Апорная рыфма
Апо́рная ры́фма — рыфма, у якой супадаюць націскныя, г. зв. апорныя, склады (пераднаціскны зычны і націскны галосны), у той час як паслянаціскныя склады не супадаюць. Ужываўся гэты від рыфмы даволі шырока яшчэ ў беларускім фальклоры:
- Ой, брат не брат — татарын:
- Прадаў сястрыньку за талер.
Асаблівае пашырэнне апорная рыфма набыла ў сучаснай паэзіі:
- З палёгкай тузануўся поезд
- і стаў… Я выйшаў на перон.
- Блішчалі рэйкі, нібы полаз
- блішчыць зімоваю парой.
- (А. Вярцінскі «Начны бераг»)
Вельмі часта сугучнасць апорных націскных складоў узбагачаецца за кошт супадзення асобных паслянаціскных і пераднаціскных гукаў. Такія ўзбагачаныя апорныя рыфмы гучаць выразна, своеасабліва:
- А мой певень гаспадар
- Ды ўсіх курэй распрадаў.
- (Народная песня)
Літаратура правіць
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.