Апамея (Сірыя)
Апамея (на Аронце) ці Апамея Сірыйская, (лац.: Apamea, араб. أفاميا/آفاميا, Afāmya, грэч. Απάμεια της Συρίας, сучасная арабская назва Qal’at al-Mudik) — горад антычнай эпохі ў Паўночнай Сірыі на рацэ Аронт. Быў галоўным горадам рэгіёна Апаменэ, пазней уваходзіў у склад рымскай правінцыі Сірыя секунда.
Першапачаткова насіў назву Фарнакес. Пасля таго, як горад заваяваў Аляксандр Македонскі, атрымаў назву Пела. Новую назву гораду даў Селеўк I Нікатар (312—281) па імі сваёй жонкі Апамы, дачкі Спітамена, правадыра сагдоў у вайне супраць Аляксандра, з якой ажаніўся ў 324 г. да н.э. Тут чаканіліся манеты Селеўкідаў.
Пампей Вялікі разбурыў горад у 1 стагоддзі да н.э. Горад быў ізноў заснаваны ў 1 стагоддзі н.э. пад назвай Claudia Apamea. Падчас перапісу, які праводзіў кіраўнік Сірыі Публій Сульпіцый Квірыній у 6—7 гг. н.э., у Апамеі пражывалі 117 тысяч вольных, гэта азначае, што ў цэлым насельніцтва горада складала каля паўмільёна жыхароў і такім чынам гэта быў адзін з найбуйнейшых гарадоў старажытнага Усходу. Тут знаходзілася знакамітая філасофская школа сярэдніх платонікаў (Нуменій) і стоікаў (Пасідоній).
Пры Юстыніяне I вакол горада збудаваны новыя крапасныя сцены. Выхадцам горада быў Св. Паўсікакій Сінадскі. У 540 г. горад разрабавалі персы, а ў 7 ст. (636—638) яго разбурылі мусульмане. Ад старажытнага горада захавалася грандыёзная каланада, адзін з лепшых у плане захаванасці помнікаў такога роду.
ЛітаратураПравіць
- Janine Balty (ed.): Apamée de Syrie : bilan des recherches archéologiques, 1965—1968 ; actes du colloque tenu à Bruxelles les 29 et 30 Avril 1969. Bruxelles 1969
- Jean Ch. Balty: Guide d'Ápamée. Bruxelles 1981
- Janine Balty (ed.): Apamée de Syrie : bilan des recherches archéologiques 1973—1979 ; aspects de l’architecture domestique d’Apamée; actes du colloque tenu à Bruxelles les 29, 30 et 31 mai 1980. Bruxelles 1984
СпасылкіПравіць
Апамея (Сірыя) на Вікісховішчы |
- Апамея // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Homepage der französischen Ausgrabungen Архівавана 22 ліпеня 2010.
- Princeton Encyclopedia of Classical Sites
- Überreste der Stadt Apameia in Syrien Архівавана 30 лістапада 2010.