Апалінарый Гіляравіч Гараўскі

руска-беларускі мастак XIX стагоддзя

Апалінарый Гіляравіч (Гілярыевіч) Гараўскі (18 (30) студзеня 1833[1], маёнтак Наборкі[1], Ігуменскі павет Мінскай губерні, цяпер Клічаўскі раён — 28 сакавіка 1900, Санкт-Пецярбург) — беларускі мастак XIX стагоддзя. Брат мастакоў Іпаліта і Гілярыя Гараўскіх[2].

Апалінарый Гіляравіч Гараўскі
Фатаграфія
Дата нараджэння 18 (30) студзеня 1833
Месца нараджэння
Дата смерці 10 красавіка 1900(1900-04-10) (67 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Гілярый Францавіч Гараўскі[d]
Род дзейнасці мастак
Жанр партрэт і жывапіс
Вучоба
Уплыў Андрэас Ахенбах
Узнагароды
Large gold medal of the Imperial Academy of Arts
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

У літаратуры даюць таксама іншыя месцы нараджэння Апалінарыя Гараўскага, напрыклад, Уборкі ў Чэрвеньскім раёне, або «Уборкі, сёння ў межах вёскі Астроўкі»[3][4] у Берэзінскім раёне, пры тым адлегласць паміж цяперашнім урочышчам Уборкі і Астроўкамі каля 5 км. У 2023 годзе месца нараджэння Апалінарыя Гараўскага ўдакладнена па метрычнай кнізе як ваколіца Наборкі[1] (цяпер Новыя Набаркі ў Клічаўскім раён).

Біяграфія правіць

Паходжанне і сям’я правіць

 
«Мар’яна Якаўлеўна Гараўская» — маці мастака, 1868

Паходзіў з дробнапамеснага шляхецкага роду Гараўскіх герба «Кораб». Бацькі — Гіляры Францішкавіч Гараўскі і Мар’яна Якаўлеўна. Гараўскія валодалі каля 200 га зямлі, якая дасталася бацьку мастака Гелярыю ад дзеда мастака Францішка Гараўскага[5].

У сям’і было тры дачкі — Юліяна-Схаластыка (1831, Уборкі[1]), Феліцыяна-Паўліна (1834, Наборкі[1]), Амелія (каля 1842), і сыны — Іпаліт (1828, Астроўкі[1] ― пасля 1864)[6], Апалінары (1833, Наборкі[1] ―1900), Караль (1838, Уборкі[1] ― пасля 1869), Гектар (1843, Уборкі[1] ― 1893), Гіляры (1847, Уборкі[1] ― пасля 1875).[1] Караль і Гектар былі прафесійнымі вайскоўцамі, Іпаліт, Апалінар і Гілярый ― мастакамі[7].

Ваколіца Уборкі цяпер не існуе, урочышча за 2 км на паўночны ўсход ад Падкаменя і 5 км на ўсход ад Брадца Бярэзінскага раёна.

Адукацыя правіць

 
«Партрэт Ф. А. Бруні», 1871

Апалінарый вучыўся ў Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе ў 1842—1850 гадах. Яшчэ ў дзяцінстве паказаў здольнасці да малявання. Вядомы архітэктар Мікалай Бенуа, які бываў у свайго дзядзькі, начальніка кадэцкага корпуса, звярнуў увагу на адоранага хлопчыка і ў 1850 годзе садзейнічаў яго пераводу ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў[2] з прызначэннем часовай штогадовай дапамогі ў памеры жалавання гвардыі прапаршчыка. У Акадэміі Гараўскі вучыўся ў М. Н. Вараб’ёва  (руск.) і Ф. А. Бруні[8] вольнапрыходным вучнем да 1854 года.

Напісаны ў першыя гады вучобы (1852), падчас канікулаў у родавым маёнтку, пейзаж «Балота» зацікавіў акадэмічны савет і быў набыты ва ўласную калекцыю спадкаемцам расійскага стальца. У 1853 годзе А. Гараўскі стварыў карціну «Від Ручэйскага возера блізу горада Таропца», якая прынесла яму малы залаты медаль і была набыта калекцыянерам В. А. Кокаравым  (руск.).

За дыпломную работу, выкананую ў 1854 годзе[9], — карціну «Від у Пскоўскай губерні» А. Гараўскі атрымаў вялікі залаты медаль і званне «класнага мастака» з прысваеннем чыну 14 класа згодна «Табелі аб рангах». У гэтым жа годзе А. Гараўскаму быў прысвоены вялікі залаты медаль за пейзаж «Від у маёнтку графа Кушалёва-Безбародкі Краснапольцы ў Пскоўскай губерні».

Восенню 1855 года вярнуўся ў Беларусь, у мястэчка Свіслач. У тым жа годзе ажаніўся з дачкой палкоўніка Міхаіла Бенуа Аляксандрай.

У 1855—1860 гадах як пенсіянер  (руск.) атрымаў стыпендыю на ўдасканаленне майстэрства за мяжою, вучыўся ў навучальных установах і студыях ў Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме, Парыжы[9], стажыраваўся ў вядомых еўрапейскіх майстроў, у прыватнасці, у А. Ахенбаха ў Дзюсельдорфе і А. Калама ў Жэневе. Па вяртанні ў Пецярбург у 1860 годзе атрымаў званне акадэміка жывапісу.

Сталае жыццё правіць

 
І. М. Крамской. «Партрэт А. Гараўскага», 1867 г.

У 1860—1880 гадах жыў ва Уборках[9], зімою выязджаў у Пецярбург, дзе ў 1862—1886 гадах выкладаў у жаночых і мужчынскіх класах Пецярбургскай рысавальнай школы пры Таварыстве заахвочвання мастацтваў[2][9]. У 1860—1862 гадах часта наведваў сястру ў маёнтку Брадзец, дзе пісаў пейзажы. Многа вандраваў па Беларусі, Украіне, Расіі і рабіў эцюды, замалёўкі, накіды, збіраючы матэыял для сваіх твораў[9].

Супрацоўнічаў з заснавальнікам Траццякоўскай галерэі П. Траццяковым[2][9], з якім пазнаўміўся ў 1856 годзе. Браты Гараўскія часта наведваліся да яго і падоўгу гасцявалі. Вядома, што П. Траццякоў дапамагаў братам Гараўскім прадаваць карціны, з’яўляўся аб’ектыўным крытыкам і аказваў значны ўплыў на іх творчасць[9]. Браты дапамагалі Траццякову ў фарміраванні мастацкай калекцыі[2]. Так пры пасрэдніцтве А. Гараўскага Траццяковым былі набыты для галерэі славуты «Партрэт скульптара-медальера Ф. Талстога» працы С. Заранкі, палотны У. Баравікоўскага, А. Саўрасава  (руск.) і іншых мастакоў. Расійскі збіральнік высока цаніў думку і густ А. Г. Гараўскага[10].

 
«Партрэт незнаёмкі ў чорным», 1868 г.

У 1869 годзе Акадэмія мастацтваў пасылае Гараўскага на Украіну і ў Беларусь «для дасканаласці сваёй адукацыі і стварэння карцін з народнага побыту тэрмінам на 3 гады, вылучыўшы яму на ўтрыманне па 300 рублёў у год»[2][11][12].

Гараўскі пісаў у Акадэмію з Бабруйскага павета[13]:

  Падарожнічаючы з ранняй вясны, я займаўся здымкай эцюдаў з натуры з рускай прыроды і вывучэннем кароў, цялят, авечак і тыповых фігур, каб злучыць пейзажны род з фігурамі і жывёламі. І ў ліпені месяцы, пісаць з натуры вельмі характэрнае вядомае «Пінскія балоты», ад сырой глебы, зеляніны і тамтэйшага паветра незаўважным чынам атрымаў ліхаманку і рэўматызм у правай назе. Так што вымушаны быў пакінуць распачатую працу і, паправіўшы здароўе, зноў заняўся новымі матэрыяламі, таму і адстаў ад задуманай мною справы, якое пры здароўе паспрабую усімі сіламі ўзнагародзіць. І тады буду мець гонар і задавальненне прадставіць Вашаму правасхадзіцельству і савету Акадэміі мастацтваў працы сваі на разгляд, а ў цяперашні час буду займацца да тых часоў, пакуль холад не прагоніць мяне  
 
«Старая моліцца», 1872 г.

Палатно «Старая моліцца» (1872) было высока ацэнена І. Рэпіным[10][14][15] і прынесла вядомасць А. Гараўскаму.

У 1874 годзе ўступіў у Таварыства выставак мастацкіх твораў, якое было створана пад заступніцтвам Акадэміі мастацтваў.

У 1875 годзе страціў васемнаццацігадовую дачку, унука і бацьку.

У 1876 годзе пазнаёміўся з А. Трапезнікавым, спадчыннікам купца К. Трапезнікава  (руск.).

У 1880 годзе А. Гараўскі набыў маёнтак Кірылавічы, паблізу станцыі Белае (135 км ад Пецярбурга) колішняй Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.

У 1885—1886 гадах здзейсніў паездку па Сібіры, наведаў Іркуцк[10].

 
«Партрэт хлопчыка», 1888 г.

Апошнія гады ў летнія месяцы жыў у сваім маёнтку. Да канца дзён захоўваў творчую актыўнасць.

Апалінарый Гараўскі раптоўна памёр 28 сакавіка 1900 года ў Марыінскай бальніцы  (руск.) ў Санкт-Пецярбургу ва ўзросце 67 гадоў. Некралогі былі апублікаваны ў выданнях «Новое время» і «Исторический вестник  (руск.)». Адпяванне мастака прайшло ў саборы святой Кацярыны  (руск.) на Неўскім праспекце, а пахаваны ён быў на Выбаргскіх Рымска-Каталіцкіх могілках  (руск.).

Творчасць правіць

 
«Вячэрні пейзаж», 1855 г.

Творчасць А. Гараўскага разнастайная. Асноўную яе частку складаюць пейзажы, над якімі мастак працаваў практычна ўсё жыццё[2][9]. Жывапісная манера майстра была заснавана на акадэмічных прынцыпах, рэалістычнасці паказу матываў прыроды. Важным для яго з’яўлялася разлічанае, шмат у чым відавое прадстаўленне пейзажнай тэмы. Таму асаблівую ўвагу мастак надаваў кампазіцыйнай пабудове выяў, імкнучыся да ўраўнаважанасці, падзелу паказваемай прасторы на планы[9].

З пейзажных работ характэрныя для творчасці «Від дубовага гая на беразе ракі Свіслач непадалёк ад Бабруйска», «Італьянскі пейзаж з горным возерам», «На радзіме», «Вечар у Мінскай губерні», «Від у ваколіцах Сан-Рэма», «Рака Свіслач». Па меркаванні вядомага даследчыка жывапісу Л. Н. Дробава, Апалінарый Гараўскі быў тыповым прадстаўніком пейзажыстаў XIX стагоддзя, у творчасці якога знайшлі адлюстраванне дэмакратычныя настроі перадавой беларускай інтэлігенцыі[16]. У Беларусі Гараўскі напісаў свае лепшыя палотны, якім часам даваў даволі доўгія назвы, што, мабыць, не толькі падкрэслівала дакументальнае значэнне малюнкаў той ці іншай мясцовасці, а выступала і своеасаблівым сведчаннем настальгіі па канкрэтных геаграфічныъ пунктах, якія натхнілі яго на напісанне гэтых палотнаў: «Від дубовага гаю блізу Бабруйска», «Пераход статка праз Бярэзіну ў наваколлі Бабруйска перад дажджом» і г. д.

Творы А. Гараўскага адметныя жыццёвай праўдай; лейтматывы: прыгажосць прыроды, народны побыт. Гараўскі цікавіўся народнымі тыпамі, што праявілася ў карцінах «Старая, якая моліцца», «Селянін»[17]. Ён таксама напісаў шэраг партрэтаў, сярод якіх вылучаюцца партрэты К. Ц. Салдацёнкава  (руск.), М. І. Глінкі, М. Л. Бенуа, Ф. Бруні, Аляксандра II, А. К. Глазунова, М. І. Глінкі, А. С. Даргамыжскага, А. Вайткевіча[18], М. Галубовіча, імператрыцы Марыі Фёдараўны і інш[2][10].

Спадчына правіць

 
«Вечар у Мінскай губерні», 1870-я. Паштовая марка РБ 2009 года

Удава А. Гараўскага, Аляксандра, засталася без сродкаў для жыцця з дочкамі, Марыяй і Юліяй, і таму пачала прадаваць працы мастака ў 1900-х гадах бадай што адразу па яго смерці.

Большая частка твораў — 18 карцін — Апалінарыя Гараўскага знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага творы мастака знаходзяцца ў Іркуцкім краязнаўчым музеі  (руск.), Мурамскім гісторыка-мастацкім музеі  (руск.), Рускім музеі, Траццякоўскай галерэі, Стаўрапольскім краявым музеі выяўленчых мастацтваў, музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці», Пензенскай абласной карціннай галерэі  (руск.), Кіраваградскім абласным мастацкім музеі  (укр.) і іншых.

У 2009 годзе Белпошта выпусціла паштовую марку з выявай карціны А. Гараўскага «Вечар у Мінскай губерні».

Карціна «Замак» захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску[19].

Працы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь правіць

 
«Канюшына цвіце», 1895
 
«Замак», 1869
  • Від на Нарвенскія вароты з Екацерынгофскага парку(1851)
  • Пейзаж з ракой і дарогай (1853)
  • Старая падчас малітвы (1872)
  • Від на раку Арв у ваколіцах Шамані (1859)
  • Яўрэй падчас малітвы (1857?)
  • Матчын партрэт (1868)
  • Купальшчыцы (1858)
  • Вечар (1854)
  • Пейзаж з ракою (1859)
  • Дубы (1858)
  • Сельскі пейзаж (1855)
  • Марыя Магдаліна, якая каецца (1861)
  • Партрэт невядомкі у чорным (1868)
  • Партрэт Соф’і Міхайлаўны Траццяковай (1857)
  • Зарослая сажалка
  • Ля кузні (1862)
  • Пейзаж з ракою (1853)
  • Від дубровы на беразе Свіслачы ля Бабруйска (1855)
  • Жаночы партрэт. Ля раяля (1868)
  • Жаночы партрэт. Ля мальберта (1868)
  • Вечар у Мінскай губерні (1870-я)
  • Партрэт маладой жанчыны ў белай сукенцы (1863)
  • Партрэт невядомкі з палітрай (1867)
  • Партрэт мастака Льва Феліксавіча Лагорыа (1890-я)
  • Канюшына цвіце (1895)
  • Пейзаж (1897)

Заўвагі правіць

  1. а б в г д е ё ж з і к Юркевіч 2023.
  2. а б в г д е ё ж Аполлинарий Гиляриевич // Горавские // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 158-159. — 737 с.
  3. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць
  4. Апалінарый Гараўскі: серыя «Славутыя мастакі з Беларусі»
  5. РГИА. ― Ф. 1343. ― Оп. 19. ― Д. 3065 ; РГВИА. ― Ф. 400. ― Оп. 12. ― Д. 18689 (1893)
  6. БС. Т. 5 1982, с. 158-159.
  7. Апалінар Гараўскі = Аполлинарий Горавский = Apalinar Garausky. Минск : Беларусь, 2014. ― ISBN 978-985-01-1111-1
  8. Горавский // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  9. а б в г д е ё ж з Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 379. — 431 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  10. а б в г Эмануіл Рыгоравіч Іофе. Работа з натуры МАСТАЦТВА. 2013. № 10. с.44-47.
  11. Из прошения в Совет Академии художеств от 28 августа 1867 г. ЦГИАЛ, ф. 789, оп. 14, д. 42, л. 9
  12. ЦДГАЛ. Фонд акадэміі мастацтваў. Воп.14. Спр. 789. Арк. 47.
  13. Гісторыя беларускага мастацтва у 6 тт. т. 3. Мн., 1989 с. 209—216
  14. П. М. ТРЕТЬЯКОВУ. 28 марта 1813, г. Петербург Архівавана 22 кастрычніка 2016. (руск.)
  15. Орлова М. А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960. С.23.
  16. Горавский А. Г.
  17. «Новости» от 30 марта 1888, СПб
  18. Партрэт Вайткевіча, намаляваны ў 1853 годзе, быў названы крытыкам А. Майкавым выдатным. Гл. Майков А.  (руск.) «Отечественные записки», 1853. No 3. С.42.
  19. Горавский Аполлинарий Архівавана 29 жніўня 2021.

Літаратура правіць

  • Апалінар Гараўскі = Аполлинарий Горавский = Apalinar Garausky / склад. Н. М. Усава. ― Минск : Беларусь, 2014. ― ISBN 978-985-01-1111-1.
  • Гараўскі Апалінарый Гілярыевіч // Памяць: Гіст.-дакум.хроніка Чэрвеньскага р-на. Мінск, 2000. — С. 99-100;
  • Гараўскі Апалінар Гілярыевіч // Памяць: Бярэзін. р-н: гіст.-дак.хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Уклад. П. А. Прыбыткін; Рэдкал.: А. А. Ждановіч і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск, 2004. — С. 67.
  • Горавские // Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. (руск.) / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. Биографический справочник. — 737 с. — 50 000 экз.
  • Письма художников к П. М. Третьякову. М. 1960, с. 25
  • Дробаў Л. М. Беларускія мастакі XIX стагоддзя. ― Мн., 1971
  • Крэпак Б. А. Вяртанне імёнаў : нарысы пра мастакоў: у 2 кн. — Мн., Мастацкая літаратура, 2013―2014.
  • Зміцер Юркевіч Гараўскія і Шэмешы // Культура : газета. — 2023. — 17 чэрвеня — № 24.

Спасылкі правіць