Апалонік (лічынка)
Апалонікі — лічынкі бясхвостых земнаводных. Назву атрымалі з-за знешняга выгляду (гл. апалонік, сталовы прыбор).
Развіваецца лічынка з яйка і жыве ў вадзе. Раней за ўсіх, іншы раз з пачатку красавіка, у вадаёмах з'яўляюцца апалонікі бурых жаб, крыху пазней, з траўня, — зялёных жаб, жарлянак і часночніц. Дыхаюць апалонікі спачатку з дапамогай вонкавых, а потым унутраных жабраў. Кормяцца пераважна расліннасцю. Іх ротавы апарат мае асаблівую будову: вакол ротавай адтуліны вострыя рагавыя сківіцы, іх акружаюць некалькі радоў дробных зубчыкаў, а па краях знаходзяцца скураныя наросты — махры. Гэтыя прыстасаванні апалонікі выкарыстоўваюць у якасці своеасаблівай таркі, з дапамогай якой саскрабаюць мяккія часткі раслін і налёт водарасцей з падводных прадметаў. Форма рагавых сківіц, колькасць зубчыкаў, радоў і характар іх размяшчэння, а таксама форма махроў краю даволі розныя ў розных відаў і служаць адметнымі прыкметамі лічынак. Апалонікі розных відаў бясхвостых амфібій вызначаюцца таксама па форме, памерах, афарбоўцы цела і хваставога плаўніка. Сярод апалонікаў рапух, памеры якіх адносна невялікія (даўжыня цела да 10-14 мм), афарбоўка можа быць аліўкава-шэрай або светла-аліўкавай у зялёнай і чаротавай рапух і чорнай у звычайнай рапухі. У першых двух відаў адлегласць паміж вачамі ў 1,5 раза большая, чым паміж ноздрамі, у апошняга — у 2 разы. Добра адрозніваюцца паміж сабой апалонікі бурых і зялёных жаб. У бурых (травяной і вастрамордай) жаб даўжыня цела з хвастом адпаведна да 30-40 мм і 20-30 мм, афарбоўка светла-аліўкавага адцення. У апалонікаў травяной жабы хвост заканчваецца тупа, у вастрамордай — больш востра; у апалонікаў азёрнай жабы тулава мае грушападобную форму, у сажалкавай — авальную. Найбольш своеасаблівыя апалонікі часночніцы. Яны вызначаюцца буйнейшымі памерамі: даўжыня цела да 5 см, разам з хвастом да 17,5 см. Афарбоўка амаль чорная, з бліскучым сіняватым адценнем. Апалонікі чырванабрухай жарлянкі маюць цёмную афарбоўку, даўжыню цела да 12-14 мм. Ротавы дыск спецыфічнай трохвугольнай формы, вельмі шырокі хваставы плаўнік, спінны грэбень якога даходзіць да сярэдзіны спіны. Невялікія апалонікі квакшы (даўжыня тулава не больш як 12-15 мм) вызначаюцца жаўтавата-аліўкавай афарбоўкай і тым, што спінны грэбень шырокага хваставога плаўніка пачынаецца амаль на ўзроўні вачэй. Апалонікі бясхвостых амфібій, кормам якіх з'яўляюцца зялёныя, сіне-зялёныя водарасці, садзейнічаюць прадухіленню «цвіцення» вадаёмаў. Апалонікамі бясхвостых амфібій кормяцца многія водныя і каляводныя жывёлы (птушкі, вужы, жабы, водныя насякомыя і іх лічынкі, некаторыя рыбы і інш.).
Пасля 3-4 месяцаў жыцця ў вадзе ў апалонікаў адбываецца метамарфоз — лічынкавыя органы знікаюць, змяняецца знешні выгляд, і маладыя земнаводныя выходзяць на сушу.
Літаратура
правіць- Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6]
Спасылкі
правіцьАпалонік (лічынка) на Вікісховішчы |