Антон Адамавіч Вайніловіч

Анто́н Ада́мавіч Вайніло́віч (польск.: Antoni Woyniłłowicz, руск.: Антон Адамович Войнилович; 1773[1], Новагародскае ваяводства, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая — 12 кастрычніка 1855) — слуцкі павятовы маршалак (1811—1818).

Антон Адамавіч Вайніловіч
Герб «Сыракомля»
Герб «Сыракомля»
Слуцкі павятовы маршалак
1811 — 1818
Папярэднік Сервацый Міхалавіч Бярновіч (1784—?)
Пераемнік Адам Барталамеевіч Непакайчыцкі
Нараджэнне 1773
Смерць 12 кастрычніка 1855(1855-10-12)
Месца пахавання
Род Вайніловічы
Бацька Адам Францішкавіч Вайніловіч (1739—1803), новагародскі падкаморы
Маці Караліна Каралеўна Сулістроўская
Жонка Тэафілія Адынец
Дзеці 1) Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч (1804—1878), слуцкі павятовы маршалак (1845—1863); 2) Адам Антонавіч Вайніловіч (1806—1874); 3) Аляксандр Антонавіч Вайніловіч; 4) Анэля Антонаўна Вайніловіч.
Веравызнанне каталік
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне і сям’я правіць

Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў гербу «Сыракомля», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Новагародскім ваяводстве ВКЛ і Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі.

Нарадзіўся ў сям’і Адама Францішкавіча Вайніловіча (1739—1803), новагародскага падкаморага (1783—1797), кавалера ордэна Святога Станіслава, і яго жонкі Караліны Каралеўны Сулістроўскай. Шлюб бацькоў адбыўся ў 1770 г. На надмагільнай шыльдзе Антонія Вайніловіча датай нараджэння паказаны 1773 год[1]. Быў хрышчаны ў каталіцтва 17 ліпеня 1773 г.[2]

Бацька Адам быў сынам Францішка Крыштофавіча Вайніловіча (памёр каля 1745) і яго жонкі Барбары Фелькерзамб, а маці Караліна была дачкой ашмянскага войскага Караля Міхалавіча Сулістроўскага ад яго жонкі Разаліі Пац, з магнацкага роду Пацаў. Адам Вайніловіч прывёў у ідэальны парадак уласны архіў, склаўшы паводле каталога яго з дакументаў, якія тычыліся яго маёнткаў, роду Вайніловічаў, а таксама некаторых іншых шляхецкіх радоў Случчыны з канца XVI ст. У тым яго архіве захоўвалася кніга «Vade mecum», напісаная палкоўнікам ВКЛ часоў «Патопа» Габрыэлем Вайніловічам, старостам літынскім і красненскім, пад харугвамі якога служыў Валадыеўскі і яго таварышы па зброі, героі трылогіі Генрыха Сянкевіча («Агнём і мячом» (1883—1884), «Патоп» (1884—1886), «Пан Валадыеўскі» (1887—1888). Сянкевіч, у якога некалькі гадоў знаходзілася гэтая кніга, браў адтуль неабходныя дадзеныя для напісання гэтых сваіх літаратурных гістарычных раманаў. Адам Вайніловіч быў сябрам князя Караля-Станіслава Радзівіла «Пане Каханку». Кароль Станіслаў-Аўгуст прысылаў лісты навагрудскаму падкаморыю Адаму Вайніловічу, каб апошні падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791 года, і дадаў да аднаго з лістоў дыплом на наданне Вайніловічу ордэна Святога Станіслава.

Сам Антон Адамавіч Вайніловіч ажаніўся з Тэафіліяй Адынец (1782—1845)[2], якая належала да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Адынцоў, але была пляменніцай (дачкой сястры) генерала Мараўскага, жанатага з сястрой князя Караля-Станіслава Радзівіла «Пане Каханку». Такое паходжанне параджала ў Тэафіліі пэўныя жыццёвыя запросы і дамаганні, якія перавышалі матэрыяльныя магчымасці, якія ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. давалі прыбыткі ад не вельмі вялікага маёнтка Кларымонт (Кларымонт, Савічы, Пузаў і інш.). Тэафілія нарадзіла Антону трох сыноў і адну дачку: Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч (1804—1878), слуцкі павятовы маршалак (1845—1863); Адам Антонавіч Вайніловіч (1806—1874), які быў бацькам Эдварда Вайніловіча; Аляксандр Антонавіч Вайніловіч. Свайго сына Тадэвуша назваў у гонар Тадэвуша Касцюшкі (1746—1817), а свайго сына Адама — у гонар князя Адама-Ежы Чартарыйскага (1770—1861).

Яго сын Тадэвуш Антонавіч Вайніловіч (1804—1878) ажаніўся з Казімірай Наркевіч-Ёдкай (1817—1866). А Адам Антонавіч Вайніловіч пабраўся шлюбам з Ганнай Эдвардаўнай Ваньковіч (1825—пасля 1865), дачкой Эдварда Станіслававіча Ваньковіча (1793—1872), мінскага павятовага харунжага (1817—1820), уласніка маёнтка Вялікая Сляпянка, Камароўка каля Мінска (цяпер у межах Мінска вядомыя аднайменныя раёны), Зарэчча над Свіслачу Мінскага павета Мінскай губерні. Аляксандр Антонавіч Вайніловіч сям’і не склаў, бо служыў у расійскім войску і пасля руска-турэцкай вайны 1829 года згінуў без звестак, што пазней давала повад для з’яўлення самазванцаў, якія выстаўлялі маёмасныя прэтэнзіі братам Адаму і Тадэвушу. Анэля Антонаўна Вайніловіч пайшла замуж за пана Гарайна.

Антон Адамавіч Вайніловіч быў дзедам Эдварда Адамавіча Вайніловіча (1847—1928), доўгачасовага віцэ-старшыні (а пазней і старшыні) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча сваёй эпохі, фундатара касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску.

Праз некалькі дзесяцігоддзяў супольнага жыцця Тэафілія, характар якой быў нястрыманы і не вельмі лагодны, развялася з Антонам Вайніловічам і памерла ў Слуцку.

Службовая дзейнасць правіць

У 1801 годзе Антон Вайніловіч згадваецца як засядацель І дэпартамента Галоўнага суда Мінскай губерні. Пазней службовую кар’еру рабіў у родным Слуцкім павеце Мінскай губерні, дзе чатыры разы абіраўся на пасаду слуцкага павятовага маршалка (1811—1818).

Сваю пасаду слуцкага павятовага маршалка захаваў за сабой, хоць пасля прыходу ў 1812 годзе ў літоўска-беларускія губерні Расійскай імперыі французскіх войск падчас франка-расійскай вайны Антон Вайніловіч увайшоў у склад створанай французскімі ўладамі мясцовай адміністрацыі — быў слуцкім падперфектам, бо павятовыя маршалкі ўвайшлі ў склад новай сістэмы кіравання, усталяванай французамі, і былі найменаваны ў «падперфекты».

Апошнім разам Вайніловіч быў выбраны на пасаду слуцкага павятовага маршалка на трохгоддзе ў Мінску ў верасні 1817 года на дваранскіх выбарах, але сваёй кадэнцыі не даслужыў да 1820 года, бо быў у 1818 годзе зняты з пасады расійскімі ўладамі. Замест яго заступіў на пасаду Адам Барталамеевіч Непакайчыцкі.

Асаблівасці напісання свайго прозвішча правіць

 
Аўтограф Антона Вайніловіча з назвай пасады (па-польску): «Antoni Woyniłowicz Mar P Słgo» (г.зн. «Antoni Woyniłowicz Marszałek Powiatu Słuckiego» — «Антоні Вайніловіч маршалак павета Слуцкага»), 1814 г.

Прозвішча паноў Вайніловічаў у польскім правапісе традыцыйна перадавалася як «Woyniłłowicz». На аўтографе, зробленым уласна Антонам Вайніловічам у 1814 годзе, відно, што сваё прозвішча маршалак напісаў з адной літарай «ł» — «Woyniłowicz». У сваіх мемуарах Эдвард Адамавіч Вайніловіч напісаў, праглядзеўшы сямейны архіў у Савічах, што пачаткова прозвішча яго продкаў пісалася ў дакументах і на рэчах з адной літарай «л», а пасля з дзвюма («Вайнілловіч»), што практыкавалася многімі родамі, напрыклад, Радзівіламі, якія пачаткова пісаліся з адной «л», а пасля з дзвюма («Radziwiłł»). Эдвард Вайніловіч адзначыў, што ў сямейным архіве бачыў дакументы, дзе слова «Woyniłłowicz» пісалася на адным і тым жа аркушы двума спосабамі — і з адной, і дзвюма «ł»[3].

Маёнткі правіць

Валодаў спадчынным маёнткам Кларымонт (Кларымонт, Савічы, Пузаў і інш.) у Слуцкім павеце Мінскай губерні. Пабудаваў у Савічах на месцы, дзе вякамі будаваліся і абнаўляліся палацы з дрэва, каменны палац з мансардамі і дзвюма вежамі. У парку каля палаца пабудаваў альтанкі для аркестра, насыпаў штучныя астравы, устанавіў галандскія ветравыя млыны, зрабіў гроты, праклаў лабірынты, як тое было ў Альбе ці Аркадзіі. Пасля разводу Антона і яго жонкі Тэафіліі многае з гэтай сельскай аркадзіі прыйшло ў заняпад, у тым ліку, праз празмерныя траты на падобны лад жыцця[4].

У 1814 годзе ў яго спадчынным маёнтку Савічы ў Слуцкім павеце было 90 рэвізскіх душ; у 1845 годзе ў яго спадчынным маёнтку Кларымонт (Кларымонт, Савічы, Пузаў) налічвалася 190 рэвізскіх душ, у набытым маёнтку Каралін (Слуцкі павет) — 116 душ, у набытым маёнтку Дучава (Душава) у Слуцкім павеце — 20 душ.

Апошнія гады жыцця правіць

У 1846 Антон, з’яўляючыся старым чалавекам і хворым на ногі, перадаў кіраванне гаспадаркай сваім сынам, падзяліўшы свае маёнткі паміж двума сынамі (Тадэвушу — Кларымонт, Каралін; Адаму — Савічы, Пузаў і Браткова), вырашыў, што будзе жыць у сына Адама ў палацы ў Савічах на прыбыткі з дробнага маёнтка Дучава (Душава), які Вайніловіч набыў у паноў Грыцкевічаў. Адышоўшы ад кіравання маёнткамі, стары Антон Вайніловіч заставаўся галоўнай асобай у доме, усім кіраваў і ўсё падпарадкоўвалася яго загадам. Раніцай ён падымаўся позна, сняданак падавалі яму ў 12.00, а абед — у 17.00 гадзін, бо ён прывык да такога распарадку, жывучы ў Слуцку ў часе сваёй службы маршалкам. І калі ён спазняўся, то ляска, без якой не мог ужо хадзіць, прытрымліваў стрэлкі гадзінніка, каб пазней за 12.00 не сядаць за стол. Меў уласнага лёкая, фурмана, карэту і чатыры белагрывыя коні[5].

У спальні да адной са сцен было прыбудавана нешта падобнае на калідорчык, аддзелены поручнямі, абапіраючыся на якія, стары штодзённа спускаўся і ўздымаўся па ім замест прагулкі. Акрамя таго цэлымі днямі сядзеў у сямейным архіве ў суседнім пакоі, які быў пастаянна закрыты ад іншых і ў які яго дзеці і ўнукі ўвайшлі толькі пасля смерці Антона Вайніловіча. У пакоі была бібліятэка з маёнтка Пузаў з вялікай колькасцю кніг у скураных і пергаментных пераплётах, якую ўзяў сабе старэйшы сын Тадэвуш і якая знаходзілася ў доме Тадэвуша ў Слуцку, калі Тадэвуш служыў на пасадзе слуцкага павятовага маршалка. У доме Тадэвуша ў Слуцку адбыўся пажар і тая бібліятэка згарэла[6].

Смерць і пахаванне правіць

Антон Вайніловіч памёр 12 кастрычніка 1855 года, маючы 84 гады (паводле мемуараў Эдварда Вайніловіча), на абробленым бронзай ложку, што быў часткай пасагу Мараўскай, сястры «Пане Каханку», які дастаўся Вайніловічам (разам з шафай і іншымі рэчамі) з маёнтка Мараўскіх Заушша паводле тастамента. Быў пахаваны ў касцёле пад вялікім алтаром у Цімкавічах Слуцкага павета Мінскай губерні[6].

У канцы 2019 года на прысядзібным участку каля вясковых могілак у Цімкавічах на глыбіні 70 см была знойдзена надмагільная пліта Антонія Адамавіча Вайніловіча. У студзені 2020 г. гэтая пліта была ўстаноўлена на валуне на сямейным кургане-могільніку Вайніловічаў у Савічах[7][8].

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць