Аніва (бісл.: Aniwa) — востраў у складзе архіпелага Новыя Гебрыды. З’яўляецца часткай дзяржавы Вануату. Плошча — 9 км². Насельніцтва — 341 чалавек (2009 г.).

Аніва
бісл. Aniwa
Бераг
Бераг
Характарыстыкі
Плошча9 км²
Найвышэйшы пункт42 м
Насельніцтва341 чал. (2009)
Шчыльнасць насельніцтва37,89 чал./км²
Размяшчэнне
19°14′57,50″ пд. ш. 169°36′10,30″ у. д.HGЯO
АрхіпелагНовыя Гебрыды
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Аніва (востраў) (Ціхі акіян)
Аніва
Аніва
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія правіць

Востраў Аніва месціцца за 213 км на паўднёвы ўсход ад Порт-Віла, набуйнейшага горада і сталіцы Вануату. Уяўляе сабою старажытны атол, сфарміраваны на паверхні падводнага вулкана. У выніку тэктанічных зрухаў вулкан паступова падвышаўся, разам з гэтым выштурхоўваў атол. У выніку паўднёвы бераг Анівы скалісты, узвышаны над вадою да 42 м. Паўночны бераг пераважна нізкі, тут захавалася невялікая лагуна, замкнёная каралавым рыфам. Паверхня вострава складаецца з вапнякоў. Глебы даволі друзлыя. Сталых вадацёкаў няма. Востраў знаходзіцца ў зоне дзеяння сезонных ураганаў.

Прырода правіць

На востраве Аніва сустракаюцца гаі з каштоўнымі пародамі дрэў, аднак большая частка паверхні занята сельскагаспадарчымі землямі або зараснікамі ксерафітаў. У лагуне вылучаюцца 9 відаў манграў. Навакольныя воды багаты рыбай, у тым ліку тунцамі. Мясцовыя жыхары ашчадна ставяцца да мясцовых каралавых рыфаў.

Гісторыя і культура правіць

Карэнныя насельнікі Анівы — знешнія палінезійцы, блізкія па мове і культуры да жыхароў суседняга вострава Футуна. На мясцовым дыялекце назва Аніва значыць месца, дзе растуць какосавыя пальмы. Відавочна, палінезійцы з’явіліся тут не раней за позняе сярэднявечча і здаўна падтрымлівалі шчыльныя сувязі з меланезійцамі вострава Тана. Іх грамадства падзялялася на буйныя фратрыі, прычым карэннымі палінезійцамі лічылася толькі фратрыя Таруа. Акрамя таго, паўночную частку Анівы займала ваенна-палітычнае аб’яднанне Сура, а паўднёвую частку — аб’яднанне Эфатэ.

У 1865 г. шатландзец Джон Гібсан Патан заснаваў на востраве прэсвітарыянскую місію. Згодна з паданнем, ён залучыў тубыльцаў да хрысціянства пасля таго, як знайшоў крыніцу падземнай пітной вады. У 1890 г. на вышэйшым пагорку быў пабудаваны прэсвітарыянскі касцёл. Гэта адбылося ўжо пасля ад’езду Дж. Г. Патана ў Вялікабрытанію. Тым не меней, мясцовыя легенды звязваюць выбар месца для пабудовы з яго імем. Рэшткі касцёла ўяўляюць сабою адну з нешматлікіх гістарычных славутасцей Анівы. Вывучэнне пахавальных традыцый астравіцян паказала, што хрысціянства аказала вялікае ўздзеянне на іх культуру. Яно садзейнічала заканчэнню міжусобіц і стварэнню адзінай рады правадыроў, якая кіруе на Аніве і ў нашы дні.

Інфраструктура правіць

На востраве Аніва існуе 3 вёскі. Найбуйнейшая з іх — Ісаваі (182 жыхары). Яны злучаны адзінай дарогай без пакрыцця. Галоўныя заняткі астравіцян: рыбалоўства і земляробства. У мінулым асноўнай камерцыйнай культурай была какосавая пальма. У нашы дні Аніва вядома зборам цытрусавых. У апошнія дзесяцігоддзі развіваецца турызм. Аніву стала наведваюць круізныя судны. Дзейнічаюць аэрапорт, прычал для пасажырскіх і рыбалоўных суднаў, медыцынскі дыспансер, пачатковая школа.

Літаратура правіць

  • Adams, R. In the Land of Strangers. A century of European contact with Tanna, 1774—1874. — Canberra, New York: The Australian National University, 1984. — ISBN 0-86784-425-6.

Спасылкі правіць