Антрапасацыягенез

Антрапасацыягенез (ад грэч. Ανθρωπος — чалавек + лац.: societas — грамадства + грэч. Γένεσις — паходжанне), ці паходжанне чалавека і грамадства — раздзел антрапалогіі. Праблема антрапасацыягенеза разглядаецца як прыватнае пытанне біялагічнай эвалюцыі, якая адлюстроўвае гістарычнае развіццё жывой прыроды, уключае змяненні генетычнага складу папуляцый, фарміраванне адаптацый, утварэнне і выміранне відаў, пераўтварэнне біягеацэнозаў і біясферы ўвогуле. Выдзяляюць біялагічную эвалюцыю чалавека — фарміраванне марфалагічных асаблівасцей чалавека (прамахаджэнне, развіццё рукі як органа працы, развіццё мозга з цэнтрамі членараздзельнай мовы) і сацыягенез — станаўленне грамадскіх адносін, характэрных для чалавека (паходжанне форм грамадскай свядомасці, выяўленчага мастацтва, сям'і і інш.).

Тэорыя эвалюцыі была сфармулявана Ч. Дарвінам у 1859 г. у працы «Паходжанне відаў» на падставе ўскосных доказаў блізкасці жывёл і чалавека — рудыментарных органаў і атавізмаў, падабенства псіхічнай дзейнасці чалавека і вышэйшых чалавекападобных малпаў. Пазней яна была пацверджана прамымі доказамі — выкапнёвымі знаходкамі, паводле якіх будуецца эвалюцыйны рад ад ніжэйшых і вышэйшых прыматаў да чалавека. У далейшым рознымі навукамі — генетыкай, малекулярнай і агульнай біялогіяй, палеанталогіяй, геалогіяй і антрапалогіяй — атрыманы дадзеныя, якія дазваляюць лічыць эвалюцыйную тэорыю неабвержным фактам.

Да першапачатковай фазы папярэдніка чалавека аднеслі дрыяпітэкаў — высокаразвітых выкапнёвых малпаў, якіх большасць даследчыкаў лічыць агульнымі продкамі гарылы і шымпанзе. Яны не маюць прамых адносін да лініі сучаснага чалавека, але іх блізкасць абумоўлена асаблівым этапам развіцця, які прайшлі ўсе сучасныя антрапоіды і чалавек. У міяцэне дрыяпітэкі і блізкія да іх формы былі шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Еўропы, Каўказа, Азіі, Афрыкі, Індыі і Пакістана. У тых жа месцах былі знойдзены астанкі сівапітэкаў (жылі 10—14 млн. гадоў таму), якіх пачалі лічыць папярэднікам чалавека. Сярод іх выдзяляюць 2 лініі — рамапітэкаморфных, звязаных у большай ступені з азіяцкім кантынентам (у выніку іх развіцця з'явіліся азіяцкія чалавекападобныя - арангутаны і гібоны), і дрыяпітэкаморфных, больш распаўсюджаных у Афрыцы (далі пачатак развіццю афрыканскіх чалавекападобных малпаў і чалавека). У біялагічнай эвалюцыі чалавека выдзяляюць паслядоўныя этапы: аўстралапітэкаў (з'явіліся ў канцы міяцэна, звыш 5 млн. гадоў назад; у т.л. Homo habilis — чалавек умелы, каля 3 млн. гадоў назад), з якімі звязваюць пачатак сямейства чалавека і з'яўленне прамахаджэння; архантрапаў (Homo erectus — чалавек прамаходзячы, каля 1 млн. 200 тыс. гадоў назад), самых старажытных жыхароў Еўропы; палеаантрапаў (жылі больш за 100-35 тыс. гадоў назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens — чалавек разумны; з'явіўся больш за 50 тыс. гадоў назад). Найбольш важныя фактары антрапасацыягенеза — прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.

Развіццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біялагічнай эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы паявіліся на стадыі чалавека ўмелага. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапа. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, а таксама выявіліся культ, адрозненні — аснова сучасных этнічных адметнасцей, якія прасочваліся ў асаблівасцях вырабу прылад працы.

На тэрыторыі былой СССР стаянкі верхнепалеалітычнага чалавека, які жыў каля 30 тыс. гадоў таму, выявлены ва Украіне, Беларусі, Расіі, на Каўказе, Паміры, Сярэдняй Азіі, у басейнах рэк Кама, Індыгірка, Пячора, Дзясна, на Камчатцы. Неаантрапы знешне ўяўлялі сабой розныя расавыя тыпы. Тэрыторыя Беларусі пачала засяляцца ў палеаліце чалавекам неандэртальскай стадыі, пра што сведчаць археалагічныя стаянкі Бердыж і Юравічы. Пасля адступлення ледніка ў эпоху мезаліту тэрыторыя Беларусі канчаткова засялялі краманьёнцы — людзі сучаснага тыпу.

Літаратура правіць

  • Бахолдина, В. Ю. Происхождение человека: находки, термины, гипотезы / В. Ю. Бахолдина. — М.: Фолиум, 2004. — 187 с. — ISBN 5-93881-036-1. (руск.)
  • Бунак, В. В. Род Homo, его возникновение и последующая эволюция. — М.: Наука, 1980. — 328 с., ил., карт., 1 л. схем. (руск.)
  • Доисторический человек. Биологические и социальные аспекты: школа антропологических знаний В. В. Бунака: (к 150-летию палеоантропологии) / С. В. Васильев и др.; [Отв. ред. С. В. Васильев]; РАН, Ин-т этнологии и антропологии им. Н. Н. Миклухо-Маклая. — М.: Оргсервис-2000, 2006. — 204 с. — ISBN 5-98115-062-9. (руск.)
  • Джохансон, Д. Люси: Истоки рода человеческого / Пер. с англ. Е. З. Годиной. — М.: Мир, 1984. — 295 с., ил., 4 л. ил. (руск.)
  • Зубов, А. А. Палеоантропологическая родословная человека / А. А. Зубов; РАН, Ин-т этнологии и антропологии им. Н. Н. Миклухо-Маклая. — М.: Ин-т этнологии и антропологии РАН, 2004. — 551 с.: ил. — ISBN 5-85941-004-2. (руск.)
  • Цягака, Л. І. Антрапасацыягенез / Л. І. Цягака // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 33—34. — ISBN 978-985-11-0353-5.