Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл

«Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл», «Навела пра ажэнства караля Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівіл» — гісторыка-літаратурны твор, складзены ў сярэдзіне XVI ст., напэўна, у Вільні і змешчаны ў канцы «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» пад 15451548 (Пазнаньскі спіс). У гэтым белетрызаваным творы, бадай, упершыню ў гісторыі старабеларускага прыгожага пісьменства знайшла выразнае адлюстраванне тэма кахання.[1]

Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл
Мова арыгінала старабеларуская мова

У творы апісана гісторыя кахання і шлюбу вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл, якія, ідучы насустрач сваім пачуццям, патаемна павянчаліся ў Вільні. Невядомы аўтар з сатырычным адценнем намаляваў усеагульнае грамадскае асуджэнне ў ВКЛ і Польшчы шлюбу караля з бяздзетнай жанчынай-удавою некаралеўскага роду. Аднак каханне перамагло, Жыгімонт Аўгуст не адмовіўся ад Барбары і застаўся верны сваёй абранніцы.

Сюжэт «Навелы…», заснаваны на рэальных фактах, блізкі да еўрапейскага авантурнага рамана. Вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў Барбару Радзівіл і пачаў уначы таемна наведвацца да яе. Неўзабаве пра інтымную сувязь манарха становіцца вядома па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім і Польскім Каралеўстве. Браты Барбары — уплывовыя магнаты Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны — просяць Жыгімонта не ганьбіць іх род, але ён не зважае на просьбы. Урэшце браты Радзівілы захопліваюць манарха ў пакоях сястры, і той дае згоду ўзяць законны шлюб з Барбарай. Доўгі час ніхто, апрача сведкі — пана Кезгайлы, і плябана, які абвянчаў Жыгімонта з Барбарай, не ведае пра жаніцьбу. Калі ж пра выбар вялікага князя становіцца вядома, магнаты і шляхта пачынаюць адгаворваць гаспадара адмовіцца ад «няроўнага шлюбу», але Жыгімонт не зважае на супраціў і застаецца верны свайму выбару.

Творчае наватарства невядомага аўтара выявілася ў тым, што ён паказаў не толькі дзяржаўныя і вайсковыя справы манархаў, але і іх асабістае жыццё, інтымныя пачуцці, адлюстраваў логіку тагачасных канфліктаў у вышэйшых уладных колах. Князь Жыгімонт Аўгуст паўстае не толькі як богавыбраная асоба, але як чалавек, з яго прыватным жыццём, перажываннямі і пачуццямі. Вельмі яркі ў творы дыялог паміж братамі Радзівіламі і Жыгімонтам Аўгустам, падчас якога кароль схіляецца да канчатковага рашэння ўзяць шлюб.

Кульмінацыя «Навелы…» — раскрыццё таямніцы шлюбу караля Жыгімонта з Барбарай. Аўтар апісвае слёзныя просьбы шляхты да манарха, каб ён адмовіўся ад жаніцьбы, паказвае бурныя пратэсты магнатаў, пярэчанні каралеўскай сям’і: бацькі — Жыгімонта I Старога і маці — Боны Сфорцы.

Невядомы аўтар «Навелы…» дакладна перадае месца і час падзей, характатрызуе эмацыйны стан герояў, падае шмат звестак пра тагачасныя звычаі, рытуалы і традыцыі.

Зноскі

  1. І. Саверчанка (2010)

Літаратура

правіць