Антыёхія

(Пасля перасылкі з Антыяхія)

З 16 старажытных гарадоў пад назвай Антыёхія (ад імя Антыёх) найбольш вядомая Антыёхія-на-Аронце, (Антыёхія-на-Дафне, Антыёхія Вялікая; стар.-грэч.: Ἀντιόχεια ἡ ἐπὶ Ὀρόντου, Ἀντιόχεια ἡ ἐπὶ Δάφνῃ, Ἀντιόχεια ἡ Μεγάλη) у старажытнай Сірыі (суч. Антак’я, на тэрыторыі сучаснай Турцыі). Слова «Антыёхія» без удакладненняў пазначае менавіта гэты горад.

Антыёхія ў часы Візантыі
Антыёхія на карце Турцыі

Антыёхія ў старажытнасці

правіць

Антыёхія была адной са сталіц дзяржавы Селеўкідаў. Заснавана Селеўкам I Нікатарам на левым беразе ракі Аронт (у наш час называецца Асі) у 300 да н.э., у часы войнаў дыядохаў, пасля бітвы пры Іпсе.

Горад быў падзелены на 4 кварталы, кожны з якіх быў акружаны асобнай сцяной, а разам яны былі абнесены яшчэ больш высокай і ўмацаванай сцяной. Знаходзячыся на скрыжаванні караванных шляхоў, Антыёхія кантралявала гандаль паміж Усходам і Захадам. У гады росквіту ў горадзе жыло больш за 500 тыс. чалавек.

Пазней Антыёхія на невялікі час увайшла ў склад Арменіі, потым (з 64 да н.э.) стала рэзідэнцыяй намесніка рымскай правінцыі Сірыя. Антыёхія была чацвёртым па велічыні горадам Рымскай імперыі пасля Рыма, Эфеса і Александрыі. Другім па велічыні горадам у Усходняй Рымскай імперыі і Візантыйскай імперыі. У палацы Селеўка жылі Гней Пампей і Комад, які арганізаваў тут Алімпійскія гульні.

 
Тыхэ (Фартуна) горада Антыёхіі. Рымская копія з грэчаскага арыгінала I ст. н.э. Галерэя кандэлябраў, Ватыкан. Багіня ўвянчана крапаснымі сценамі горада, а ля яе ног плыве юнак, які сімвалізуе раку Аронт

Паводле Новага Запавету, паслядоўнікі Хрыста ўпершыню пачалі называцца хрысціянамі менавіта ў Антыёхіі (Дзеян. 11:26). Пазней Антыёхія стала называцца калыскай хрысціянскага багаслоўя, з ёй звязана Антыяхійская школа багаслоўя. Тут нарадзіўся і пачынаў служэнне прапаведнік Іаан Залатавуст. У Антыёхіі знаходзіўся цэнтр адной з чатырох найстаражытных аўтакефальных цэркваў — Антыяхійскай царквы (пасля заняпаду горада цэнтр патрыярхата перанесены ў Дамаск). Евангеліст Лука, паводле паданняў, якія захаваліся ў некаторых старажытных царкоўных пісьменнікаў (Еўсевія Кесарыйскага, Ераніма, Феафілакта, Еўфімія Зігабена і інш.), нарадзіўся ў Антыёхіі.

Антыёхія пад уладай Візантыі

правіць

У IV—VII стст. Антыёхія ўваходзіла ў склад Візантыі. На працягу другой паловы IV стагоддзя Антыёхія набыла ролю найбуйнейшага культурнага і інтэлектуальнага цэнтра рымска-візантыйскага Усходу. Тут квітнела рытарычная школа Лібанія, адным з выхаванцаў якой стаў Св. Іаан Залатавуст. З Антыёхіяй быў звязаны паходжаннем найбуйнейшы познерымскі гісторык Аміян Марцэлін. Наведаўшы Антыёхію перад Персідскім паходам імператар Юліян пераканаўся ў марнасці высілкаў па адраджэнні традыцыйнага язычніцтва. Тут жа жыў і кіраваў аўтар «Хранаграфіі» ад Стварэння свету да Юстыніяна Іаан Малала (VI ст.). У горадзе існавала інтэнсіўнае муніцыпальнае жыццё, канкуравалі мясцовыя «партыі цырка», працягвалі ладзіцца конскія спаборніцтвы і іншыя гледзішчы. Тут былі ўзведзены велічныя хрысціянскія храмы, у т.л. «Вялікая царква», асвячоная ў 341 г., а таксама храм Св. Фёклы, марцірый мучаніка Вавілы і інш. У прыгарадным раёне Дафны былі пабудаваны шматлікія вілы багатых гараджан, упрыгожаныя цудоўнымі мазаікамі. Пераважала грэкамоўнае насельніцтва, якое мела муніцыпальную арганізацыю, але ў горадзе пражывалі таксама і сірыйцы. У ранневізантыйскі час у горадзе часта здараліся разбуральныя прыродныя стыхійныя бедствы (528 г. і інш.). Горад, які пацярпеў ад моцнага землетрасення, у VI стагоддзі быў на кароткі час заваяваны і разбураны іранскім шахам Хасровам I Анушырванам. Юстыніян I аднавіў Антыёхію. Напачатку VII ст. падчас візантыйска-іранскіх войнаў персы таксама захоплівалі горад. У 637 г. Антыёхія была на працяглы час захоплена арабамі-мусульманамі.

У 969 годзе Антыёхія была вернутая ў склад Візантыі. Неўзабаве Антыёхія стала цэнтрам фемы на чале з дукам, які ўзначальваў войскі імперыі на ўсходняй мяжы. Пасля разгромнага паражэння візантыйскай арміі пры Манцыкерце ў 1071 імператар Раман IV Дыяген вымушаны быў у абмен на свабоду аддаць Антыёхію туркам-сельджукам. Аднак у горадзе заставаўся візантыйскі гарнізон і намеснік. У 1076 годзе горад пераходзіць пад уладу Філарэта Варажнуні. 12 снежня 1084 года горад быў захоплены Румскім султанам Сулейманам ібн Кутлумышам (цытадэль горада здалася праз месяц). Затым Антыёхія перайшла пад уладу Мелік-шаха, які прызначыў туды свайго намесніка.

 
Сцены Антыёхіі ў часы крыжакоў

Пасля доўгай аблогі крыжакі ўзялі Антыёхію ў 1098 годзе; але не перадалі горад Візантыі, а заснавалі тут сваю дзяржаву — Антыяхійскае княства, якое існавала да 1268. Пасля яго знішчэння горад страціў сваё значэнне.

Сучаснае становішча

правіць

У наш час Антыёхія ўяўляе сабой горад Антак’я, цэнтр турэцкага вілаета Хатай1516 года).

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць