр.: ensemble, літаральна — сумесна, разам) у архітэктуры і горадабудаўніцтве — гарманічнае адзінства прасторавай кампазіцыі будынкаў, інжынерных збудаванняў, адкрытых прастораў і зялёных насаджэнняў, твораў манументальнага жывапісу, скульптуры. Стварэнне ансамбля дасягаецца падпарадкаваннем асобных элементаў цэламу, адзінствам маштабу і рытму, улікам натуральнага наваколля (рэльеф, зялёныя насаджэнні, вадаёмы і інш.).

Ансамбль Луўра

Беларусь

правіць

Найбольш мэтанакіравана ў Беларусі ансамблі пачалі фарміравацца з XVI ст., з пачаткам распрацоўкі праектнай дакументацыі (Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс).

 
Ансамбль езуіцкага калегуіма ў Мінску
 
Ансамбль Ратушнай плошчы ў Віцебску

Ансамблі XVIII ст. (палацава-паркавы комплекс і архітэктурны ансамбль у Паставах, Гарадніца ў Гродне, архітэктурны ансамбль у Варнянах) цэласнасцю прасторавага вырашэння і элементаў былі арыентаваны на выяўленне ідэйна-мастацкага сэнсу горадабудаўнічага комплексу. Ансамблі сядзібна-паркавых комплексаў (в. Бачэйкава Бешанковіцкага раёна, Залессе, Шчорсы і інш.), манастырскіх (Жыровіцкі Успенскі манастыр, кляштар картэзіянцаў у г. Бяроза і інш.), комплексаў езуіцкіх калегіумаў (Брэст, Полацк, Мінск і інш.) звычайна характарызуюцца адзінствам стылявых вырашэнняў.

 
Ансамбль праспекта Незалежнасці

Рэалізацыя прынцыпаў ансамблевасці, характэрная для савецкай архітэктуры, закладвалася ў генеральных планах забудовы гарадоў, пасёлкаў і іх частак. Найболь вядомыя ансамлі 1950—1980-х гг. — ансамбль Ленінскага праспекта (цяпер праспект Незалежнасці), жылых раёнаў Усход і Зялёны Луг у Мінску, плошчы Леніна ў Магілёве, в. Верцялішкі Гродзенскага раёна.

3 пачатку 1990-х гг. у Беларусі праводзяцца работы па аднаўленні ансамбляў гістарычных цэнтраў гарадоў на аснове спалучэння метадаў рэстаўрацыі, рэканструкцыі, узнаўлення страчаных аб’ектаў і тэхналогій сучаснага будаўніцтва (Верхні горад у Мінску, Ратушная і Саборная плошчы ў Віцебску і інш.). Рэканструкцыя ансамбля гарадоў ажыццяўляецца метадамі другаснай забудовы (большая шчыльнасць, цеплавая мадэрнізацыя, узвышэнне мастацка-эстэтычнага ўзроўню), а таксама на аснове тэорыі «падпарадкаванай хаатычнасці», калі ансамбль дапаўняецца нечаканымі рашэннямі, аб’ектамі інш. стылёвай накіраванасці і г.д.

Фарміраванню ансамбляў сельскіх паселішчаў са стварэннем у іх выразных грамадскіх цэнтраў, новага жылога фонду і мадэрнізацыяй старых аб’ектаў масавай забудовы садзейнічалі працы па рэалізацыі праграмы эксперыментальна-паказальнага будаўніцтва ў 1969—1976 гадах (вёскі Сноў Нясвіжскага, Леніна Горацкага, Малеч Бярозаўскага раёнаў і інш.) і Дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця сяла ў 2005—2010 гадах (вёскі Кабылаўка Пружанскага, Нарач Вілейскага раёнаў і інш.).

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць