Антоні Дулінец
Антоні Дулінец (20 красавіка 1889, в. Мосар — 21 лютага 1966, в. Будслаў) — беларускі каталіцкі святар лацінскага абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху[1]. Быў знаёмы з многімі беларускімі дзеячамі. Сябраваў з Вацлавам Аношкам і Пятром Татарыновічам.
Антоні Дулінец | |
---|---|
Род дзейнасці | каталіцкі святар |
Дата нараджэння | 20 красавіка 1889 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 лютага 1966 (76 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Альма-матар |
Сям’я
правіцьПаходзіў з сялянскай каталіцкай сям’і з в. Мосар. Бацька — Ігнась, маці — Паўліна з Гарбоўскіх. Меў 8 братоў, палова з іх стала місіянерамі.
Адукацыя і духоўная фармацыя
правіцьАтрымаў гімназійную адукацыю ў 1917 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Там жа працаваў памочнікам бухгалтара ў ваенным порце.
Вырашыў стаць ксяндзом пасля таго, як у яго стукнула маланка і ён цудам выжыў.
У 1920—1924 гадах навучаўся ў Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі пасля эвакуацыі яе ў Кельцы (Польшча). Пасля чаго працягнуў багаслоўскае навучанне ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (1924—1926).
Высвячаны на каталіцкага святара лацінскага абраду біскупам Пінскім Зыгмунтам Лазінскім 4 красавіка 1926 года.
Падчас навучання ў семінарыі зацікавіўся справай адраджэння Уніі. У семінарыі навучаўся разам з Вацлавам Аношкам[2].
Душпастырская праца
правіцьУ 1926 годзе прызначаны вікарыем касцёла Унебаўзяцьця НПМ у мяст. Браньск на Падляшшы. Аб гэтым прызначэнні Антонія і іншых ксяндзоў, свядомых беларусаў, пісалі як аб «ссылцы» за культурную працу сярод беларусаў-каталікоў[3].
У 1927 годзе ў віленскім касцёле св. Мікалая адправіў Св. Імшу разам з кс. Шутовічам, кс. Станкевічам і кс. Цікотам на дзявятыя ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларусі[4].
З 1929 года супрацоўнічаў з Беларускім Каталіцкім Выдавецтвам. Пісаў для беларускіх рэлігійных выданняў «Krynica» і «Chryścijanskaja Dumka»[5]. Ахвяраваў на беларускую дзейнасць.
З 1929 года пробашч парафіі Марочна каля Пінска. Намаганнямі кс. Антонія — шчырага і ідэйнага беларуса — быў збудаваны мясцовы касцёл[6][7], на пасвячэнне якога прыязджаў ягоны сябар — беларускі каталіцкі святар Пётр Татарыновіч.
Гаварыў казанні па-беларуску. Заахвочваў вернікаў размаўляць на роднай мове. Распаўсюджваў беларускую культуру.
Удзельнік 1-й канферэнцыі, прысвечанай царкоўнай уніі (23—24 красавіка 1930 года, Пінск)[8].
З 1931 года да пачатку Другой сусветнай вайны служыў пробашчам парафіі у парафіяльным касцёле св. Яна Хрысціцеля ў мяст. Гранне Бельска-Падляскага павета. У 1932 годзе гэты храм быў грунтоўна перабудаваны і папоўнены хорам кс. Дулінцам[9].
Хадзіў у пілігрымку ў Кальварыю[10].
У верасні 1936 года кс. Антоні разам з а. Аношкам віншуюць кс. Татарыновіча з юбілеем святарства ў Мядзведзічах. Там жа ён гаворыць навуку па-польску, але так зразумела і ўсё з беларускага жыцця[11].
З 1940 па 1949 гады пробашч касцёла Апекі НПМ Ружанцовай у в. Сігневічы Пружанскага дэканата.
Пасля вызвалення з лагера ў 1954—1966 гадах быў пробашчам у в. Будслаў.
Дзейнасць у час вайны
правіцьПадчас Другой сусветнай вайны садзейнічаў беларусізацыі Касцёла. Уваходзіў у спіс 45 каталіцкіх святароў на беларускіх паслугах, падрыхтаваны разведкай Арміі Краёвай у Мінску (жнівень — верасень 1942 года).
Пасляваенны лёс
правіцьАрыштаваны ў лютым 1949 года ў Сігневічах. Асуджаны да 25 гадоў ППЛ. Этапаваны ў адзін з лпгераў ГУЛАГа каля Кемерава. Атрымаў кілу. Прабыў нейкі час у лагеры з Фабіянам Ярэмічам[12]. Вызвалены ў 1954 годзе. Зарэгістраваны пробашчам парафіі Унебаўзяцця НПМ у мяст. Будслаў Вілейскага дэканата.
Падчас яго служэння праводзіўся Будслаўскі фэст[13] і была знойдзена былая бернардзінская бібліятэка ў адной з вежаў будслаўскага касцёла[14]. Таксама ў касцёле гучаў арган, працаваў вежавы гадзіннік.
Неаднаразова падвяргаўся нападкам у камуністычных газетах.
Анеля Катковіч у сваіх успамінах «Разьвітаньне з Будславам» піша:
«Адведваў нас у Будславе кс. Антон Дулінец, які таксама доўгія гады быў на Сібіры й вярнуўся з „раю“ амаль што разам з намі. Ён знаў амаль усіх ксяндзоў-беларусаў і сам быў беларусам. Казаньні ў касьцеле гаварыў па-польску, але ўводзячы цэлыя беларускія сказы. Ужо ён не жыве, памёр па дарозе з плябані ў касьцёл. Упаў і больш не падняўся.»
На ягоным пахаванні было шмат парафіян. Пахаваны на могілках у Будславе, каля капліцы. У Будславе нават праз паўстагоддзя з пашанай ўзгадваюць яго імя.
Фотаздымкі
правіць-
Кс. Дулінец, Будслаў
-
Будслаў. Свята.
-
Часопіс «Шлях Моладзі» № 7-8, 1936 г. 21 ст.
-
Кс. Дулінец з моладзю
-
У цэнтры кс. Дулінец побач з кс. Станкевічам.
-
Кс. Дулінец у Будславе.
-
Фота перад плябаніяй у Будславе
Зноскі
- ↑ Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917—1964 Архівавана 4 кастрычніка 2022. С. 161—162
- ↑ Catalogus Ecclesiarum et Utriusque Cleri tam Saecularis quam Regularis Dioecesis Vladislaviensis seu Calissiensis pro Anno Domini 1921 С. 34
- ↑ «Bielaruskaja Krynica» № 26, 1926 г. С.6
- ↑ «Bielaruskaja Krynica» № 14, 1927 г. С.2
- ↑ Małgorzata Moroz «KRYNICA» — Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu", Беласток, 2001. С. 218
- ↑ «Chryścijanskaja Dumka» № 21-22, 1930 г. С.11
- ↑ «Bielaruskaja Krynica» № 31, 1930 г. С.4
- ↑ Pamiętnik I-ej Konferencji Kapłańskiej w sprawie Unji [! Kościelnej w Pińsku (23-24 IV 1930 roku)]
- ↑ «Spis Kościołów i Duchowieństwa Diecezji Pińskiej w Rzeczypospolitej Polskiej 1933 i 1934» С. 44.
- ↑ «Chryścijanskaja Dumka» № 6,1936 г. С. 4.
- ↑ «Chryścijanskaja Dumka» № 9, 1936 г. С 11.
- ↑ «ŹNIČ» № 48 KASTRYCNIK-LISTAPAD 1958 г. С. 5.
- ↑ Да новых перамог (Мядзел). — № 41 (3012). — 4 красавіка 1964 г.
- ↑ Да пытання пра бібліяграфічную рэканструкцыю будслаўскай бернардзінскай бібліятэкі — Лаўрык Ю. М. (Мінск)
Літаратура
правіць- Леанід Маракоў «Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі. 1917—1964» С. 161, 162, 500, 566, 593, 621, 638.
- Jerzy Garbinski, Jerzy Turonek «Bialoruski ruch chrzescijanski XX wieku: slownik biograficzno-bibliograficzny» С. 95-96.
- Roman Dzwonkowski SAC «Leksykon duchowieństwa polskiego represjonowanego w ZSRS 1939―1988» С. 207—208.