Антанін Пій (поўнае імя — Ціт Аўрэлій Фульв Баёній Арый Антанін Пійлац. Titus Aurelius Fulvus Boionius Arrius Antoninus Pius, кіраваў пад імем Ціт Элій Адрыян Антанін, 19 верасня 86 г. — 7 сакавіка 161 г.) — рымскі дзяржаўны дзеяч, імператар Рыма ў 138—161 гг.

Антанін Пій
лац.: Titus Aurelius Fulvus Boionius Arrius Antoninus Pius
Бюст імператара Антаніна Пія.
Бюст імператара Антаніна Пія.
Рымскі імператар
10 ліпеня 138 — 7 сакавіка 161
Папярэднік Адрыян
Пераемнік Марк Аўрэлій і Луцый Вер
Нараджэнне 19 верасня 86[1]
Смерць 7 сакавіка 161[1] (74 гады)
Месца пахавання
Род Антаніны[d]
Імя пры нараджэнні лац.: Titus Aurelius Fulvus
Бацька Ціт Аўрэлій Фульв[d][3] або Адрыян
Маці Арыя Фадзіла[d]
Жонка Фаўсціна Старэйшая[d][4]
Дзеці 1) Марк Аўрэлій Фульв Антанін
2) Марк Галерый Фульв Антанін
3) Аўрэлія Фадзіла
4) Анна Галерыя Фаўсціна
Веравызнанне Старажытнарымская рэлігія
Дзейнасць палітык
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера палітыка[2]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Раннія гады правіць

Нарадзіўся ў 86 г. ў наваколлі Рыма, ў горадзе Ланувій. Яго продкі паходзілі з горада Немауса ў Паўднёвай Галіі, але перасяліліся ў сталіцу пасля таго, як яго дзед, а пазней і бацька (Ціт Лівій Фульв Антанін), атрымаў консульскую пасаду, прычым першы нават атрымаў пасаду гарадскога прэфекта. Маці будучага імператара — Арыя Фадзіла, чый бацька Арый Антанін таксама паходзій з Паўднёвай Галіі і двойчы рабіўся консулам. Казалі, што, калі імператарам стаў Нерва, ён выказаў новаму кіраўніку свае спачуванні.

Маладыя гады Антанін правёў у Лорыі, недалёка ад Рыма. Пасля ранняй смерці бацькі яго выхаваннем заняліся абодва дзяды. Калі яму было 20, ён ажаніўся з Аннай Галерыяй Фаўсцінай (Фаўсціна Старэйшая), дачкой Марка Анія Вера. Пасля службы квестарам і прэтарам ён у 130 г. зрабіўся консулам. Хутка імператар Адрыян прызначыў яго адным з чатырох выязных суддзяў, якія вяршылі суд у Італіі, прычым свае абавязкі Антанін выконваў у Этрурыі і Умбрыі, і гэтая дзейнасць аказалася для яго плённай нівай. Затым ён быў прызначаны праконсулам Азіі і набыў на гэтай пасадзе (133—136 гг.) выдатную рэпутацыю. Пасля вяртання ў Рым быў прызначаны членам адноўленага імператарскага сходу.

На пасадзе імператара правіць

Пачатак кіравання правіць

 
Антанін Пій на манетах

Калі ў 138 г. памёр Луцый Элій Цэзар, прыёмны сын і спадчыннік Адрыяна, выбар спыніўся на Антаніне, які пасля доўгіх разважанняў прыняў пасаду. 25 лютага ён быў усыноўлены Адрыянам, атрымаў паўнамоцтвы трыбуна, а хутка і вышэйшую адміністрацыйную пасаду (imperium). У яго гонар былі выпушчаны манеты, на якіх ён іменаваўся Цітам Эліем Цэзарам Антанінам. У той жа час самому Антаніну было загадана ўсынавіць Марка Аўрэлія і Луцыя Вера, якія сталі яго пераемнікамі. Пачаліся месяцы доўгай хваробы Адрыяна, калі Антанін ужо дэ-факта выконваў абавязкі кіраўніка імперыі. А пасля смерці Адрыяна натуральным і мірным шляхам заняў яго месца на троне.

Кіраванне Антаніна пачалося з некаторых складанасцей. Калі ён падаў просьбу аб абагаўленні свайго папярэдніка і афіцыйным прызнанні яго дзеяў, Сенат праявіў нязгодлівасць па абодвум пытанням, памятаючы аб тым, што Адрыян скараціў паўнамоцтвы сенатараў, а некаторых пакараў смерцю. Нарэшце, асцерагаючыся ўмяшальніцтва войска ў выніку няўдачы гэтай спробы новага кіраўніка, сенатары саступілі, але дамагліся адмены непапулярнага інстытута выязных суддзяў, якія дзейнічалі на тэрыторыі самой Італіі. У далейшым уважлівае стаўленне Антаніна да сенатарскага класу прынесла яму прыхільнасць сенатараў, нават тых, хто лічыў сябе лепшымі за імператара па паходжанню і талентах: урэшце яму прысвоімі імя «Пій» («Набожны»), адзначыўшы тым самым яго стараннасць у выкананні рэлігійнага і патрыятычнага абавязку.

Палітыка ў правінцыях правіць

У 139 г. Антанін, у адпаведнасці са звычаем, прыняў званне Бацькі Айчыны (Pater Patriae), хаця спачатку ад яго адмовіўся, і адначасова ў другі раз заняў пасаду консула (ён яшчэ двойчы займаў гэту пасаду ў 140 і 145 гг). Historia Augusta асабіста падкрэслівае міралюбівы нораў Антаніна, і яго кіраванне сапраўды было мірным, хаця і не цалкам ціхамірным, бо некаторыя правінцыі заставаліся неспакойнымі, ды і сітуацыя на асобных адрэзках мяжы складвалася няпроста. У паўночнай Брытаніі было падаўлена паўстанне мясцовых плямён, тэрыторыя імперыі пашырылася на поўнач, дзе быў узведзены новы вал (сцяна Антаніна), які працягнуўся ад Ферт-оф-Форта да ракі Клайд. Раней функцыю абароны ад набегаў плямён піктаў выконваў вал Адрыяна, што размяшчаўся крыху на поўдзень. Складзеная з дзёрну сцяна Антаніна стаяла на фундаменце з камянёў шырынёй у 14 футаў, узвышаючыся над глыбокім ровам. Гарнізон размяшчаўся ў маленькіх фортах, пабудаваных праз кожныя 2 мілі, у адрозненне ад буйнейшых фартоў сцяны Адрыяна, якія знаходзіліся далей адзін ад аднаго. Аднак у 154 г. хваляванні, завадатарамі якіх стала племя брыгантаў, пацягнулі за сабою тэрміновы адвод часткі войска ад сцяны, у выніку чаго некаторыя фарты былі разбураны варварамі-паўстанцамі. Верагодна, менавіта гэтыя падзеі пераканалі Антаніна перасяліць большую частку насельніцтва з мясцовасці, размешчанай паміж дзвюма сценамі. Іх перавезлі ў Германію і пасялілі на беразе ракі Некар, загадаўшы ўдзельнічаць у абароне размешчанай побач мяжы.

 
Рымская Імперыя ў час кіравання Антаніна Пія

Тым часам шырокія вобласці Афрыкі падпалі пад набегі банд марадзёраў. Большасць з іх уварвалася на тэрыторыю Нумідзіі, у Маўрэтаніі ж ваенныя падмацаванні былі кінуты на правядзенне шырокамаштабнай карнай аперацыі, у выніку якой каля 150 маўраў-сектантаў саслалі да далёкай заходняй мяжы краіны. Прыблізна праз 4 гады ў Егіпце ўвядзенне новых падаткаў у выглядзе цяжкай прымусовай працы прывяло да таго, што жыхары сталі пакідаць родныя мясціны. Услед за гэтым рушыў мяцеж, які прыйшлося падаўляць; у 158 г. было падаўлена паўстанне ў Дакіі. Пагроза паўстання была і ў Іўдзеі, але Антанін Пій своечасова змяніў (але не адмяніў цалкам) закон свайго папярэдніка, які забараняў рабіць абразанне. Інакш кажучы, імператар дазволіў рабіць абразанне, але не надаў яўрэям правоў ператвараць гэта ў цырыманіяльны абрад. Тым самым, аднак, былі аслаблены пазіцыі іўдаізму ў барацьбе з хрысціянствам, якое набірала ўсё больш сіл. Болей за тое, для ўмацавання мер, якія забаранялі іўдзеям уваходзіць у Іерусалім, абаронныя пасты былі ўзмоцнены.

У вырашэнні любых канфліктаў, асабліва калі яны датычыліся магутнага Парфянскага царства, Антанін выкарыстоўваў дыпламатычныя метады. Нягледзячы на правядзенне тых ці іншых ваенных аперацый, адсутнасць сур’ёзных ваенных катаклізмаў дазволіла Антаніну паменшыць прывілеі маракоў і саюзнікаў, чые дзеці, народжаныя ў часы службы, аўтаматычна атрымлівалі рымскае грамадзянства. Аднак цяпер выбарчае права надавалася ім толькі ў тым выпадку, калі яны вербаваліся ў рымскія легіёны. Такім чынам, новы закон судзейнічаў павелічэнню рымскага войска.

Палітыка ў межах Італіі правіць

 
Мармуровая статуя Антаніна Пія ў Эрмітажы.

Антанін рэзка адрозніваўся ад свайго папярэдніка яшчэ і тым, што яго інтарэсы датычыліся перш за ўсё не правінцый, а ўласна Італіі, якую ён жадаў узмацніць і зноў зацвердзіць у якасці поўнаўладнай дзяржавы рымскага міру. Чаканка манет яго часоў хаця і выказвала ўвагу правінцыям (напрыклад, BRITANNIA аказалася прататыпам фігуры, якая так і засталася на 50-пенсавых манетах Вялікабрытаніі), асабліва моцна адлюстроўвала гэту змену ў шэрагу мер, якія былі здзейснены на тэрыторыі Апенінскага паўвострава. На новых манетах выяўляліся пераважна парты, бані, масты і амфітэатры, а традыцыі шчодрых ахвяраванняў, пачатыя імператарам Траянам, атрымалі далейшае развіццё ў сувязі з праграмай дапамогі дзяўчынкам-сіротам Італіі, якіх называлі «Puellae Faustinianae» у гонар супругі імператара Фаўсціны Старэйшай — яна памерла ў 140 ці 141 г. Хаця дабрадзейнасць яе характару ў пазнейшых апісаннях падпадае пад сумнеў, яна атрымала не толькі абагаўленне, але і беспрэцэдэнтную колькасць вырабленых памятных манет і іншых ушанаванняў. Сам Антанін ні разу не пакідаў межаў Італіі за ўвесь перыяд свайго кіравання. Ён атрымліваў асалоду ад жыцця вясковага арыстакрата на сваёй віле ў Ланувіі.

Рым таксама знаходзіўся ў фокусе яго ўвагі. Імператар ладзіў грандыёзныя раздачы грошай і публічныя відовішчы, а ў гонар 900-годдзя заснавання Рыма вырабіў вялізарную колькасць памятных медальёнаў, патрыятычна ўслаўляючы легендарнае паходжанне свайго народа. Курс Антаніна адносна Італіі і сталіцы быў ухвалены Сенатам, з якім імператар, пераадолеўшы хістанні сярод яго членаў, усталяваў сяброўскія адносіны. У прыватнасці, імператар адмяніў пакаранне нейкага Ацілія Тыцыяна, які, меркавана, рыхтаваў змову супраць Антаніна Пія. Адмяніўшы інстытут выязных суддзяў, імператар цалкам аднавіў кантроль сената над Італіяй. Аднак Антанін усведамляў слабасць Сената і, нягледзячы на павагу, якую выказваў яго членам, абмеркаванне важных пытанняў прыберагаў для свайго імператарскага савета. Чатыры прэфекты прэторыя, якія змянілі адзін аднаго за перыяд кіравання Антаніна, уваходзілі ў склад савета, і было паказальна, што ўсе яны з’яўляліся яшчэ і выдатнымі юрыстамі. Першы з іх, Марк Гавій Максім, займаў гэты пост 20 гадоў, у той час як намеснікі правінцый рэдка ўтрымліваліся на сваіх месцах нават 10 гадоў.

Ацэнкі правіць

 
Храм Антаніна і Фаўсціны на рымскім Форуме; сёння — царква святаго Ларэнца

Кіраванне Антаніна ў цэлым было станоўчым і непрагрэсіўным, хаця працэс цэнтралізацыі працягваўся, і рымскі свет быў далёка не паўсюдным, як сцвярджалі зычліўцы. Да ліку панегірыстаў Антаніна можна аднесці і грэчаскага філосафа Элія Арыстыда з Адрыяна ў Місіі, які меў доступ да двара ў якасці настаўніка юнага Марка Аўрэлія. Звяртаючыся да Рыма эпохі Антаніна, ён абвяшчае: «Менавіта ты даказаў усеагульную праўду, што зямля з’яўляецца ўсім маці і ўсеагульнай айчынай. Цяпер сапраўды і эліны і няэліны, якія валодаюць багаццем ці не маюць яго, могуць проста падарожнічаць усюды… Гамер сказаў: „Зямля для ўсіх агульная“, — і ты зрабіў так, каб гэта стала явай… Сапраўды, засталося толькі спачуваць тым, якія засталіся — калі такія сапраўды засталіся — непадуладнымі табе, бо яны пазбаўленыя гэтай асалоды». Гэтую ўрачыстую ацэнку эпохі Антаніна пацвердзіў і гісторык Эдвард Гібан, напісаўшы ў 1776 г.: «Калі любога чалавека папрасіць адзначыць перыяд сусветнай гісторыі, на працягу якога становішча чалавечай расы было найбольш квітнеючым і шчаслівым, ён без хістанняў назаве час ад смерці Даміцыяна да ўзыходжання на трон Комада» (96 — 180 гг). Дадзеная ацэнка пазбаўлена аб’ектыўнасці, бо перыяд кіравання Марка Аўрэлія адзначыўся чумой, шматлікімі сацыяльнымі бедствамі і войнамі. У эпоху Антаніна Пія яшчэ болей распаўсюдзіліся застой, карупцыя і бюракратызм, якія мацней адчуліся ў пазнейшы, недабрабытны перыяд Імперыі. Акрамя таго, «шчаслівыя гады» абмяжоўваліся толькі Італіяй, жыццё ў падуладных правінцыях было значна горшым. Тым не менш, асоба самога Антаніна не раз ганаравалася ўхваленнем з боку сучаснікаў. «Памятайце яго ўчыннасці, — настойвае яго пераемнік Марк Аўрэлій, — каб, калі прыйдзе ваш апошні час, сумленне вашае было чыстым, як у яго».

Зноскі

  1. а б Любкер Ф. Antoninus Pius // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 106–107.
  2. а б Czech National Authority Database Праверана 5 верасня 2023.
  3. Rohden P. v. Aurelius 135 // Kategorie:RE:Band II,2 — 1896. Праверана 12 красавіка 2024.
  4. Любкер Ф. Faustina // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 525.

Спасылкі правіць